ВЕ́РНЕР (Werner) Мар’яна, спявачка і драм. актрыса 2-й пал. 18 ст. У 1783—85 актрыса прыдворнага т-ра К.С.Радзівіла Пане Каханку ў Нясвіжы. У ліст. 1785 заключыла паўторны кантракт як педагог тэатр. школы ў Нясвіжы, паводле якога вучыла дзяцей прыгонных для выступленняў у «камедыхаўзе». Працавала, відаць, да 1791.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКА́РДА МАШЫ́НА,
механізм ткацкага станка, які ўтварае прамежкі (зевы) паміж ніткамі асновы і дазваляе вырабляць тканіну з буйнаўзорыстым (жакардавым) перапляценнем нітак. Створана ў 1804—08 франц. ткачом і вынаходнікам Ж.М.Жакарам.
Складаецца з прыстасавання пад’ёму і апускання нітак і прыстасавання, што стварае ўзор. У адрозненне ад рэмізных зеваўтваральных механізмаў, якія кіруюць вял. групай нітак асновы, Ж.м. кіруе асобна кожнай ніткай асновы ці невялікай іх групай. Гэта дае магчымасць вырабляць тканіны такіх перапляценняў, паўторны элемент якіх мае мноства нітак па аснове і па ўтку. З дапамогай Ж.м. вырабляюць дэкар. тканіны, дываны з выразнымі маляўнічымі, часам вельмі складанымі малюнкамі (пейзажы, партрэты і г.д).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКШТА́НАЎ (Іосіф Пятровіч) (22.8. 1911, г. Сумы, Украіна — 11.9.1986),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1970). Скончыў студыі т-ра імя Лесі Украінкі ў Кіеве (1936), Т-ра імя Станіслаўскага ў Маскве (1939). Працаваў у т-рах Расіі. З 1952 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. З 1960 рэжысёр, у 1980—85 артыст Бел. філармоніі. Выканаўца характарных роляў, спалучаў глыбокі псіхалагізм з яркасцю формы, музыкальнасцю: у рус.драм. т-ры Беларусі Пінчук, Мікалай II («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Першы афіцэр («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Міка Ставінскі («Барабаншчыца» А.Салынскага), Люсінда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Кароль французскі («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Сярод пастановак: «Не называючы прозвішчаў» В.Мінко і «Вясна ў Маскве» В.Гусева (1953), «Паўторны візіт» С.Дубравіна (1957), «Далёкая дарога» А.Арбузава (1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
атрыманне розных вырабаў і паўфабрыкатаў (пракату) са сталі і інш. металаў шляхам пракаткі. Робіцца таксама дадатковая апрацоўка вырабаў: тэрмічная, траўленне, нанясенне пакрыццяў.
На металургічных (радзей на машынабуд.) заводах П.в. з’яўляецца завяршальным звяном цыкла металургічнай вытв-сці (гл.Металургія, Чорная металургія, Каляровая металургія). Існуюць 2 тэхнал. схемы вытв-сці стальнога пракату, калі гатовыя вырабы атрымліваюць: са злітку або з бесперапынналітых блюмаў, слябаў і загатовак. У гэтых схемах 2 стадыі: па 1-й атрымліваюць паўпрадукт, ахалоджваюць і зачышчаюць, на 2-й ажыццяўляюць паўторны нагрэў паўпрадукту і робяць вырабы на сартавых і інш. пракатных станах.
На Беларусі асн. частку пракату чорных металаў вырабляюць на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне, таксама на Мінскім аўтамабільным заводзе, Мінскім трактарным заводзе, Гомельскім заводзе сельскагаспадарчага машынабудавання і інш. Выпуск гатовага пракату чорных металаў 1300 тыс.т (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ (ад грэч. analysis раскладанне),
спосаб (прыём) навук. пазнання праз мысленнае ці рэальнае расчляненне аб’екта пазнання (прадмета, з’явы, працэсу) на часткі і асэнсаванне іх узаемасувязі. Працэс аналізу — састаўная частка, першая ступень навук. даследавання. Канчатковы вынік — разуменне структуры аб’екта, які вывучаецца. Калі аб’ект з’яўляецца прадстаўніком пэўнага класа прадметаў, аналіз аднаго з іх дае магчымасць уявіць структуру ўсяго класа. Вынікі аналізу служаць матэрыялам для наступных ступеняў навук. пазнання — абстракцыі, абагульнення, параўнання і інш. Аналіз — рухальная сіла ў выяўленні законаў, якім падпарадкоўваецца аб’ект даследавання. Карэктнасць аналізу правяраецца процілеглым яму прыёмам — сінтэзам. Калі пры гэтым выяўляецца супярэчнасць, аналіз паўтараецца з вылучэння новых гіпотэз аб структуры і ўласцівасцях састаўных частак аб’екта вывучэння. Калі паўторны аналіз паказаў неадольнасць супярэчнасцяў, то для выяўлення структуры аб’екта неабходны новы падыход. У логіцы сістэмны аналіз выкарыстоўваецца з часоў Арыстоцеля. Са з’яўленнем сімвалічнай логікі, кібернетыкі і семіётыкі выпрацавана найб развітая форма лагічнага аналізу — пабудовы фармалізаваных моў.
Літ.:
Пузиков П.Д. Анализ и синтез — от мысли к вещи. Мн., 1969;
Андреев М.Д. Диалектическая логика. М., 1985;
Hintikka J., Remes U. The method of analysis. Dordrecht;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1848—50,
вайна Прусіі супраць Даніі за валоданне герцагствамі Шлезвіг і Гольштэйн, звязанымі з Даніяй асабістай уніяй. У насельніцтве герцагстваў пераважалі немцы, таму пад уплывам рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў герцагствах 21.3.1848 адбылося антыдацкае паўстанне, 23 сак. створаны часовы ўрад, які абвясціў іх незалежнасць і вайну Даніі. Шлезвіг-гальштэйнскія апалчэнцы на чале з ген. А.Кронам занялі крэпасці Рэндсбург і Фленсбург, аднак 9 крас. разбіты дацкімі войскамі каля Бау і адкінуты за р. Айдэр. 6 крас. на дапамогу паўстанцам прыйшлі прускія і саксонска-гановерскія войскі (каля 35 тыс.чал.) на чале з прускім ген. Ф.Урангелем, якія 23 крас. перамаглі 30-тысячную дацкую армію ген. Ф.Бюлава каля г. Шлезвіг і ў пач. мая занялі крэпасць Фрэдэрысія на п-ве Ютландыя. Баі на сушы прыпынены 26 жн., калі Прусія ва ўмовах блакады яе гаваней дацкім ВМФ і дыпламат. націску з боку Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі, Расіі (апошняя ў ліп. дэманстратыўна прыслала эскадру ў дацкія воды) падпісала ў г. Мальмё (Швецыя) перамір’е, паводле якога герцагствы вернуты Даніі, а іх урад распушчаны. 3.4.1849 Прусія аднавіла ваен. дзеянні, у ходзе якіх яе войскі (каля 40 тыс.чал.) зноў занялі герцагствы і ў канцы крас. ўступілі ў Ютландыю. Дыпламат. дэмаршы Вялікабрытаніі і Францыі, паўторны выхад у мора рас. эскадры і паражэнне шлезвіг-гольштэйнскіх паўстанцаў 6 ліп. каля Фрэдэрысіі прымусілі Прусію заключыць 10.7.1849 другое перамір’е. 2.7.1850 у Берліне падпісаны мірны дагавор, паводле якога адноўлены даваен. межы Даніі і былы статус герцагстваў; іх апалчэнне на чале з ген. В.Вілізенам спрабавала працягваць вайну, аднак 25.7.1850 разбіта датчанамі і расфарміравана.