ІРАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне, якое змяшчае невядомае пад знакам радыкала (корня), напр., 3 x 1 = 3 .

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНІМА́ННЕ, адыманне,

арыфметычнае дзеянне, якое заключаецца ў знаходжанні аднаго са складаемых па вядомай суме і другім складаемым; процілеглае складанню. Сума ў гэтым выпадку наз. памяншаемым, дадзенае складаемае — аднімаемым, невядомае (вынік) — рознасцю. Каб ад аднаго ліку адняць другі, дастаткова да памяншаемага дадаць лік, процілеглы аднімаемаму. Напр.: 7 − 5 = 7 + (-5) = 2; a − b = a + (-b).

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел. рукапісны помнік 16 ст. Месца стварэння невядомае. Зробленая на кнізе ў 1751 прэсвітэрам «церкви Волковицкой» айцом Іаанам Савічам прыпіска дала магчымасць В.​Шматаву звязаць Евангелле з Ваўкавыскам, аднак, магчыма, кніга знаходзілася ў в. Ваўкавічы Навагрудскага пав. (у прыпісцы ўпамінаецца пан Казімір Корсак, навагрудскі гарадскі суддзя). У 19 ст. А.​Рачынскі вывез Евангелле з Віцебскага Маркавага манастыра ў Віленскую публічную б-ку. Ваўкавыскае евангелле — рэдкі ўзор рукапіснай бел. кнігі рэнесансавага стылю: шматколерныя раслінныя арнаменты ініцыялаў і заставак выходзяць на правыя і левыя палі рукапісу. Рукапіс пашкоджаны: няма пачатку Евангелляў ад Марка, Матфея, няправільна збрашураваны Саборнік 12 месяцаў і казанні евангелістаў на кожны дзень. Зберагаецца ў б-цы АН Літвы (Вільня).

М.​В.​Нікалаеў.

Фрагменты Ваўкавыскага евангелля.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ (Марцін) (30.9. 1728, в. Саломенка Гродзенскага р-на — 20.2.1810),

бел. астраном і асветнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1771), чл.-кар. Парыжскай АН (1778). Вучыўся ў Гродзенскім і Полацкім езуіцкіх калегіумах і Слуцкай пед. семінарыі. У 1754—56 і 1761—64 удасканальваў адукацыю ў Рыме, Генуі, Вене і інш. Адзін з арганізатараў і дырэктар (1765—1807) Віленскай астранамічнай абсерваторыі. З 1764 праф. Віленскай акадэміі, адначасова ў 1781—1803 рэктар Гал. школы ВКЛ. Вёў сістэматычныя назіранні зорак, планет і астэроідаў, выявіў невядомае сузор’е (журналы астр. назіранняў П. за 1772—1806 склалі 34 т.). Вызначыў (разам з інш. астраномамі) геагр. каардынаты Вільні, Гродна і інш. гарадоў. Зрабіў значны ўклад у развіццё асветы, папулярызацыю прыродазнаўчых і матэм. ведаў, актыўна працаваў у Адукацыйнай камісіі. Яго імем названы адзін з кратэраў на адваротным баку Месяца.

Тв.:

Опыт исследования, сколь далеко простирается древность Зодиака, найденного в Дендераге или в Тинтирисе // Северный вестн. 1804. Ч. 2, № 5.

Літ.:

Bieliński J. Uniwersytet Wileński (1579—1831). Kraków, 1899—1900. T. 3. С. 39—47;

Матудайтите С.П. Возникновение и первые 5 десятилетий деятельности Вильнюсской астрономической обсерватории // Тр. АН Литовской ССР. Сер. А. 1969. Т. 2(30).

А.​І.​Болсун.

М.Пачобут-Адляніцкі.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯЛІ́КАЯ ХРО́НІКА», «Летопис, то ест Кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана»,

беларуска-ўкраінскі хранограф 1-й пал. 17 ст., своеасаблівая гіст. энцыклапедыя свайго часу, першая сур’ёзная спроба выкладу сусв. гісторыі на старабел. мове. Месца ўзнікнення дакладна невядомае. Ранняя рэдакцыя помніка, найбольш верагодна, бел. паходжання, больш позняя — украінскага. Мае кампілятыўны характар. Паводле жанравай структуры — звод гіст. аповесцей, апавяданняў і пагадовых запісаў. Складаецца з 3 асн. частак: «Хронікі ўсяго свету» (грунтуецца пераважна на аднайм. хроніцы польск. гісторыка М.Бельскага), «Хронікі славянарускай» («Хронікі славян») і «Хронікі літоўскай і жамойцкай» (абедзве грунтуюцца на «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага). У 1-й частцы апісана далёкае мінулае чалавецтва ад «стварэння свету» да часоў Карла Вялікага (9 ст.). 2-я частка прысвечана гісторыі стараж. Русі ад заснавання Кіева да 1480. Адзін з раздзелаў «Хронікі славянарускай» называецца «Хроніка Белай і Чорнай Русі». У 3-й частцы гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да 1588. «Вялікая хроніка» змяшчае таксама шмат міфаў, легенд, паданняў і літаратурных апрацовак, у т. л. аповесці пра Траянскую вайну, Аляксандра Македонскага (гл. «Александрыя»), Кулікоўскую бітву і інш. «Вялікая хроніка» захавалася больш чым у 10 спісах. Большая частка тэксту «Вялікай хронікі» не апублікавана, акрамя «Хронікі літоўскай і жамойцкай», выдадзенай у «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 32, 1975).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)