ЦЯ́ПІНСКІ (Амельяновіч-Цяпінскі) Васіль Мікалаевіч
(1530-я г., Полаччына — 1599 або 1600),
бел. пісьменнік, гуманіст, кнігавыдавец. З сям’і гаспадарскага баярына М.Амельяновіча. Імя Ц. ўпершыню ўпамінаецца ў дакумент. актах 1560-х г. У 1557 малодшы афіцэр коннай роты аршанскага старосты Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Служыў у падканцлера ВКЛ А.Б.Валовіча. Магчыма, у сваім родавым маёнтку Цяп ша (цяпер Чашніцкі р-н Віцебскай вобл.) заснаваў друкарню, дзе выдаў перакладзенае ім на бел. мову «Евангелле» (каля 1580) з прадмовай — адным з лепшых узораў бел. патрыят. публіцыстыкі 16 ст. (захавалася ў рукапісе). «Евангелле» надрукавана ў 2 слупкі — на царк.-слав. і бел. мовах, са шматлікімі глосамі і спасылкамі на літ. крыніцы. Выданне ўпрыгожана разнастайнымі ініцыяламі, наборным арнаментам. Відавочная стылізацыя пад віленскія выданні Ф.Скарыны (падабенства шрыфтоў, ініцыялаў) сведчыць пра пераемнасць друкарска-выдавецкіх традыцый. Асн. праграма Ц. разлічана на ўздым нац. культуры, умацаванне грамадскіх пазіцый бел. мовы, абуджэнне актыўнасці, гіст. і нац. свядомасці бел. народа. Як і Скарына, ён лічыў неабходным удасканальваць сістэму школьнай асветы, зрабіць яе больш даступнай, разнастайнай, адпаведнай патрэбам грамадства, у т. л. простым людзям. Гэтай высакароднай мэце ён прысвяціў сваю працу і ахвяраваў значную частку небагатай маёмасці. Патрыятызм Ц. далёкі ад нац. абмежаванасці. Ён з павагай ставіўся да народаў усіх краін, падкрэсліваў гіст., культ. і моўную роднасць слав. народаў. У яго творчасці прысутнічаюць выразныя дэмакр. тэндэнцыі, арыентацыя на ўвесь бел. народ. Дзейнасць Ц. спрыяла зараджэнню, уздыму і кансалідацыі шырокага нац.-культ. і патрыят. руху на Беларусі ў канцы 16 — пач. 17 ст. Ц. цесна супрацоўнічаў з С.Будным, часткова падзяляў яго грамадска-паліт. і рэліг. погляды. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах 1570-х г., дыспутаваў з прадстаўнікамі радыкальнай Рэфармацыі.
Тв.:
Прадмова // Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны. Мн., 1991.
Літ.:
Довнар-Запольский М.В. В.Н.Тяпинский, переводчик на белорусское наречие // Довнар-Запольский М.В. Исследования и статьи. Киев, 1909. Т. 1;
Коршунаў А.Ф. Васіль Цяпінскі // Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Галенчанка Г.Я. Васіль Цяпінскі — паслядоўнік скарынінскай справы // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Бабкова В. Васіль Цяпінскі: Новыя дак. // Спадчына. 1991. № 3;
Клімаў І.П. Нарыс бібліяграфіі аб Васілю Цяпінскім // Здабыткі: Дак. помнікі на Беларусі. Мн., 1995;
Яго ж. Васіль Цяпінскі і яго перакладное «Евангелле» // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1997. № 4.
Г.Я.Галенчанка.
т. 17, с. 195