ГЕ́ТАН, Хатан (Hutton) Джэймс (3.6.1726, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 26.3.1797), шатландскі натураліст-геолаг; заснавальнік плутанізму. Даказаў інтрузіўнае паходжанне гранітаў. У працы «Тэорыя Зямлі» (1788) адлюстраваў гісторыю Зямлі як бясконцае паўтарэнне цыклаў з перыяд. зменай разбурэння адных кантынентаў і ўзнікнення іншых; паказаў падабенства стараж. і сучасных геал. працэсаў.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НГСДОРФ Рыгор Іванавіч

(Георг Генрых фон) (18.4.1774, г. Вельштайн, Германія — 29.6.1852),

расійскі натураліст, этнограф, дыпламат. Акад. Пецярбургскай АН (1821). Па паходжанні немец. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це. Удзельнік кругасветнай экспедыцыі І.Ф.Крузенштэрна (1803—06). У 1812—30 рас. ген. консул у Рыо-дэ-Жанейра (Бразілія). У 1821—28 узначальваў рас. экспедыцыю ва ўнутр. раёны Бразіліі. Навук. працы па флоры, фауне і этнаграфіі Бразіліі.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́КСМАН Эрык

(Кірыл) Густавіч (7.8.1737, г. Саванліна, Фінляндыя — 16.1.1796),

натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1770). Вучыўся ва ун-це г. Турку (Аба) у Фінляндыі. З 1762 у Расіі. Праводзіў даследаванні ў галіне мінералогіі, біялогіі, хіміі. Падарожнічаў па Алтаі і Усх. Сібіры. Прапанаваў новую тэхналогію шкларобства, спосаб атрымання кухоннай соды, апублікаваў даследаванні па тэхналогіі салетры, соды, галыну. Адкрыў новыя мінералы (байкаліт, вілюіт), знайшоў радовішчы лазурыту, цыркону і інш., сабраў багатыя калекцыі мінералаў, насякомых, гербарыі.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРАЦКО́ЎСКІ Мікалай Якаўлевіч

(1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),

рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗА́ЛІЙ (Vesalius) Андрэас

(31.12.1514, Брусель — 15.10.1564),

натураліст эпохі Адраджэння, заснавальнік навук. анатоміі. Скончыў Лувенскі ун-т (Фландрыя). Вывучаў медыцыну ў Манпелье (Францыя), Парыжы. Д-р хірургіі (1537). З 1539 праф. у Падуанскім ун-це. Адзін з першых пачаў вывучаць чалавечы арганізм ускрыццём, апублікаваў «Шэсць анатамічных табліц» (1538). Удакладніў і дапоўніў анатамічную тэрміналогію. У працы «Пра будову чалавечага цела» (кн. 1—7, 1543) абвергнуў вучэнне К.Галена (панавала на працягу 14 ст.) пра сістэму руху крыві ў арганізме, што стала асновай для адкрыцця кровазвароту У.Гарвеем. Праследаваўся царквой, паводле прысуду інквізіцыі ў 1564 зрабіў паломніцтва ў Палесціну, на зваротным шляху пасля караблекрушэння памёр.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МБАЛЬТ (Humboldt) Аляксандр фон

(14.9.1769, Берлін — 6.5.1859),

нямецкі натураліст, географ і падарожнік; адзін з заснавальнікаў краіна- і ландшафтазнаўства, геаграфіі раслін. Чл. Берлінскай АН (1800), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, у Гамбургскай гандлёвай і Фрайбергскай горнай акадэміях (1787—92). У 1799—1804 з франц. батанікам Э.Банпланам даследаваў Цэнтр. і Паўд. Амерыку, у 1829 ажыццявіў паездку на Урал, Алтай і Каспійскае мора. У працы «Космас» зрабіў спробу падсумаваць усе веды пра Сусвет і прыроду Зямлі. Яго творы значна паўплывалі на развіццё прыродазнаўства. Імем Гумбальта названы хрыбты ў Цэнтр. Азіі і Паўн. Амерыцы, гара на в-ве Новая Каледонія, ледавік у Грэнландыі, акіянскае цячэнне каля берагоў Перу, шэраг раслін, мінерал (гумбальтыт), кратэр на Месяцы.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЭЛ (Durrell) Джэралд Малкам

(7.11.1925, г. Джамшэдпур, Індыя — 30.1.1995),

англійскі натураліст, пісьменнік. У 1928 сям’я пераехала ў Англію, у 1935 — на в-аў Корфу (Грэцыя), з 1939 зноў у Англіі. У 1947 арганізаваў і ўзначаліў сваю першую экспедыцыю па збіранні калекцыі рэдкіх жывёл у Афрыку, пазней — у Паўд. Амерыку, Паўд.-Усх. Азію, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. На в-ве Джэрсі (Англія) заснаваў і ўзначаліў заапарк (1958) і фонд па захаванні дзікіх жывёл (1964). Вядомасць прынесла першая кн. «Перапоўнены каўчэг» (1953). Аўтар больш як 20 кніг: «Мая сям’я і іншыя жывёлы» (1956), «Сустрэчы з жывёламі» (1959), «Заапарк у маім багажы» (1960), «Птушкі, жывёлы і родзічы» (1969), «Зялёны рай» (1978) і інш., якія вызначаюцца шчырай любоўю да прыроды, бездакорным стылем, тонкім гумарам і вобразнай мовай.

Н.М.Саркісава.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́Н Клаўдзій

(Claudius Galenus; 129, г. Пергам, сучасны г. Бергама, Турцыя — каля 201),

рымскі ўрач і натураліст. Вывучаў філасофію Платона, Арыстоцеля і медыцыну ў Пергаме, удасканальваўся па анатоміі ў Александрыі, Палесціне, на Кіпры. З 164 працаваў у Рыме ўрачом Марка Аўрэлія. Аўтар больш як 400 навук. прац па медыцыне, філасофіі. Увёў у медыцыну вівісекцыйныя эксперыменты на жывёлах. Паказаў, што анатомія і фізіялогія — аснова навук. дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб. Упершыню зрабіў анатама-фізіял. апісанне цэласнага арганізма, у т. л. каля 300 мышцаў, чатырохбугорнага цела, блукальнага нерва, 7 пар чарапных нерваў, вылучыў 3 слаі сценак артэрый. Развіў гумаральнае вучэнне Гіпакрата, стварыў вучэнне пра тэмперамент, увёў размежаванне ўяўленняў псіхікі і свядомасці. Абагульніў уяўленні ант. медыкаў у адзінае вучэнне, якое паўплывала на развіццё прыродазнаўства да 15—16 ст. Ідэаліст. накіраванасць яго твораў спрыяла трансфармацыі вучэння ў т.зв. галенізм, які кананізаваўся царквой і панаваў у медыцыне некалькі стагоддзяў.

Тв.:

Рус. пер. — О назначении частей человеческого тела. М., 1971.

Літ.:

Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд., М., 1960;

Бляхер Л.Я. Очерк истории морфологии животных. М., 1962;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШКЕ́ВІЧ Іосіф Антонавіч

(1815—15.5.1875),

дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.В.Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.А.Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.А.Гашкевіча.

Літ.:

Гузанаў В. Адысей з Беларусі. Мн., 1993.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТАЛО́ГІЯ

(ад гельмінты + ...логія),

навука аб паразітычных чарвях — гельмінтах і хваробах (гельмінтозах), што імі выклікаюцца. Вывучае пашырэнне, жыццёвыя цыклы, хваробатворнае дзеянне гельмінтаў, распрацоўвае спосабы дыягностыкі і прафілактыкі гельмінтозаў у чалавека, жывёл і раслін. Даследаванні вядуцца па асн. кірунках: агульная гельмінталогія (вывучае агульныя заканамернасці развіцця паразітычных чарвей, іх сістэматыку і відаўтварэнне), медыцынская гельмінталогія (хваробы чалавека, выкліканыя гельмінтамі, іх дыягностыку, прафілактыку і лячэнне), ветэрынарная і агранамічная гельмінталогія (вывучаюць адпаведна гельмінтаў жывёл і раслін і распрацоўваюць меры барацьбы з імі).

Першыя звесткі пра гельмінты вядомы са старажытнасці (Гіпакрат, Арыстоцель, Авіцэна). Навук. гельмінталогія ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Яе заснавальнік — ням. натураліст К.Рудольфі, які заклаў асновы сістэматыкі і марфалогіі гельмінтаў. У 1863—76 апублікавана 2-томная праца ням. заолага Р.Лейкарта пра паразітаў чалавека. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.эксперым. перыяд у гельмінталогіі. Заснавальнік сав. школы гельмінталогіі — К.І.Скрабін. Ён апісаў больш за 200 новых відаў гельмінтаў, распрацаваў асновы дэгельмінтызацыі (1925), што спалучаюць у сабе прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Развіццю гельмінталогіі ў Расіі спрыялі працы В.А.Догеля, Р.С.Шульца і інш., на Украіне — А.П.Маркевіча.

На Беларусі вялікі ўклад у гельмінталогію зрабілі Х.С.Гарагляд, І.В.Меркушова, Ц.Г.Нікулін, Р.С.Чабатароў, І.С.Жарыкаў, В.Ф.Літвінаў, В.А.Шчарбовіч і інш. Даследаванні па гельмінталогіі вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Л.І.Бычкова), Ін-це эксперым. ветэрынарыі (М.В.Якубоўскі), у Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах (Р.Г.Заяц, Я.Л.Бекіш), у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (А.І.Ятусевіч). і інш. Распрацаваны многія праблемы біяхіміі і фізіялогіі гельмінтаў, імунітэту і імунадыягностыкі, алергіі пры гельмінтозах і інш.

Літ.:

Чеботарев Р.С. Очерки по истории медицинской и ветеринарной паразитологии. Мн., 1977;

Меркушова И.В., Бобкова А.Ф. Гельминты домашних и диких животных Белоруссии. Мн., 1981;

Романенко Н.А. Санитарная гельминтология. М., 1982;

Гельминтозы человека: (Эпидемиология и борьба). М., 1985.

Р.Г.Заяц.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)