ШТУ́ЦЭР (ад ням. Stutzen літар. — абрэз),

1) укарочаная дульназарадная наразная агнястрэльная зброя. Меў павышаную кучнасць і далёкасць стральбы, а з-за цяжкасці зараджання — нізкую скарастрэльнасць. З’явіліся ў 16 ст. ў Германіі, з 1721 на ўзбраенні ў Расіі. У 2-й пал. 19 ст. заменены вінтоўкамі. Ш. наз. таксама некаторыя паляўнічыя наразныя казназарадныя ружжы (гл. таксама Паляўнічая зброя).

2) Кароткі патрубак (адрэзак трубы) з разьбовымі канцамі для злучэння труб паміж сабою, далучэння іх да трубаправодаў, рэзервуараў, апаратаў і інш.

Рускія штуцэры: 1 — кавалерыйскі (узору 1839); 2 — стралковых батальёнаў (узору 1843).

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)