ЗАХО́ДНЕ-САХАЛІ́НСКІЯ ГО́РЫ, Заходні хрыбет,

горы на ПдЗ в-ва Сахалін, Расія. Даўж. 650 км, выш. да 1330 м (г. Анор). Складзены з некалькіх паралельных хрыбтоў, падзеленых падоўжнымі далінамі, і патухлых вулканаў (горы Ламанон). Гал. водападзельны хрыбет — Камышовы. Складзены пераважна з сланцаў, пясчанікаў, кангламератаў і магматычных парод. Радовішчы каменнага вугалю (Лесагорскае, Вуглягорскае, Башнякоўскае і інш.). На схілах мяшаныя лясы пераважна шыракалістых парод і ялова-піхтавая тайга з зараснікамі курыльскага бамбуку. Горы перарэзаны чыг. Паўднёва-Сахалінск—Холмск.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж а-вамі Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа і Паўн. Зямля. На З пралівамі Карскія Вароты і Матаччын Шар злучаецца з Баранцавым м., на У Вількіцкага пралівам і пралівамі паміж а-вамі Паўн. Зямля — з м. Лапцевых. Пл. 883 тыс. км². Размешчана пераважна на шэльфе, які на Пн перарэзаны глыбакаводнымі жалабамі Вароніна і Св. Ганны (глыб. да 600 м). Паміж імі — Цэнтр. Карскае ўзв. (глыб. да 50 м). На ПдЗ Новазямельская ўпадзіна (глыб. да 418 м). Пераважныя глыб. 30—100 м. Берагі невысокія, спадзістыя. Залівы: Енісейскі, Пясінскі, Обская губа, Байдарацкая губа. Шмат астравоў (Арктычнага Інстытута, Візэ, Сяргея Кірава, Нардэншэльда і інш.). Упадаюць рэкі Енісей, Об, Пясіна, Кара. Клімат арктычны, суровы. Адно з самых халодных мораў Расіі; сярэдняя т-ра вады на большай ч. паверхні летам каля 0 °C, на Пд (каля вусцяў рэк) да 6 °C. Салёнасць ад 10—12‰ (каля вусцяў рэк) да 33‰ на Пн. Частыя туманы і штормы. Большую ч. года ўкрыта лёдам. Прылівы пераважна паўсутачныя (0,5—0,8 м). Згонна-нагонныя ваганні ўзроўню ў залівах да 2 м. Рыбалоўства (сіг, галец, камбала і інш.). К.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Дыксан. Марскія судны заходзяць у парты Ігарка і Дудзінка (на р. Енісей).

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)