ПЕРАПРА́ВА,

1) месца, дзе перапраўляюцца на другі бераг (на паромах, лодках і інш.), а таксама ўчастак ракі, возера, які выкарыстоўваецца войскамі пры фарсіраванні водных перашкод.

2) Перавозка войск і баявой тэхнікі цераз водныя перашкоды пры дапамозе пераправачных сродкаў або пераход войск цераз перашкоды па мастах, брадах, ільдах, а таксама пераадольванне іх уплаў П. бываюць: дэсантныя — для пераадольвання воднай перашкоды гал. чынам падраздзяленнямі першага эшалона на штатных плавальных сродках; паромныя — для падраздзяленняў з іх баявой тэхнікай; маставыя — для калон войск з іх узбр. і баявой тэхнікай (гл. Мост ваенны); чыгуначныя — для чыг. саставаў або асобных вагонаў на спец. суднах-паромах. Могуць ажыццяўляцца П. танкаў пад вадой. Будуюць несапраўдныя П. (для падману праціўніка), а таксама пераправы ўброд, па лёдзе і інш. П. абсталёўваюцца і маскіруюцца, на іх арганізавана каменданцкая служба.

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)