ЗАДНЯШЧЭ́ЛЕПНЫЯ (Opisthobranchia),

падклас бруханогіх малюскаў. 12 атр., па інш. сістэме 5. Каля 13 тыс. відаў. Пашыраны на розных глыбінях Сусветнага ак., некат. ў прэсных водах. Большасць жыве на марскім дне, на пясчаным або глеістым грунце. Найб. вядомыя З.: актэон (Actaeon tornatilis), марскі заяц (Aplysia depilans), куклянка-парасон (UmbreÚa mediterranea) і інш.

Цела выцягнутае, пляскатае. Нага часта відазмененая, яе бакі могуць разрастацца ў крылападобныя лопасці (параподыі) для плавання. Па баках спіны часта скурныя нарасці (другасныя шчэлепы). Мантыйны комплекс ссунуты назад на правым баку цела (адсюль назва). Гермафрадыты. У большасці развіццё праз планктонную лічынку (велігер). Драпежнікі і расліннаедныя.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЛЕ́КТАР (ад лац. deflecto адхіляю, адводжу),

1) прыстасаванне для змены напрамку патоку газаў, вадкасцей, сыпкіх матэрыялаў, гукавых хваль.

2) Выцяжное прыстасаванне на вентыляцыйнай шахце (для адсмоктвання забруджанага паветра з памяшканняў) або коміне. Дзеянне заснавана на выкарыстанні энергіі патоку паветра (ветру), які абдзімае Д.

3) Прылада для вымярэння і ўстаранення дэвіяцыі магнітных компасаў. Вымярае гарыз. і верт. складальныя напружанасці магнітнага поля, якія дзейнічаюць на стрэлку компаса.

4) У оптаэлектроніцы прыстасаванне для змены паводле пэўнага закону напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення. Бываюць механічныя (сканеры) і оптаэлектронныя (у т. л. вадкакрышталічныя). Найб. пашыраны электрааптычныя і акустааптычныя. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, у аптычных запамінальных прыстасаваннях, у лазерных друкавальных прыстасаваннях і інш.

Дэфлектары: а — механічны круглай формы (1 — патрубак, 2 — дыфузар, 3 — парасон-каўпак); б — электрааптычны дыскрэтны (1 — мадулятары святла, 2 — двухпраменепраламляльныя крышталі).

т. 6, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЙФЕРТ ((Seifert) Яраслаў) (23.9.1901, Прага — 10.1.1986),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1966). Першы паэт. зб. — «Горад у слязах» (1921). Удзельнік стварэння гуртка пралет. мастацтва «Дзівасіл». У творчасці імкнуўся да паэтызацыі прозы жыцця, абапіраючыся на рэаліст. дэталі і рэліг. сімволіку. У паэт. зб-ках «Толькі каханне» (1923), «На хвалях ТСФ» (1925) апяваў радасць жыцця, экзотыку падарожжаў. Зб. «Салавей спявае дрэнна» (1926) прасякнуты трагічным светаадчуваннем. У зб-ках «Яблык з каленяў» (1933), «Рукі Венеры» (1936) звярнуўся да традыцый класічнай чэш. паэзіі — напеўнасці, меладычнасці, арганічнасці сітуацый. Асн. тэмы зб-каў «Патушыце агні» (1938), «Веер Бажэны Немцавай» (1940), «Ішоў бедны мастак па свеце» (1949) — каханне, паэзія, радзіма, прыгажосць Прагі, гісторыя чэш. культуры; зб. «Мамачка» (1954) — успаміны пра дзяцінства. У зб-ках «Канцэрт на востраве» (1965), «Адліванне званоў» (1967), «Парасон з Пікадылі» (1979) пераважае верлібр, які стаў дамінантай яго паэтыкі. Аўтар зб-каў «Моравы слуп» (1981), «Быць паэтам» (1983) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі А.​Разанаў, М.​Танк. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1936, 1955. Нобелеўская прэмія 1984.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Высокае неба. Мн., 1980;

У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер. — Прощание с весной: Избр. лирика. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава.

Я.Сейферт.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)