АВА́РЫЯ

(італьян. avaria),

1) нечаканы выхад са строю тэхн. сістэмы, машыны, судна, самалёта і інш., іх пашкоджанне. Найб. частыя прычыны аварыі — адступленні ад нормаў тэхнікі бяспекі або парушэнні правілаў эксплуатацыі абсталявання, будынкаў, машын, тэхн. сістэм, памылкі ў іх праектаванні і тэхн. рэалізацыі. Буйныя аварыі на прадпрыемствах хім. і ядзернай прам-сці, транспарце (марскім, трубаправодным) могуць суправаджацца экалагічна небяспечнымі аварыйнымі выкідамі і чалавечымі ахвярамі.

2) Перан. — непрадбачанае парушэнне ў ходзе якой-н. справы; няўдача, няшчасце.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ПЛАН ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ 1823,

першая ў гісторыі дзекабрысцкага руху спроба ўзняць узбр. паўстанне з мэтай зрабіць дзярж. пераварот. Распрацаваны ў маі 1823 кіраўнікамі Васількаўскай управы Паўд. т-ва падпалк. Чарнігаўскага пях. палка С.І.Мураўёвым-Апосталам, прапаршчыкам Палтаўскага пях. палка М.П. Бястужавым-Руміным, палк. Аляксопальскага пях. палка І.С.Павала-Швяйкоўскім і капітанам 18-га егерскага палка В.С.Норавым. Паўстанне меркавалася пачаць у Бабруйску, дзе была раскватаравана 9-я пях. дывізія (Чарнігаўскі і Палтаўскі палкі) 3-га пях. корпуса 1-й арміі, скарыстаўшы прыезд у горад для агляду войскаў імператара Аляксандра І (прымусіць яго падпісаць адрачэнне і прыняць канстытуцыю). Выступленне ў Бабруйску павінна было стаць сігналам для паўстанняў у Маскве, Пецярбургу, 2-й арміі. Арганізатары спрабавалі заручыцца згодай і падтрымкай Паўд. і Паўн. т-ваў дзекабрыстаў, але атрымалі адмову. У вер. 1823 Бястужаў-Румін вёў перагаворы ў Вільні аб узгадненні дзеянняў з прадстаўніком Літ. правінцыяльнага савета польскага Патрыятычнага т-ва К.Радзівілам і віленскай рэв. моладдзю (у тым ліку, магчыма, з А.Міцкевічам), але дамоўленасці не былі рэалізаваны з-за праведзеных у Вільні арыштаў. Без падтрымкі інш. рэв. арг-цый выступленне ў Бабруйску не мела сэнсу. Няўдача з ажыццяўленнем гэтага плана прымусіла ўсвядоміць неабходнасць сувязі паўстання на перыферыі з цэнтрам, аб’яднання сіл Паўн. і Паўд. т-ваў, выпрацоўкі агульнага плана дзеянняў.

Літ.:

Гл. пры арт. Дзекабрысты.

В.В.Швед.

т. 2, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)