Панарама 4/345; 8/79

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАРА́МА гарматная,

візірная вугламерная аптычная прылада прыцэлаў гармат. Выкарыстоўваюць у наземнай і марской артылерыі, рэактыўных устаноўках залпавага агню для кругавога агляду мясцовасці, навядзення і фіксацыі становішча гарматы. Складаецца з верт. корпуса, паваротнай галоўкі і акулярнай трубкі; замацоўваецца ў кошыку прыцэла. Асн. аптычныя даныя П.: 4-кратнае павелічэнне, поле зроку 10°, перыскапічнасць 180 мм. На караблях П. выкарыстоўваюцца пры стральбе па нябачных цэлях і пры адсутнасці прылад цэнтр. разведкі.

Панарама: 1 — галоўка панарамы; 2 — паказальнікі; 3 — візірнае прыстасаванне; 4 — кольца вугламера; 5 — барабан вугламера; 6 — акулярная трубка.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАРА́МА (ад пан... + грэч. horama від, відовішча) у мастацтве, 1) сінтэтычны від мастацтва, разлічаны на стварэнне зрокавай ілюзіі, эфекту прысутнасці пры адлюстраванай падзеі. Стужкападобная карціна, вертыкальна нацягнутая на ўнутр. паверхні цыліндрычнага падрамніка, спалучаецца з аб’ёмным пярэднім планам, макетам (бутафорскія і рэальныя рэчы і інш.). Разлічана на штучнае асвятленне. Змяшчаецца ў спец. будынках у круглай зале з пляцоўкай у цэнтры, адкуль вядзецца агляд П. Звычайна адлюстроўвае вял. падзеі (пераважна ваенныя), якія адбываюцца на вял. прасторы з вял. колькасцю ўдзельнікаў. У адрозненне ад дыярамы ахоплівае ўвесь гарызонт.

Першая П. створана ў канцы 18 ст. Р.​Баркерам у Эдынбургу (Вялікабрытанія). Асабліва пашырыліся ў 19 ст. і адлюстроўвалі знакамітыя бітвы. Найб. значныя П. ў Расіі. Ф.​Рубо «Абарона Севастопаля» (Севастопаль, Украіна, 1902—04, адноўлена ў 1954), «Барадзінская бітва» (Масква, 1911, адноўлена ў 1962); жывапісцаў студыі ваен. мастакоў імя Грэкава П.​Мальцава, М.​Самсонава і інш. «Сталінградская бітва» (Валгаград, 1981).

2) Пейзажны матыў, у якім прастора (навакольнае асяроддзе) адлюстравана праз выкарыстанне мастаком вельмі шырокага пункту агляду, пераважна з высокага пункта, з паветранай перспектывай і зыходзячым удалечыню гарызонтам. П. называюць таксама агульныя далевыя віды гарадоў, аб’яднаныя ў адзіны цыкл відавыя творы. Тэрмін ужываецца ў дачыненні да натуры і да яе адлюстравання. Да П. звярталіся бел. мастакі В.​Грамыка, М.​Данцыг, З.​Літвінава, М.​Назарчук, В.​Цвірка і інш.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАН... (грэч. pan усё), першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае «які адносіцца да ўсяго», «які ахоплівае ўсё», напр., панарама., панбіясфера, пандэмія.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКА́П (ад англ. pick up падымаць),

грузапасажырскі легкавы аўтамабіль з кузавам. Кузаў устаноўлены на шасі стандартнага легкавога аўтамабіля і бывае адкрытым або закрытым, з адкіднымі сядзеннямі і ўваходам ззаду. Грузападымальнасць да 0,5 т.

Пікап ФІАТ-Фіярына-Панарама.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙ-ПЕ́ТРЫ,

вяршыня Галоўнай грады Крымскіх гор, у масіве Ай-Петрынская Яйла Украіны. Стромка абрываецца да ўзбярэжжа Чорнага м. ў раёне Алупкі. Выш. да 1233 м. Складзена пераважна з вапнякоў. З А.-П. адкрываецца панарама б. ч. Паўд. берага Крыма.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭРБЕРГ ((Widerberg) Бу) (н. 8.6.1930, г. Мальмё, Швецыя),

шведскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў т.зв. новага шведскага кіно. У фільмах «Дзіцячая каляска» (1962), «Варонін квартал», «Каханне, 65» (1965), «Прывітанне, Раланд!» (1966) цікавасць да сац. праблем, духоўнага свету пасляваен. пакалення, пошукі новай кінематаграфічнай формы. Сярод фільмаў: «Эльвіра Мадзіган» (1967), «Джо Хіл» (1971), «Змяіная сцежка» (1986), камедыя «Сапляк» (1974), дэтэктыў «Чалавек на даху». Аўтар кн. «Панарама шведскага кіно» (1962).

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РАЖСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік архітэктуры 12—19 ст. у г. Пскоў (Расія). Засн. ў 1156 наўгародскім архіепіскапам Ніфантам каля вусця р. Міража (адсюль назва). Уключае Спаса-Праабражэнскі сабор (каля 1156; з цэглы-плінфы і каменю) — крыжова-купальны храм з масіўным барабанам і вял. купалам (у інтэр’еры фрэскі, магчыма, грэч. майстра), каменныя палаты, надбрамную царкву св. Стафана (абодва 17 ст.). Манастырскі комплекс абнесены сценамі ў 1799—1805.

Панарама Міражскага манастыра.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУА́НДА (Luanda),

горад, сталіца Анголы. Адм. ц. правінцыі Луанда. Засн. ў 1575 партугальцамі. 2081 тыс. ж. (1997). Порт на Атлантычным ак. Вузел аўтадарог. Пачатковы пункт чыгункі ў глыб краіны. Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. цэнтр краіны (больш за 50% валавой прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны). Прам-сць: нафтаперапр., гумавая, цэм., тэкст., харч., тытунёвая. Ун-т. Музеі: Анголы (прырода) і Дунду (гісторыя і этнаграфія). Арх. помнікі каланіяльнага перыяду (пераважна 17—18 ст.). Паблізу Л. нафтапромыслы.

Панарама Луанды.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЗАВО́ДСК,

горад у Расіі, сталіца Рэспублікі Карэлія. Засн. ў 1703. 282,2 тыс. ж. (1996). Порт на Анежскім воз. Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (папяровае і хім. абсталяванне, трактары для лясной прам-сці, дрэваапр. станкі, рыбалоўныя судны, выліч. тэхніка, мікракалькулятары), лесапільна-дрэваапр. камбінат, аўтарамонтны, радыёзавод; вытв-сць буд. матэрыялаў, лёгкая, харч., у т. л. рыбная прам-сць. Суднаверф. Камбінат «Карэльскія сувеніры». Карэльскі філіял Рас. АН. 2 ВНУ, у т. л. ун-т. Кансерваторыя. 4 тэатры. Музеі: краязн., выяўл. мастацтва. У наваколлі П. — запаведнік Ківач і першы рас. бальнеагразевы курорт Марцыяльныя Воды (цяпер музей-запаведнік).

Петразаводск. Панарама горада.

т. 12, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)