ПІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у сярэдзіне 17 ст. — 1764 пры езуіцкім калегіуме ў г. Пінск Брэсцкай вобл. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах, большасць з іх суправаджалася інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Сярод пастановак: «Уцёкі блаславёнага Станіслава Косткі» (1662), «Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі» (1663), «Чорны лебедзь, які спявае пахавальную песню» (1716), «Ласункі на стале літоўскага пераможца Аляксандра Вітаўта» (1717), «Яблынька, прыемная з выгляду» (1721), «Парушальнік стройнасці хору», «Лёгкая дарога да вышэйшых ушанаванняў» (абедзве 1732), «Сон чалавечага жыцця», «Мудры ніжэй толькі за Бога» (абедзве 1733), «Нітка самай боскай Арыядны Марыі», «Кніга мудрасці» (абедзве 1734), «Сем стагоддзяў бесперапынных перамог» (1741), «Тэадор» (1764; п’еса Я.Віхерта) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 135—142.
т. 12, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКА́ЗНАСЦЬ юрыдычная,
у шырокім сэнсе — пакаранне; прымусовыя меры ў адносінах да вінаватых (фізічных і юрыд. асоб) за правапарушэнні, якія прадугледжаны і рэгулююцца нормамі права. Адрозніваюць адказнасць адміністрацыйную, дысцыплінарную, цывільную, крымінальную і інш.
Адміністрацыйная — адказнасць за адміністрацыйныя правапарушэнні. Настае за ўчыненне антыграмадскіх дзеянняў, якія не маюць вял. грамадскай небяспекі. Адм. спагнанні накладваюць органы ўнутр. спраў, адм. камісіі, суддзі і інш. Дысцыплінарная — адказнасць за парушэнні працоўнай дысцыпліны і службовых абавязкаў. Агульны парадак такой адказнасці вызначаны КЗаП, тыпавымі правіламі ўнутр. працоўнага распарадку, статутамі і палажэннямі аб службе або рабоце. Дысцыплінарныя спагнанні накладваюцца адпаведнымі органамі ці кіраўніком (начальнікам), якому парушальнік падпарадкоўваецца па службе або рабоце. Цывільная — адказнасць за маёмасныя (і некаторыя немаёмасныя) страты, нанесеныя невыкананнем або неналежным выкананнем абавязацельстваў або ўчыненнем якіх-н. проціпраўных дзеянняў. Выяўляецца ва ўскладанні нявыгадных маёмасных вынікаў на асобу, якая дапусціла неправамерныя паводзіны. Найб. пашыраныя формы гэтага віду адказнасці — кампенсацыя страт і выплата няўстойкі. Забяспечвацца ва ўстаноўленым судом парадку. Крымінальная — адказнасць за злачынствы. Падставай для яе з’яўляецца факт учынення небяспечнага для грамадства дзеяння, якое вызначаецца законам як злачынства. Мера пакарання вінаватаму назначаецца прыгаворам суда. Парадак прыцягнення да крымін. адказнасці, а таксама магчымасць вызвалення ад яе рэгламентаваны заканадаўствам.
Прававыя нормы Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць таксама матэрыяльную адказнасць — абавязак работніка пакрыць прадпрыемству (установе, арг-цыі) матэрыяльныя страты, якія атрымаліся па яго віне. Падставы для матэрыяльнай адказнасці, парадак і памеры кампенсавання страт вызначаюцца заканадаўствам.
Сучаснае міжнар. права прадугледжвае міжнародна-прававую адказнасць, суб’ектам якой з’яўляецца сама дзяржава. Настае ў выніку парушэння дзяржавай нормаў міжнар. права ці міжнар. абавязацельстваў. Дзяржава нясе таксама адказнасць за неправамерныя дзеянні або ўпушчэнні ўсіх сваіх органаў і дзеянні фізічных асоб, учыненыя на яе тэрыторыі. Адрозніваюць адказнасць палітычную (ужыванне міжнар. санкцый і аддаванне задавальнення пацярпелай дзяржаве) і матэрыяльную (рэпарацыі і рэстаўрацыі). Рознагалоссі ў вызначэнні формаў і аб’ёмаў адказнасці вырашаюцца мірнымі сродкамі, прадугледжанымі Статутам ААН. Найчасцей у такіх выпадках выкарыстоўваецца арбітраж міжнародны. Калі дзяржава-парушальнік адмаўляецца ад выканання мер кампенсацыі або задавальнення, не пагаджаецца на мірнае ўрэгуляванне рознагалоссяў ці не выконвае рашэння кампетэнтнага міжнар. органа, могуць быць ужыты адпаведныя міжнар. санкцыі.
т. 1, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНЦ ((Lenz) Зігфрыд) (н. 17.3.1926, г. Элк, Польшча),
нямецкі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Ястрабы ў небе» (1951). Вядомасць прынёс раман «Урок нямецкай» (1968) пра антыфаш. Супраціўленне ў 2-ю сусв. вайну. У раманах «Хлеба і відовішчаў» (1959), «Жывы прыклад» (1973), «Краязнаўчы музей» (1978), «Страта» (1981), «На пляцы» (1985) узаемадачыненні асобы і гісторыі, маральныя паводзіны чалавека ў трагічных абставінах 2-й сусв. вайны, пошукі ідэальнага героя. Аўтар зб-каў апавяд. «Такой пяшчотнай была Зулейкен» (1955), «Парушальнік спакою» (1965), «Эйнштэйн перасякае Эльбу каля Гамбурга», «Пах мірабелі» (абодва 1975), філас. драмы-прытчы «Час бязвінных» (1961), радыёп’ес. Яго творам уласцівы сюжэтная разгалінаванасць, дакладнасць дэталі, ускладненасць сімволікі, уплыў філасофіі экзістэнцыялізму.
Тв.:
Рус. пер. — Урок немецкого. М., 1971;
Хлеба и зрелищ. М., 1975;
Живой пример. М., 1977;
Краеведческий музей. М., 1982;
Эйнштейн пересекает Эльбу близ Гамбурга. М., 1982;
Запах мирабели. М., 1985;
Учебный плац. М., 1989.
Літ.:
Хотинская Г.А. Романы Зигфрида Ленца. Саратов, 1985.
Е.А.Лявонава.
т. 9, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)