Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́САК,
кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу i, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш. Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТ,
шматгадовая дрэвавая расліна, якая ў адрозненне ад дрэва разгаліноўваецца каля паверхні глебы. Гал. ствол маюць маладыя расліны, потым ён губляецца сярод новых стволікаў, якія ўтвараюцца са спячых пупышак каля асновы парасткаў. Выш. К. 0,8—6 м, працягласць жыцця — да некалькіх соцень гадоў. Пашыраны ва ўсіх раслінных зонах. У лясах умеранага пояса звычайна ўтвараюць падлесак. Форму К. могуць набываць дрэвы ў неспрыяльных кліматычных і глебава-прыродных умовах. Многія К. лек. (напр., бузіна, каліна, шыпшына), харч. (напр., агрэст, барбарыс, ляшчына, парэчкі), дэкар. (напр., бружмель, брызгліна, жарновец) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОР,
спелы хваёвы лес, які расце пераважна на пясчаных, супясчаных і лёгкасугліністых глебах. Пашыраны на алювіяльных і водна-ледавіковых нізінах і раўнінах, дзюнах, озах, камах. На Беларусі самыя вялікія бары на Полацкай, Нарачана-Вілейскай, Верхнянёманскай, Верхнебярэзінскай нізінах, на Мінскім узвышшы, Палессі, Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінах; найб. старыя — у Белавежскай пушчы.
Дрэвастоі ў бары часам з дамешкам бярозы, месцамі — елкі; падлесак рэдкі. Паводле наглебавага покрыва вылучаюць бары-беламошнікі, ці лішайнікавыя, і бары-зеленамошнікі — верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя. Бары бываюць сухія, свежыя, вільготныя. Маюць глеба- і водаахоўнае значэнне, даюць драўніну, выкарыстоўваюцца для падсочкі жывіцы, збору ягад, грыбоў, лек. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПАВЫЯ ЛЯСЫ́, ліпнякі,
фармацыя шыракалістых лясоў, у якіх пераважае ліпа. На Беларусі ўтвараюцца на месцы дуброў і ялова-шыракалістых лясоў. Займаюць багатыя, добра дрэніраваныя, гумусаваныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя глебы. Пл. 0,03%. Адрозніваюць 5 тыпаў Л.л.: кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы і чарнічны. Дрэвастоі складаюцца з некалькіх ярусаў. 1-ы ярус (акрамя ліпы): асіна, бяроза (павіслая і пушыстая), вольха чорная, граб, дуб, елка, клён, ясень; 2-і — вязавыя, елка, граб, клён. Падлесак добра развіты (крушына ломкая, ляшчына, парэчкі, рабіна, чаромха і інш.). Высокапрадукцыйныя, маюць ахоўнае, гідралагічнае і прамысл. значэнне, каштоўныя меданосныя плантацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЖМЕ́ЛЬ (Lonicera),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, у Паўд. паўшар’і — у Андах. На Беларусі 1 дзікарослы від — бружмель звычайны, або лясны (L. xylosteum), трапляецца як падлесак у хвойных і мяшаных лясах на паўд. мяжы арэалу; больш за 60 відаў інтрадукаваны для зялёнага буд-ва (найб. вядомыя бружмель альпійскі — L. alpigena, алтайскі — L. altaica, гарбаты — L. gibbiflora, духмяны, або капрыфоль, — L. caprifolium, павойны — L. periclymenum, сіні — L. caerulea, татарскі — L. tatarica, ядомы — L. edulis).
Лістападныя і шматгадовазялёныя прамастойныя, сцелістыя, інш. раз павойныя куставыя расліны, рэдка невял. дрэўцы і ліяны. Лісце простае, суцэльнае або лопасцевае, супраціўнае, на чаранках, садзячае або зрослае асновамі, суцэльнакрайняе. Кветкі няправільныя, рознага колеру, размешчаны парамі (дыхазіі) на кароткіх пазушных кветаносах, радзей у складаных паўпарасоніках, што ўтвараюць несапраўдныя кальчакі, галоўчатыя або коласападобныя суквецці. Вяночак трубчаста-лейкападобны, часта двухгубы. Плады — сакаўныя, свабодныя або зрослыя парамі ягады (у некаторых відаў ядомыя). Дэкар., тэхн., лек. (ірвотны і слабіцельны сродак) і меданосныя расліны.