Падбор (у жывёлагадоўлі) 7/600

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБО́Р у жывёлагадоўлі,

састаўленне бацькоўскіх пар для атрымання патомства пажаданай якасці; прыём паляпшэння парод с.-г. жывёл. Адрозніваюць П. аднародны (гамагенны) і разнародны (гетэрагенны). Пры аднародным П. выкарыстоўваюць вытворнікаў, падобных адзін да аднаго тыпам целаскладу, прадукцыйнасцю і паходжаннем, каб зберагчы і ўзмацніць каштоўныя якасці бацькоў; пры разнародным П. — пары, якія адрозніваюцца па гэтых паказчыках. Адна з форм аднароднага П. — інбрыдзінг (блізкароднаснае спароўванне для атрымання каштоўных племянных жывёл). Гетэрагенны П. служыць для стварэння новага тыпу жывёл (больш якасных), для ліквідацыі ў патомкаў недахопаў, наяўных у бацькоў, узбагачэння спадчыннасці. П. бывае індывід., групавы, індывід.-групавы, у птушкагадоўлі — сямейна-групавы.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ТРА (ад франц. palette пласцінка),

1) чатырохвугольная або авальная драўляная дошчачка, метал. ці фарфоравая пласцінка, дзе мастак змешвае фарбы ў час працы.

2) Падбор колераў, уласцівы творчай манеры жывапісца.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ЦІ (Amati),

італьянскія майстры смычковых інструментаў. Працавалі ў Крэмоне. Андрэа (каля 1520 — каля 1580) — заснавальнік крэмонскай школы. Упершыню вызначыў падбор дрэва і стварыў класічны тып скрыпкі з яркім серабрыстым, але не моцным гучаннем. Яго сыны — Антоніо (1540 — пасля 1600) і Джыралама (1561—1680) часта працавалі разам. Іх інструменты больш вытанчанай формы. Найб. вядомы Нікала Амаці (3.12.1596 — 12.4.1684), сын і вучань Джыралама. Стварыў новую мадэль скрыпкі «Гранд Амаці» з дасканалымі формамі, прыгожым моцным гукам. Сярод яго вучняў — А.Гварнеры, А.Страдывары.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТА́Ж,

1) у радыёвяшчанні, тэлебачанні, эстрадным мастацтве, фатаграфіі і інш. — падбор асобных маст. твораў або іх частак у залежнасці ад тэмы, сюжэта.

2) Творчы і тэхн. працэс у стварэнні кінафільма пасля правядзення здымак; адзін з найважнейшых сродкаў раскрыцця ідэйна-маст. зместу фільма. Уключае адбор адзнятых фрагментаў у адпаведнасці са сцэнарыем і рэжысёрскай задумай, склейку асобных фрагментаў у адзінае цэлае. М. называюць таксама сістэму зместавых, гуказрокавых рытмічных суадносін паміж асобнымі кадрамі, якая складваецца паступова і замацоўваецца ў гатовым фільме.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,

стварэнне аптымальнай сістэмы працоўнай дзейнасці людзей. Сутнасць арганізацыі працы ў межах асобнага прац. калектыву — у рацыянальным выкарыстанні рабочай сілы. Уключае: падбор і прафес. падрыхтоўку кадраў; аптымальную расстаноўку работнікаў у адпаведнасці з падзелам і кааперацыяй працы і вытв. задачамі; арганізацыю рабочых месцаў; нарміраванне, дысцыпліну і стымуляванне працы. Для эфектыўнага выкарыстання рабочай сілы ў вытв. працэсе ўводзіцца навуковая арганізацыя працы. Грамадская арганізацыя працы звязана з многімі фактарамі ў краіне: умовамі занятасці насельніцтва, падзелам і кааперацыяй працы, размеркаваннем яе вынікаў паміж членамі грамадства і інш.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫ́БАРЧЫ КАМІТЭ́Т (БЦВК),

каардынацыйны орган бел. паліт. арг-цый у Зах. Беларусі па выбарах у сейм Польшчы. Створаны ў канцы жн. 1922 у Вільні. У яго фарміраванні ўдзельнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, вядомыя беспарт. дзеячы. У к-т уваходзілі А.​І.​Луцкевіч (старшыня), Б.​А.​Тарашкевіч (таварыш старшыні), А.​В.​Станкевіч, М.​С.​Кахановіч, Л.​І.​Родзевіч і інш. Асн. задачы БЦВК: выпрацоўка выбарчай платформы, падбор і падтрымка кандыдатаў у паслы ў сейм і сенатары Польскай Рэспублікі. У выніку выбараў 5.11.1922 пасламі (дэпутатамі) выбраны 11 прадстаўнікоў бел. народа, сенатарамі — 3; утвораны Беларускі пасольскі клуб.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАХІТО́ЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусі найб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.

Аскахітозы: гароху і лёну.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНО́Й І МАЛО́ЧНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І КАНСТРУ́КТАРСКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,

дзяржаўнае прадпрыемства, інстытут БелНДКТІММП Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1987 у Мінску на базе Бел. філіяла Усесаюзнага НДІ малочнай прам-сці (з 1965) і праектна-канструктарскага бюро мясной і малочнай прам-сці Дзяржаграпрама Беларусі. Рэсп. базавая арг-цыя па стандартызацыі ў мясной і малочнай прам-сці і галаўная па сертыфікацыі абсталявання для мясной, малочнай і птушкаперапрацоўчай прам-сці. Асн. кірункі дзейнасці: стварэнне новых тэхнал. працэсаў і абсталявання; праектаванне аб’ектаў рознай магутнасці па перапрацоўцы мяса і малака; селекцыя, падбор і пастаўка бактэрыяльных заквасак і канцэнтратаў для патрэб прадпрыемстваў мяса-малочнай прам-сці; распрацоўка канструктарскай дакументацыі, выраб і выпрабаванне доследных узораў машын і абсталявання і перадача іх на серыйную вытв-сць па заказах прадпрыемстваў і інш.

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКАТЫ́ВЫ (ад позналац. siccativus які высушвае),

рэчывы, што паскараюць высыханне лакафарбавых матэрыялаў, якія маюць алеі (пакосты, алейныя лакі, алейныя фарбы, алкідныя і інш. смолы) Паводле механізму дзеяння з’яўляюцца каталізатарамі акісляльнай полімерызацыі астаткаў ненасычаных тлустых кіслот алею. Уплываюць таксама на якасць лакафарбавых пакрыццяў: паляпшаюць іх мех. і ахоўныя ўласцівасці, павялічваюць гідрафобнасць і каразійную ўстойлівасць.

Найб. пашыраныя С. — солі монакарбонавых кіслот (мылы) пераходных (кобальт, марганец, цынк і інш.) і непераходных (свінец, кальцый) металаў, растваральныя ў алеях і арган. растваральніках, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць мылы пераважна 2-этылгексанавай, 2-этылгептанавай, нафтэнавых і сінт. тлустых кіслот, а таксама насычаных кіслот алеяў, талавага масла (солі талаты), каніфолі (рызінаты). У прам-сці С. вырабляюць у выглядзе раствораў у уайт-спірыце, ізапрапаноле і інш. лятучых арган. растваральніках, часам у выглядзе пастаў і парашкоў. У лакафарбавыя матэрыялы звычайна дадаюць сумесі С., якія маюць іоны розных металаў; пашыраны сістэмы кобальт — свінец, кобальт — цынк, свінец — марганец — кобальт і інш.; падбор камбінацый металаў вызначаецца іх сінергетычным дзеяннем.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)