Падбел 6/296—297 (укл.); 7/600; 12/43 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЕ́Л (Tussilago),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. 1 від — П. звычайны, або камчужная трава, ці маташнік (T. farfara). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы (заноснае). На Беларусі трапляецца па берагах канаў, рэк, ручаёў, на пустках.

Шматгадовая травяністая расліна выш. да 20 см з паўзучым карэнішчам, якое паглыбляецца ў глебу больш як на 1 м. Адзіночныя кветаносныя сцёблы шчыльна ўсаджаны чырванавата-бураватым лускападобным лісцем. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, з верхняга боку — гладкае, з ніжняга — лямцавае, бялявае [адсюль назва — под(ніз)белы]; адрастае пасля цвіцення. Жоўтыя кветкі ў кошыках дыям. 2—3 см, цвітуць ранняй вясной. Плод — сямянка. Піянерная расліна — хутка асвойвае свабодныя плошчы, але потым выцясняецца інш. раслінамі. Лек. расліна, ранні меданос.

Падбел звычайны.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЧУ́ЖНАЯ ТРАВА́,

кветкавая расліна, тое, што падбел.

т. 7, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯФІ́ТЫ [ад гелія... + ...фіт(ы)],

расліны, якія прыстасаваліся да жыцця пры вял. колькасці сонечнага святла (святлолюбівыя расліны). У цяні выяўляюць прыкметы прыгнечанасці. У геліяфітаў высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу: гэты працэс пачынае пераважаць над працэсам дыхання пры высокім асвятленні (хвоя звычайная, бяроза бародаўчатая, дуб звычайны, лістоўніца, пшаніца, падбел і інш.).

т. 5, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯНЕ́РНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

віды жывёл і раслін, якія першымі пасяляюцца ў месцах, пазбаўленых глебавага покрыва пад уплывам дзеяння прыродных фактараў (пажарышчы, апоўзні, землі са змытай глебай і інш.) або дзейнасці чалавека (прамысл. пусткі, горныя адвалы, кар’еры і інш.). Вылучаюцца высокай экалагічнай пластычнасцю, непатрабавальнасцю да глебавых умоў. На Беларусі да П.а. адносяцца многія віды імхоў, водарасцей, лішайнікаў, пустазелля (сітнякі, ваўчкі, некат. злакі, верас звычайны, падбел і інш.), насякомых, павукоў. Выкарыстоўваюцца ў біял. рэкультывацыі зямель.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАВІ́К (назва ад слова сок; пачынаецца рух сокаў у дрэвах),

бел. назва 3-га месяца каляндарнага года (31 дзень), пачатак вясны. 15 С. працягласць дня ў Мінску 11 гадз 46 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 33,9°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 291 МДж/м², радыяцыйны баланс 60 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра -1,6 °C (-0,3 °C на Пд, -3,4 °C на ПнУ). Адносная вільготнасць 76—82%, колькасць вільготных дзён 8—13. Ападкаў 33—42 мм. У 2-й пал. С. адбываецца пераход сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння, пачынаецца раставанне снегу і адтаванне глебы. Расталыя воды выклікаюць разводдзі на рэках. У сярэдзіне С. на Пд пачынаецца рух соку ў клёна вастралістага, у канцы месяца — у бярозы павіслай. Зацвітаюць падбел звычайны, вольха шэрая, ляшчына, ваўчаягада. Вяртаюцца з выраю шпакі, жаваранкі. У канцы С. пачынаецца ток глушцоў, цецерукоў. Паяўляецца прыплод у вавёрак, зайчых. Прачынаюцца ад зімовай спячкі мядзведзі, барсукі Пачынаецца веснавая лінька звяроў. На палях вядуцца падкормка азімых і веснавое ворыва. У садах фарміруюць кроны дрэў, вядуць барацьбу са шкоднымі насякомымі.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)