Нірвана 2/454

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НІРВА́НА (санскр., літар. знікненне, згасанне),

у будызме і джайнізме канчатковае духоўнае выратаванне, якое дасягаецца асабістымі намаганнямі веруючага. Азначае найвышэйшы стан свядомасці, процілеглае сансары, калі адсутнічаюць перараджэнні і пераходы ад адной сферы сансарнага існавання да другой. Псіхалагічна стан Н. негатыўна апісваецца як адсутнасць жадання, прагі да жыцця ўвогуле, а пазітыўна — як стан дасканаласці, задаволенасці, самадастатковасці. Паводле тэорыі будызму, Н. — стан свабоды, незалежнасці, спакою, толькі чалавек можа дасягнуць Н. і стаць будай. Лічыцца, што поўнасцю дасягнуць Н. можна толькі пасля смерці, т.зв. парынірвана. У міфалогіі махаяны адрозніваюць некалькі ўзроўняў Н.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЮДЗУ́МІ (Тасіра) (н. 20.2.1929, г. Іакагама, Японія),

японскі кампазітар. Вучыўся ў Такійскім ун-це мастацтваў (1945—51) і Парыжскай кансерваторыі (1951—52). У 1953 разам з Я.Акутагавай і І.Данам арганізаваў авангардысцкі гурток «Група траіх», у 1957 — фестываль музыкі ў г. Каруідзава. Зазнаў уплыў музыкі А.Месіяна і І.Стравінскага. Эксперыментаваў у галіне канкрэтнай музыкі і электроннай музыкі, выкарыстоўваў дадэкафонію, алеаторыку. У шэрагу твораў (сімфоніі «Нірвана», 1958; «Мандала», 1960; сімф. паэма «Сансара», 1962) звяртаўся да традыцый будыйскай музыкі. З 1970-х г. развівае прынцыпы яп. нар. музыкі, імкнецца да інтэграцыі еўрап. і традыц. яп. муз. мастацтва. Аўтар оперы «Залаты павільён» (1976), балетаў «Бугаку» (паст. 1962), «Алімпійцы» (паст. 1965), мюзікла «Мілая жанчына» (лібр. К.Абэ), араторыі (1959), кантат, твораў для прыдворнага арк. гагаку, камерна-інстр. ансамбляў, хароў, музыкі да кінафільмаў і інш.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)