Перакрыжаванае апыленне 8/382, гл. Апыленне

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКРЫЖАВА́НАЕ АПЫЛЕ́ННЕ, алагамія,

апыленне кветак пылком інш. раслін таго ж віду. Уласціва голанасенным і большасці пакрытанасенных. Спалучаецца з самаапыленнем, якое бывае асн. або рэзервовым. Строга перакрыжавана-апыляльных раслін мала (напр., жыта). Адбываецца з дапамогай насякомых, ветру, часам пры ўдзеле вады, птушак, жывёл. Садзейнічае спадчыннай зменлівасці, якая забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да змен навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Апыленне.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАГА́МІЯ,

гл. Перакрыжаванае апыленне.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЫЛЕ́ННЕ,

перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),

1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.

2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРАКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + кліматалогія),

навука пра метады вы вучэння клімату мінулых эпох па зменах велічынь гадавых кольцаў драўніны. Асн. прынцып Д. — перакрыжаванае датаванне — грунтуецца на непаўторным у часе і амаль аднолькавым характары змен памераў і структуры гадавых кольцаў у большасці дрэў, якія раслі ў падобным клімаце (вузкія кольцы паказваюць на гады засухі, шырокія — на спрыяльныя ўмовы росту).

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАЗБО́Р, ношка,

збіранне нектару і пылку з меданосных раслін і назапашванне іх пчоламі (мёд, пярга); таксама колькасць мёду, назапашанага пчоламі за які-н. перыяд. Забяспечвае перакрыжаванае апыленне меданосаў. Адрозніваюць М.: веснавы, летні, асенні; падтрымны (у межах патрэбы пчалінай сям’і) і прадукцыйны (да 2—3 за сезон), які выкарыстоўваецца для адбору таварнага мёду. Пчаліная сям’я нарыхтоўвае за сезон да 200—300 кг мёду і больш. На Беларусі М. працягваецца з крас. па вер. (гал. — у чэрв. і ліпені), няўстойлівы па гадах; макс. да 50 кг на пчаліную сям’ю за сезон. Асн. тыпы М.: вярбовы, пладова-ягадны, крушынавы, малінавы, лугавы, канюшынавы, грэцкі, верасовы.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЕЎСКІ ФЛАГ,

адзін з флагаў ВМФ Расіі (калект. ўзнагарода) у 19 — пач. 20 ст. Уяўляў сабой белае прамавугольнае палотнішча, перакрыжаванае па дыяганалі сінім Андрэеўскім крыжам, у цэнтры якога змяшчаўся чырв. геральдычны шчыт з выявай св. Георгія Перамаганосца. Уведзены 5.6.1819 імператарам Аляксандрам I у гонар бітвы каля Кульма, дзе вызначыўся Гвардз. флоцкі экіпаж. Быў флагам адміралаў на суднах Гвардз. флоцкага экіпажа, з 1903 і на караблях чарнаморскіх флоцкіх экіпажаў, адзначаных у 1856 Георгіеўскім флагам за абарону Севастопаля. Як кармавы флаг выкарыстоўваўся на караблях «Азоў» (вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827) і «Меркурый» (вызначыўся ў рус.-тур. вайну 1828—29). Георгіеўскі флаг уздымалі і на суднах з назвамі «Памяць Азова», «Памяць Меркурыя». Да лета 1918 Георгіеўскі флаг выкарыстоўвалі на баявых караблях Сав. Расіі, да канца 1924 на караблях ВМФ белагвардзейцаў (эскадра, эвакуіраваная ў 1920 у порт Бізерта, Туніс).

А.​Н.​Басаў.

Георгіеўскі флаг.

т. 5, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,

працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.

Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв. двайное апладненне.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́Д (Vitis),

род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40° паўн. ш. і 35—45° паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.

Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл. Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.

Вінаград культурны.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)