КАРА́-ТЭПЕ́,

узгорак каля г. Кадырлі (Турцыя), дзе былі адкрыты руіны горада 9—7 ст. да н. э. У выніку раскопак, якія вяліся з 1947, выяўлены 2 брамы і часткова палац. Брамы ўпрыгожаны каменнымі рэльефамі з выявамі розных сцэн: рытуальных, палявання, марской бітвы, музы́каў і інш. Рэльефы характэрны для навахецкага мастацтва. Знойдзены іерагліфічны надпіс (8 ст. да н. э.) на хецкай і ханаанскай мовах, якія дазваляюць меркаваць, што К.-Т. ўваходзіў у склад дзяржавы данунітаў, якая ў пач. 1-га тыс. да н. э. падначаліла хецкія пасяленні на ПдУ М. Азіі.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)