АСТРО́ЎСКІ Арсен Георгіевіч

(21.5.1897, г. Шаўляй, Літва — 5.9.1989),

рускі перакладчык, літ.-знавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Скончыў Вышэйшыя курсы пры Дзярж. ін-це гісторыі мастацтваў у Ленінградзе (1927). Друкаваўся з 1927. Пераклаў на рус. мову паэму П.Труса «Дзесяты падмурак» (1947), аповесці Я.Брыля «У Забалоцці днее» (1951), «На Быстранцы» (1956), «Сірочы хлеб» (1957), «У сям’і» (1958), раман «Птушкі і гнёзды» (1964), раманы І.Шамякіна «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1959), «Сэрца на далоні» (1964), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974) і цыкл аповесцяў «Трывожнае шчасце» (1960—70, з П.Кабзарэўскім), апавяданні Я.Коласа, Ц.Гартнага, п’есы К.Крапівы, творы інш. бел.пісьменнікаў.

Літ.:

Лиокумович Т. Переводчик с белорусского // Неман. 1977. № 5.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН Герман Аляксандравіч

(25.1.1845, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 26.12.1918),

дзеяч рас. рэв. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1866). У студэнцкія гады далучыўся да народніцкага руху, чл. Ішуцінскага гуртка. Быў арыштаваны ў 1866 (вызвалены); у 1868 высланы ў г. Стаўрапаль. У пач. 1870 тайна выехаў у Парыж (дзе пачаў першы рус. пераклад «Капіталу» К.Маркса), потым у Лондан. З вер. 1870 чл. Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. У канцы 1870 выехаў у Сібір, каб вызваліць з ссылкі М.Г.Чарнышэўскага, але ў лют. 1871 арыштаваны ў Іркуцку, адкуль у 1873 уцёк у Парыж, Лондан; штогод тайна наведваў Расію. У 1879 арыштаваны ў Пецярбургу і сасланы ў Сярэднюю Азію, потым у Волагду, адкуль у 1883 уцёк за граніцу. З сак. 1884 зноў у Расіі, аднавіў дзейнасць «Народнай волі» і фактычна ўзначаліў яе. 18.10.1884 арыштаваны, у 1887 прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага пажыццёвым зняволеннем у Шлісельбургскай крэпасці. Вызвалены ў 1905, ад паліт. дзейнасці адышоў.

Літ.:

Сайкин О.А. Первый русский переводчик «Капитала». М., 1983.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)