МАРО́ЗАВА (дзявочае Сакаўніна) Фядосся Пракопаўна

(21.5.1632, Масква — 12.11.1675),

дзяячка рус. расколу, паплечніца пратапопа Авакума, баярыня. Сваячка М.​І.​Міласлаўскай, жонкі цара Аляксея Міхайлавіча. У 1649 выдадзена замуж за баярына Г.​І.​Марозава, аўдавела ў 1662. Перабудавала хатні ўклад свайго жыцця на манастырскі ўзор, прымала ўсіх, каго праследавалі за старую веру. У М. жыў, вярнуўшыся ў 1664 са ссылкі, Авакум; перапісвалася з ім пасля яго другой ссылкі. У 1670 тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Феадора. Разам з сястрой княгіняй Е.​П.​Урусавай 16.11.1671 зняволена за прыхільнасць да стараверства, непадпарадкаванне цару і патрыярху. Падверглася жорсткім катаванням, яе ўладанні канфіскаваны. У 1673 разам з Урусавай і жонкай стралецкага палкоўніка М.​Г.​Данілавай адпраўлена ў г. Бораўск (Калужская вобл.). Зняволеныя ў земляную турму, памерлі ад голаду. М. прысвечаны «Пра трох спаведніц слова плачэўнае» Авакума, «Аповесць пра баярыню Марозаву» (1670-я г.) ананімнага аўтара, малюнкі і карціны В.​Сурыкава, В.​Пярова і інш.

Літ.:

Повесть о боярыне Морозовой / Подготовка текстов и исслед. А.​И.​Мазунина. Л., 1979;

Повесть о боярыне Морозовой. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСА́ВІНА (Тамара Платонаўна) (9.3.1885, С.-Пецярбург — 26.5.1978),

руская артыстка балета. Сястра Л.П.Карсавіна. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1902, педагогі П.Герт, А.Горскі). У 1902—18 у Марыінскім т-ры; у 1909—29 выступала ў Рускіх сезонах і ў Рускім балеце Дзягілева. З 1918 у Лондане. У 1929—31 у трупе «Бале Рамбер». У 1930—55 віцэ-прэзідэнт Каралеўскай акадэміі танца (Вялікабрытанія). Яе творчасці ўласцівы эмацыянальнасць, вытанчанасць, прыгажосць поз і рухаў. Пастаянная партнёрка і паплечніца наватарскіх пошукаў М.Фокіна. Выступала ў дуэце з В.Ніжынскім. Сярод партый: Дзяўчына («Прывід ружы» на муз. К.​Вебера), Балерына, Жар-птушка («Пятрушка», «Жар-птушка» І.​Стравінскага), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» на муз. М.​Рымскага-Корсакава), 11-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Фея лялек («Фея лялек» І.​Баера), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Каламбіна («Арлекірада» Р.​Дрыга). Распрацоўвала новыя спосабы запісу танца. Аўтар артыкулаў, мемуараў, метадычнага дапаможніка па класічным танцы.

Тв.:

Рус. пер. — Театральная улица. Л., 1971.

Літ.:

Светлов В. Т.​П.​Карсавина // Русский балет. СПб., 1913;

Красовская В. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972.

Т.Карсавіна ў балеце «Шапэніяна». Мастак С.​Сорын.

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)