Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЗНА́Я ЗБРО́Я,
агнястрэльная зброя, паверхня канала ствала якой мае нарэзы (вінтавыя канаўкі) для надання снараду (кулі) вярчальнага руху, што забяспечвае ўстойлівасць траекторыі ў паветры, павышае скарастрэльнасць, далёкасць і кучнасць стральбы. Да Н.з. адносяцца: стралковая зброя (вінтоўкі, карабіны, аўтаматы, кулямёты, пісталеты), артыл. гарматы (пушкі, гаўбіцы, марціры, асобныя ўзоры мінамётаў і безадкатных гармат). Ручная Н.з. з прамымі нарэзамі з’явілася ў канцы 15 ст., гарматы (пішчаль і інш.) з прамымі нарэзамі вядомы з 16 ст. Значнае пашырэнне Н.з. атрымала ў сярэдзіне 19 ст. У сучасных гарматах армій большасці краін прынята правая нарэзка (злева ўверх направа), у франц. гарматах — левая (справа ўверх налева). Адлегласць паміж двума супрацьлеглымі палямі (па дыяметры) наз.калібрам зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫ́ЎНАЯ ЗБРО́Я,
ручная агнястрэльная або пнеўматычная зброя для спарт. стральбы па нерухомых і рухомых цэлях. Бывае наразная і гладкаствольная, адназарадная і магазінная, неаўтаматычная і самазарадная.
Наразная С.з. ўключае вінтоўкі і пісталеты (рэвальверы) малога (звычайна 5,6 мм) і нармальнага калібру. Падзяляецца на мэтавую (адвольнага ўзору) і спартыўную (стандартную). Гладкаствольная С.з. выкарыстоўваецца ў стэндавай стральбе шротам па цэлях, якія ляцяць, — талерачках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІТА́НКАВАЕ РУЖЖО́,
наразнаяагнястрэльная зброя для паражэння браніраваных цэлей на адлегласці да 500 м. З’явіліся ў канцы 1-й сусв. вайны. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну. Існавалі адназараднае П.р. канструкцыі В.А.Дзегцярова, магазіннае самазараднае С.Г.Сіманава і інш.
Р.І.Флярко.
Процітанкавае ружжо. 1 — канструкцыі Дзегцярова; 2 — канструкцыі Сіманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЦЭР (ад ням. Stutzen літар. — абрэз),
1) укарочаная дульназарадная наразная агнястрэльная зброя. Меў павышаную кучнасць і далёкасць стральбы, а з-за цяжкасці зараджання — нізкую скарастрэльнасць. З’явіліся ў 16 ст. ў Германіі, з 1721 на ўзбраенні ў Расіі. У 2-й пал. 19 ст. заменены вінтоўкамі. Ш. наз. таксама некаторыя паляўнічыя наразныя казназарадныя ружжы (гл. таксама Паляўнічая зброя).
2) Кароткі патрубак (адрэзак трубы) з разьбовымі канцамі для злучэння труб паміж сабою, далучэння іх да трубаправодаў, рэзервуараў, апаратаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТВОЛ,
1) у пажарнай тэхніцы — брандспойт (устарэлае), прыстасаванне (труба з насадкамі на канцы) для стварэння і накіравання струменяў сумесі вады, пены, парашку і інш. для тушэння агню. Падзяляюцца на лафетныя (бываюць стацыянарныя, што замацоўваюцца на аўтамабілі, катэры, вышцы і інш., пераносныя і перавозныя) і ручныя, якімі камплектуюцца пажарныя аўтамабілі, мотапомпы, унутр. пажарныя краны.
2) У ваеннай справе — асн.ч.агнястрэльнай зброі для выкідвання снарада (гранаты, міны, кулі) і надання яму ўстойлівага палёту ў патрэбным напрамку. Унутраная поласць (канал) С. складаецца з каморы, дзе размяшчаецца зарад, і вядучай часткі. У час выстралу з казённай (задняй) часці С. закрываецца затворам. Бываюць С. незмацаваныя, разборныя і змацаваныя; наразныя (гл.Наразная зброя) і гладкаствольныя. Даўжыня С. залежыць ад прызначэння зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯСТРЭ́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,
агульная назва сродкаў, у якіх для выкідвання з канала ствала снарада (кулі, міны) выкарыстоўваецца сіла ціску ад згарання парахавых зарадаў ці спец. гаручых сумесяў. Бывае гладкаствольная і наразная, аднаразовая і аўтаматычная, баявая, спартыўная і паляўнічая; паводле абслугоўвання і выкарыстання — індывідуальная і калектыўная. Баявая агнястрэльная зброя падзяляецца на артылерыйскую (гарматы, мінамёты, гаўбіцы і інш.), стралковую (рэвальверы, пісталеты, аўтаматы, вінтоўкі, карабіны, кулямёты і інш.); да агнястрэльнай зброі адносяцца таксама гранатамёты.
Агнястрэльныя зброі з’явіліся пасля вынаходства пораху і ўпершыню выкарыстана ў Кітаі ў 11 ст. У Еўропе, у т. л. на Беларусі, вядома з 14 ст. Выраблялася на Беларусі з канца 14 ст. У 16—18 ст. людвісарні (ліцейныя майстэрні), дзе адлівалі гарматы, існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Урэччы, Быхаве, Магілёве і інш. гарадах. Буйнейшыя вытворцы сучаснай агнястрэльнай зброі і інш. ўзбраення — ЗША, Расія, Францыя і інш. прамыслова-развітыя краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я,
ручная гладкаствольная або наразная агнястрэльная зброя (ружжо, пісталет) з крамянёвым (калясцовым або ўдарна-крамянёвым) замком. Узнікла ў 16 ст. Прынцып яе дзеяння заключаўся ў тым, што запальванне зарада адбывалася пры дапамозе іскраў, што высякаліся крэменем пры трэнні стальнога кольца (калясцовы замок, ужываўся да канца 16 ст.) ці ў момант яго ўдару аб крэсіўную пласцінку (ударна-крамянёвы замок, што выцесніў калясцовы). К.з. была на ўзбраенні многіх армій свету, у т. л. ў ВКЛ. Найб. пашыраныя яе ўзоры ва Усх. Еўропе мелі калібр 17,5—21,5 мм, масу 4,0—5,6 кг, далёкасць стральбы ад 140 да 800 м, скарастрэльнасць 1 стрэл за 1—1,5 мін (гладкаствольныя) і 1 стрэл за 5 мін (наразныя, з тугім загонам кулі). У сярэдзіне 19 ст. ўсюды заменена ўдарнай зброяй — вінтоўкай з ударным замком (з выкарыстаннем капсуля).
Да арт.Крамянёвая зброя. Крамянёвыя ружжы: 1 — з кольцава-крамянёвым замком; 2 — з крамянёвым ударным замком; 3 — расійскае пяхотнае ўзору 1826.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЬВЕ́Р (англ. revolver ад revolve вярцецца),
індывідуальная многазарадная наразная агнястрэльная зброя з вярчальным барабанам (патроннікам-магазінам). Прызначаны для паражэння жывых цэляў на адлегласці да 100 м. Ёмістасць барабана 6—7 патронаў, калібр 7,62—11,56 мм, скарастрэльнасць 6—7 выстралаў за 15—20 с.
З’явіўся ў 16 ст., пашырыўся як наразны з 1830-х г. У рас. арміі на ўзбраенні былі Р. сістэмы Сміта—Весана, з канца 19 ст. — сістэмы Нагана ўзору 1895 (гл. Наган), якія былі на ўзбраенні і ў Сав. Арміі. У 1-й пал. 20 ст. паступова заменены самазараднымі пісталетамі.
Рэвальверы: 1 — чатырохзарадны Колера з ударнакрамянёвым замком (пач. 19 ст., Вялікабрытанія); 2 — капсульны Марыета з вярчальнай звязкай з 4 ствалоў (1830-я г., Бельгія); 3 — шпілечны 12-зарадны Лефашэ (2-я пал. 19 ст., Бельгія); 4 — Бамонта—Адамса падвойнага дзеяння (1856, Вялікабрытанія); 5 — грамадзянскі «Бульдог» 5—6-зарадны (канец 19 — пач. 20 ст., у розных краінах); 6 — сямізарадны «Стралец» (пач. 20 ст., Расія); 7 — шасцізарадны (1960, Чэхаславакія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖЖО́,
ручная агнястрэльная і пнеўматычная зброя з доўгім ненаразным ствалом; разнавіднасць стрэльбы. Агнястрэльныя Р. бываюць баявыя, паляўнічыя і спартыўныя; прызначаны для стральбы шротам, карцеччу і спец. свінцовымі кулямі. Пнеўматычныя (духавыя) Р. — спартыўныя, спружынныя або газабалонныя, дзейнічаюць ад сціснутага паветра ці інш. газу (гл.Пнеўматычная зброя).
Баявыя Р. (аркебуза, куляўрына, пішчаль, петрыналь) з’явіліся ў 14—15 ст., з 16 ст. пашырыліся кнотавыя Р. — мушкеты. Са стварэннем ударна-крамянёвага замка (16 ст.) і штыка з трубкай (17 ст.) усталяваўся тып баявога дульназараднага Р., якое стала асн. зброяй пяхоты да 1840-х г. (гл.Крамянёвая зброя), калі было заменена капсульным. У 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя Р. заменены наразнымі вінтоўкамі (гладкаствольныя Р. захаваліся як паляўнічыя). Паляўнічыя Р. больш лёгкія за баявыя; аднаствольныя з’явіліся ў 17 ст. (гл.Паляўнічая зброя). Яны былі шомпальныя (зараджаліся з дула з дапамогай шомпала), у пач. 20 ст. выцеснены казназараднымі Р. (зараджаліся унітарным патронам з задняй — т.зв. казённай — часткі ствала). Сучасныя паляўнічыя Р. прызначаны для прамысл. і спарт. (аматарскага) палявання, для спарт. стральбы на стэндзе (дакладная класіфікацыя Р. і тэрміналогія пакуль не ўсталяваліся). У 2-ю сусв. вайну шырока выкарыстоўвалася процітанкавая наразная стрэльба (усталяваная назва — процітанкавае ружжо).
В.І.Вараб’ёў.
Ружжо: а—г — кнотавы, калясцовы, крамянёвы і капсульны замкі (1 — курок, 2 — капсуль, 3 — запальны стрыжань, 4 — запал, 5 — зарад); д — ружжо аўтаматычнае магазіннае; е — двухствольнае з двума куркамі; ж — з ручным «помпавым» перазараджэннем.