КАРСА́ВІНА (Тамара Платонаўна) (9.3.1885, С.-Пецярбург — 26.5.1978),

руская артыстка балета. Сястра Л.П.Карсавіна. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1902, педагогі П.Герт, А.Горскі). У 1902—18 у Марыінскім т-ры; у 1909—29 выступала ў Рускіх сезонах і ў Рускім балеце Дзягілева. З 1918 у Лондане. У 1929—31 у трупе «Бале Рамбер». У 1930—55 віцэ-прэзідэнт Каралеўскай акадэміі танца (Вялікабрытанія). Яе творчасці ўласцівы эмацыянальнасць, вытанчанасць, прыгажосць поз і рухаў. Пастаянная партнёрка і паплечніца наватарскіх пошукаў М.Фокіна. Выступала ў дуэце з В.Ніжынскім. Сярод партый: Дзяўчына («Прывід ружы» на муз. К.​Вебера), Балерына, Жар-птушка («Пятрушка», «Жар-птушка» І.​Стравінскага), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» на муз. М.​Рымскага-Корсакава), 11-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Фея лялек («Фея лялек» І.​Баера), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Каламбіна («Арлекірада» Р.​Дрыга). Распрацоўвала новыя спосабы запісу танца. Аўтар артыкулаў, мемуараў, метадычнага дапаможніка па класічным танцы.

Тв.:

Рус. пер. — Театральная улица. Л., 1971.

Літ.:

Светлов В. Т.​П.​Карсавина // Русский балет. СПб., 1913;

Красовская В. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972.

Т.Карсавіна ў балеце «Шапэніяна». Мастак С.​Сорын.

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)