Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
глыбакаводныя донныя асадкі адкрытых мораў або акіянаў, што складаюцца са шкілетных рэшткаў планктонных мікраарганізмаў, найтанчэйшых мінер. часцінак, якія прыносяцца з сушы. вулканічнага попелу, касм. пылу, а таксама мінералаў, утвораных на дне ў выніку хім. працэсаў у вадзе. Да П.а. адносяцца сучасныя ілы (глабігерынавы, какалітавы, дыятомавы, радыялярыевы), чырвоныя глыбакаводныя гліны, са стараж. асадкавых горных парод — некаторыя вапнякі, радыялярыты, дыятаміты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
расліны і жывёлы, якія жывуць у тоўшчы вады і на яе паверхні (у пелагіялі). Падзяляюць на нейстон, нектон, планктон і плейстон. Адрозніваюць голапелагічныя арганізмы, што жывуць у пелагіялі ўсё жыццё, і мерапелагічныя, якія звязаны з пелагіяллю часова (планктонныя лічынкі донных жывёл, дарослыя асобіны донных жывёл, якія падымаюцца ў тоўшчу вады пры размнажэнні). Для П.а. характэрны прыстасаванні да жыцця ў пелагіялі: газавыя пузыры (у водарасцей, сіфанафор і інш.), плавальныя пузыры (у рыб); для руху — раснічкі ў прасцейшых і плаўнікі ў рыб; тарпедападобная форма цела у нектонных арганізмаў.
Раслінныя П.а. (фітапланктон) — асн. прадуцэнты арган. рэчываў у вадаёмах; яны забяспечваюць кормам астатніх водных жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАМІ́ДЫ (Sarda),
род рыб сям. скумбрыевых атр. акунепадобных. 4 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў; 2 віды, у т. л. П. атлантычная, або звычайная (S. sarda), заходзяць у воды ўмеранай зоны (трапляецца ў Чорным моры). Чародныя пелагічныя рыбы. Робяць сезонныя міграцыі.
Даўж да 100 (звычайна 60—65) см, маса да 7 (звычайна 3—4) кг. Знешне падобныя на тунцоў. Драпежнікі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗАНКІ́ (Alosa, або Caspialosa),
рыбы сям. селядцовых. 3 віды, 7 падвідаў. Чарнаморска-каспійскі П. (A. caspia) пашыраны ў Азоўскім, Чорным (3 падвіды) і Каспійскім (4 падвіды) морах, велікавокі (A. saposhnikovi) і круглагаловы (A. sphaerocephala) — толькі ў Каспійскім моры. Пелагічныя прахадныя і паўпрахадныя рыбы.
Даўж. да 36 см, маса да 200 г. Галава вял., цела высокае, сціснутае з бакоў, хваставы аддзел укарочаны. Па баках 1—8 цёмных плям. Кормяцца планктонам, П. велікавокі часам корміцца рыбай. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАМЯ́НКІ (Comephorus),
адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэміківоз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.
Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСОСКАПАДО́БНЫЯ (Gobiesociformes),
атрад касцістых рыб. Вядомы з міяцэну (каля 22—20 млн.г. назад). 1 сям. — прысоскавыя, або марскія качачкі (Gobiesocidae), каля 40 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных і ўмераных вод усіх акіянаў, у прэсных водах Цэнтр. Амерыкі. У Чорным м. трапляюцца звычайная, або аднаколерная, рыба-прысоска (Lepadogaster lepadogaster), таўстарылая прысоска, або качачка (L. decandollei), і двухплямістая прысоска, або караткапёрая качачка (Diplecogaster bimaculatus). Вядуць прыдонны спосаб жыцця.
Даўж. да 30 см. Цела кароткае, голае, укрытае сліззю. Афарбоўка маскіровачная. На брушку прысмоктвальны дыск з відазмененых брушных плаўнікоў, якія зрасліся; пры дапамозе дыска П. прымацоўваюцца да камянёў, раслін і інш. Кормяцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Лічынкі пелагічныя.