НА́ДПІС,

лірычны верш малой формы ў выглядзе надпісу на партрэце, кнізе, камені, статуі і г.д., які афарыстычна выяўляе нейкую думку, адносіны аўтара да пэўнай асобы ці падзеі. Вядомыя надпісы М.​Ламаносава, А.​Пушкіна, Ф.​Шылера, Р.​Гамзатава і інш. Да Н. часам звяртаюцца бел. паэты:

Мы, пахаваныя на зямлі,
Вечна будзем зайздросціць тым, што — на зорах.
Няўжо і яны таксама
Будуць зайздросціць зямлянам?
(М.​Танк. «Надпіс на камені»),

В.​П.​Рагойша.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,

сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.​Купала).

Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)