Паніжэнне ўзроўню грунтавых вод, гл. Водапаніжэнне
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. alteratio змяненне) у музыцы, 1) павышэнне або паніжэнне ступені асн. гукарада без змены яе назвы. Знакі альтэрацыі: ♯ (дыез, павышэнне на паўтон), ♭ (бемоль, паніжэнне на паўтон), 𝄪 (дубль-дыез, павышэнне на тон), ♭♭ (дубль-бемоль, паніжэнне на тон), ♮ (бекар, адмаўленне ад папярэдняга павышэння ці паніжэння гуку). Знакі альтэрацыі, выстаўленыя ў пач. нотнага радка пры ключы, дзейнічаюць ва ўсіх актавах, пакуль іх не зменяць, знакі альтэрацыі перад нотай (выпадковыя) — толькі ў адной актаве ў межах аднаго такта.
2) У вучэнні аб гармоніі — адзін з тыпаў храматыкі (гл. Храматызм).
т. 1, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ... (лац. de...), прыстаўка, якая абазначае: 1) аддзяленне, выдаленне, адмену, спыненне чаго-н. або адваротнае дзеянне, напр., дэгазацыя, дэмабілізацыя; 2) рух уніз, паніжэнне, спад, напр., дэградацыя, дэвальвацыя.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,
колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.М.Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.
Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA0 − pA)/pA0 = xB, дзе pA — парцыяльны ціск растваральніку, pA0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл. Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.
т. 13, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЫРЭО́З (ад гіпа... + грэч. thyreoides шчытападобны + ...оз),
хваравіты стан арганізма ад паніжэння функцыі шчытападобнай залозы. Прыкметы: стамляльнасць, фіз. і псіх. вяласць, санлівасць, замаруджанасць, зніжэнне памяці, зябкасць, азызласць твару, выпадзенне валасоў, запоры, паніжэнне асн. абмену і інш. Лячэнне — гармонатэрапія.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕДЛАВІ́НА,
1) паніжэнне паміж вяршынямі горнага хрыбта тэктанічнага або эразійна-дэнудацыйнага паходжання. Часта С. выкарыстоўваюцца як перавальныя шляхі (гл. Перавал).
2) Прастора ў барычным полі паміж дзвюх абласцей высокага і дзвюх абласцей нізкага ціску, размешчаных крыж-накрыж (барычная С.).
т. 14, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УБСУНУ́РСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
тэктанічнае паніжэнне на ПнЗ Манголіі і ў суседніх раёнах Тывы (Расія), паміж хр. Тану-Ала (на Пн) і Хан-Хухійн-Ула (на Пд). Выш. 753—1500 м. Друзаватая раўніна з апустыненымі стэпамі. У катлавіне знаходзіцца воз. Убсу-Нур.
т. 16, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УПА́ДЗІНА,
паніжэнне на зямной паверхні, пераважна тэктанічнага паходжання, якое замкнёна з усіх або амаль з усіх бакоў. Памеры ў папярочніку звычайна дзесяткі і сотні (радзей тысячы) кіламетраў. Адрозніваюць У. бяссцёкавыя і што маюць сцёк. На дне акіянаў вузкія глыбокія У. наз. жалабамі акіянічнымі.
т. 16, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТАНАВА́ННЕ (ад франц. détonner фальшыва спяваць),
недакладнае па вышыні выкананне муз. гукаў, што парушае ладавыя адносіны і ўспрымаецца як фальш. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваюць пераважна ў галіне вак. мастацтва, дзе ён абазначае паніжэнне ці павышэнне муз. гуку, а таксама пры ігры на струнных і духавых інструментах.
т. 6, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ПРАХО́Д,
скразное глыбокае паніжэнне ў горным хрыбце, радзей паміж блізка размешчанымі хрыбтамі. Шырыня звычайна некалькі кіламетраў, часам некалькі соцень метраў. Часта мае важнае трансп. ці стратэгічнае значэнне (напр., Кілікійскія Вароты ў гарах Таўр у Турцыі, Джунгарскія Вароты паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау і Барлык у Казахстане). Гл. таксама Перавал.
т. 5, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)