ГУ́РЧАНКА (Людміла Маркаўна) (н. 12.11.1935, г. Харкаў, Украіна),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1958). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, лірызм, музыкальнасць. Выконвала камедыйныя, вострахарактарныя ролі ў кіно: «Карнавальная ноч», «Дзяўчына з гітарай», «Саламяны капялюшык» і «Нябесныя ластаўкі» (тэлевізійныя), «Мама». Яе драм. талент праявіўся ў фільмах: «Старыя сцены» (Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Дваццаць дзён без вайны», «Сібірыяда», «Пяць вечароў», «Палёты ў сне і наяве», «Вакзал для дваіх» і інш. Выступае як эстр. спявачка. Аўтар кніг «Маё дарослае дзяцінства» (1982), «Апладысменты» (1987) і інш.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЭ́ЖКА (Віктар Іванавіч) (н. 28.7.1937, с. Кольгенфельд Растоўскай вобл., Расія),

расійскі кінасцэнарыст. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Укр. паліграф. ін-т (1961), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1968). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Добры дзень і бывай!» (1973), «Вас чакае грамадзянка Ніканорава», «Багна» (абодва 1978, апошні з Р.​Чухраем), «Радня», «Палёты ў сне і наяве» (абодва 1982, за апошні Дзярж. прэмія СССР 1987), «Курачка Раба» (1994) і інш., у якіх узнімаюцца маральныя праблемы сучаснасці, узаемадзеяння грамадства і асобы. Яны адметныя спалучэннем драм., эксцэнтрычных і лірыка-камічных элементаў.

В.​А.​Войніч.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЬШЫКАЎ (Алег Яўгенавіч) (н. 8.11.1960, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),

расійскі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1981). Працаваў у Маскоўскім Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, Т-ры імя М.​Ярмолавай. З 1990 у Т-ры імя Массавета. Творчасці М. ўласцівы імправізацыйнасць, псіхал. заглыбленасць, вастрыня пластычнага малюнка: Ганя («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Буланаў («Лес» А.​Астроўскага, абодва 1984), Адуванчык («Радавыя» А.​Дударава, 1985), Сярожа («Спартыўныя сцэны 1981 года» Э.​Радзінскага, 1986), Рабесп’ер («Другі год свабоды» А.​Бураўскага, 1988), Калігула (аднайм. п’еса А.​Камю, 1990), Сяргей Ясенін («Калі яна танцавала» М.​Шэрмана, паст. ў Лондане 1991; прэмія Брытанскай акадэміі тэатр. мастацтваў імя Л.​Аліўе, 1992), Іхараў («Гульцы» М.​Гогаля, паст. ў Лондане, 1992), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1999) і інш. З 1982 здымаецца ў кіно: «Палёты ў сне і наяве» (1983), «Стомленыя сонцам» (1994), «Каўказскі палонны» (1996), «Сібірскі цырульнік», «Усход—Захад» (абодва 1999) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэміі Расіі 1996, 1998.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭТО́Н ((Breton) Андрэ) (18.2.1896, Тэншбрэ, дэпартамент Орн, Францыя — 28.9.1966),

французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў сюррэалізму. Па прафесіі ўрач-псіхіятр. Удзельнік дадаісцкага руху (гл. Дадаізм). Тэкст «Магнітныя палі» (1919—20, з Ф.​Супо) — першы эксперымент у галіне т.зв. «аўтаматычнага пісьма». У «Маніфесце сюррэалізму» (1924) сфармуляваў базавыя палажэнні сюррэалістычнай паэтыкі: «аўтаматычнае пісьмо», «запіс мрояў», «мроі наяве» і інш. спосабы вызвалення пішучага з-пад кантролю розуму. У «Другім маніфесце сюррэалізму» (1930) засяродзіўся на пытаннях арганізацыйнага, а не літ. характару. У 1938 сустракаўся ў Мексіцы з Л.​Троцкім і заснаваў «Міжнародную федэрацыю незалежнага рэв. мастацтва». У час 2-й сусв. вайны жыў у ЗША, у 1946 вярнуўся на радзіму. Аўтар вершаваных зб-каў «Зямны свет» (1923), «Дыханне вады» (1934), рамана «Надзя» (1928), эсэ «Заўвагі пра паэзію» (1936, з П.​Элюарам), кн. «Аркан 17» (1945), «Лямпа ў гадзінніках» (1948) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Поэзия. М., 1990. № 57;

У кн.: Антология французского сюрреализма, 20-е годы. М., 1994;

Называть вещи своими именами: Программные выступления мастеров запад.-европ. лит. XX в. М., 1986.

Літ.:

Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;

Балашова Т.В. Французская поэзия XX в. М., 1982;

Вирмо А. и О. Мэтры сюрреализма. СПб., 1996.

К.​М.​Міхееў.

т. 3, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)