СТЫЛІХО́Н (Stilicho) Флавій (каля 365—22.8.408),
рымскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Па паходжанні вандал. Вызначыўся на ваен. і дыпламат. службе пры імператару Феадосію I. З 394 галоўнакамандуючы войскамі імперыі. Пасля смерці Феадосія I (395) прызначаны апекуном малалетняга імператара Ганорыя; фактычны правіцель Зах. Рым. імперыі ў 395—408. Вёў паспяховую барацьбу з варварамі ў Брытаніі, імкнуўся ўмацаваць межы па Рэйне і Дунаі. У 401 адбіў нападзенне вандалаў і аланаў. У 402—403 пад Паленцыяй і Веронай разбіў вестготаў на чале з Аларыхам I, у 406 — остготаў. Забіты ў Равене паводле загаду Ганорыя.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)