САКАВІ́К (назва ад слова сок; пачынаецца рух сокаў у дрэвах),
бел. назва 3-га месяца каляндарнага года (31 дзень), пачатак вясны. 15 С. працягласць дня ў Мінску 11 гадз 46 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 33,9°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 291 МДж/м², радыяцыйны баланс 60 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра -1,6 °C (-0,3 °C на Пд, -3,4 °C на ПнУ). Адносная вільготнасць 76—82%, колькасць вільготных дзён 8—13. Ападкаў 33—42 мм. У 2-й пал. С. адбываецца пераход сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння, пачынаецца раставанне снегу і адтаванне глебы. Расталыя воды выклікаюць разводдзі на рэках. У сярэдзіне С. на Пд пачынаецца рух соку ў клёна вастралістага, у канцы месяца — у бярозы павіслай. Зацвітаюць падбел звычайны, вольха шэрая, ляшчына, ваўчаягада. Вяртаюцца з выраю шпакі, жаваранкі. У канцы С. пачынаецца ток глушцоў, цецерукоў. Паяўляецца прыплод у вавёрак, зайчых. Прачынаюцца ад зімовай спячкі мядзведзі, барсукі Пачынаецца веснавая лінька звяроў. На палях вядуцца падкормка азімых і веснавое ворыва. У садах фарміруюць кроны дрэў, вядуць барацьбу са шкоднымі насякомымі.
т. 14, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)