ЛАПА́ЦІН (Герман Аляксандравіч) (25.1.1845, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 26.12.1918),
дзеяч рас. рэв. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1866). У студэнцкія гады далучыўся да народніцкага руху, чл. Ішуцінскага гуртка. Быў арыштаваны ў 1866 (вызвалены); у 1868 высланы ў г. Стаўрапаль. У пач. 1870 тайна выехаў у Парыж (дзе пачаў першы рус. пераклад «Капіталу» К.Маркса), потым у Лондан. З вер. 1870 чл. Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. У канцы 1870 выехаў у Сібір, каб вызваліць з ссылкі М.Г.Чарнышэўскага, але ў лют. 1871 арыштаваны ў Іркуцку, адкуль у 1873 уцёк у Парыж, Лондан; штогод тайна наведваў Расію. У 1879 арыштаваны ў Пецярбургу і сасланы ў Сярэднюю Азію, потым у Волагду, адкуль у 1883 уцёк за граніцу. З сак. 1884 зноў у Расіі, аднавіў дзейнасць «Народнай волі» і фактычна ўзначаліў яе. 18.10.1884 арыштаваны, у 1887 прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага пажыццёвым зняволеннем у Шлісельбургскай крэпасці. Вызвалены ў 1905, ад паліт. дзейнасці адышоў.
Літ.:
Сайкин О.А. Первый русский переводчик «Капитала». М., 1983.
т. 9, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)