ПЕРАХО́ДНАСЦЬ у мове,
уласцівасць дзеяслова кіраваць формай вінавальнага склону назоўніка — прамога дапаўнення, што называе прадмет, на які непасрэдна пераходзіць дзеянне, абазначанае дзеясловам. Напр., «друкаваць газету», «чытаць кнігу». Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў («сініць» — «сінець», «будаваць» — «будавацца») утварае ў мове грамат. катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. П. не мае спец. фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным («паляўнічы кружыў па лесе») і пераходным («вецер кружыў снег у полі»). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці («-ся», «-ца») — былы займеннік «сябе», які і быў прамым дапаўненнем.
Літ.:
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
П.П.Шуба.
т. 12, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМАН (Барыс Юсцінавіч) (н. 6.2.1945, С.-Пецярбург),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Ленінградскі ун-т (1966). З 1968 працуе ў БДУ. Навук. даследаванні ў галіне агульнага, слав. і рус. мовазнаўства. Аўтар кніг: «Пераходнасць, стан, зваротнасць (на матэрыяле балгарскай і іншых славянскіх моў)» (1972), «Сінтаксіс маўленчай дзейнасці» (1978), «Балгарская мова» (1980), «Агульнае мовазнаўства»» (1983, у сааўт.), «Зборнік задач па ўводзінах у мовазнаўства» (1989), «Лінгвістыка кожнага дня» (1991), вучэбнага дапаможніка «Асновы мовазнаўства» (1996) і інш.
Тв.:
Язык: знакомый незнакомец. Мн., 1987;
Грамматика говорящего. СПб., 1994.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)