ВЕРНІСА́Ж (франц. vernissage літар. пакрыццё лакам),

урачыстае адкрыццё маст. выстаўкі. Назва паходзіць ад звычаю пакрываць карціны лакам перад выстаўкай.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГУМА́ЦЫЯ (англ. inhumation inhumo, ingumare пакрываць зямлёй) у археалогіі, пахаванне нябожчыка паводле абраду трупапалажэння ў грунтавой магіле, а таксама пад курганом на гарызонце, у яме або на падсыпцы ў курганным насыпе ў адрозненне ад абраду крэмацыі (трупаспалення). Упершыню ў беларускамоўным археал. выданні тэрмін І. выкарыстаны ў 1928 А.​М.​Ляўданскім пры апісанні пахавальнага абраду ў Заслаўскіх курганных могільніках.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 7, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБНЫ́ КА́МЕНЬ,

мінералізаваныя адклады на паверхні зубоў з арган. асновы і солей (пераважна фосфарнакіслага кальцыю). Найчасцей бывае на шыйках зубоў, можа пакрываць значную ч. каронкі і кораня; адкладваецца і на зубных пратэзах. Колер З.к. ад светла-жоўтага да чорнага ў залежнасці ад ежы і курэння. Афарбоўка бывае і пры распадзе форменных элементаў крыві ў шчыліне дзясны. Шчыліна паступова павялічваецца; утвараецца кішэня дзясны. З.к. — адзін з фактараў развіцця хвароб парадонту.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУЛЬГЕ́НЦЫЯ (ад лац. indulgentia паблажлівасць, літасць),

папская грамата, пасведчанне пра поўнае або частковае адпушчэнне грахоў, якая выдавалася за грошы або за асаблівыя заслугі перад каталіцкай царквой. Абгрунтоўвалася багасловамі тым, што каталіцкая царква мае запас добрых спраў, якія здзейснілі Ісус Хрыстос, Дзева Марыя і святыя, і імі можна пакрываць грахі людзей. Продаж І. пачаўся з 12—13 ст., што выклікала пратэст гуманістаў. Адмена І. была ў ліку асн. патрабаванняў Рэфармацыі. У пераносным сэнсе — даць дазвол на якія-н. дзеянні, учынкі.

т. 7, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Васіль Уладзіміравіч) (19.7.1761, г. Абаянь Курскай вобл., Расія — 3.8.1834),

рускі фізік і электратэхнік. Акад. Пецярб. АН (1809, чл.-кар. з 1802). Скончыў Харкаўскі калегіум (1785), вучыўся ў Пецярб. настаўніцкай семінарыі. У 1795—1833 праф. пецярб. Медыка-хірургічнай акадэміі. Раннія работы па тэорыі гарэння, потым адзін з першых у Расіі вёў даследаванні па электратэхніцы. Стварыў найбуйнейшую гальванічную батарэю (1802), з дапамогай якой адкрыў электрычную дугу. Паказаў магчымасць яе выкарыстання для асвятлення, электраплаўлення, зваркі і аднаўлення металаў з вокіслаў. Устанавіў залежнасць сілы току ад плошчы папярочнага сячэння правадніка. Прапанаваў пакрываць праваднікі ізаляцыйным слоем. Даследаваў электралітычнае дзеянне эл. току, разрады ў газах, электрызацыю трэннем, люмінесцэнцыю. Стварыў шэраг эл. прылад. Яго даследаванні паклалі пачатак практычнаму выкарыстанню электрычнасці.

Літ.:

Елисеев А.А. В.​В.​Петров. М.; Л., 1949.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГО́Б (франц. engobe),

вадкая керамічная фарба на аснове белай ці каляровай гліны, прызначаная для дэкарыравання гліняных вырабаў. Для афарбоўкі выкарыстоўваюць солі металаў і керамічныя пігменты. Ангобам можа пакрываць увесь выраб ці па малюнку. Пасля сушкі вырабы абпальваюць, часта пакрываюць празрыстай глазурай, размалёўкай. Танкамолаты ангоб з дабаўкамі наносяць на чарапіцу і інш. керамічныя вырабы для зніжэння порыстасці. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў у дэкар.-прыкладным мастацтве Б. Усходу. Разнавіднасць ангоба — грэч. керамічныя лакі (terra argeta). У Зах. Еўропе ангабіраваныя глазураваныя вырабы наз. мецца-маёліка. На Беларусі ангоб выкарыстоўваюць з 12 ст. (ганчарны посуд, керамічныя пліткі і дробная пластыка з Гродна, Турава, Навагрудка, Полацка, Слоніма). На Івянецкай маст. фабрыцы (Валожынскі р-н) шырока выкарыстоўваюць каляровы ангоб для размалёўкі посуду і сувеніраў, фляндроўкі, размалёўкі ражком, пэндзлем і інш.

М.​Р.​Казарог.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)