НІ́ЗКАЕ ў мастацтве,

эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.

Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.

У гісторыі бел. маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.​Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перевал,

найбольш нізкае і даступнае месца горнага хрыбта.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМБА́Т (Vombatus),

род млекакормячых атр. сумчатых. 1 від — вамбат звычайны, або караткашэрсны (V. ursinus). Жыве калоніямі ў паўд.-ўсх. Аўстраліі, на а-вах Тасманія і Фліндэрс у Басавым прал. ў лясах, саваннах.

Даўж. цела 67—105 см, маса да 40 кг. Галава вялікая, круглаватая. Нос чорны, безвалосы, вушы кароткія, круглыя. Тулава валікападобнае, нізкае, з кароткай шыяй. Валасяное покрыва густое, нізкае, грубое жоўта-шэрае або пясчанае да чарнаватага. Канечнасці з вял. кіпцюрамі. Зубы растуць увесь час, разцы вялікія. Рые норы даўж. да 30 м. Нараджае 1 дзіцяня. Раслінаедны. Колькасць скарачаецца.

Вамбат.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВО́ЛЖА,

тэрыторыя паміж р. Волга, Паўн. Уваламі, Уралам і Прыкаспійскай нізінай, у Расіі. Вылучаюць Высокае З. і Нізкае З. Высокае З. ўключае Верхнекамскае і Бугульмінска-Белебееўскае ўзв. (выш. да 418 м), Вяцкі Увал, Агульны Сырт. Складзена з пермскіх парод: пясчанікаў, сланцаў, глін, мергеляў, вапнякоў, даламітаў, гіпсу; на Пд з мезазойскіх глін і пяскоў. Рэльеф эразійны. Пашыраны карст. Нізкае З. (выш. да 125—150 м) — нізіннае левабярэжжа р. Волга на адрэзку ад г. Казань да г. Камышын, тэктанічны прагін, запоўнены кайназойскімі пясчана-гліністымі адкладамі стараж. Каспія. Ландшафты З. лясныя, лесастэпавыя і стэпавыя з кантынент. кліматам. Радовішчы нафты (гл. Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн).

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГХОР, Эль-Гор,

тэктанічная ўпадзіна ў Зах. Азіі, у Ізраілі, Сірыі і Іарданіі. Даўж. з Пн на Пд каля 200 км, шыр. да 25 км. У межах Гхора — даліна р. Іардан, Тыверыядскае воз. і Мёртвае м., узровень якога на 395 м ніжэй узроўню акіяна (на яго беразе самае нізкае месца на сушы Зямлі). Упадзіна акаймавана стромкімі спадзістымі схіламі выш. 1000—1400 м. Клімат і расліннасць паўпустынныя.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НА СМЕ́РЦІ (Death Valley),

міжгорная бязводная ўпадзіна на ПдЗ ЗША (штат Каліфорнія), у пустыні Махаве. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 250 км. Адна з найб. глыбокіх (85 м ніжэй узр. м.) і бязводных упадзін на Зямлі, самае нізкае месца Паўн. Амерыкі. Абс. максімум т-ры паветра 56,7 °C (самая высокая ў Зах. паўшар’і). Назва звязана з золаташукальнікамі, якія загінулі тут у 1849 ад недахопу вады. Нацыянальны помнік прыроды (1933).

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМЕ́І,

група народаў у Цэнтр. Афрыцы. У Дэмакр. Рэсп. Конга (165 тыс. чал.), Руандзе (70 тыс. чал.), Бурундзі (55 тыс. чал.) і Угандзе іх наз. тва, у Габоне (15 тыс. чал.) і Рэсп. Конга (30 тыс. чал.) — бінга (бабінга), Камеруне (25 тыс. чал.) — бібая, гіелі; у Цэнтр.-Афр. Рэсп. — 23 тыс. чал., Анголе — 5 тыс. чал. Агульная колькасць 390 тыс. чал. (сярэдзіна 1990-х г.). Маюць малы рост (мужчыны 142—145 см), вузкія губы, вузкае і нізкае пераноссе. Гавораць на банту мовах. Прытрымліваюцца традыц. вераванняў.

т. 12, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТЭКА́НТРАП (ад грэч. pithēkos малпа + anthrōpos чалавек), старажытны чалавек, які жыў каля 1 млн. г. назад. Рэшткі П. (чарапная накрыўка, сцегнавая косць, фрагмент ніжняй сківіцы і 5 зубоў) знойдзены ў 1891—93 галандскім урачом Э.​Дзюбуа на в-ве Ява. П. меў пакаты лоб, нізкае скляпенне чэрапа (ёмістасць чэрапа 900 см³.), на лобнай косці выступаў надвочны валік. П. разам с сінантрапам, гейдэльбергскім чалавекам, атлантрапам належыць да найстараж. людзей — архантрапаў, якія з’яўляюцца адной са стадый у філагенетычным развіцці чалавека (гл. таксама Антрапагенез). Л.​І.​Цягака.

Пітэкантрап.

т. 12, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРСТЫЦЫЯ́ЛЬНЫЯ КЛЕ́ТКІ,

агульная назва клетак, што займаюць прамежнае становішча ў арганізме жывёл і чалавека. І.к., або клеткі Лейдыга, гландулацыты, размешчаныя паміж канальцамі семяннікоў у пазваночных, выпрацоўваюць мужч. палавыя гармоны (пераважна тэстастэрон) і ў невял. колькасці жан. палавыя гармоны. У яечніках млекакормячых І.к. мезенхімнага паходжання сінтэзуюць стэроідныя гармоны і выконваюць трафічную функцыю. І.к. з’яўляюцца таксама стваловыя клеткі ў целе ніжэйшых шматклетачных, здольныя развіцца ў нерв., палавыя і жыгучыя (у кішачнаполасцевых). У лічынак некат. насякомых І.к. — клеткі сярэдняй кішкі, насычаныя ліпоідамі (ліпахромныя клеткі), мяркуецца, падтрымліваюць нізкае значэнне pH у гэтым участку кішэчніка.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФА́Р, Данакіль,

тэктанічная ўпадзіна ў Афрыцы, у Эфіопіі, Эрытрэі і Джыбуці. На Пн апушчана да 116 м ніжэй узр. м., на У, у катлавіне воз. Асаль, да 153 м ніжэй узр. м. (самае нізкае месца ў Афрыцы). Паверхня раўнінная, укрытая пясчанымі дзюнамі. У паўд. частцы пераважаюць лававыя і пясчанікавыя плато выш. да 500 м. Па краях узвышаюцца вулканы (Алу, Габулі, Умуна і інш.). Адно з самых гарачых месцаў на Зямлі: сярэдняя мінім. т-ра 25 °C, сярэдняя макс. 35 °C, ападкаў менш за 200 м за год. Рэкі Афара (Аваш і інш.) перасыхаюць, некаторыя заканчваюцца салёнымі азёрамі (воз. Абе). Пераважаюць глініста-саланчаковыя і пясчаныя пустыні.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)