БІЗА́НТ,

у грэчаскай міфалогіі заснавальнік г. Візантый (Бізантый). Сын Пасейдона і Кераэсы, дачкі Іо і Зеўса. Адбіў нападзенне на горад фракійскага цара Гемаса і гнаў ворага да аддаленых раёнаў Фракіі. У яго адсутнасць на горад напаў скіфскі цар Одрыс, жонка Бізанта Фідалея з жанчынамі закідала лагер ворага ядавітымі змеямі і выратавала Візантый.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОНС (Jones) Джон Пол

(6.7.1747, Кіркбін, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 18.7.1792),

ваенна-марскі дзеяч, нац. герой ЗША. Каля 1773 перасяліўся ў амер. калоніі Вялікабрытаніі. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 адзін з арганізатараў і кіраўнік флоту каланістаў, на чале невял. флатыліі здзейсніў нападзенне на англ. порт Уітхавен і спаліў яго (1778), на чале пашкоджанага фрэгата ўзяў на абардаж 44-пушачны брыт. фрэгат (22.9.1779). Па запрашэнні Кацярыны II у 1788—89 служыў у рас. ВМФ, контр-адмірал. У рус.-тур. вайну 1787—91 на чале паруснай эскадры Дняпроўскага лімана ва ўзаемадзеянні з вёславай флатыліяй К.Насаў-Зігена і войскамі А.В.Суворава ў чэрв. 1788 разбіў тур. флот каля Ачакава. Памёр у Парыжы. Прах Дж. ў 1905 перавезены ў ЗША.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛДЭ (Velde) ван дэ, сям’я нідэрландскіх жывапісцаў 17 ст. Эсаяс (каля 1590—91, Амстэрдам — 18.11.1630). Вучыўся, верагодна, у Д.Вінкбонса. Працаваў у Харлеме (з 1610), Гаазе (з 1618). Пісаў пейзажы, батальныя і жанравыя карціны. У каларыстычных пошуках прыйшоў да танальнага жывапісу, які ўзнаўляе мяккую святлоценявую гульню паветра («Від на Зірыкзе», 1618, «Грамада ў парку», каля 1620, «Пераправа», 1622, «Нападзенне на фургон», 1626, «Дзюнны пейзаж», 1629, і інш.). Вілем Малодшы (хрышчаны 18.12.1633, г. Лейдэн, Нідэрланды — 6.4.1707). Пляменнік Эсаяса. Вучыўся ў свайго бацькі марыніста Вілема Старэйшага і С. дэ Влігера. Працаваў у Амстэрдаме, Лондане. Аўтар парадных па кампазіцыі, гучных па колеры марскіх пейзажаў: «Караблі ў штыль» (1657), «Залп салюта» (1666) і інш. Адрыян (хрышчаны 30.11.1636, Амстэрдам — 21.1.1672). Брат Вілема. Вучыўся ў Харлеме ў Я.Вейнантса. Працаваў у Амстэрдаме. Пісаў партрэты, жанравыя сцэны, рэліг. і алегарычныя кампазіцыі. Праславіўся пейзажамі з выявамі людзей і жывёл («Бераг у Схевенінгене», 1658, «Статак», 1663, «Ферма», 1666, «Паляванне», 1669, «Пейзаж са статкам кароў», 1671, і інш.). У яго творах рэалізм і дэмакратызм вобразаў, празрыстасць і свежасць колеравых спалучэнняў пакрысе саступаюць месца вытанчанай святочнасці і ідылічнасці адлюстравання.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)