ІНЦЫДЭ́НТ [ад лац. incidens (incidentis) які здараецца],

выпадак, здарэнне (звычайна непрыемнага характару); непаразуменне.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К (Рыгор Іванавіч) (н. 28.1.1939, в. Сахноўцы Стараканстанцінаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. рэжысёр. Канд. мастацтвазнаўства. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працаваў у Брэсцкім абл. драм. (з 1966) і Бел. рэсп. юнага гледача (з 1971, у 1974—78 гал. рэжысёр) тэатрах, з 1985 у маладзёжным т-ры Беларусі. З 1993 у Бел. ун-це культуры. Пастаноўкі Баравіка адметныя сучаснасцю гучання, спалучэннем псіхалагізму з яркай відовішчнасцю: «Звычайная гісторыя» паводле І.​Ганчарова (1967), «Трыбунал» А.​Макаёнка (1971), «Чатыры кроплі» В.​Розава (1975), «Чайка» А.​Чэхава (1977), «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» паводле С.​Алексіевіч (1986), «Непаразуменне» А.​Камю (1989), «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1993), «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1995). Выступае ў перыяд. друку па праблемах т-ва і бел. драматургіі.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Мікалай Сцяпанавіч) (14.6.1830, С.-Пецярбург — 14.2.1884),

рускі паэт, перакладчык, журналіст. Брат В.С.Курачкіна. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію (1854). З 1860 супрацоўнік час. «Искра». У 1861 прыцягнуты да тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Друкаваўся з 1847 (пераклады). Рэдагаваў час. «Иллюстрация» (1861—62), «Книжный вестник» (1865—67), альманах «Неўскі зборнік» (1867), вёў бібліягр. аддзел «Отечественных записок» (1868—74) і інш., у якіх змяшчаў артыкулы на грамадска-паліт. тэмы, крытычныя агляды, рэцэнзіі, фельетоны, гумарыстычныя вершы, драм. сцэны. Аўтар аповесці «Непаразуменне» (1850). Пераклаў працу П.​Прудона «Мастацтва, яго асновы і грамадскае значэнне» (1865, у сааўт.), вершы Т.​Шаўчэнкі, В.​Альф’еры, Дж.​Джусці, Дж.​Леапардзі, А.​Барб’е, Ш.​Бадлера і інш., камедыю Р.​Кастэльвекіо «Вясковая школа» (1868), драму Л.​Камалеці «За манастырскай сцяной» (1874) і інш.

Тв.:

У кн.: Поэты «Искры». 2 изд. М., 1955. Т. 2;

у кн.: Поэты 1860-х. Л., 1968.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОГАШУКА́ЛЬНІЦТВА,

рэлігійна-філас. плынь, што ўзнікла ў пач. 20 ст. сярод расійскай ліберальнай інтэлігенцыі. Адзін з філас. вытокаў богашукальніцтва — канцэпцыя «ўсеяднання» У.С.Салаўёва і яго погляды на спасціжэнне быцця шляхам містычнага вобразна-сімвалічнага асвятлення, накіраванае на выратаванне грамадства з дапамогай тэорыі хрысц. «богачалавечага працэсу». Прадстаўнікі богашукальніцтва (М.​А.​Бярдзяеў, С.​М.​Булгакаў, Дз.​С.​Меражкоўскі, З.​М.​Гіпіус, М.​М.​Мінскі і інш.) шукалі «трэці шлях» паміж традыц. праваслаўна-дзярж. каштоўнасцямі і рэв. рухам, таму іх ідэалогія з абодвух бакоў сустракала непаразуменне і не мела вял. пашырэння. Прыхільнікі богашукальніцтва прапаноўвалі вучэнне пра новую рэліг. свядомасць, усталяванне божага царства ў зямным жыцці; крытыкавалі марксісцкую тэорыю класавай барацьбы як аднабаковую і недасканалую; негатыўна ставіліся да філас. матэрыялізму і лічылі яго «іншародным псіхічнаму складу» рус. чалавека. Цікавасць да богашукальніцтва праяўлялі прадстаўнікі мастацтва, асабліва прыхільнікі дэкадэнцтва і сімвалісты старэйшай генерацыі.

Літ.:

История философии. Т. 5. М., 1961;

Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.

А.​А.​Цітавец.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),

французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кі філас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.​Дастаеўскага, У.​Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.​Дастаеўскім і Ф.​Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.

На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.

На бел. мову прозу К. перакладаў З.​Колас. У Бел. т-ры імя Я.​Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.

Тв.:

Бел. пер. — Чужаніца. Мн., 1986;

Міф пра Сізіфа. Выгнанне Гэлены. Чума (урывак) // Крыніца. 1994. № 11(5);

Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;

Рус. пер. — Избранное. Мн., 1989;

Сочинения. М., 1989;

Избр. произв. М., 1993;

Бунтующий человек. М., 1990;

Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.

Літ.:

Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.​Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;

Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;

Акудовіч В. Камень Сізіфа;

Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;

Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);

Lottmann H.R. A.Camus. Paris, 1978.

Е.​А.​Лявонава, Н.​К.​Мазоўка.

А.Камю.

т. 7, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны ў 1991 у г. Маладзечна Мінскай вобл. на аснове Маладзечанскага нар. т-ра гар. Дома культуры. Працуе на бел. мове. Першы спектакль — «Зямля» паводле паэмы Я.​Коласа «Новая зямля» (1993). Вял. ўвага аддаецца фарміраванню бел. рэпертуару: «Прымакі» і «Час, Сымоне, час...» («Раскіданае гняздо») Я.​Купалы, «Пан міністар» Ф.​Аляхновіча, «Адцуранне» і «Прынц Мамабук» А.​Дударава, «Саламея і яе амараты» С.​Кавалёва, «Камедыя» У.​Рудава паводле твораў К.​Марашэўскага і Аляхновіча. Значную частку складаюць спектаклі па п’есах замежных аўтараў: сцэны з трагедыі «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Пры зачыненых дзвярах» Ж.​П.​Сартра, «Непаразуменне» А.​Камю, «Карэль» С.​Мрожака, «Двое на арэлях» У.​Гібсана, «Гер Паўль» Т.​Дорста, «Чорная нявеста» Ж.​Ануя, «Восем жанчын» Р.​Тама, «Вар’яцкі дзень, ці Два плюс два» М.​Меё і М.​Энекена, «Без мяне мяне ажанілі» Ф.​Кроца. Пастаўлены п’есы рус. драматургаў: «Апошняя ахвяра» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.​Астроўскага, «Любоў — кніга залатая» А.​Талстога, «Правінцыяльныя анекдоты» А.​Вампілава, «Я стаю ля рэстарана» Э.​Радзінскага, «Дыяген» Б.​Рацара і У.​Канстанцінава. Спектаклі для дзяцей: «Тата» («Залатое кураня») У.​Арлова, «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.​Булыкі, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Парася, якое спявае, ці Нельга нам без сябра» і «Па блакітных хвалях васількоў» С.​Казлова, «Адчыніце, казляняткі» П.​Макаля, «Буслік супраць Кадука» Г.​Марчука і інш. Большасць дзіцячых спектакляў пастаўлены рэж. В.​Растрыжэнкавым. Вял. месца сярод іх займаюць муз. спектаклі і спектаклі-мюзіклы (кампазітары А.​Атрашкевіч, А.​Елісеенкаў, А.​Залётнеў). Рэпертуар т-ра вызначаецца жанравай разнастайнасцю спектакляў і для дарослых (ірэальная драма, трагіфарс, сямейны дэтэктыў, балада пра каханне, меладрама, драм. клаунада) і для дзяцей (казка-канцэрт, трылер для дзяцей, добрая казка, казка нашых мар).

Асобныя спектаклі паставілі рэжысёры А.​Андросік, Р.​Баравік, У.​Забела, У.​Караткевіч. В.​Раеўскі, Р.​Таліпаў, у спектаклях прымаюць удзел актрысы з Мінска. М.​Захарэвіч вядзе «майстар-клас», а таксама рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Апошняя ахвяра». З 1994 штогод праводзіцца рэсп. тэатр, фестываль «Маладзечанская сакавіца». Маст. кіраўнік і гал. рэжысёр т-ра М.​Мацкевіч, гал. мастакі У.​Жданаў (з 1992), Я.​Волкаў (з 1994).

М.​В.​Шабовіч.

Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Карэль» С.​Мрожака.
Мінскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Чарадзейства ў краіне Оз» Г.​Булыкі.

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)