АРАГО́ ((Arago) Дамінік Франсуа) (26.2.1786—2.10.1853),

французскі астраном, фізік і паліт. дзеяч. Чл. Парыжскай АН (1809). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы, дзе ў 1809—31 праф., з 1830 неадменны сакратар Парыжскай АН і дырэктар Парыжскай астр. абсерваторыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1848 у складзе Часовага ўрада. Навук. працы па астраноміі, оптыцы, эл.-магнетызму, метэаралогіі, фіз. геаграфіі. Ініцыятар даследаванняў, якія прывялі да адкрыцця Нептуна, атрымання першых фатаграфій Сонца.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНКЕ́ВІЧ (Павел Якаўлевіч) (16.2.1895, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія — 28.6.1938),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Акад. АН Беларусі (1931), д-р пед. н., праф. (1929). Скончыў Віцебскі ін-т нар. адукацыі (1922), Маскоўскія вышэйшыя пед. курсы (1924). З 1924 у Акадэміі камуніст. выхавання ў Маскве. З 1925 у Камуністычным ун-це Беларусі, БДУ, дырэктар НДІ педагогікі, неадменны сакратар, заг. пед. кабінета АН Беларусі. Чл. ЦВК БССР у 1931—35. Навук. працы па праблемах політэхн. адукацыі, пытаннях гісторыі педагогікі і псіхалогіі. У 1937 арыштаваны і прыгавораны да выключнай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

Основные вопросы фабзавуча. М., 1926;

Политехническая школа в связи с развитием современной крупной индустрии. Мн., 1928.

П.Я.Панкевіч.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКІ (Янка) (сапр. Пятровіч Іван Андрэевіч; 12.4.1890, в. Шчорсы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.10.1937),

бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Беларусі (1928). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1909), вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—16, 1918). З 1918 у Белнацкоме пры Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР. З Ц.​Гартным рэдагаваў газ. «Дзянніца». У 1919—21 у Чырв. арміі. З 1922 у Мінску. Працаваў у планава-эканам. органах Беларусі, вучоным сакратаром Ін-та эканомікі АН Беларусі, нам. старшыні Дзяржплана БССР. У 1929—30 першы неадменны сакратар Прэзідыума АН БССР 26.4.1937 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Першае апавяданне «Над Кроманню» (1922). У зб. апавяданняў «На зломе» (1925), аповесці «Партызан» (1927), рамане «Драпежнікі» (1928—30, няскончаны) адлюстраваў жыццё розных класаў грамадства, рэв. рух напярэдадні 1-й сусв. вайны, грамадз. вайну, барацьбу бел. народа супраць польск. акупантаў. Выступаў у друку па пытаннях гісторыі, эканомікі і культуры Беларусі. Чл. ЦВК БССР у 1927—36.

Тв.:

Творы. Мн., 1984.

Л.​С.​Савік.

Я.Нёманскі.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСТО́ЎСКІ (Вацлаў Юсцінавіч) (8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар. Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад. АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ. «Наша ніва», рэдагаваў час. «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ. «Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл. Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл. Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.​Грыбам, К.​Дуж-Душэўскім, А.​Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.​Бадунова, Я.​Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел. дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз. чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел. АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.​Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНК БССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел. АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.​Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр. навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.​Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.​Палуяна, П.​Багрыма, Ц.​Бычкоўскага, К.​Каліноўскага, В.​Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.​Багдановіча, Я.​Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.​Талстой), англ. (Р.​Кіплінг, Б.​Мэон), польск. (Э.​Ажэшка, А.​Валодзьскі, К.​Тэтмаер), дацкай (Х.​К.​Андэрсен) і інш. моў.

Літ.:

Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.

Я.​Я.​Янушкевіч.

В.Ю.Ластоўскі.
Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)