РАЗМЯШЧЭ́ННЕ ў матэматыцы,

спалучэнне m элементаў, выбраных з n элементаў некаторага мноства, якое адрозніваецца ад інш. спалучэнняў якім-н. элементам ці парадкам чаргавання элементаў. Агульны лік такіх Р. A​mn = n(n—1)...(n—m+1). Калі дазволіць у Р. паўтор аднаго і таго ж элемента некалькі разоў, то агульны лік Р. будзе роўны n​m.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦО́,

стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.​Купалы, М.​Багдановіча, П.​Панчанкі, апавяданнях М.​Зарэцкага, К.​Чорнага, М.​Стральцова і інш.

В.​П.​Рагойша, Я.​І.​Клімуць.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНАМЕ́НТЫКА,

спосабы ўпрыгожвання вакальнай і інструментальнай мелодыі; сукупнасць гукаў, якія аплятаюць асн. лінію мелодыі. Вытокамі звязана з мастацтвам імправізацыі, пашырана ў аўтэнтычным фальклоры. Адрозніваюць мелізмы і свабодную арнаментыку — апяванне гукаў асн. мелодыі рознымі фігурацыямі, фіярытурамі, пасажамі. Маст. функцыі і выразныя магчымасці арнаментыкі ў значнай ступені залежаць ад асаблівасцяў муз. Інструментаў, вышыні і рухомасці пеўчых галасоў і інш. Багаццем арнаментыкі вызначаюцца дзямественныя спевы ў старарус. пеўчым мастацтве, франц. клавесінная музыка 17—18 ст. («галантны стыль»), італьян. оперы 18 ст. Для сучаснай прафес. музыкі мала характэрная, за выключэннем твораў, заснаваных на стылізацыі. Вылучаюць суразмерную арнаментыку (перыяд. паўтор меладычных груп, пераважае ў інстр. музыцы) і несуразмерную ў характары rubato (акцэнтаванне асобных гукаў мелодыі, павышэнне экспрэсіі; пераважае ў вак. музыцы).

З.​Я.​Мажэйка.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),

рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.

А.​В.​Рубанаў.

Марк Аўрэлій сярод жрацоў. Мармуровы рэльеф.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,

сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.​Купала).

Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)