у Расіі, на У п-ва Камчатка. Засн. ў 1934 у мэтах аховы камчацкага собаля. З 1985 біясферны запаведнік. Пл. больш за 1 млн.га. Рэльеф перасечаны. Патухлыя і дзеючыя (Краноцкая Сопка 3528 м) вулканы, леднікі (Цюшэўскі 8 км), тэрмальныя азёры, гейзеры, вадаспады, горныя тундры, альпійскія лугі. Лясы з каменнай бярозы, у падлеску кедравы і альховы сланік, рабіна, бружмель. У фауне камчацкі собаль, гарнастай, выдра, рысь, ліс, снежны баран, паўн. алень, мядзведзь, расамаха і інш. На ўзбярэжжы нерпа, цюлень, лежбішчы сівучаў. У арнітафауне глушэц, курапаткі, лебедзі, качкі, кулікі, белаплечы арлан і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРА́НКА,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёман і Уша. Пл. 3107 га.
Асн. ч. займае тарфяное радовішча Воўчае балота. На астатняй тэрыторыі рэльеф спадзісты, на краявых участках сярэднеўзвышаны, месцамі перасечаны рэкамі, лагчынамі, ярамі. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя. Ельнікі, беразнякі, чорнаалешнікі; участкі дубу, клёну. Травяністыя расліны купальнік горны, кураслеп лясны, лінея паўночная, сон лугавы, валжанка двухдомная, шалфей лугавы занесены ў Чырв. кнігу. У фауне: лось, алень, казуля, дзік, заяц русак і бяляк, куніца, ліс, андатра, норка, выдра, глушэц, цецярук; барсук, сіпуха, пустальга звычайная, бусел чорны і чайка малая занесены ў Чырв. кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕЛА́Н, Магальяінш (партуг. Magalhães, ісп. Magallanes) Фернан (каля 1480, г. Саброза, Партугалія — 27.4.1521), партугальскі мараплавец, экспедыцыя якога ажыццявіла першае кругасветнае плаванне. У 1519—21 узначаліў іспанскую экспедыцыю (5 суднаў, 265 чал.) у пошуках зах. шляху да Малукскіх а-воў. Абследаваны паўд. берагі Паўд. Амерыкі, адкрыты праліў паміж Вогненнаю Зямлёю і мацерыком (гл.Магеланаў праліў), 3 астравы з групы Марыянскіх (у т. л.в-аў Гуам), перасечаны Ціхі ак. (1520, назву далі спадарожнікі М.). Экспедыцыя М. назірала зорныя сістэмы (гл.Магеланавы Воблакі) і сузор’е Паўд. Крыж; даказала шарападобнасць Зямлі, наяўнасць Сусветнага ак., атрымала ўяўленне пра памеры Зямлі. М. забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам в-ва Мактан (Філіпінскія а-вы). У Іспанію вярнуўся адзін карабель пад кіраўніцтвам Х.С.Элькана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ СЕДЛАВІ́НА, Пінская седлавіна,
буйная тэктанічная структура на ПдЗ Беларусі. Размяжоўвае Падляска-Брэсцкую ўпадзіну на З і Прыпяцкі прагін на У. На Пн і Пд сучляняецца з Беларускай антэклізай і Украінскім шчытом, раздзяляе іх больш зніжанай паверхняй фундамента. Мае слабавыразнае субмерыдыянальнае распасціранне. Даўж. седлавіны 150 км, шыр. да 135 км. Глыбіня залягання крышт. фундамента 300—500 м ніжэй узр. м.Усх. схіл больш стромкі, чым заходні. Фундамент ускладнены рэгіянальнымі разломамі паўн.-ўсх. кірунку Стаходска-Магілёўскім і Выжаўска-Мінскім. Яны перасечаны больш дробнымі парушэннямі — зрухамі пераважна субшыротнага і паўн.-зах. распасцірання. Платформавы чахол магутнасцю да 650 м складаюць сярэднерыфейскія, вендскія, мелавыя, палеаген-неагенавыя і антрапагенавыя адклады. Фарміраванне П.с. пачалося ў раннім палеазоі ў сувязі з развіццём Падляска-Брэсцкай упадзіны, усх. схіл акрэсліўся ў познім дэвоне, калі фарміраваўся Прыпяцкі прагін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСЕ́ЛЬ (флам. Brussel, франц. Bruxelles),
горад, сталіца Бельгіі. Размешчаны на р. Сена (бас.р. Шэльда) і некалькіх каналах. Адм. ц.прав. Брабант. 949,1 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1993); паводле нац. складу — фламандцы і валоны. Падзяляецца на Ніжні горад, перасечаны рукавамі Сены, і Верхні горад, размешчаны на ўсх. грэбені ўзвышшаў. Цэнтр.ч. горада абкружана 18 прыгарадамі з самаст. кіраваннем. Буйны трансп. вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (звязаны каналамі з вусцем р. Шэльда і Паўн.м., а таксама з цэнтр.прамысл. раёнамі краіны). Міжнар. аэрапорт Завентэм. Важны фін., прамысл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. аўта-, прылада- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае); хім., фармацэўтычная, парфумерная, паліграф., гарбарная, тэкст., швейная, папяровая, фарфоравая, шкляная, тытунёвая, піваварная, харч., вытв-сць дываноў, ювелірных вырабаў, карункаў. Метрапалітэн. У Бруселі штаб-кватэры НАТО, ЕЭС, Бенілюкса і інш. Месца правядзення міжнар. канферэнцый, з’ездаў, муз. конкурсаў.
Упершыню ўпамінаецца ў 966. З 12 ст. рэзідэнцыя герцагаў брабанцкіх, адзін з гал. цэнтраў Брабанта. З 16 ст. ў складзе Ісп. Нідэрландаў, у часы Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. прымкнуў да Утрэхцкай уніі 1579. У 1585 заваяваны іспанцамі, з 1713 пад уладай Аўстрыі, з 1794 — Францыі, з 1814 — Галандыі. Цэнтр Бельгійскай рэвалюцыі 1830, з 1830 — сталіца Бельгіі.
Цэнтр Бруселя захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку (удасканалена ў 18—19 ст.). У Ніжнім горадзе, на пл. Грандплас і каля яе гатычны сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль (1226—1490), ратуша (1401—55), «Каралеўскі дом» (1515—25), шматлікія дамы гільдый канца 17 — пач. 18 ст., барочныя цэрквы і інш. У Верхнім горадзе ансамблі ў стылі класіцызму (пл. Плас-дэ-Маргыр, 1772—75, і Плас-Руаяль, 1774—80), Каралеўскі палац (18—20 ст.), Палац Нацыі (цяпер парламент, 1779—83), «Брусельскі парк» (1774—76), Палац прыгожых мастацтваў (1922—28, арх. В.Арта), сярод пабудоў канца 19—20 ст. асабнякі ў стылі мадэрн (арх. Арта), Палац стагоддзя (1935), аэравакзал «Сабена» (1954) і інш. Да Сусв. выстаўкі 1958 створаны новыя магістралі, трансп. развязкі на бульварным кальцы. Помнікі: «Бельгія» на пл. Плас-дэ-Мартыр (1838), Працы (1930, скульпт. К.Менье) і інш.
У Бруселі — 2 каралеўскія АН: валонская (з 1772) і флам. (з 1938), 2 каралеўскія мед. акадэміі: валонская (з 1841) і фламандская (з 1938); Каралеўская археал. акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1711), ун-т (з 1834), кансерваторыя (з 1832). Геагр.ін-т (засн. Э.Рэклю), Пастэраўскі ін-т. 30 музеяў, у т. л.Бельг. каралеўскі музей мастацтваў, Каралеўскі музей мастацтва і гісторыі.
Да арт.Брусель. Дом карпарацыі лодачнікаў. 1697.Да арт.Брусель. Панарама горада. На пярэднім плане сабор Сен-Мішэль-э-Гюдзюль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦ,
адзіны натуральны спадарожнік Зямлі, астр. знак . Другое па яркасці пасля Сонца свяціла (поўны М. свеціць у 465 тыс. разоў слабей за Сонца). Дыяметр 3476 км, маса 7,35∙1022кг (у 81 раз меншая за зямную); сярэдняя шчыльнасць 3343 кг/м³ (0,607 сярэдняй шчыльнасці Зямлі). Арбіта з эксцэнтрысітэтам 0,045 нахілена пад вуглом 5°9′ да экліптыкі. Сярэдняя адлегласць ад Зямлі 384,4 тыс.км. Перыяды абарачэння М. вакол сваёй восі і вакол Зямлі (сідэрычны месяц — 27,3217 сут) супадаюць, таму М. павернуты да Зямлі адным бокам. Але ў выніку лібрацыі Месяца з Зямлі назіраецца каля 60% яго паверхні. Адваротны бок М. ўпершыню сфатаграфаваны ў 1959 сав.аўтам. станцыяй «Месяц-3». Змена фаз Месяца, якія вызначаюцца ўзаемным становішчам М., Зямлі і Сонца, адбываецца з перыядам у 29,5306 сут (сінадычны месяц). Сіла цяжару на М. ў 6 разоў меншая, чым на Зямлі.
Паверхня М. падзяляецца на «моры» і «мацерыкі». Светлыя ўчасткі паверхні наз. «мацерыкамі», займаюць 60% плошчы. Гэта няроўныя, гарыстыя раёны з вял. канцэнтрацыяй кратэраў розных памераў (у большасці метэарытнага паходжання, ёсць і вулканічныя). 40% паверхні — «моры»: упадзіны, запоўненыя цёмнай лавай і пылам; напластаванні асобных лававых патокаў утвараюць валы і грады, у многіх месцах праяўляюцца разломы і расколіны. «Мацерыкі» перасечаны горнымі хрыбтамі, размешчанымі ўздоўж узбярэжжа «мораў». Найб. вышыня месяцавых гор дасягае 9 км. Паверхневы слой М. складаецца з раздробленых парод — рэгаліту (таўшчынёй да дзесяткаў метраў). Месяцавы грунт шэра-бурага колеру, адбівальная здольнасць 5—20%, складаецца з часцінак сярэдняга памеру 0,08—0,10 мм Аналіз месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, паказаў, што яны не падвяргаліся ўздзеянню вады. Атмасфера М. вельмі разрэджаная: канцэнтрацыя атамаў і малекул прыблізна ў 109 разоў меншая, чым у зямной атмасферы на ўзроўні мора. Яна фарміруецца ў выніку ўздзеяння на месяцавы грунт светлавых і цеплавых фатонаў сонечнага выпрамянення. Асн. газы ў атмасферы — неон, вадарод, гелій, аргон. Сутачныя перапады т-р ад 101 °C да -153 °C. Ва ўзорах месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, адсутнічаюць якія-н. мікраарганізмы ці сляды іх жыццядзейнасці. Відаць, стэрылізаваны радыяцыяй і вял. перападамі т-р паверхневы грунт пазбаўлены жыцця. Існуюць розныя гіпотэзы паходжання М., канчаткова гэта праблема не вырашана. М. даследуецца аптычнымі і радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. З 1959 (першая сав.аўтам. станцыя «Месяц-1») пачаліся даследаванні М. сав.аўтам. станцыямі серыі «Зонд», «Месяц», амер.аўтам. станцыямі і пілатуемымі караблямі серый «Сервеер», «Лунар Орбітэр», «Апалон», «Лунар Праспектар». Першы чалавек ступіў на паверхню М. 21.7.1969 (Н.Армстранг).
Літ.:
Фрондел Д.У. Минералогия Луны: Пер. с англ.М., 1978;
Черкасов И.И., Шварев В.В. Грунтоведение Луны. М., 1979;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Маров В.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд Месяца.Да арт.Месяц. Кратэр Капернік («Апалон-17», 1972, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДЫНА́ЎСКІЯ ГО́РЫ, Скандынаўскае нагор’е. На Скандынаўскім п-ве, у Швецыі і Нарвегіі. Даўж. каля 1700 км, шыр. ад 200—300 км на Пн да 600 км на Пд, выш. да 2469 м (г. Гальхёпіген). Стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Нарвежскага м., пакатымі ўступамі спускаюцца да Батнічнага зал., утвараючы пласкагор’е Норланд. Складзены з крышт. і метамарфічных парод, якія змяты ў складкі ў каледонскую эпоху; на У злучаюцца з Балт. шчытом. Пасля доўгай дэнудацыі горы перанеслі паўторнае падняцце ў кайназоі, якое ўтварыла сістэму блокаў, трэшчын і разломаў. Найб. амплітуды падняцці дасягнулі ў цэнтр. і зах. частках С.г., што вызначыла зрушанасць водападзельных хрыбтоў на З. і значную шыр.ўсх. схілаў. У чацвярцічны час С.г. траплялі пад покрыўнае зледзяненне, з чым звязана шырокае развіццё ледавіковых адкладаў і форм рэльефу. С.г. ўяўляюць сабой рад выцягнутых з ПнУ на ПдЗ горных плато, якія расчлянёны тэктанічнымі далінамі на асобныя масівы. Вяршынныя паверхні — фіельды, серыя паднятых на выш. больш за 2000 м пенепленаў. Найб. высокія пласкагор’і ў паўд.ч. С.г. — Ютунхеймен, Хардангервіда, Юстэдалсбрэ, Тэлемарк, Доўрэфіель. Над сярэднім узр. пласкагор’яў (ад 900 да 1700 м) узвышаюцца асобныя групы вяршынь і хрыбтоў з альпійскімі формамі рэльефу. У сярэдняй ч. С.г. прыкметна зніжаюцца. Іх перасякае Емтландская зона тэктанічных апусканняў — прадаўжэнне глыбока ўрэзанага ў сушу Тронхеймс-фіёрда. На Пн распасціраецца хр. Х’елен, перасечаны папярочнымі і падоўжнымі далінамі, над якімі ўздымаюцца завостраныя вяршыні з каравымі і даліннымі ледавікамі на схілах (г. Кебнекайсе, 2123 м). Крайняя Пн — пласкагор’е Фінмаркен (300—500 м) з асобнымі астанцовымі вяршынямі. На З С.г. амаль ушчыльную падыходзяць да ўзбярэжжа і моцна расчлянёныя. Вял. колькасць фіёрдаў: самы доўгі ў Еўропе — Согнефіёрд (даўж. 220 км, шыр. 5—6 км), Хардангер-фіёрд, Букн-фіёрд і інш. З боку мора фіёрдавае ўзбярэжжа акаймавана вузкай (30—60 км) паласой прыбярэжнай раўніны, утворанай у выніку маладых тэктанічных падняццяў (выш. да 40 м), дзе сканцэнтравана значная частка нас. пунктаў, гандл. і рыбалавецкіх партоў Нарвегіі. Карысныя выкапні: жал., медна-нікелевыя, сульфідныя, тытанавыя руды. Клімат умераны, пераважна акіянічны з халаднаватым летам, умерана халоднай зімой. Пад уплывам цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння сярэдняя т-растудз. адносна высокая для гэтых шырот і зменьваецца ад 1 °C да -14 °C, сярэдняя т-раліп. ад 16 °C да 6 °C. Ападкаў на зах. схілах да 3000 мм, на ўсх. — 400—800 мм за год. Клімат фіельдаў характарызуецца нізкімі т-рамі зімовых і летніх месяцаў, што разам з вялізнай вільготнасцю вызначае развіццё сучаснага зледзянення. Снегавая лінія ляжыць на выш. 700—800 м на Пн, 1500—1700 м на Пд. На З яна ніжэйшая, чым на У. Агульная плошча зледзянення С.г. каля 5 тыс.км². Найб. ледавікі Юстэдалсбрэ, Фольгефані. Густая сетка мнагаводных, парожыстых рэк, шматлікія азёры тэктанічна-ледавіковага паходжання. С.г. ўкрыты горна-таежнымі лясамі (хвоя, елка), асабліва на ўсх. схілах. Лясы падымаюцца да выш. 300—500 м на Пн і 900—1100 м на Пд. Вышэй паласа бярозавага крывалесся. Фіельды бязлесныя, пераважае горна-тундравая хмызняковая і мохава-лішайнікавая расліннасць, якая месцамі чаргуецца з лугамі. Па рачных далінах — нізкастволыя бярэзнікі. На зах. схілах фармацыі верасоўнікаў і тарфянікаў. На Пд — мяшаныя і шыракалістыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГАПУ́Р (малайскае Singapura, англ. Singapore),
Рэспубліка Сінгапур (малайскае Republik Singapura, англ. Republic of Singapore), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на в-ве Сінгапур (пл. 570 км²) і прылеглых дробных астравах (каля 50), каля паўд. берагоў п-ва Малака. Джахорскім прал. (перасечаны дамбай з чыгункай, шашой і магістральным водаправодам) аддзелены ад тэр. Малайзіі, Сінгапурскім — ад Інданезіі. Пл. 648 км². Нас. 4151,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы — малайская, кітайская, англійская, тамільская. Сталіца — г.Сінгапур. Нац. свята — Нацыянальны дзень (9 жн.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Чл. Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1991 (з папраўкай 1993). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на прамых усеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Аднапалатны парламент выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Рэльеф раўнінны (выш. да 176 м). Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы і вільготны. Т-ра ўвесь год 26—28 °C. Выпадае каля 2500 мм ападкаў за год. Амаль уся тэрыторыя забудавана, ёсць паркі і скверы. Захаваліся невял. балоты, рэшткі трапічных лясоў (каля 5% тэр.), каля берагоў мангравыя зараснікі. Ёсць некалькі рэзерватаў, запаведнік на г. Букітымах, сусв. вядомы бат. сад.
Насельніцтва. Жывуць кітайцы (76%), малайцы (15%), выхадцы з Паўд. Азіі, пераважна тамілы (7%), еўрапейцы (англічане, французы, партугальцы), нашчадкі ад мяшаных шлюбаў еўрапейцаў з прадстаўнікамі азіяцкіх народаў, арабы і інш. Вернікі — будысты, канфуцыянцы, мусульмане, індуісты, хрысціяне. Сярэднегадавы прырост каля 1 % за год. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва больш за 6400 чал. на 1 км², адна з найб. у свеце. Усё насельніцтва гарадское, жыве ў г. Сінгапур (3567 тыс.ж.), суседніх гарадах і пасёлках. У прам-сці занята 25,6% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 1%, у фінансах і банкаўскай справе — 33,5%, у буд-ве — 6,6%, у кіраванні і абслуговых галінах — 33,3%.
Гісторыя. У сярэдневякоўі тэр. С. ўваходзіла ў склад розных малайска-інданез. дзяржаў (Шрывіджаі. Малакскага султаната і інш). Пасля войнаў 13—14 ст. да пач. 19 ст. яна амаль незаселена. У 1819 брыт. губернатар Явы Т.С.Рафлз выкупіў в-аў Сінгапур у султана Джахора, заснаваў тут факторыю С., вакол якой вырас горад — адзін з найб. гарадоў Паўд.-Усх. Азіі; з 1826 асобная калонія Вялікабрытаніі. У 1942—45 С. акупіраваны яп. войскамі. У 1954 створана Партыя нац. дзеяння (ПНД). У 1959 С. атрымаў самакіраванне. У 1963—65 у складзе Федэрацыі Малайзія, з 9.8.1965 — незалежная дзяржава. Урад ПНД (напачатку на чале з прэм’ер-міністрам Лі Куан Ю, з ліст. 1990 — Го Чок Тонгам) ажыццяўляе палітыку прыцягнення замежнага капіталу і развіцця рыначнай эканомікі, што прывяло да хуткага эканам. росту С. і ператварэння яго да пач. 1990-х г. у адну з найб. развітых краін Азіі. С. — чл.ААН (з 1965), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны паміж С. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992. Гал.паліт. партыя — Партыя нац. дзеяння, інш. партыі не адыгрываюць значнай ролі ў паліт. жыцці С.
Гаспадарка. С. — найб. развітая ў эканам. адносінах краіна Паўд.-Усх. Азіі. Разам з Тайванем і Паўд. Карэяй трывала ўваходзіць у лік «новых індустр. краін». Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 91,7 млрд.дол., каля 22 100 дол. на душу насельніцтва (2000). У прам-сці ствараецца каля 30% ВУП, у транспарце і сувязі — 13%, у сельскай гаспадарцы — 0,2%, у сферы абслугоўвання каля 57%. С. — буйны рэгіянальны і міжнар. цэнтр гандлю, фінансаў, маркетынгу, паслуг і распрацовак найноўшых тэхналогій, важнейшы трансп. і камунікацыйны вузел Паўд.-Усх. Азіі. Аснова эканомікі — традыц. знешнегандл. аперацыі (гал. чынам рээкспарт) і экспартныя галіны прам-сці (на імпартнай сыравіне). У прам-сці 3 групы галін: суднабудаванне і суднарамонт (2-е, пасля ЗША, месца ў свеце па вытв-сці перасоўных буравых установак для распрацоўкі марскіх радовішчаў нафты), нафтаперапрацоўка (5 з-даў сумарнай магутнасцю перапрацоўкі 60 млн.т нафты за год, 3-е месца ў свеце) і нафтахімія; электроніка, радыё- і электратэхніка (персанальныя камп’ютэры, інтэгральныя схемы, перыферыйныя сістэмы, абсталяванне аўтаматызаванага праектавання, сродкі навігацыі і сувязі, фотаоптыка, гадзіннікі і інш.), зборка і рамонт самалётаў, аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў; лёгкая (тэкст., швейная, трыкатажная) і харчовая. Вытв-сць электраэнергіі 28 млрд.кВт∙гадз (1999), усе электрастанцыі цеплавыя, працуюць на вадкім паліве. Захавалі сваё значэнне традыц. галіны: волаваплавільная, перапрацоўка каўчуку і гумавая прам-сць, дрэваапрацоўка. Дзейнічаюць старэйшы ў Паўд.-Усх. Азіі металург. з-д поўнага цыкла, інш. прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Высокаразвітая ваен.прам-сць, прадукцыя якой ідзе пераважна на экспарт (стралковая зброя, патрульныя марскія катэры, радыёапаратура, боепрыпасы і інш.). Рээкспарт каўчуку, волава, копры, драўніны, вострых прыпраў (найб. перцу). Развіта аказанне разнастайных інфарм., фін., тэхнал., мед. і турыстычных паслуг. С. — буйны фін. цэнтр (саступае толькі Лондану, Нью-Йорку і Токіо). Працуюць валютныя і фондавыя біржы, 141 банк, у т. л. 128 замежных. Праводзяцца буйныя міжнар.гандл.-прамысл. выстаўкі, навукова-тэхн. сімпозіумы і канферэнцыі. Штогод С. наведвае больш за 7 млн. турыстаў з суседніх краін, Японіі, Кітая, ЗША і інш. У 1998 даход ад турызму склаў 5,79 млрд.дол. Сельская гаспадарка мае другаснае значэнне. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 тыс.га. Вырошчваюць гевею, какосавую пальму, вострыя прыправы, тытунь, агародніну, садавіну, кветкі. Развіты свінагадоўля (у 1997—190 тыс. свіней) і птушкагадоўля (2 млн. курэй). Марское рыбалоўства (штогадовы ўлоў 13—15 тыс.т рыбы). Транспарт пераважна марскі. У С. — буйнейшы ў рэгіёне транзітны марскі порт (прымае за суткі ў сярэднім 150 суднаў, 2-гі ў свеце пасля Ротэрдама па грузаабароце). У порце — зона свабоднага гандлю. Марскі флот налічвае больш за 500 суднаў. Даўж. чыгункі 38,6 км, аўтадарог і вуліц 3017 км. У краіне 379,5 тыс. легкавых, 140,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Аэрапорт Чангі — адзін з найбуйнейшых у свеце. Трубаправодны транспарт заняты транспарціроўкай пітной вады з Малайзіі і Інданезіі. У 1998 экспарт склаў 128 млрд.дол., імпарт — 133,9 млрд.дол. Экспартуюцца і рээкспартуюцца нафтапрадукты (8% сусв. гандлю імі), вылічальная тэхніка і радыётэлевізійнае абсталяванне (каля 14% сусв. аб’ёму), камунікацыйнае і офіснае абсталяванне, марскія судны і платформы, хім. прадукты, машыны і абсталяванне, каўчук, тэкст. і швейныя вырабы, алей, лесаматэрыялы, волава і інш. У імпарце пераважаюць сыравінныя тавары і харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Малайзія (19% экспарту, 15% імпарту), ЗША (18% і 15% адпаведна), Японія (21% імпарту), Інданезія, Кітай, Тайланд, Паўд. Карэя і інш. Грашовая адзінка — сінгапурскі долар.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сінгапура.Да арт.Сінгапур (дзяржава). Жылыя кварталы г. Сінгапур.