Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ПАСЯЛЕ́ННІ,
асобая арганізацыя войск у Рас. імперыі ў 1810—57, якія сумяшчалі ваен. службу з с.-г. працай. Уведзены па ініцыятыве імператара Аляксандра I з мэтай самазабеспячэння арміі харчаваннем і фуражом, адмаўлення ў мірны час ад рэкруцкіх набораў і стварэння ізаляванай ад цывільнага насельніцтва ваен. касты, якая служыла б апорай самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу. Стварэнне ваенных пасяленняў было даручана графу А.А.Аракчэеву (з 1817 афіц. начальнік ваенных пасяленняў). З’яўляліся адной з праяў аракчэеўшчыны. Размяшчаліся на казённых землях. Першае доследнае ваеннае пасяленне ўтворана ў 1810 на тэр.б. Бабылецкага староства Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ. Пасля высялення на Украіну 667 сем’яў мясц.дзярж. сялян тут быў размешчаны асабовы склад Ялецкага пях. палка. Жанатыя салдаты і унтэр-афіцэры, якія праслужылі не менш як 6 гадоў, надзяляліся зямлёй, атрымлівалі найменне «гаспадароў» і павінны былі весці гаспадарку. У дапамогу да «гаспадароў» падсяляліся «пастаяльцы» з непаселеных батальёнаў палка. Сыны ваен. пасялян залічваліся ў кантаністы. З 1816 ваенныя пасяленні ствараліся ў шырокіх маштабах. Урад адмовіўся ад перасялення мясц. жыхароў і ўключаў іх у ваенныя пасяленні ў якасці «гаспадароў» ці «пастаяльцаў». На Беларусі ў 1817 па суседстве з Ялецкім палком быў размешчаны Полацкі пях. полк. Да 1825 ваен. пасяляне, размешчаныя ў Наўгародскай, Пецярбургскай, Магілёўскай, Херсонскай, Слабодска-Украінскай і Екацярынаслаўскай губ., склалі больш за 11% пяхоты і каля 26% кавалерыі. Некаторая рэарганізацыя праведзена ў 1826 паводле «Палажэння аб поўным складзе паселенага пешага палка і яго абавязках». Стварэнне ваенных пасяленняў не мела поспеху: пасяляне не здольны былі забяспечыць сябе харчаваннем і карысталіся дзярж. дапамогай; кантаністы ўзнаўлялі нязначную частку натуральнага змяншэння асабовага складу; замест апоры самадзяржаўя ваенныя пасяленні сталі асяродкам масавага антыпрыгонніцкага руху (паўстанні Чугуеўскага і Таганрогскага уланскіх палкоў 1819, ваен. пасялян у Старой Русе Наўгародскай губ. 1831). Паводле рэформы ваенных пасяленняў пях. пасяляне пераводзіліся ў ворныя салдаты (на Беларусі ў 1836). Кавалерыйскія ваенныя пасяленні праіснавалі да 1857, ліквідаваны разам з акругамі ворных салдатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СЫ,
у скандынаўскай міфалогіі асноўная група багоў, якую ўзначальваў Одзін; азначэнне багоў увогуле. Паводле міфалогіі, жывуць у нябесным пасяленні Асгардзе (крэпасць багоў). Часам Асы супрацьпастаўлялі ніжэйшым духам — альвам (адсюль выраз «асы і альвы»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЦКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная назва ў 12—18 ст. тэрыторыі ў басейне верхняга і часткова сярэдняга цячэння р. Вятка. У 1-м тыс. да н.э. ў Вяцкіх землях жылі плямёны ананьінскай культуры, у 6—10 ст. — комі і удмурты, з 10 ст. — марыйцы. У 14 ст. склаліся феад. адносіны. У 2-й пал. 14 ст. ў сярэднім цячэнні р. Вятка ўзніклі рус.пасяленні. У 1489 Вяцкая зямля далучана да рас. дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ЦІНА (Анісся Давыдаўна) (1865, г. Мсціслаў — ?),
рэвалюцыянерка-народніца. У час навучання ў Маскве ўваходзіла ў гурток нарадавольцаў. 31.3.1886 арыштавана, у ліп. 1887 саслана на 8 гадоў у Сібір. За ўдзел ва ўзбр. выступленні ссыльных у Якуцку 22.3.1889 прыгаворана да пажыццёвай катаргі. Пакаранне адбывала ў вілюйскай катаржнай турме для асабліва небяспечных паліт. злачынцаў. З 1893 на вольным пасяленні. З кастр. 1897 жыла ў Шклове Магілёўскай губ. пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1898 выехала за мяжу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЛО́НСКАЕ ПАСЯЛЕ́ННЕ,
неалітычнае пасяленне на палях 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. на р. Мадлона ў Валагодскай вобл. (Расія). Выяўлены рэшткі 4 дамоў на палях і кладкі, якія іх звязвалі. Знойдзены каменныя і касцяныя прылады працы, гліняны і драўляны (з разьбой і скульптурай) посуд, бурштынавыя, шыферныя і касцяныя падвескі. М.п. з’яўляецца іншародным помнікам сярод неалітычных культур паўн.-еўрап. часткі Расіі. Аналагічныя пасяленні былі пашыраны ва ўсх. Латвіі, Пскоўскай вобл. Расіі і на Верхняй Волзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́-ТЭПЕ́,
узгорак каля г. Кадырлі (Турцыя), дзе былі адкрыты руіны горада 9—7 ст. да н. э. У выніку раскопак, якія вяліся з 1947, выяўлены 2 брамы і часткова палац. Брамы ўпрыгожаны каменнымі рэльефамі з выявамі розных сцэн: рытуальных, палявання, марской бітвы, музы́каў і інш. Рэльефы характэрны для навахецкага мастацтва. Знойдзены іерагліфічны надпіс (8 ст. да н. э.) на хецкай і ханаанскай мовах, якія дазваляюць меркаваць, што К.-Т. ўваходзіў у склад дзяржавы данунітаў, якая ў пач. 1-га тыс. да н. э. падначаліла хецкія пасяленні на ПдУ М. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕРУ́ХІІ (грэч. klēruchiai ад klēros зямельны надзел + echō валодаю),
ваенна-земляробчыя пасяленні ў Стараж. Грэцыі. Засноўваліся буйнымі полісамі на тэр. падначаленых ці саюзных дзяржаў для ваен.-паліт. кантролю над імі, а таксама для надзялення зямлёй (за абавязак несці ваен. службу) беззямельных грамадзян. Найб. колькасць К. стваралася афінянамі, асабліва ў час існавання Дэласкага саюза (каля 478—404 да н.э.), іх жыхары заставаліся афінскімі грамадзянамі. К. выклікалі незадавальненне саюзнікаў і да часу стварэння Другога Афінскага марскога саюза (378/77 да н.э.) афіняне былі вымушаны ад іх адмовіцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЭІ́ДЫ (Nereidae),
сямейства многашчацінкавых чарвей. 35 родаў, каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды ў прыбярэжнай зоне мораў. Некат. пераносяць моцнае апрасненне. Жывуць на дне ў норках, утвараюць вял.пасяленні. Найб. шматлікі род нерэіс (Nereis) — каля 150 відаў.
Даўж. ад 4 да 90 см (звычайна 5—10). Афарбоўка пераважна зялёных тонаў. Усёедныя. Раздзельнаполыя. Пры палавой спеласці ў многіх Н. адбываецца ператварэнне ў гетэранерэідныя формы (эпітакія); павялічваюцца вочы, параподыі, паяўляюцца плавальныя шчацінкі, і чэрві падымаюцца на паверхню вады для размнажэння. Корм для рыб і птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.
У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс).У жывёлсапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл.Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.