УТО́ПІЯ (ад грэч. u не + topos месца. г. зн. месца, якога няма),
1) від сац.-паліт. фантазіі і форма адлюстравання грамадскага і прыватнага жыцця людзей уяўнай краіны, якія адпавядалі пэўнаму ідэалу сац. гармоніі. Тэрмін паходзіць ад назвы твора Т.Мора «Утопія» (1516), дзе створаны цэласны вобраз добра ўпарадкаванай на аснове натуральнага права дзяржавы на быццам бы існуючым востраве з аднайм. назвай. Для У. (у адрозненне ад антыутопіі) характэрна вера ў магчымасць стварэння дасканалага грамадства, сац. і духоўнага ўдасканалення чалавецтва і наогул у гіст. прагрэс.
Утапічныя ўяўленні ўзнікалі на працягу ўсёй гісторыі грамадскай думкі, пачынаючы з міфа пра «залаты век», выкладзенага ў паэме Гесіёда (8—7 ст. да н.э.). Першае утапічнае апісанне ідэальнай дзяржавы, у якой арганічна спалучаліся інтарэсы ўсіх саслоўяў, папавалі мудрасць, дабро і справядлівасць, даў Платон («Дзяржава», «Тымей»). Хрысц. філосаф Аўгусцін «зямному гораду» (дзяржаве) проціпастаўляў містычны «божы горад» («Пра горад божы», 413—426). Аналагічныя погляды выказвалі хрысц. тэолагі Іаахім Флорскі («Каментарыі да Апакаліпсіса», 1527), Я.Брокарда («Адкрыццё святога Іаана», 1582), Т.Бакаліні («Весткі з Парнаса», 1612—13), І.В.Андрэ («Хрысціянаполіс», 1619). Утапічныя праекты грамадскага ўладкавання прапаноўвалі ў сваіх творах мысліцелі стараж. і сярэдневяковага Кітая (Ма-цзы, Лао-цзы, Шан Ян і інш.), Б. і Сярэдняга Усходу (Фарабі, Ібн Баджа, Ібн Туфайль, Нізамі і інш.). Аптымальны ва той час ліберальна-дэмакр. варыянт дзярж. ладу распрацаваў Дж.Гарынгтан («Рэспубліка Акіянія», 1656). Пазней утапічныя творы сталі адным з жанраў фантастычнай літаратуры. Вучэнне пра ідэальнае грамадства, заснаванае на агульнасці маёмасці, абавязковай працы і справядлівым размеркаванні, пакладзена ў аснову розных плыней утапічнага сацыялізму. Радыкальныя сац. утапічныя ідэі антыпрыгонніцкай накіраванасці, прасякнутыя пафасам натуральнай свабоды і шчасця людзей, непрымальнасці насілля, хлусні і дэспатызму, маюцца ў творах бел. мысліцеляў і асветнікаў П.Бжастоўскага, М.Ф.Карповіча, Т.Млоцкага, І.І.Ю.Л.Храптовіча, І.М.Яленскага, М.В.Лавіцкага, З.Серакоўскага і інш.
Зах.-еўрап. сацыяліст. У. паўплывалі на станаўленне марксізму і марксізму-ленінізму, пра што сведчыць няўдача практычнай рэалізацыі ідэй сацыялізму ў СССР і інш. краінах. Як альтэрнатыва марксізму і ідэалізацыя новых праграм і шляхоў рэфармавання грамадства ў 2-й пал. 20 ст. атрымалі пашырэнне утапічныя працы Ф.Хаека, У.Мура, Ч.Р.Мілса, Г.Маркузе, А.Турэна і інш. Пагроза тэхнагеннай, ядзернай і экалагічнай катастрофы, грамадскіх канфліктаў і крызісаў садзейнічае ўсведамленню неабходнасці рэалізацыі на практыцы сканструяваных ідэальных мадэлей інфармацыйнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства і інш.; адсюль трансфармацыя У. ў практопію. Замацаваная яшчэ ў 18—19 ст. накіраванасць У. ў будучыню і стаўка на навук.-тэхн. прагрэс надалі ёй вядомую футуралагічную і касмалагічную каштоўнасць, калі ўзорныя, ідэальныя дзяржавы пачалі адкрываць не толькі на зямным шары, але і ў міжпланетнай прасторы. Для разнастайных па змесце і форме У. агульным з’яўляецца прамая ці ўскосная крытыка наяўнай сац. рэальнасці, прызнанне магчымасці выправіць яе недахопы і канчаткова вырашыць усе сац.-эканам., паліт. і духоўна-маральныя праблемы шляхам ператварэння ў сапраўднасць інтэлектуальнага, утапічнага праекта або мадэлі.
2) Навукова неабгрунтаваны сац., эканам., тэхн. ці інш. праект.
Літ.:
Кампанелло Т. Город Солнца: Пер. с лат. М., 1954;
Володин А.И. Утопия и история. М., 1976;
Клибанов А.И. Народная социальная утопия в России. М., 1977;
Мор Т. Утопия: Пер. с лат. М., 1978;
Социокультурные утопии XX в. Ч. 1—2. М., 1979—83;
Ушаков А.М. Утопическая мысль в странах Востока. М., 1982;
Русская литературная утопия. М., 1986;
Утопия и утопическое мышление: Антол. заруб. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991;
Самсонова Т.Н., Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 16, с. 284