АРНАМЕ́НТЫКА,
спосабы ўпрыгожвання вакальнай і інструментальнай мелодыі; сукупнасць гукаў, якія аплятаюць асн. лінію мелодыі. Вытокамі звязана з мастацтвам імправізацыі, пашырана ў аўтэнтычным фальклоры. Адрозніваюць мелізмы і свабодную арнаментыку — апяванне гукаў асн. мелодыі рознымі фігурацыямі, фіярытурамі, пасажамі. Маст. функцыі і выразныя магчымасці арнаментыкі ў значнай ступені залежаць ад асаблівасцяў муз. Інструментаў, вышыні і рухомасці пеўчых галасоў і інш. Багаццем арнаментыкі вызначаюцца дзямесцвенныя спевы ў старарус. пеўчым мастацтве, франц. клавесінная музыка 17—18 ст. («галантны стыль»), італьян. оперы 18 ст. Для сучаснай прафес. музыкі мала характэрная, за выключэннем твораў, заснаваных на стылізацыі. Вылучаюць суразмерную арнаментыку (перыяд. паўтор меладычных груп, пераважае ў інстр. музыцы) і несуразмерную ў характары rubato (акцэнтаванне асобных гукаў мелодыі, павышэнне экспрэсіі; пераважае ў вак. музыцы).
З.Я.Мажэйка.
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)