Я́РУСНАСЦЬ расліннасці,
вертыкальны падзел расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) на рознавышынныя структурныя часткі — ярусы. Пры Я. расліны і іх органы жыўлення (лісце, карані) размешчаны на рознай вышыні і глыбіні, што памяншае канкурэнцыю за святло і пажыўныя рэчывы і стварае ўмовы для павелічэння колькасці асобін на адзінцы плошчы і інш. Найб. выяўлена Я. у наземных фітацэнозах. Напр., у лесе вылучаюць да 6 ярусаў: I — дрэвы 1-й велічыні (елка, хвоя, дуб, бяроза, асіна); II — дрэвы 2-й велічыні (рабіна, чаромха); III — падлесак з кустоў (ляшчына, брызгліна, шыпшына); IV — падлесак з высокіх кусцікаў і буйных траў (багун, буякі, верас, скрыпень); V — нізкія кусцікі і дробныя травы (журавіны, багноўка); VI — імхі, глебавыя лішайнікі.
т. 18, кн. 1, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)