ПЕРАПРА́ВА,

1) месца, дзе перапраўляюцца на другі бераг (на паромах, лодках і інш.), а таксама ўчастак ракі, возера, які выкарыстоўваецца войскамі пры фарсіраванні водных перашкод.

2) Перавозка войск і баявой тэхнікі цераз водныя перашкоды пры дапамозе пераправачных сродкаў або пераход войск цераз перашкоды па мастах, брадах, ільдах, а таксама пераадольванне іх уплаў П. бываюць: дэсантныя — для пераадольвання воднай перашкоды гал. чынам падраздзяленнямі першага эшалона на штатных плавальных сродках; паромныя — для падраздзяленняў з іх баявой тэхнікай; маставыя — для калон войск з іх узбр. і баявой тэхнікай (гл. Мост ваенны); чыгуначныя — для чыг. саставаў або асобных вагонаў на спец. суднах-паромах. Могуць ажыццяўляцца П. танкаў пад вадой. Будуюць несапраўдныя П. (для падману праціўніка), а таксама пераправы ўброд, па лёдзе і інш. П. абсталёўваюцца і маскіруюцца, на іх арганізавана каменданцкая служба.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕСЕНБЕ́РЛІН Ільяс (1.1.1915, г. Атбасар, Казахстан — 4.10.1983),

казахскі пісьменнік. Скончыў Каз. горна-металургічны ін-т (1940). Друкаваўся з 1945. У паэмах «Айша», «Султан» (абедзве 1945), «Трагедыя Біржан-Сала» (1959), раманах «Схватка» (1966; Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1968), «Небяспечная пераправа» (1967), «Закаханыя» (1968), «Залатыя коні прачынаюцца» (1976), гіст. трылогіях «Качэўнікі» (1969—73; асобнае выд. 1976), «Залатая Арда» (кн. 1—3, 1979—83) сучаснае і мінулае каз. народа, лёс і праблемы вёскі. Аўтар п’ес, тэкстаў каз. песень (больш за 40). На бел. мову асобныя творы Е. пераклаў В.​Бечык.

Тв.:

Бел. пер. — Небяспечная пераправа: Раман. Мн., 1985.

Ж.​Сахіеў.

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́НДЫЗІ—ПА́ТРЫ,

чыгуначная паромная пераправа цераз Іанічнае м., злучае Пд Італіі з п-вам Пелапанес у Грэцыі. Адлегласць 640 км. Дзейнічае з 1973. Курсіруе 6 спецыялізаваных двухпалубных суднаў умяшчальнасцю 110 вагонаў кожнае.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЗІЛУ́Н, Кілун,

горад у Кітаі, на Пн в-ва Тайвань, прав. Тайвань. Каля 356 тыс. ж. (1992). Аванпорт г. Тайбэй, з якім утварае адзіны прамысл. комплекс. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. суднабудаванне), хім., цэментавая, харчовая. Марскія промыслы. Чыг. паромная пераправа ў Іасу (Паўд. Карэя).

т. 17, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУДЗЁНКА,

вёска ў Прыгарадным с/с Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на левым беразе р. Бярэзіна. За 15 км на ПнЗ ад горада і 20 км ад чыг. ст. Барысаў, 90 км ад Мінска. 58 ж., 37 двароў (2001). Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі (1962 і 1965) рус. воінам 1812.

У вайну 1812 каля С. 26—28 ліст. адбылася пераправа цераз Бярэзіну рэшткаў франц. арміі Напалеона, якая адступала з Масквы. У гэты час рус. армія П.​В.​Чычагова (30 тыс. чал.) стаяла на правым беразе ракі, армія П.​Х.​Вітгенштэйна (каля 30 тыс. чал.) падыходзіла да Барысава з Пн, казацкія войскі М.​І.​Платава і авангард гал. сіл рус. арміі М.​І.​Кутузава праследавалі французаў з У. Дэманстрацыя актыўнасці франц. войск каля Барысава спрыяла дэзінфармацыі рус. камандавання, якое лічыла больш верагодным адступленне Напалеона на Мінск і Слонім. У выніку адпаведных загадаў Чычагоў 25—26 ліст. перавёў амаль усе свае войскі з-пад Барысава на Пд. 26 ліст. па наведзеных мастах пачалася пераправа франц. войск, якія захапілі плацдарм на правым беразе Бярэзіны і адначасова забяспечылі прыкрыццё гасцінца Барысаў—Студзёнка. На працягу 3 дзён на правы бераг пераправілася большасць баяздольных франц. карпусоў, у т. л. 27 ліст. сам Напалеон з гвардыяй. На левым беразе французы ўтрымлівалі ўсе подступы да мастоў, пакуль працягвалася пераправа. Раніцай 29 ліст. масты былі спалены, і армія Напалеона рушыла ў напрамку Маладзечна. У выніку баёў каля С. французы здолелі ўтрымаць пазіцыі на абодвух берагах і забяспечыць пераправу цераз Бярэзіну, аднак Напалеон страціў каля 25 тыс. чал. і абоз. Гл. таксама Бярэзінская аперацыя 1812.

т. 15, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯЛІ́НАЎ Касымалы (15.9.1902, пас. Кок-Майнок, Кыргызстан — 3.9.1979),

кіргізскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Кыргызстана (1968). Скончыў Алма-Ацінскі пед. ін-т (1925), Ін-т журналістыкі (1933). Друкаваўся з 1923. Адзін з заснавальнікаў кірг. рэаліст. прозы (аповесці «Аджар», 1928; «На берагах Ісык-Куля», 1947; «Даліна Курмана», 1958). Аўтар рамана-трылогіі «Братэрства» (1962—72), зб. «Цяжкая пераправа» (1980).

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗІН,

горад на ПнЗ Балгарыі, на правым беразе р. Дунай. Засн. стараж. рымлянамі ў пач. н. э. 80 тыс. ж. (1993). Рачны порт, чыг. паромная пераправа, якая звязвае балгарскія і румынскія (г. Калафат) чыгункі. Цэнтр с.-г. раёна, асабліва развіта вінаградарства. З-ды сінт. валокнаў, шын; харч. (тытунёвая, мукамольная, алейная, плодакансервавая, вінаробства) і швейная прам-сць. Вытв-сць фарфоравых вырабаў, цыгарэт. Турызм. Музеі. Арх. помнікі: цэрквы св. Панцеляймона (1633), св. Петкі (17 ст.).

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДЭНСКАЕ ВО́ЗЕРА (Bodensee),

у Еўропе, на мяжы Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Размешчана на выш. 395 м. Пл. 538 км². Даўж. каля 63 км, шыр. 14 км, глыб. да 252 м. На ПнЗ разгаліноўваецца на 3 адасобленыя часткі (Іберлінгенскае, Ніжняе і Цэлерскае азёры). Запаўняе тэктанічную ўпадзіну, апрацаваную стараж. ледавіком. Берагі пераважна плоскія, узвышаныя, на ПдУ — высокія, скалістыя. Праз Бодэнскае возера цячэ р. Рэйн. Назіраюцца сейшы. Суднаходства, паромная пераправа. На берагах буйныя гарады і курорты: Констанц, Фрыдрыхсгафен, Ліндаў (Германія), Брэгенц (Аўстрыя). Запаведнікі.

Бодэнскае возера.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́МБА Міхась (Міхаіл Мікалаевіч; н. 2.1.1941, в. Знаменка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, з 1989 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар кн. аповесцей і апавяданняў для дзяцей з займальнымі сюжэтамі, жывымі вобразамі: «Камандзір зялёнага патруля» (1967), «Бі, барабан!» і «Загадка без адгадкі» (1972), «Хто-каго?» (1978), «Пераправа» (1987), «Сакрэт тэлепата» (1989), «Дзень магнітнай буры» (1992), «Арэхавы спас» (1997). У сваіх творах ставіць праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, ролі сям’і і школы ў выхаванні падлеткаў. На бел. мову пераклаў раман Г.​Уэлса «Чалавек-невідзімка» (1997), а таксама творы рус. і ўкр. пісьменнікаў.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ТАЎН (Freetown),

горад, сталіца Сьера-Леоне. Адм. ц. Зах. правінцыі. Каля 700 тыс. ж. (2001, з прыгарадамі). Порт на ўзбярэжжы Атл. ак. (вываз пальмавых арэхаў, алею, какавы, алмазаў). Паромная пераправа Ф. — Лунгі. Прам-сць: суднарамонтная, харч., лёгкая, цэм., нафтаперапр.; агранка і шліфоўка алмазаў. Ун-т Сьера-Леоне, найб. ў Зах. Афрыцы каледж Фура-Бей (з 1827). Нац. музей. Тэатр.-канцэртная зала. Каля Ф. — міжнар. аэрапорт і курортны цэнтр Лунгі.

У 15 ст. на месцы Ф. партугальская гандл. факторыя. У 1792 англічане засн. тут горад, які стаў апорным пунктам каланізацыі Зах. Афрыкі. З 1808 адм. цэнтр брыт. калоніі Сьера-Леоне. З 1961 сталіца Сьера-Леоне.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)