АТАМА́Н,

1) кіраўнік нерэгулярнага, незалежнага ад дзярж. улады вайск. атрада (часам шайкі разбойнікаў).

2) Вышэйшы начальнік казацкага войска — камандзір (вайсковы, наказны, паходны, кашавы атаман), начальнік казацкай адм.-тэр. адзінкі (аддзела, акружны, станічны, хутарскі атаман) або камандзір падраздзялення (куранны атаман). У Запарожскім казацкім войску існавалі кашавыя і куранныя атаманы, у Данскім — вайсковыя. На пач. 18 ст. атаман у Данскім войску назначаўся ўрадам, з 1723 ён наз. вайсковым наказным атаманам, з 1866 меў правы ген.-губернатара і камандуючага вайсковай акругай. Званне атамана адменена пасля Кастр. рэв. 1917. Адноўлена ў Расіі на пач. 1990-х г. у сувязі з адраджэннем казацкага руху.

3) У грамадз. вайну 1918—20 камандзір у часцях белай гвардыі.

т. 2, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЧ (сапр. Гінзбург) Аляксандр Аркадзевіч

(19.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.12.1977),

рускі драматург, паэт. Аўтар п’ес «Вуліца хлопчыкаў» (1946), «Вас выклікае Таймыр» (1948, з. К.Ісаевым), «Шляхі, якія мы выбіраем» (1954), «Паходны марш» (1957), «Параход называюць «Арляня» (1958) і інш.; сцэнарыяў да кінафільмаў «Верныя сябры» (1954, з К.Ісаевым), «На сямі вятрах» (1962) і інш., для якіх характэрны рамант. прыўзнятасць, лірызм, гумар. З 1960-х г. вядомы як аўтар і выканаўца песень-навел, у большасці трагікамічнага і драм. зместу. Асн. іх тэмы — памяць і адказнасць за мінулае, тэма чалавечай годнасці, супрацьстаянне самавольству, канфармізму. Першыя зб-кі выдадзены за мяжой («Пакаленне асуджаных», 1972; «Калі я вярнуся», 1977). Аўтабіягр. аповесць «Генеральная рэпетыцыя» (1974). З 1974 у эміграцыі.

Тв.:

Возвращение. Л., 1989;

Генеральная репетиция. М., 1991;

«...Я вернусь...»: Киноповести, пьесы, автобиогр. повесть. М., 1993.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙСКІ СУ́ВЯЗІ,

спецыяльныя вайсковыя фарміраванні, прызначаныя для забеспячэння сувязі і кіравання войскамі. Уваходзяць у склад усіх відаў узбр. сіл і родаў войск. Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў сувязі, органаў забеспячэння і рамонту. Аснашчаюцца мабільнымі радыёстанцыямі, радыётэлевізійнай, фотатэлегр. і тэлеф. апаратурай (у т. л. высокачастотнага тэлефанавання і танальнага тэлеграфавання), радыёрэлейнай, трапасфернай і касм. радыёсувязі, а таксама рухомымі (самалёты, верталёты, аўтамабілі, штучныя спадарожнікі Зямлі і інш.) сродкамі сувязі. Ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь войскі сувязі складаюцца з часцей і вузлоў сувязі, з падраздзяленняў забеспячэння, рамонту і эксплуатацыі сродкаў сувязі на пунктах кіравання.

У арміі Рас. імперыі падраздзяленні сувязі з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. У Крымскай вайне 1853—56 упершыню ўжыты паходны эл. тэлеграф. Пасля вынаходства радыё (1895) у 1897—98 пачалося выпрабаванне радыёсувязі ў рус. флоце. У 1899 сфарміравана першая ў свеце ваен. радыёчасць, у 1900 прайшлі выпрабаванні палявыя пераносныя радыёстанцыі. У час рус.-яп. вайны 1904—05 выкарыстоўваліся правадны тэлеграф, радыётэлеграф і тэлефон. У Чырв. Арміі з 1919 войскі сувязі сталі спец. родам войск. У Вял. Айч. вайну найважнейшае значэнне набыла радыёсувязь (у т. л. КХ- і УКХ-радыёстанцыі, новыя ўзоры тэлеграфна-тэлеф. апаратуры).

І.А.Шор.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРШ,

музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна ​2/4, ​4/4.

М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл. Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац. муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.

На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес. муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т.л. рус. ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел. нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.Глінскі, Я.Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.Бутвілоўскі, Ю.Бяльзацкі, Я.Глебаў, І.Лучанок, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Я.Цікоцкі, М.Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.Алоўнікава, Лучанка, Ю.Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел. сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.

Літ.:

Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.

І.Дз.Назіна.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)