КАЛЬКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. calculatio лік, падлік),

вылічэнне (спосаб групоўкі) затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг). Афармляецца ў выглядзе калькуляцыйнага ліста, у якім расходы падаюцца па кірунках (аб’ектах) і вызначаных артыкулах. К. дае магчымасць вызначыць сабекошт адзінкі асобных відаў прадукцыі (работ, паслуг), вырабленых (выкананых, аказаных) прадпрыемствам (фірмай, арг-цыяй, брыгадай і інш.). Яе складанне — падлік затрат па артыкулах дае магчымасць разлічыць прыбытак і страты, рэнтабельнасць, устанавіць кошт, аналізаваць сабекошт прадукцыі. Групоўка затрат па калькуляцыйных артыкулах робіцца ў залежнасці ад іх функцыян. ролі ў вытв. працэсе: затраты, выкліканыя вытв. спажываннем рэсурсаў; арганізацыйныя, па абслугоўванні, кіраванні і збыце.

У.Г.Залатагораў.

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯТЫ́П (ад карыя... + тып),

храмасомны набор, сукупнасць адзнак храмасом (іх колькасць, памер, форма), характэрных для дадзенага віду. Нязменнасць К. падтрымліваецца заканамернасцямі дзялення ядра клеткі (мітозам — для аднаго арганізма і меёзам — у межах віду). Змена адбываецца праз геномныя і храмасомныя мутацыі. Дакладна ідэнтыфікавана каля 1500 генаў чалавека (1—5% ад іх агульнай колькасці). Апісанне храмасомнага набору ўключае падлік колькасці храмасом. марфаметрыю, ідэнтыфікацыю цэнтрамеры, ядзерцавага арганізатара, спадарожніка і інш. Параўнальны аналіз К. выкарыстоўваецца ў сістэматыцы.

Э.В.Крупнова.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТКО́ЎСКІ ((Gutkowski) Войцех) (16.4.1775, в. Замене Сядлецкага ваяв., Польшча — 1.5.1826),

адзін з першых польскіх сацыялістаў-утапістаў, вучоны-эканаміст. З 1811 чл. Т-ва сяброў навукі, у 1803—04 рэд. штомесячніка «Dziennik Ekonomiczny Zamojski» («Замойскі эканамічны веснік»), у якім прапагандаваў ідэі фізіякратызму. Гал. праца Гуткоўскага — утапічная аповесць «Падарожжа да Калапеі...» (па-польску «Kalop» анаграма слова «polak»; апубл. ўпершыню ў 1956). У ёй спалучаны рацыяналізм асветніцтва з крытыкай ладу, заснаванага на прыватнай уласнасці; шлях да аздараўлення грамадскіх адносін, на думку Гуткоўскага, належала шукаць у поўнай змене існуючага грамадскага ладу, якому ён проціпастаўляў ідэал грамадства, заснаванага на прынцыпах эгалітарызму. Аўтар прац «Эканамічны катэхізіс для сялян...» (1806), «Падлік прыбыткаў, што вынікаюць з усталявання пераўтворанага земляробства» (1825).

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ, ПРАЦО́ЎНЫХ, ЖЫЛЛЁВЫХ І І́НШЫХ ПРАВО́Ў ГРАМАДЗЯ́Н,

злачынствы, накіраваныя супраць канстытуцыйных і інш. правоў і свабод грамадзян. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў належаць: перашкода ажыццяўленню выбарчага права, падлог выбарчых дакументаў, заведама няправільны падлік галасоў або парушэнне тайны галасавання, парушэнне заканадаўства аб рэферэндуме, незаконнае выкарыстанне грашовых сродкаў і матэрыяльных рэсурсаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў; парушэнне недатыкальнасці жылля грамадзян, законных правоў прафсаюзаў, заканадаўства аб працы, тайны перапіскі, тэлефонных перагавораў і тэлеграфных паведамленняў; адмаўленне ў прыёме на працу або звальненне цяжарнай жанчыны ці кормячай маці, праследаванне грамадзян за крытыку; парушэнне правіл аховы працы, аўтарскіх і вынаходніцкіх правоў. Пакаранне за пералічаныя злачынствы залежыць ад ступені іх грамадскай небяспекі.

М.Р.Белавусаў.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ФТАВАЙ І ГА́ЗАВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВАДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУТ («БелНДПІнафта»),

Засн. ў 1991 у Гомелі на базе Гомельскага комплекснага аддзела (створаны ў 1967 пасля адкрыцця на Беларусі прамысл. радовішчаў нафты, 1964) ін-та «УкрДЗІПРАНДІнафта». Уваходзіць у склад ВА «Беларусьнафта» Бел. дзярж. канцэрна па нафце і хіміі «Белнафтахім». Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: тэхніка і тэхналогія здабычы нафты; распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў; фізіка-хімія нафтавага пласта, новых метадаў павышэння нафтааддачы; ахова ад карозіі нафтапрамысл. абсталявання; пошук новых кірункаў геолага-разведачных работ, падлік запасаў нафты і газу; нафтавая гідрагеалогія і літагідрагеахімія; распрацоўка новых тэхналогій і тэхн. рашэнняў пры праектаванні буд-ва свідравін; інжынерна-геал. пошукі і падрыхтоўка да работы нафтавых радовішчаў; арг-цыя працы і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛО́Г,

злачынства, якое выяўляецца ў падробцы сапраўдных або ў складанні фальшывых дакументаў. Адрозніваюць службовы П. і П., які ўчыняецца прыватнай асобай. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за: выпуск (эмісію) службовай асобай суб’екта гаспадарання каштоўных папер без іх рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку, а таксама выкарыстанне заведама падложных дакументаў для іх рэгістрацыі; П. праспекта эмісіі каштоўных папер; П. выбарчых дакументаў (па выніках выбараў і рэферэндумаў), заведама няправільны падлік галасоў або парушэнне тайны галасавання, учыненыя членам выбарчай камісіі або службовай асобай дзярж. ці грамадскага органа; службовы П., учынены з карыслівай або інш. асабістай зацікаўленасці; падробка знакаў паштовай аплаты і праязных білетаў, падробка, выраб або збыт падробных дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў. Найб. небяспечным злачынствам з’яўляецца П. грашовых знакаў і каштоўных папер, якія знаходзяцца ў абарачэнні (гл. Фальшываманецтва).

Э.І.Кузьмянкова.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)