ЯЛО́ЎЧЫК (сапр. Лісок) Лідзія Парамонаўна

(30.12.1911, в. Марцянаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.5.1999),

бел. пісьменніца. Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1949). Настаўнічала (1944—67). Друкавалася з 1939. У зб-ках прозы «Карэнне жыцця» (1973), «Дзе яно, шчасце...» (1981), «Па хісткай лесвіцы» (1988) горкія і светлыя праявы вясковага дзяцінства ў Зах. Беларусі, драм. выпрабаванні ў час гітлераўскай акупацыі, нялёгкія жыццёвыя пошукі зах.-бел. моладзі. Яе прозе ўласцівы стрыманая паэтычнасць, этнагр. дакладнасць дэталей, натуральнасць апавяд. манеры. Друкавала таксама вершы.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 18, кн. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́НДАРАВА Наталля Георгіеўна (н. 28.8.1948, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1971). Працуе ў маск. т-ры імя Маякоўскага. Яе мастацтву ўласцівы жыццёвая сіла і натуральнасць, сцэн. тэмперамент, эмацыянальная прывабнасць. Сярод роляў: Кацярына Ізмайлава («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» паводле М.​Ляскова), Эма Гамільтан («Вікторыя» Г.​Рэтыгана). З 1973 здымаецца ў кіно: «Салодкая жанчына», «Асенні марафон» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1981), «Аднойчы праз дваццаць гадоў», «Сабачы баль», «Нябёсы запаветныя», «Курыца» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1984 (за тэатр. работы) і прэмія Ленінскага камсамола 1978.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАКІ́НІ Васіль Ігнатавіч (1805, Масква — 30.1.1874),

расійскі акцёр. Сын італьянца і прыгоннай бел. балерыны П.​Азарэвіч (гл. ў арт. Азарэвічы). Родапачынальнік сям’і рус. акцёраў Жывакіні. З 1825 у Малым т-ры (Масква). Вызначыўся як комік-буф у вадэвілях. Спалучаў прастату, натуральнасць выканання з яркай гратэскавасцю. буфанадай, імправізацыяй (часта сатырычнай). Лепшыя ролі: Жавіяль, Сінічкін («Страпчы пад сталом», «Леў Гурыч Сінічкін» Дз.​Ленскага), Мардашоў («Аз і Ферт» П.​Фёдарава). Выкарыстоўваў вадэвільныя прыёмы ў класічнай камедыі: Арган («Школа жонак» Мальера), Груміо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Падкалесін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПЭТ Язэп Геркуланавіч (23.2.1891, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 21.1.1955),

бел. пісьменнік. Пасля 1917 працаваў на Барысаўшчыне. З 1913 друкаваўся ў «Нашай ніве», змясціў больш за 20 апавяданняў, якія пераважна ўяўляюць сабой фрагменты-абразкі тагачаснага жыцця Барысаўшчыны і Лагойшчыны («Пажар», «У ноч перад святым Янам», «Выбары старшыні», «Адукаваная кабыла» і інш.), якім уласціва шчырасць, прастата, натуральнасць мовы. Запісваў фальклор. Допісы Ш. ў 1920-я г. друкаваліся ў газ. «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», «Звязда» і інш.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.

Літ.:

Каханоўскі Г. Язэп Шпэт // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 17, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМЕ́НКА Матрона Іванаўна (н. 23.3.1915, в. Краснаяр Стэрлітамакскага р-на, Башкортастан),

бел. актрыса, педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). Працавала ў т-рах Фрунзе, Ташкента, Валгаграда, Масквы, Вільнюса. У 1950—76 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. У 1978—93 выкладала ў Мінскім ін-це культуры. Выконвала драм. і характарныя ролі. Работам уласцівы натуральнасць, эмацыянальнасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі Сярод лепшых роляў: Надзея («Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна), Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Даша («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Надзея, Малання («Варвары», «Дзеці сонца» М.​Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.​Талстога), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта) і інш.

Р.​І.​Баравік.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРН (Sterne) Лорэнс (24.11.1713, г. Кланмел, Ірландыя — 18.3.1768),

англійскі пісьменнік; прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў багаслоўскі ф-т Кембрыджскага ун-та (1738); святар. Вядомасць прынеслі раманы «Жыццё і меркаванні Трыстрама Шэндзі, джэнтльмена» (т. 1—9, 1760—67) і «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» (1768), напісаныя ў рэчышчы змешанай паэтыкі сентыменталізму і ракако. Гульня рэальнасці і вымыслу, персаніфікацыя вобраза чытача, натуральнасць кампазіцыі, геданізм, ігравыя прыёмы, спалучэнне філас. разважанняў і аўтарскай іроніі, глабальных праблем і кур’ёзных дробязей, высокага і нізкага ставяць гэтыя творы ў лік значных з’яў у гісторыі л-ры, што істотна паўплывалі на пошукі л-ры 20 ст. — мадэрнізму (асабліва плыні свядомасці) і постмадэрнізму.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь и мнения Тристрама Шенди, джентльмена. М., СПб., 2000;

Сентиментальное путешествие. Воспоминания. Письма. Дневник для Элизы. М.; СПб., 2000.

Н.​У.​Дзешкавец.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ЦЫЯ (ад лац. gratia вытанчанасць, краса),

1) разнавіднасць прыгожага, эстэт. характарыстыка руху, дзеянняў. У эстэтыцы Адраджэння грацыя — тое, што натхняе фармальны пачатак прыгожага, робячы яго прывабным, мілым. Англ. філосафы і эстэтыкі 18 ст. падкрэслівалі ў грацыі натуральнасць, вольнасць рухаў і ўчынкаў чалавека; А.​Шэфтсберы і Ф.​Хатчэсана адрознівалі знешнюю грацыю і духоўную («маральную»). У ням. асв. эстэтыцы грацыя проціпастаўлялася ўзвышанаму, праяўлялася ў дзеяннях і рухах, засяроджаных у позах (І.Вінкельман). Паводле Ф.Шылера, грацыя ёсць «заўсёды толькі хараство апанаванага свабодай аблічча». Яна — выяўленне ў з’яве прыгожай душы, у якой гарманічна спалучаюцца пачуццёвасць і розум, доўг і схільнасць. У пазітывісцкай эстэтыцы грацыя руху тлумачыцца эканомнасцю затрат мышачнай энергіі (Г.Спенсер). У мастацтве паняцце «грацыя» можа ўжывацца для характарыстыкі руху гукаў у музыцы, думак і вобразаў у паэзіі, ліній у графіцы, чалавечага цела ў харэаграфіі.

2) Від гарсэта для жанчын.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ Барыс Канстанцінавіч (28.7.1913, г. Разань, Расія — 20.10.1983),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). Працаваў у Бел. т-ры рабочай моладзі, з 1937 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. З 1960 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. Мастацтву К. былі ўласцівы натуральнасць і псіхалагізм. Лепшыя ролі ў т-ры імя Я.​Купалы: Левановіч, Паланевіч («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Піліп («Палешукі» Я.​Рамановіча), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Калеснікаў, Лагута («Цытадэль славы», «На крутым павароце» К.​Губарэвіча), Луконін («Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава), Аляксандр, Анціпа («Апошнія», «Зыкавы» М.​Горкага), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера); у т-ры на Малой Броннай: Сцяпан («Брацкая ГЭС» Я.​Еўтушэнкі), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Бірук («Алёнушка» Л.​Лявонава). Здымаўся ў кіно.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЖНІК Леанід Фёдаравіч (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),

бел. спявак (бас). Нар. арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Якуб («Марынка» Р.​Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).

Л.Ф.Бражнік.
Л.Бражнік у ролі Грэміна.

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫДЗЕ́НКА Ніна Сцяпанаўна (н. 8.5.1933, г. Віцебск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). З 1952 салістка, у 1973—83 педагог-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Майстэрства Давыдзенкі вызначае лёгкасць, тэхн. дасканаласць танца, шчырасць і натуральнасць у перадачы пачуццяў гераінь. Выконвала разнапланавыя партыі ў балетах сучаснага, у т. л. бел., і класічнага рэпертуару: Ларыса («Аповесць пра каханне» В.​Залатарова), Насця, Анежка («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г.​Вагнера), Наталька («Выбранніца» Я.​Глебава), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Хасінта («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Сольвейг і Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Анель і Францыска («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Шмат працавала з самадзейнымі калектывамі.

Літ.:

Чурко Ю. Ніна Давыдзенка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.

А.​І.​Калядзэнка.

Н.С.Давыдзенка.
Н.Давыдзенка ў партыі Адэты.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)