НАМАЗГА́-ТЭПЕ́,

рэшткі паселішча часоў энеаліту і бронзы плямён Сярэдняй Азіі (гл. Анаўская культура), за 7 км ад чыг. ст. Каахка ў Туркменіі. Пагорак Н.-Т. (выш. 32 м, пл. да 100 га) насыпаны штучна. Насельніцтва займалася земляробствам, існавала ліманнае арашэнне. Характэрны шматпакаёвыя пабудовы з цэглы-сырцу, падзеленыя вузкімі вулачкамі. Пахаванні адзінкавыя, у скурчаным стане, з керамічным інвентаром. Знойдзены крамянёвыя, каменныя, медныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні, у т. л. халцэдонавыя пацеркі, гліняныя жаночыя статуэткі, мадэлі вазкоў, фігуркі жывёл. Керамічны посуд да канца 3-га тыс. да н.э. быў ляпны, потым вырабляўся на ганчарным крузе. Кераміка размалёўвалася геам. узорам у адну ці дзве (чорную і чырвоную) фарбы часам з выявамі птушак і жывёл, выкананых у іранскім стылі папярэдніх часоў. У пач. 2-га тыс. да н.э. Н.-Т. прыйшло ў заняпад. Лічаць, што яго насельніцтва вымушана было шукаць новае месца для пражывання ў сувязі з пачаткам засушлівага перыяду.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА археалагічная культура плямёнаў энеаліту (пач. 5-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. паўд. Туркменістана. Назва ад паселішчаў каля аула Анаў (каля Ашгабада). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло ў дамах з гліняных блокаў ці сырцовай цэглы. Нябожчыкаў хавалі ў ямах у скурчаным стане; у магілы клалі посуд, прылады працы, зброю з каменю і медзі, упрыгожанні. Посуд А. пласкадонны, размаляваны фарбаю (геаметрычны арнамент),

характэрны тэракотавыя жаночыя статуэткі. Найб. вядомы помнік анаўскай культуры — Намазга-Тэпэ.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРА́,

горад ва Узбекістане, цэнтр Бухарскай вобл., у даліне р. Зераўшан. 224 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Лёгкая (каракулевая, бавоўнаачышчальная, швейная, трыкат., шоўкаматальная), харчасмакавая (маслаэкстракцыйная, малочная, кандытарская і інш.), мэблевая прам-сць. Старадаўнія маст. промыслы (залаташвейны, шаўкаткацкі, чаканка па медзі і інш.). Пед. ін-т. Тэатр.

Засн. каля 1 ст. н. э. У 709 заваявана арабамі, значны гандлёва-рамесны і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. У 9—10 ст. сталіца Саманідаў дзяржавы, у канцы 10 ст. захоплена качэўнікамі, у 1220 Чынгісханам, у 1370 Цімурам, на пач. 16 ст. качэўнікамі-узбекамі, увайшла ў склад Шайбанідаў дзяржавы і стала яе сталіцай. З сярэдзіны 16 ст. сталіца Бухарскага ханства. З 1868 у складзе Расіі. У 1920—24 сталіца Бухарскай народнай савецкай рэспублікі, з 1925 ва Узбекістане, цэнтр Зераўшанскай акр., з 1938 Бухарскай вобл.

Бухара горад-музей, у якім захавалася каля 140 помнікаў архітэктуры. Найб. значныя: маўзалей Ісмаіла Самані (9—10 ст.), медрэсэ Улугбека (1417), ансамбль медрэсэ Міры-Араб (1535—36) і саборнай мячэці Калян (1514) з мінарэтам (1127), медрэсэ Абдулазіз-хана (1651—52). У 18—19 ст. маст. традыцыі захоўвала нар. дойлідства. Горад значна захаваў арх.-планіровачную структуру абкружанага сцяной Старога горада з магутнай цытадэллю (18—19 ст.) і традыц. жылымі дамамі з разьбой і размалёўкай у інтэр’ерах. Сучаснае буд-ва не закранае ансамбль Старога горада. Сярод помнікаў у наваколлі Бухары: мячэць-намазга (1119—20), ханакі Файзабад (1598—99) і Бехаўдзіна (1544—45), мемарыяльны ансамбль Чар-Бакр (мячэць, ханака і медрэсэ, 1560—63), палац эміраў Сітараі-махі-хаса (канец 19 ст. — 1918).

Да арт. Бухара. Медрэсэ Улугбека. 1417.
Да арт. Бухара. Керамічная абліцоўка медрэсэ Кукельташ.

т. 3, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРКМЕНІСТА́Н (Türkmenistan),

дзяржава на ПдЗ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на Пн і ПнУ з Узбекістанам, на Пд з Іранам і Афганістанам; на З абмываецца Каспійскім морам. Пл. 488,1 тыс. км². Нас. 5369,4 тыс. чал. (2000). Сталіца — г. Ашгабат. У складзе Т. 5 вілаятаў (абласцей). Дзярж. мова — туркменская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (27 кастр.), Дзень дзярж. сцяга (19 лют.), Дзень Канстытуцыі (18 мая), Дзень нейтралітэту (12 снеж.).

Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Халк Маслахаты (Народны савет), у склад якога ўваходзяць прэзідэнт, дэпутаты меджліса, старшыні Вярхоўнага і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурор, члены Кабінета міністраў, кіраўнікі адміністрацый. Заканад. орган — меджліс (парламент) з 50 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 5 гадоў па тэр. акругах з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў. Кабінет міністраў — выканаўчы і распарадчы орган, узначальваецца прэзідэнтам.

Прырода. Берагавая лінія Каспійскага м. на Пн парэзана залівамі Кара-Багаз-Гол, Краснаводскі, Туркменскі; п-авы Краснаводскі, Чэлекен. Большая ч. тэр. Т. размешчана ў межах Туранскай нізіны, якая занята пустыняй Каракумы, на Пн Сарыкамышская катлавіна (да -24 м). На ПнЗ ускраіна плато Усцюрт і Краснаводскае, хр. Вял. і Малы Балхан. Уздоўж мяжы з Іранам горы Капетдаг (выш. да 2942 м, г. Рызе) і паўн. перадгор’і Парапаміза. На ПдУ хр. Кугітангтау (выш. да 3139 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, сера, калійныя і каменная солі, руды каляровых і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялы. У заліве Кара-Багаз-Гол вял. запасы мірабіліту. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы, з вял. гадавымі і сутачнымі амплітудамі т-р. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 28—30 °C. Ападкаў 80—100 мм на Пн, 300—400 мм у гарах. Асн. колькасць ападкаў выпадае ранняй вясной. Гал. рэкі: Амудар’я, Мургаб, Тэджэн. Сарыкамышскае возера. Каля 70% тэр. занята пустыннымі глебамі, на Пн глебы шэра-бурыя, на Пд шэразёмы, у гарах горныя карычневыя. Расліннасць пераважна пустынная (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя), у гарах (вышэй за 1500 м) — зараснікі арчы, дзікіх пладовых (вінаград, яблыні, глог, алыча, міндаль, гранат, грэцкі арэх), па далінах рэк — тугаі. Пад лесам каля 8% тэр. Жывёльны свет — грызуны (суслікі, пясчанкі, тушканчыкі), ліс, воўк, барханны кот, джэйраны, куланы, шмат паўзуноў, насякомых. Запаведнікі: Амудар’інскі, Бадхызскі, Капланкырскі, Капетдагскі, Краснаводскі, Кугітангскі, Рэпетэкскі, Сюнт-Хасардагскі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва Т. — туркмены (90%), жывуць таксама узбекі, рускія, казахі і інш. Большасць вернікаў — мусульмане (суніты), ёсць праваслаўныя і інш. Сярэдняя шчыльн. 12,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны рэк і перадгорныя аазісы Капетдага, найменш — пустыні. Гар. насельніцтва 45%. Найб. гарады (тыс. ж., 2003): Ашгабат (768), Туркменабат (240,4), Дашхавуз (Дашагуз, 197,4), Мары (133,5), Небіт-Даг (Балканабат, 117,1). У сельскай і лясной гаспадарцы занята 44% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 19%, у сферы паслуг — 37%.

Гісторыя. Тэрыторыя Т. заселена чалавекам у палеаліце. Найб. стараж. паселішча земляробаў часоў неаліту (6-е тыс. да н.э.). — Джэйтун. З часоў бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі паселішчаў гар. тыпу — Намазга-Тэпе, Кара-Тэпе і інш. Да 1-га тыс. да н.э. тэр. Т. насялялі іранамоўныя народы. Найб. развітай вобласцю была Маргіяна з цэнтрам у г. Мерв. У цэнтр. частцы Т. ў перадгор’ях Капетдага знаходзілася вобл. Парфія, у паўд.-ўсх. Прыкаспіі — Гурган (у стараж.-грэч. л-ры — Гірканія). У 7—6 ст. да н.э. Маргіяна ў складзе Бактрыі, Парфія і Гурган — Мідыі. У канцы 6 ст. да н.э. ўсе яны заваяваны Ахеменідаў дзяржавай, у 330—329 да н.э. — Аляксандрам Македонскім, а пасля распаду яго дзяржавы ўвайшлі ў склад Селеўкідаў дзяржавы. У сярэдзіне 3 ст. да н.э. Парфія стала ядром Парфянскага царства. У 224 н.э. Парфянскае царства заваявана Сасанідамі, якія ў 2-й пал. 3 ст. пашырылі сваю ўладу на ўсю тэр. Т. У сярэдзіне 5 ст. Мерв і некат. прыкаспійскія вобласці захоплены эфталітамі, але пасля іх разгрому ў 563—567 цюркамі тут аднавілася ўлада Сасанідаў. У сярэдзіне 7 ст. на тэр. Т. ўварваліся арабы, якія ў 651 захапілі Мерв, у 712 — Харэзм, у 720 — Гурган. З іх прыходам у Т. пачаў пашырацца іслам. Пры араб. панаванні Мерв стаў адным з найважнейшых цэнтраў Араб. халіфата. У 747 тут пачалося паўстанне Абу-Мусліма, якое прывяло да ўлады ў халіфаце Абасідаў. У 813—817 Мерв — сталіца Абасідаў халіфата. З яго распадам Мерв увайшоў у Тахірыдаў дзяржаву (2-я пал. 9 ст.), у 10 ст. — Саманідаў дзяржаву. У Прыкаспіі ў 10—11 ст. існавала дзяржава Зіярыдаў. З падзеннем у 999 дзяржавы Саманідаў узмацніўся націск цюрк. плямён, што вяло да цюркізацыі мясц. насельніцтва. У пач. 11 ст. Мерв трапіў пад уладу цюрк. дынастыі Газневідаў. Тады ж пачала складвацца супольнасць цюрк. плямён (ч. агузаў, халаджы, карлукі і інш.), якая атрымала назву туркмены. У 1038—40 частка агузаў, якія вядомы пад назвай сельджукі, разбіла Газневідаў. Частка туркменаў удзельнічала ў паходах сельджукаў, у выніку якіх створана Семджукская дзяржава (у краінах Б. Усходу да нашага часу ўсіх цюркамоўных называюць туркменамі, або туркманамі). У 1157 сельджукі (апошні вярх. правіцель — султан Мелікшах Санджар) разбіты інш. адгалінаваннем агузаў, пасля чаго пачалося ўзвышэнне дзяржавы харэзмшахаў, якая ў пач. 13 ст. заваявала туркменскія землі. У 1220-я г. тэр. Т. пацярпела ад нашэсця манголаў знішчана значная ч. насельніцтва, разбураны гарады, заняпала ірыгацыя. Землі Т. падзелены манголамі паміж Залатой Ардой, Джагатайскім (Чагатайскім) улусам і Хулагуідаў дзяржавай, а пасля распаду гэтых дзяржаў увайшлі ў склад дзяржавы Цімура (канец 14 — пач. 15 ст.). У 13—14 ст. сфарміравалася туркменская народнасць, але туркмены не здолелі стварыць уласнай адзінай дзяржавы. З 16 ст. розныя землі Т. пад уладай Сефевідаў дзяржавы, Хівінскага ханства і Бухарскага ханства (з 1747 Бухарскі эмірат), аднак туркм. плямёны прызнавалі іх уладу толькі намінальна. Да сярэдзіны 19 ст. туркмены захоўвалі плем. падзел (іамуды, тэкінцы і інш.); значная іх ч. вяла качавы і паўкачавы лад жыцця. Першыя спробы рус. пранікнення на тэр. Т. адбыліся ў пач. 18 ст. У 1717—18 рас. цар Пётр I накіраваў у Т. ваен. экспедыцыю на чале з кн. А.​Бековічам-Чаркаскім. якая была знішчана хівінскімі войскамі. У 1869 рас. войскі высадзіліся на ўсх. беразе Каспійскага м. і заснавалі там горад і порт Краснаводск (з 1992 наз. Туркменбашы).

Пасля падпарадкавання Бухары (1869) і Хівы (1873) Расія пачала прасоўванне ў Т. Пад націскам рас. арміі туркм. плямёны пачалі прызнаваць рас. ўладу. Упартае супраціўленне аказалі толькі тэкінцы, якія ў 1879 разбілі рас. ваен. экспедыцыю. Супраць іх былі накіраваны войскі на чале з ген. М.​Дз.Скобелевым. У студз. 1881 рас. войскі штурмам захапілі крэпасць тэкінцаў Геок-Тэпе, у 1884 занялі Мерв. У 1882 на тэр. Цэнтр. і Зах. Т. створана Закаспійская вобл.. якая ў 1898 уключана ў склад Туркестанскага краю. Усх. і паўн.-ўсх. землі Т. заставаліся пад уладай Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства (у апошнім туркмены складалі каля трэці насельніцтва) — васалаў Рас. імперыі. У 1880—85 пабудавана Закаспійская чыгунка. будаваліся гарады еўрап. тыпу (Ашгабат, Краснаводск і інш.) з пераважна рус. і арм. насельніцтвам Гэта вяло да спынення этнакульт. ізаляцыі туркменаў, якія і ў пач. 20 ст. захоўвалі перажыткі родаплемяннога ладу. У пач. 20 ст. з ваен. эліты туркменаў створаны нац. Тэкінскі конны полк. Туркмены ўдзельнічалі ў Сярэднеазіяцкім паўстанні 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у гарадах Т. ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. IV з’езд Саветаў Закаспійскай вобл. абвясціў 15.12.1917 пераход усёй улады да Саветаў. З крас. 1918 Закаспійская вобл. увайшла ў Туркестанскую АССР у складзе РСФСР. У ліп. 1918 мясц. рус. сацыялісты-рэвалюцыянеры пры падтрымцы брыт. ваен. атрада скінулі сав. ўладу і ўтварылі ўласны ўрад Закаспія. Пасля адыходу брыт. войск Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Ашгабат, у лют. 1920 — Краснаводск. Карыстаючыся міжусобнай барацьбой, якая пачалася пасля захопу ўлады ў Хіве адным з правадыроў туркм. племя іамудаў Джунаід-ханам. у лют. 1920 Хіву заняла Чырв. Армія і там абвешчана Харэзмская нар. савецкая рэспубліка, якая ў 1923 пераўтворана ў Харэзмскую ССР (ХССР). Да сярэдзіны 1920-х г. на тэр. Т. задушаны паўстанцкі рух (гл. Басмацтва).

27.10.1924 ЦВК СССР пастанавіў стварыць Туркменскую ССР. Дэкларацыю аб яе ўтварэнні (увайшлі б.ч. Закаспійскай вобл., зах. часткі скасаваных ХССР і Бухарскай ССР) 20.2.1925 прыняў 1-ы Усетуркменскі з’езд Саветаў.

Адначасова створана Камуніст. партыя Т. (КПТ). У 1925—27 праведзена зямельна-водная рэформа, якая скасавала буйное землеўладанне. Калектывізацыя, якая пачалася ў 1929, выклікала новы ўздым басмацкага руху (ліквідаваны да 1933). За гераізм на франтах Вял. Айч. вайны ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны больш за 19 тыс. ураджэнцаў Т., званне Героя Сав. Саюза прысвоена больш як 80 воінам з Т., у т. л. за вызваленне Беларусі К.​Азалаву, А.​Анаеву, М.​Байрамаву, Б.​Даўлетджанаву, Т.​Ніязмамедаву. Былі сфарміраваны нац. туркменскія злучэнні: 2 стралк. брыгады і 2 кав. дывізіі. За гады сав. улады туркмены канчаткова перайшлі да аселага жыцця, у Туркм. ССР створана сучасная прам-сць. Асаблівае развіццё набыла здабыча прыроднага газу (2-е месца ў СССР да 1980-х г.). Узнікла нац. інтэлігенцыя. У той жа час сав. ўлады імкнуліся абмежаваць свабоднае развіццё грамадскай думкі, уплыў мусульм. традыцый (у пач. 1980-х г. легальна дзейнічалі толькі 4 мячэці). З пачаткам у СССР перабудовы ў Т. ўзмацніўся нац. рух. Створаны ў вер. 1989 Нар. фронт («Агзыбірлік») у студз. 1990 забаронены. Ініцыятыву ўтрымала КПТ (са снеж. 1991 — Дэмакр. партыя Т.) на чале з С.А.Ніязавым. У маі 1990 туркм. мова абвешчана дзяржаўнай, 22.8.1990 прынята дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце Т. 27.10.1990 Ніязаў выбраны першым прэзідэнтам Т. На Усенар. рэферэндуме 26.10.1991 насельніцтва Т. выказалася за дзярж. незалежнасць (абвешчана 27.10.1991). Далучыўшыся да Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Т. прытрымліваецца палітыкі строгага нейтралітэту і добрых роўных адносін з усімі суседзямі. Унутры краіны ўсталяваўся рэжым моцнай улады прэзідэнта Ніязава, які ў 1999 атрымаў ад Халк Маслахаты права знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта без абмежавання тэрміну. У Т. дзейнічае адна легальная партыя — Дэмакр. партыя Т. Т. — чл. ААН (з 1992), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1992) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.

Гаспадарка. Т. — індустр.-аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2002 склаў 30 млрд. дол. (5000 дол. на душу насельніцтва). Доля прам-сці і буд-ва ў структуры ВУП (2000) — 41%, сельскай і лясной гаспадаркі — 20%, сферы паслуг — 39%. Недзярж. сектар дае каля 35% ВУП. Гал. галіны прамысловасці: газавая (46% паводле кошту прадукцыі), нафтавая (17%), электраэнергетыка, хім., маш.-буд., лёгкая і харчасмакавая. Агульныя прагнозныя запасы вуглевадароднай сыравіны Т. ацэньваюцца ў 23 трлн. м³ газу і 12 млрд. т нафты, прамысловыя — адпаведна ў 13 трлн. м³ і 213 млн.т. Здабыча прыроднага газу ў 2001 каля 60 млрд. м³, экспарт газу (20 млрд. м³, 1999) ажыццяўляе рас. кампанія «Газпрам». Буйныя радовішчы: Шатлык, Даўлетабад, Наіп, Ачак і інш. Здабыча нафты (10 млн. т, 2001) пераважна ў зах. раёнах Т. (Катурдэпе, Барса-Гельмес), каля п-ва Чэлекен з марскога дна. Нафтаперапрацоўка на з-дах у гарадах Туркменбашы, Чэлекен (Хазар), Сейды. Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў 14 млн. т нафты за год. Вытв-сць электраэнергіі 10,5 млрд. кВт∙гадз (2001) пераважна на ЦЭС; 1,6 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі штогод экспартуецца ў Казахстан. Хім. прам-сць прадстаўлена здабычай мірабіліту, бішафіту, эпсаміту (Бекдаш), самароднай серы (Гаурдак), вытв-сцю ёду [Небіт-Даг (Балканабат)], сульфату натрыю, суперфасфату (Туркменабат), сернай кіслаты, серы, калійных угнаенняў (Гаурдак), пластмасавых і фармацэўтычных вырабаў (Ашгабат). Машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для нафтавай, хім., харч. прам-сці, эл.-тэхн. вырабы, рамонт суднаў, аўтамабіляў, цеплавозаў) у Ашгабаце, Туркменабаце, Дашхавузе (Дашагузе), Мары, Туркменбашы. Лёгкая і харч. прам-сць — прыярытэтны сектар эканомікі Т. Каля 54% замежных інвестыцый накіравана ў гэтыя галіны ў 1997. Асн. галіна лёгкай прам-сці — тэкст., спецыялізуецца на першаснай апрацоўцы мясц. сыравіны — бавоўны, воўны, шаўкавічных коканаў, вытв-сці тканін з іх і трыкатажу. Бавоўнаачышчальныя з-ды ў Мары, Байрам-Алі, Тэджэне, Туркменабаце, Дашхавузе (Дашагузе), Керкі (Агамураце) і інш. Баваўняны камбінат, тэкст., шоўкаматальная ф-кі ў Ашгабаце, шаўковая, шарсцяная, прадзільна-ткацкая, трыкат., швейная, па апрацоўцы каракулевых шкурак ф-кі ў Туркменабаце. Дывановыя ф-кі ў Ашгабаце, Гасан-Кулі, Казанджыку, Небіт-Дагу (Балканабаце), Кізыл-Арваце (Сердары), Мары, Дашхавузе (Дашагузе) і інш. вырабляюць штогод 70 тыс. м² дываноў і дывановых вырабаў. Гарбарна-абутковыя ф-кі ў Ашгабаце і Туркменабаце. У харчасмакавай прам-сці найб. развіта алейна-тлушчавая [Байрам-Алі, Дашхавуз (Дашагуз), Туркменабат], мяса-малочная, вінаробная, саляная, піваварная галіны. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, азбестацэментныя лісты, трубы, жалезабетонныя вырабы, шкло, цэмент і інш.). Нар. маст. промыслы (вырабы з серабра і паўкаштоўных камянёў, ганчарныя вырабы, вышыўка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на бавоўнаводстве і каракульскай авечкагадоўлі. С.-г. ўгоддзі складаюць 32,2 млн. га, з іх ворных зямель 1,5 млн. га (каля 70% арашаецца), пашы 30,7 млн. га. Вял. значэнне для эканомікі Т. маюць Каракумскі канал і вадасх. Хаўз-Ханскае, Сарыязінскае, Тэджэнскае і інш. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства (53% кошту с.-г. прадукцыі), сканцэнтравана пераважна ў аазісах і перадгор’ях. Пасяўныя пл. (тыс. га, 1998) складаюць 1321,4, з іх пад бавоўнікам 544, збожжавымі (пшаніца, ячмень, рыс. джугара) 652, зернебабовымі 93,9, бахчавымі (дыні, кавуны) 12,2, садавінай і агароднінай 19,3. Вінаградарства пашырана ў Ахалскім і Марыйскім вілаятах, пладова-ягадныя насаджэнні ў перадгор’ях Капетдага, Мургабскім аазісе і зоне Каракумскага канала. У далінах р. Атрэк і яго прытока Сумбары вырошчваюць субтрапічныя культуры (гранат, масліны, інжыр, міндаль, айва і інш.). Збор (тыс. т, 1998): бавоўніку — 707, пшаніцы — 1245, фуражу — 174, бахчавых — 122, фруктаў і агародніны — 294,7, вінаграду — 147. У 2001 сабрана звыш 2 млн. т збожжа. Жывёлагадоўля (47% кошту с.-г. прадукцыі) мяса-воўнавага кірунку. На адгонных пашах Каракумаў пераважае каракуля- і вярблюдаводства, на горных пашах — танкарунная авечкагадоўля і козагадоўля; у аазісах гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушак. Племянная конегадоўля (скакуны ахалтэкінскай пароды) у Ахалскім і Марыйскім вілаятах. Пагалоўе (млн. галоў, 2000): авечак — 5,65, буйн. раг. жывёлы — 0,88, коз — 0,38, курэй — 4. Шаўкаводства пераважна ў раёне Туркменабата і Керкі (Атамурат). Рыбалоўства на Каспійскім м. і ва ўнутр. вадаёмах. Пчалярства. Асн. від транспарту — чыгуначны. Даўж. чыгунак 2187 км (1999). Асн. магістралі: Туркменбашы — Ташкент з адгалінаваннем Мары—Кушка; Туркменабат—Кунград—Бейнеў. Даўж. аўтадарог 24 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 19,5 тыс. км. Суднаходства па Каспійскім м., р. Амудар’я, Каракумскім канале. Гал. марскі порт — Туркменбашы, звязаны марскім паромам з г. Баку. Газаправоды: Зах. Т.—Бекдаш—Мангышлак, Майскае—Ашгабат—Безмеін і інш. Курорты: Арчман, Байрам-Алі, Малакара, Фіруза. Замежны турызм. Экспарт (2,5 млрд. дол., 2000) нафты, прыроднага газу, бавоўны, электраэнергіі, тэкстылю, дываноў. Імпарт (1,7 млрд. дол., 2000) машын і абсталявання, хімікатаў, харч. прадуктаў, спажывецкіх тавараў. Асн. гандл. партнёры: Іран, Турцыя, Расія, Казахстан, Украіна, ЗША, Германія, Узбекістан. Знешнегандлёвы абарот Т. з Рэспублікай Беларусь у 2000 склаў 46 млн. дол. Грашовая адзінка — манат.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і Войск ППА, берагавой аховы (ВМС). Агульная колькасць узбр. сіл каля 19 тыс. чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках каля 16 тыс. чал., 570 танкаў, 1350 баявых браніраваных машын, 560 артыл. гармат, ракетных сістэм залпавага агню і мінамётаў, процітанк. і зенітная артылерыя. У ВПС і Войсках ППА каля 3 тыс. чал., 170 баявых самалётаў, 77 зенітных ракетных комплексаў і інш.

Ахова здароўя ў Т. належыць да кампетэнцыі дзяржавы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 57, жанчын 65 гадоў (2001). Узровень нараджальнасці — 29 на 1 тыс. чал. Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 97 чал., урачамі — 1 на 330 чал. Дзіцячая смяротнасць — 73 на 1 тыс. нованароджаных.

Асвета. У сістэме адукацыі Т. дашкольныя ўстановы (яслі-сады), агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Паводле Закона 1993 агульная адукацыя з’яўляецца абавязковай і набываецца ў школе з 9-гадовым навучаннем. Школьнае навучанне прадугледжвае 2 перыяды — «сават» («грамата», 4 гады навучання) і «білім» («адукацыя», 5 гадоў) і заканчваецца выпускнымі экзаменамі. Атрыманне прафес. і вышэйшай адукацыі магчыма толькі на аснове агульнай адукацыі. Навуч. ўстановы дзярж. і прыватныя. У навуч. установах з тэрмінам навучання 2 гады атрымліваюць падрыхтоўку рабочыя асн. галін прам-сці Т. — нафтавай, газавай, машынабудаўнічай. Сярэднія спец. навуч. ўстановы ў падпарадкаванні ВНУ адпаведных профіляў. У сістэме вышэйшай адукацыі Т. 16 ВНУ (2002), найбуйнейшыя з іх: Туркм. ун-т імя Магтымгулы (з 1950; больш за 2 тыс. студэнтаў), с.-г. ун-т імя С.​А.​Ніязава, політэхн. ін-т (з 1963), мед. (усе ў Ашгабаце), пед. ін-т у Туркменабаце. У Т. 233 б-кі, найбуйнейшая — Нац. б-ка (з 1895; каля 5,5 млн. адзінак захавання) з’яўляецца цэнтрам навукова-інфарм. дзейнасці краіны. 26 музеяў, найбуйнейшы — Нац. музей Т. Навук. даследаванні вядуцца ў АН Туркменістана і галіновых НДІ.

Літаратура. Развіваецца на туркменскай мове. У культуры туркменаў вылучаюцца 2 плыні: іранская і цюркская. Таму творы фальклору і стараж. помнікі л-ры (на фарсі і цюрк. мовах) агульныя для туркменаў, таджыкаў, персаў, узбекаў, азербайджанцаў, туркаў. З эпічных жанраў фальклору найб. развіты дастан. Найстараж. твор гераічнага эпасу — 12 сказанняў (складаліся ў 9—15 ст.), якія сабраны ў 16 ст. невядомым укладальнікам у «Кнізе майго дзеда Каркуда» («Кітабі дэдэ Каркуд»). Сюжэтнымі элементамі блізкі да яго эпас «Гёраглы» («Кёр-аглы»). Аўтарскай апрацоўкай вядомых сюжэтаў усх. л-ры з’яўляюцца дастаны «Лейлі і Меджнун» і «Юсуф і Зулейха». У стараж. і сярэдневяковай л-ры пераважала дыдактычная паэзія. У 1464 Вепаі (Вефаі) склаў зб. дыдактычнай паэзіі «Светач ісламу». Вядомы паэты-палкаводцы Бурханеддзін Сівасі (14 ст.), Байрам-хан Ханханан і яго сын Рахімхан, паэт Бархудар Туркман (17 ст.) і інш. Ідэямі гуманнасці, дабра і сац. справядлівасці прасякнута творчасць Д.Азадзі. З пач. 18 ст. л-ра развівалася на мове, блізкай і зразумелай народу. Станаўленне самабытнай нар. л-ры звязана з імем паэта і мысліцеля Махтумкулі (Магтымгулы), які стаў пачынальнікам новай туркм. л-ры, увёў у паэзію свецкія матывы, распрацоўваў грамадз. лірыку, літ. мову наблізіў да народнай. У 18—19 ст. асн. жанрам была лірыка (паэты Андаліб, Шэйдаі, Магрупі, Маланепес, Кеміне, Сеідзі, Мятаджы, Міскінклыч і інш.). У пач. 20 ст. выступілі паэты-імправізатары Байрам Шахір, Кёрмала, Маламурт, Шабендэ, Дурды Клыч. У 1920-я г. ў л-ру прыйшлі паэты Ата Саліх, Б.Кербабаеў, Я.​Насырлі і інш. Асн. тэмы л-ры 1920—30-х г. — калектывізацыя і звязаная з ёю класавая барацьба, эмансіпацыя жанчыны (паэты А.​Аламышаў, Ш.​Кекілаў, А.Кекілаў, Ата Ніязаў і інш.). З канца 1920-х г. развівалася проза (А.​Дурдыеў, Кербабаеў, Н.​Сарыханаў), зарадзілася драматургія (п’есы А.Каўшутава, К.​Бурунава, Т.Эсенавай). У 2-й пал. 1930-х г. паявіліся буйныя творы прозы: 1-я ч. 4-томнага рамана Х.​Дзер’яева «Лёс» (закончаны ў 1971), 1-я ч. рамана Кербабаева «Вырашальны крок» (закончаны ў 1955). У Вял. Айч. вайну папулярныя былі вершы Ата Саліха, Д.​Халдурды, К.Сейтліева, творы Кекілава, Б.Сейтакава, Насырлі, Кербабаева, Б.​Салтаніязава, Х.​Ісмаілава, П.​Нурбердыева. У пасляваен. л-ру прыйшлі А.​Атаджанаў, М.​Сеідаў, А.​Хаідаў, Ш.​Барджакаў і інш. Востраканфліктныя п’есы пісаў Г.Мухтараў. У 1960-я — пач. 1970-х г. л-ру ўзбагацілі раманы «Стэпавікі» Б.Худайназарава, «Чорны караван» К.Куліева, «Крэмені» Атаджанава, «Каханне» Кекілава, раман-эпапея «Браты» Сейтакава. Жанр аповесці і апавядання развівалі Т.​Курбанаў, А.​Акмамедаў, Я.​Маметыеў, Т.​Джумагельдыеў, А.​Таганаў, Н.​Джумаеў, К.​Тангрыкуліеў і інш. У 1990-я г. л-ра звяртаецца да гіст. каранёў і традыцый, з’явіліся буйныя творы пра сучаснае жыццё туркм. народа, развіваецца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Т.

Туркменска-бел. літ. сувязі зарадзіліся яшчэ ў 19 ст. Ураджэнец Беларусі, паэт, славіст А.​Ходзька даследаваў туркм. фальклор, эпас «Гёраглы», паэзію Махтумкулі і Кеміне. Шырокае развіццё гэтыя ўзаемасувязі атрымалі пасля Кастр. рэвалюцыі. На бел. мове выдадзены «Туркменскія народныя казкі» (1960, пер. Я.​Бяганская), казка «Гара самацветаў» (1971, пер. С.​Міхальчук), зб-кі вершаў, апавяд. і казак «Каракумскія зоркі» (1969), «Аксамітавая ружа» (1980), «Кветкі Каракумаў» (1990), «Мая Туркменія» (1992), раман «Прапашчы чалавек» Джумагельдыева (1984, пер. А.​Жук), зб-кі вершаў «Джайранаў кубак» Я.​Піркуліева (1976, пер. А.​Вольскі), «Чароўнае шкельца» К.​Чаліева (1983, пер. Л.​Філімонава), «Песні Каракумаў» Тангрыкуліева (1984, пер. Вольскі, Е.​Лось, В.​Лукша), «Дождж у пустыні» Н.​Байрамава (1987, пер. К.​Цвірка), кн. выбр. лірыкі «Салавей шухае ружу» Махтумкулі (1983). У бел. перыёдыцы публікаваліся вершы С.​Авезбердыева, Р.​Аліева, Атаджанава, Байрамава, Г.​Зарыпавай, К.Курбанепесава, А.​Курдава, Махтумкулі, А.​Рахманава, А.​Чарыева, К.​Эзізава, апавяданні Б.​Каюмава, А.​Назарава, Таганава, Тангрыкуліева, Хаідава і інш. Творы туркм. паэзіі і прозы перакладалі і перакладаюць У.​Караткевіч, Р.​Барадулін, Я.​Васілёнак, А.​Вольскі, С.​Гаўрусёў, М.​Гіль, С.​Грахоўскі, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, А.​Звонак, А.​Клышка, В.​Коўтун, А.​Лойка, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, Ю.​Свірка, М.​Татур, Х.​Чэрня, А.​Шаўня, У.​Шахавец і інш. Туркм. пісьменнікі ўдзельнічалі ў з’ездах Саюза пісьменнікаў Беларусі, у тыднях л-р, у купалаўскіх і коласаўскіх днях. Беларусі прысвяцілі свае творы Аліеў, А.​Кавусаў. На туркм. мове выдадзены зб-кі «Выбраныя вершы і паэмы» Я.​Купалы (1941), «Выбраныя вершы» (1941) і «Апавяданні пра мінулае» (1981) Я.​Коласа, «Апавяданні» Я.​Брыля (1960), раманы «Калі зліваюцца рэкі» П.​Броўкі (1962), «Сэрца на далоні» І.​Шамякіна (1973) і інш.

Архітэктура. У 4—3-м тыс. да н.э. пераважалі шматпакаёвыя сырцовыя дамы, часам размаляваныя ўнутры. У эпоху бронзы з’явіліся вял. протагар. паселішчы. У 1-м тыс. да н.э. ўзніклі гарады з цытадэлямі (Эрк-Кала ў Мерве), якія абрасталі гар. забудовай. Для раннефеад. часу (5—7 ст. н.э.) характэрны сырцовыя ўмацаваныя сядзібы, 2-павярховыя кёшкі (данжоны) на штучнай платформе і з «гафрыраванымі» сценамі (Кыз-Кала ў Мерве), замкнёныя па перыметры жылыя дамы з унутр. дварамі; вядомы рэшткі хрысц. царквы і манастыра (у Мерве). У 11—12 ст. ва ўмацаваных гарадах са стыхійнай забудовай разрасталіся рабады з караван-сараямі, мусульм. культавымі комплексамі, жылымі кварталамі (Мешэдзі-Місрыян, Шах-Сенем у Харэзме). Будавалі з сырцу, пахсы, абпаленай цэглы, распрацоўвалі скляпеніста-купальныя канструкцыі, у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, стука, арнаментальныя размалёўкі. Для палацаў і караван-сараяў характэрны дваровыя айванныя кампазіцыі (палац у Мерве, Даяхатын). У культавым дойлідстве выпрацаваны мясц. тыпы пятнічнай мячэці, круглых мінарэтаў з узорыстай цаглянай муроўкай, загараднай мячэці «намазга», цэнтр.- і партальна-купальных маўзалеяў (маўзалеі султана Санджара ў Мерве, 1140-я г., арх. Мухамед ібн-Атсыз ас-Серахсі). У 14 ст. ўскладніліся аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі, вылучыўся парадны ўваход-пяштак, у дэкоры з’явіліся разныя наборныя керамічныя мазаікі (маўзалей дынастыі Суфі ва Ургенчы). Нар. жытло аселага насельніцтва — пераважна пахсавыя 2—3-пакаёвыя дамы з лёгкім калонным айванам на фасадзе, плоскім дахам і ўнутр. дваром. Багатыя сядзібы будавалі ў выглядзе невял. крэпасцей. Жытлы памежных з Узбекістанам раёнаў з рысамі туркм. і ўзб. архітэктуры (сядзіба з 2 унутр. дварамі і айванамі на драўляных калонах). Жыллё качавых плямён — юрта, пакрытая лямцам, сцягнутая тканымі ўзорыстымі палосамі. У 19 ст. гарады будавалі паводле рэгулярнага плана. Пераважала 1-павярховая забудова з абліцоўкай абпаленай цэглай. У пач. 20 ст. пашырана буд-ва прамысл. аб’ектаў, распрацаваны тып шматкватэрнага секцыйнага жылога дома з улікам прыродных умоў. У 1930—40-я г. выкарыстоўваліся элементы класіцызму і формы сярэднеазіяцкага дойлідства. Землетрасенне 1948 зруйнавала сталіцу і навакольныя пасёлкі. Праекты сейсмаўстойлівых будынкаў стваралі паводле новых правіл: аб’яднанне прадпрыемстваў у прамысл. раёны, пашырэнне гар. артэрый, стварэнне сістэмы плошчаў, зялёных эспланад, ансамбляў адм. і грамадскіх будынкаў. У горадабудаўніцтве 2-й пал. 20 ст. тэндэнцыя да стварэння сучасных маст.-выразных арх.-прасторавых кампазіцый, функцыян. мэтазгоднасці планіроўкі і афармлення будынкаў, да сінтэзу з манум.-дэкар. мастацтвам, арган. сувязі з ландшафтам (арх. А.​Р.​Ахмедаў, Ф.​А.​Аліеў і інш.). Пачынаючы з 1990-х г. для арх-ры характэрны зварот да нац. традыцый у спалучэнні з сучаснымі сусв. арх. тэндэнцыямі, асабліва пры ўзвядзенні манументальных будынкаў — палацаў, мячэцей і інш. Сярод найб. значных пабудоў: мячэць Сапармурата-хаджы ў г.п. Геок-Тэпе, арка Нейтралітэту ў Ашгабаце, мемар. комплекс памяці загінуўшых ад землетрасення 1948 у с. Кіпчак і інш. У 1936 засн. Саюз архітэктараў Т.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. Т. адносяцца да 6—5-га тыс. да н.э. (насценныя размалёўкі, ляпны посуд, статуэткі). У 3—2-м тыс. да н.э. вядома дробная тэракотавая пластыка (жаночыя фігуркі), кераміка з геам. і схематызаванымі зааморфнымі матывамі. У некат. творах 1-га тыс. да н.э. выявіўся ўплыў мастацтва ахеменідскага Ірана. У канцы 4—1-й пал. 3 ст. да н.э. на Пд Т. склаўся лакальны варыянт усх.-эліністычнай культуры, мастацтва паўн. раёнаў развівалася ў рэчышчы маст. культуры Харэзма. З 8 ст. н.э. пашырылася паліваная і непаліваная кераміка, з 12 ст. — танкасценныя пасудзіны з высокакрэменязёмістай масы (кашына) з вытанчаным гравіраваным або ажурным праразным узорам, часам размаляваныя люстрам, з 15 ст. адчувальны ўплыў далёкаўсх. фарфору. Вял. пашырэнне мелі дыванаткацтва, выраб лямцавых дываноў (кошмаў), ювелірная справа. Станаўленне выяўл. мастацтва звязана з адкрыццём у Ашгабаце «Ударнай школы мастацтваў Усходу» (1920). Творам 1920—30-х г. уласцівы пошукі нац. стылю (Г.​Бабікаў, С.​Бягляраў, Ю.​Данешвар, Б.​Нуралі, І.​Чарынько). Актыўную ролю ў грамадска-паліт. жыцці адыгрывала графіка — плакаты і карыкатуры (Р.​Гершанік, М.​Касценка, М.​Фядура). У Вял. Айч. вайну развівалася агітац. мастацтва («ВокныТуркменТАГа»). Мастацтву 1950—60-х г. уласціва адлюстраванне тагачасных падзей, асаблівасцей грамадскага развіцця (Г.​Брусянцоў, І.​Клычаў, А.​Куліеў, А.​Хаджыеў, А.​Шчацінін). У 1960—80-я г. склалася і развівалася нац. маст. школа Т., якой уласцівы рысы «суровага стылю». імкненне да засваення нац. спадчыны. Змест і кампазіцыі вылучаліся дакладнасцю рытмаў, вастрынёй ліній, пластычнай выразнасцю і яркай колеравай гамай (А. і Ч.​Амангельдыевы, С.​Бабікаў, Д.​Байрамаў, Клычаў, М.​Мамедаў). Развівалася тэатр.-дэкарацыйнае (Ш.​Акмухамедаў, Я.​Ананураў, Я.​Кордыш), манум.-дэкар. (Дж.​Джумадурды, К.​Ярмамедаў), нар. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Побач з адраджэннем класічных тыпаў арнаментальных ворсавых дываноў вырабляліся партрэтныя і сюжэтна-тэматычныя. З 1990-х г. усе віды мастацтва арыентаваны на ідэю адраджэння нац. маст. спадчыны; вял. ролю адыгрывае манум. скульптура.

Музыка. На песенны і інстр. фальклор туркменаў паўплывала музыка краін Сярэдняй Азіі, Б. і Сярэдняга Усходу. Нар.-прафес. мастацтва дасягнула дасканаласці ў творчасці спевакоў-бахшы, у рэпертуары якіх дастаны на класічныя тэмы з усх. і нац. паэзіі, песні-айдымы на словы туркм. паэтаў. Ладавая будова блізкая да мажорна-мінорнай сістэмы: для нар. музыкі характэрны квартава-квінтавыя гармоніі. Сярод песенных жанраў абрадавыя, каляндарныя, прац., лірычныя песні. Асн. інструменты: дутар (шчыпковы), гыджак (смычковы), цюйдук (духавы). Найб. стараж. вак.-танц. жанр — т.зв. зікр і вытворны ад яго танец кушт-дэпме — адзіны ўзор нар. танца. У пач. 19 ст. зроблены першыя нотныя запісы нар. музыкі, апісанне нар. інструментаў. Прафес. муз. культура пачала складвацца ў канцы 1910-х г. Сярод заснавальнікаў нац. кампазітарскай школы Д.​Авезаў. З адкрыццём Туркм. т-ра оперы і балета (1941) звязаны першыя пастаноўкі нац. опер «Захрэ і Тахір» А.​Шапашнікава (1941), «Абадан» Ю.​Мейтуса і А.​Куліева (1943), «Шасенем і Гарыб» Шапашнікава і Авезава (1944), балетаў «Вясёлы падманшчык» К.​Карчмарова (1942), «Белая бавоўна» А.​Зноска-Бароўскага і В.​Мухатава (1945). З 2-й пал. 1940-х г. для муз. твораў характэрна спалучэнне нар. меласу з еўрап. гармоніяй (опера «Лейлі і Меджнун» Мейтуса і Авезава, 1946). У 2-й пал. 20 ст. ў музыцы адбываецца працэс сінтэзу нац. рыс з дасягненнямі сучаснага муз. мастацтва, развіваюцца сімф. і вак.-сімф. жанры. Значны ўклад у муз. мастацтва Т. кампазітараў А.​Агаджыкава, Р.​Алаярава, Д.​Нурыева, Ч.​Нурымава, Р.​Раджэпава, Н.​Халмамедава; дырыжораў Х.​Аланурава, М.​Мерэдава; спевакоў А.​Анакуліевай, М.​Куліевай, Х.​Анадурдыева, Х.​Анаева, А.​Курбанава, М.​Фараджава; музыказнаўцаў Ф.​Абукавай, М.​Ахмедавай, Ш.​Гулыева. У Т. працуюць: Туркменскі нац. муз.-драм. т-р імя Магтымгулы (да 2001 Туркм. т-р оперы і балета); муз.-драм. т-ры ў гарадах Дашхавуз (Дашагуз; з 1938) і Туркменабат (1979); філармоніі ў Ашгабаце (1938; у яе складзе сімф. аркестр, 1973; аркестр нар. інструментаў, 1978) і г. Мары (1978); ансамбль нар. інструментаў, хор і эстр. аркестр пры туркм. тэлебачанні і радыё; Пед. ін-т мастацтваў (1972), муз. вучылішчы і вучылішча мастацтваў. У 1939 утвораны Саюз кампазітараў Т.

Тэатр. Элементы тэатр. відовішча ў творчасці нар. спевакоў (бахшы) і казачнікаў (гоендзе), у нар. гульнях і абрадах, спарт. спаборніцтвах. З 1918 развіваўся аматарскі т-р. У 1926 арганізавана 1-я нац. драм. студыя, на базе якой у 1929 створаны Туркменскі т-р драмы імя Маланепеса і рус. драм. т-р у Ашгабаце. У 1930-я г. адкрыты т-ры ў гарадах Мары, Керкі (Атамурат), Кізыл-Арват (Сердар), Дашхавуз (Дашагуз), у 1964 — Т-р юнага гледача ў Ашгабаце. Ставяцца нац. творы Б.​Аманава, А.​Каўшутава, Б.​Кербабаева, Г.​Мухтарава, К.​Сейтліева, Б.​Суханава і інш., сусв. класіка, п’есы сучасных драматургаў. Пастаўлены спектаклі бел. драматургіі: «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка (1961, Туркм. т-р драмы), «Чатыры крыжы на сонцы» А.​Дзялендзіка (1967), «Радавыя» А.​Дударава (1995; абодва ў рус. драм. т-ры). Сярод дзеячаў сцэны: Б.​Аманаў, С.​Атаева, Н.​Бекміеў, К.​Бердыеў, Т.​Гафурава, І.​Громаў, П.​Гурніцкі, А.​Дурдыеў, К.​Дурдыеў, А.​Карліеў, Л.​Катаўшчыкова, М.​Кірылаў, А.​Кульмамедаў, Л.​Любіна, Сана Мурадава, Сурай Мурадава, Н.​Саюнава, М.​Сейітніязаў, М.​Чэркезаў і інш.

Кіно. У 1926 у Ашгабаце створана кінафабрыка, з 1958 кінастудыя «Туркменфільм». Першапачаткова здымаліся дакумент. фільмы. У 1929 выйшаў дакумент.-маст. фільм «Белае золата» (рэж. А.​Уладычук), у 1931 — першы маст. фільм «Забыць нельга» (рэж. Д.​Пазнанскі). Сярод стужак 1930-х г.: «Я вярнуся» (рэж. А.​Лядашчаў), «Сем сэрцаў», «Людзі даліны Сумбар» (рэж. абедзвюх Н.​Ціханаў), «Умбар» (рэж. А.​Макоўскі), «Дурсун» (рэж. Я.​Іваноў-Баркоў) і інш. У кіно здымаліся вядучыя акцёры туркм. т-ра: А.​Дурдыеў, А.​Карліеў, А.​Кульмамедаў і інш. Вядомасць набыла муз. камедыя «Далёкая нявеста» (1948, рэж. Іваноў-Баркоў). Пасля землетрасення 1948 вытв-сць маст. фільмаў адноўлена ў 1950-я г.: «Сын пастуха», «Хітрасць старога Ашыра» (рэж. Р.​Перэльштэйн), «Гонар сям’і» (рэж. І.​Мутанаў), «Першы экзамен» (рэж. Х.​Агаханаў, П.​Сыроў) і інш. Кіно Т. 1960—70-х г. вызначалася пашырэннем тэматыкі, пошукамі новых маст. сродкаў, імкненнем да раскрыцця складаных праблем чалавечых узаемаадносін. Стан кінематаграфіі вызначалі рэжысёры Б.​Мансураў («Спаборніцтва» 1964; «Наталенне смагі», 1967; «Рабыня», 1970), Карліеў («Вырашальны крок», 1966; «Махтумкулі», 1968; «Тайны мукама», 1974), Хаджакулі Нарліеў («Нявестка», 1972; «Калі жанчына асядлае каня», 1975; «Умей сказаць «не», 1977; «Дрэва Джамал», 1981; «Каракумы, 45° у ценю», 1982; «Фрагі — разлучаны са шчасцем», 1984), Х.​Какабаеў («Хлопчык з аслянём». 1974; «Колер золата», 1975; «Выкраданне скакуна», 1979; «Вось вернецца тата»), К.​Аразсахатаў і Я.​Сеідаў («Кугітангская трагедыя», 1978), Хаджадурды Нарліеў («Белая імгла», 1977; «Ранішнія коннікі», 1981) і інш. Развівалася дакумент. кіно (рэж. А.​Геакленаў, В.​Гукасаў, К.​Курбанклычаў, В.​Лаўроў, М.​Мэй і інш.). У тэматычным плане кіно 1990-х г. характарызуецца вяртаннем да нац. каранёў і традыцый, фільмам уласціва алегарычнасць, эпічнасць: «Манкурт» (1990, рэж. Хаджакулі Нарліеў), «Анёлак, зрабі радасць» (1992, рэж. У.​Сапараў), «Карма» (1994) і «Раскаянне» (1996, рэж. абодвух Какабаеў), «Спаленая душа» (1995, рэж. Л.​Сцяпанская, Б.​Абдулаеў), «Легенда» (1999, рэж. К.​Ананаў). У 1975 створаны першы анімацыйны фільм. У 1963 засн. Саюз кінематаграфістаў Т.

Літ.:

История Туркменской ССР. Т. 1—2. Ашхабад, 1957;

История Туркменистана. Ашхабад, 1966;

Гапуров М.Г. Советский Туркменистан. М., 1982;

Проблемы истории и этнографии советских и зарубежных туркмен: Сб. ст. Ашхабад, 1990;

Юсупов Х. Страницы истории Туркменистана: С древнейших времен до арабского завоевания. М., 1997;

Туркменистан // Содружество Независимых государств: Десять лет спустя. Мн., 2001;

Туркменбашы С. Рухнама: Пер. з рус. Мн., 2003;

Кор-Оглы Х. Туркменская литература. М., 1972;

Очерк истории туркменской советской литературы. М., 1980;

Алиева С.У. Современная туркменская проза. М., 1981;

Архитектура Советского Туркменистана. М., 1972;

Памятники архитектуры Туркменистана. Л., 1974;

Пугаченкова Г.А. Искусство Туркменистана. М., 1967;

Успенский В.А., Беляев В.М. Туркменская музыка. Т. 1. 2 изд. Ашхабад, 1979.

Л.​В.​Лоўчая (прырода. насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура. выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​П.​Бабкова (кіно).

Герб і сцяг Туркменістана.
Да арт. Туркменістан. Пустыня Каракумы.
Да арт. Туркменістан. Горад Кушка.
Да арт. Туркменістан. Порт Туркменбашы.
Да арт. Туркменістан. Маўзалей султана Санджара. 12 ст.
Да арт. Туркменістан. Кёшкі Кыз-Кала ў Мерве.
Да арт. Туркменістан. Мячэць Сапармурата-хаджы ў г.п. Геок-Тэпе.
Да арт. Туркменістан. Арка Нейтралітэту ў Ашгабаце.
Да арт. Туркменістан. Мемарыяльны комплекс памяці загінуўшых у час землетрасення 1948 у с. Кіпчак.
Да арт. Туркменістан. Б.​Нуралі. Партрэт Халіджы. 1926.
Да арт. Туркменістан. А.​Хаджыеў. Партрэт Махтумкулі. 1947.
Да арт. Туркменістан. Дыван-пано «Свята Перамогі» паводле эскіза М.​Фядуры. 1947.

т. 16, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБЕКІСТА́Н (Ўзбекистон), Рэспубліка Узбекістан (Ўзбекистон Республикаси),

дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн і ПнЗ з Казахстанам, на ПдЗ з Туркменістанам, на ПдУ з Таджыкістанам, на ПнУ з Кыргызстанам, на Пд з Афганістанам; на ПнЗ абмываецца Аральскім м. Пл. 447,4 тыс. км². Нас. 24 755 тыс. чал. (2000). Сталіца — г. Ташкент. У складзе У. 12 вілаетаў (абласцей) і Рэспубліка Каракалпакстан. Дзярж. мова — узбекская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 вер.).

Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992 (са зменамі і дапаўненнямі 2002). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным, прамым і тайным галасаваннем на 7 гадоў з правам перавыбрання. Прэзідэнт адначасова з’яўляецца старшынёй Кабінета міністраў; ён назначае прэм’ер-міністра і членаў урада. Вышэйшы прадстаўнічы орган, які ажыццяўляе заканад. ўладу, — двухпалатны Олій Мажліс (складаецца з Сената і Заканад. палаты).

Прырода. У. размешчаны ў міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і. Большую ч. тэр. займаюць раўніны, пераважна Туранская нізіна, у межах якой вылучаюцца плато Усцюрт (выш. да 292 м), алювіяльная раўніна Амудар’і з астанцовымі ўзв. Кубетау, Мангыр, Тузкыр і ўзвышаная раўніна пустыні Кызылкум з ізаляванымі гарамі Букантау (764 м), Кульджуктау (785 м), Тамдытау (922 м). Горы, перадгор’і і міжгорныя ўпадзіны складаюць каля 20% тэр. На крайнім ПдУ адгор’і Зах. Цянь-Шаня (хр. Пскемскі — выш. да 4299 м, г. Бештор; Каржантау, Угамскі, Чаткальскі, Курамінскі). Ферганская даліна аддзяляе Цянь-Шань ад Гісара-Алая (хр. Алайскі, Туркестанскі, Зераўшанскі). На Пд Кашкадар’інская і Сурхандар’інская ўпадзіны, падзеленыя Гісарскім хр. (выш. да 4643 м, г. Хазрэт Султан). Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: вісмутавыя, медныя, поліметал. руды, вальфрам, золата, прыродны газ, нафта, каменны і буры вугаль, плавікавы і палявы шпат, графіт, сера, кварц, вапнякі, вырабныя і паўкаштоўныя камяні. Крыніцы тэрмальных вод. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C на плато Усцюрт да 3 °C на ПдУ, ліп. адпаведна 26 °C і 32 °C; у Тэрмезе зарэгістравана т-ра паветра 49,6 °C. Ападкаў ад 80—250 мм на раўнінах да 1000 мм у гарах. Невял. ледавікі ў гарах. Гал. рэкі: Сырдар’я з прытокам Чырчык і Амудар’я з прытокамі Сурхандар’я, Шэрабад, Кашкадар’я, Зераўшан. Найб. возера — Аральскае мора, шмат поймавых і дэльтавых азёр, вадасховішчаў. Каля 171 тыс. км арашальных каналаў. Гая. каналы: Эскіянхорскі, Вялікі Ферганскі канал, Паўн. і Паўд. Ферганскі, Мірзачульскі, Ташкенцкі. Глебы на раўнінах шэра-бурыя пустынныя, пяскі, такыры і саланчакі; у перадгор’ях і міжгорных далінах — шэразёмы; у гарах — карычневыя і бурыя. На раўнінах пераважае расліннасць пустынь (палын, салянкі, чорны саксаул), па далінах рэк — тугайныя лясы. У перадгор’ях — эфемеры, сухі разнатраўны стэп, паўхмызнякі хмызнякі (міндаль, фісташкі, курчаўка, вішарнік). Сярэднягор’і заняты лугава-лясной расліннасцю, дзе сярод разнатраўя і хмызнякоў (бружмель, барбарыс, шыпшына) трапляюцца арча, грэцкі арэх, клён, вішня, алыча, яблыні і інш. Пад лесам каля 2% тэр. У высакагор’ях — ціпчаковыя стэпы. Жывёльны свет пустынь: суслікі, тушканчыкі, заяц-талай, воўк, чарапаха, агамы, вараны, гюрза; характэрны скарпіёны, фалангі, тарантулы, маскіты і інш.; з птушак — саксаульная сойка, буланы казадой, пустынны верабей, валасянкі. У тугайных лясах — дзік, чаротавы кот, шакал; з птушак — чаплі, фазаны, качкі. У гарах — вінтарогі казёл, горны баран, барс; з птушак — кеклік, улар, арлы, грыфы. 9 запаведнікаў, у т. л. Чаткальскі, Гісарскі, Бадай-Тугай; 9 заказнікаў, Заамінскі і Угам-Чаткальскі нац. паркі, 2 дзярж. помнікі прыроды.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — узбекі (80%). Жывуць таксама рускія (5,5%), таджыкі (5%), казахі (3%), каракалпакі (2,5%), татары (1,5%) і інш. Мусульмане-суніты — 88%, праваслаўныя хрысціяне — 9%. Сярэдняя шчыльн. 55,3 чал. на 1 км². Самы густанаселены раён — Ферганская даліна, асабліва Андыжанскі (522 чал. на 1 км²), Ферганскі (340) і Наманганскі (261 чал. на 1 км²) вілаеты. Гар. насельніцтва 37%. Найб. гарады (тыс. чал., 2000): Ташкент (2148), Самарканд (361), Наманган (336), Андыжан (334), Бухара (239), Фергана (185). У эканоміцы занята (1999) 8,9 млн. чал., у т. л. ў прам-сці 19,8%, сельскай і лясной гаспадарцы 35,8%, у абслуговых галінах 44,4%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. У. вядомы з эпохі палеаліту (грот Тэшык-Таш з пахаваннем хлопчыка-неандэртальца і інш.). У 4—3-м тыс. да н.э. тут існавала неалітычная кельтэмінарская культура, на позніх этапах якой пачаўся пераход да земляробства і жывёлагадоўлі. У эпоху бронзы ўзнікла штучнае арашэнне. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. тэр. У. насялялі іранскамоўныя плямёны, якія стварылі шэраг дзярж. утварэнняў — Бактрыю, Согд Харэзм, у стэпах і пустынях жылі качэўнікі-жывёлаводы сакі. У 6 ст. да н.э. тут усталявана ўлада Ахеменідаў дзяржавы. У 329—327 да н.э. ў Согд і Бактрыю ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага і заваявалі іх пасля доўгага змагання з мясц. насельніцтвам на чале са Спітаменам. Каля 250 да н.э. намеснік Селеўкідаў у Бактрыі стварыў Грэка-Бактрыйскае царства, якое ў сярэдзіне 2 ст. да н.э. знішчылі тахары. У 1 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. тэр. У. ў складзе Кушанскай дзяржавы. У 5 ст. тут усталявана ўлада эфталітаў, у 560-я г. — цюркаў з Заходне-Цюркскага каганата. У пач. 8 ст. пачаліся арабскія заваяванні. У 712 арабы заваявалі Харэзм і раён паміж рэкамі Амудар’я і Сырдар’я, які назвалі Маверанахр. Мясц. насельніцтва супраціўлялася заваёўнікам, найбуйнейшым было Муканы паўстанне ў 770—780-я г. З таго часу ва У. пашырыўся іслам, які хутка выцесніў мясц. рэлігіі (будызм, зараастрызм, маніхейства, хрысціянства). Панаванне арабаў у 9 ст. змянілася ўладай мясц. дынастый, утворана Саманідаў дзяржава са сталіцай у г. Бухара. У 999 яна заваявана аб’яднаннем цюркскіх плямён на чале з дынастыяй Караханідаў, тэр. У. апынулася пад уладай адной з цюркскіх дынастый — Газневідаў. Пачалося фарміраванне цюркскай народнасці, якая пазней атрымала назву узбекаў. У канцы 11 ст. Караханідаў дзяржава трапіла ў залежнасць ад сельджукаў, З 12 ст. — каракітаяў. З канца 12 ст. пачалося ўзвышэнне Харэзмшахаў дзяржавы, правіцелі якой у пач. 13 ст. аб’ядналі пад сваёй уладай Сярэднюю Азію і Іран. У 1219—21 у Сярэднюю Азію ўварваліся манголы (гл. Мангольскія заваяванні), якія спустошылі краіну. Большая ч. тэр. У. ўвайшла ў склад Джагатайскага (Чагатайскага) улуса. які ў пач. 14 ст. распаўся на дробныя ўладанні. У канцы 14 ст. ўтварылася дзяржава Цімура (1336—1405) са сталіцай у г. Самарканд. У 15 ст. дзяржава Цімурыдаў дасягнула росквіту, асабліва Самарканд у час кіравання Улугбека [1409—49]. На мяжы 15—16 ст. уладанні Цімурыдаў заваяваны плямёнамі узбекаў на чале з Шэйбані-ханам, якія далі сваю назву цюркскай народнасці, што ўжо склалася на тэр. У. Паступова ўтварыліся 3 дзяржавы на чале з узб. дынастыямі: Бухарскае ханства (з сярэдзіны 18 ст. Бухарскі эмірат), Хівінскае ханства і Какандскае ханства (з канца 18 ст.). Найб. моцнае з іх Какандскае ханства ў 1-й пал. 19 ст. праводзіла актыўную заваёўніцкую палітыку зямель кіргізаў і казахаў. Рух какандцаў прывёў да сутыкнення на Пн з сустрэчнай рас. экспансіяй у напрамку Сярэдняй Азіі. У 1853 рас. войскі авалодалі какандскай крэпасцю Ак-Мячэць (цяпер Кзыл-Арда), а з 1864 пачалі наступленне на гал. цэнтры Какандскага ханства. У 1864 рас. армія заваявала Ташкент, а ў 1867 прымусіла какандцаў прызнаць вярх. ўладу Расіі. Пасля кароткачасовай вайны рас. пратэктарат у 1868 прызнаў Бухарскі эмірат, а ў 1873 і Хівінскае ханства. У 1866 створана Туркестанскае ген.-губернатарства са сталіцай у Ташкенце. Пасля Какандскага паўстання 1873—76 Какандскае ханства скасавана. Пад прамым рас. кіраваннем ген.-губернатар К.П.Каўфман правёў зямельную рэформу, што спрыяла развіццю рыначных адносін. Будаваліся чыгункі. Неўзабаве У. стаў гал. раёнам вытв-сці бавоўны ў Расіі (потым СССР). Пагаршэнне становішча насельніцтва ў час 1-й сусв. вайны прывяло да Сярэднеазіяцкага паўстання 1916.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на тэр. У. створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова пачалі фарміравацца нац. узб. арганізацыі «Шура-і-Іслам», «Шура-і-Улема». 14.11.1917 улада ў Ташкенце перайшла да Савета на чале з бальшавікамі. Адначасова ў Какандзе лідэры узб. нац. арг-цый стварылі ўласны ўрад — Какандскую аўтаномію (ліквідавана ў лют. 1918 Чырв. Арміяй) 30.4.1918 абвешчана Туркестанская Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У лют. 1920 Чырв. Армія скінула хівінскага хана, створана Харэзмская Народная Савецкая Рэспубліка; у вер. 1920 скінуты бухарскі эмір і абвешчана Бухарская Народная Савецкая Рэспубліка. Да 1926 працягвалася змаганне з басмацтвам. У 1921—22 і 1926—29 тут праведзена зямельна-водная рэформа. 27.10.1924 рашэннем ЦВК СССР створана Узб. ССР. 1-ы Устаноўчы з’езд Саветаў У. (13 17.2.1925) прыняў Дэкларацыю пра дзярж. суверэнітэт Узб. ССР. У 1929 пачалася прымусовая калектывізацыя, што прывяло да новага ўздыму басмацкага руху. За гады сав. улады ва У. створана буйная прам-сць, узнікла узб. інтэлігенцыя, якая імкнулася пашыраць культуру ў масы. У Вял. Айч. вайну ва У. эвакуіравана больш за 90 прадпрыемстваў і ўстаноў, у т. л. з Беларусі; каля 200 тыс. дзяцей. Больш як 280 воінам з У. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 18 чал. за вызваленне Беларусі. Разам з дасягненнямі да 1980-х г. нарасталі негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя з монакультурай бавоўны, абмяленнем Арала. 20.6.1990 Вярх. Савет Узб. ССР прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, а 31.8.1991 абвясціў дзярж. незалежнасць У. Урад прэзідэнта І.А.Карымава праводзіць палітыку развіцця рыначных адносін і ўмацавання эканам. сувязей з інш. краінамі, курс на пабудову свецкай дзяржавы. У. — чл. ААН (з 1992), Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.2.1993.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Ва У. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.-дэмакр. партыя У., Нац.-дэмакр. партыя У. «Фідакарлар», Дэмакр. партыя нац. адраджэння, Сацыял-дэмакр. партыя У. «Адалат» («Справядлівасць»), Узбекістан «Халк бірлігі» харакаці (Рух «Народнае адзінства»).

Гаспадарка. У. — індустр.-аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 46,3 млрд. дол. (2,3 тыс. дол. на 1 чал.). Прыярытэтныя галіны эканомікі — нафтавая і газавая, апрацоўчая, сельская гаспадарка, электраэнергетыка, металургія, машынабудаванне, хімічная. На долю прамысловасці і буд-ва прыпадае каля 30% ВУП. У краіне каля 11 тыс. прадпрыемстваў. Паліўна-энергет. комплекс уключае здабычу нафты і прыроднага газу (нафтагазаносныя раёны — Усцюрцкі, Бухара-Хівінскі, Паўд.-Зах.-Гісарскі, Ферганскі, Сурхандар’інскі; газавыя радовішчы — Шуртанская і Мубарэкская групы), бурага вугалю (Ангрэнскае, Шаргунскае і Байсунскае радовішчы, агульныя запасы 2 млрд. т). У 2000 здабыта нафты 8,1 млн. т, газу 55,6 млрд. м³, вугалю 3,8 млн. т. Перапрацоўка нафты на Алтыарыкскім, Бухарскім і Ферганскім з-дах, газу — на Шуртанскім і Мубарэкскім з-дах. Аснову энергетыкі складаюць ЦЭС, якія працуюць пераважна на газе (Ташкенцкая, Сырдар’інская, Тахіяташская ДРЭС) і ГЭС (каскад ГЭС на р. Чырчык, Фархадская на р. Сырдар’я). 37 электрастанцый, вытв-сць электраэнергіі 45,3 млрд. кВт∙гадз (1999). Каляровая металургія грунтуецца на мясц. сыравіне. Здабыча і перапрацоўка медных і поліметал. руд на Ангрэн-Алмалыкскім вузле. Вытв-сць канцэнтрату вальфраму і малібдэну ў Чырчыку, золата і рэдказямельных металаў на Наваійскім горна-металургічным камбінаце. У. займае 5-е месца ў свеце па запасах і 7-е месца па здабычы золата. Чорная металургія прадстаўлена з-дам у г. Бекабад. Гал. спецыялізацыя машынабудавання — с.-г. машынабудаванне: вытв-сць машын для баваўнаводства (трактары, сеялкі, бавоўнаўборачныя машыны) і бавоўнаачышчальнага абсталявання, тэхнікі для шаўкаводства, абсталявання для тэкст., нафтахім. і газавай прам-сці, машын для ірыгацыі (Ташкент, Каканд, Андыжан). Развіта авіяц. прам-сць (вытв-сць грузавых і пасаж. самалётаў маркі «Іл» і на іх базе палівазаправачных, сан. і пажарных мадэлей самалётаў) у Ташкенце. Аўтамабілебудаванне: узб.-кар. прадпрыемства «УзДэу» (г. Асака) і узб.-тур. прадпрыемства па вытв-сці аўтобусаў (г. Самарканд). Хім. прам-сць: вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў (Чырчык, Самарканд, Фергана, Наваі), хім. валакна (Фергана), пластмас (Ташкент, Джызак), гумава-тэхн. вырабаў, быт. хіміі, лакаў і фарбаў (Алмалык, Наманган, Ташкент), медыкаментаў (Ташкент). Гідролізныя з-ды ў Андыжане, Фергане, Янгіюлі. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, цэглы, вапны, керамікі, шыферу, жалезабетонных вырабаў) у Бекабадзе, Ангрэне, Наваі, Ташкенце. Важнае месца ў прам-сці займаюць традыц. галіны: лёгкая (каля 40% прамысл. прадукцыі), у т. л. бавоўнаачышчальная (1,3 млн. т. бавоўнавалакна; Андыжан, Бухара, Янгіюль і інш.), баваўняная (Бухара), шаўковая (Маргілан, Наманган і інш.), шарсцяная (Хіва), дывановая (Бухара), гарбарна-абутковая (Каканд, Фергана), швейная; харчасмакавая (алейная, масласыраробная, мясная, мукамольная, крупяная, плодаагароднінакансервавая, вінаробная, тытунёвая, рыбная). Нар. маст. промыслы. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі У. (31,7% ВУП), забяспечвае 70% унутр. тавараабароту і 55% валютных паступленняў. Недзярж. сектар дае калі 95% с.-г. прадукцыі. С.-г. ўгоддзі займаюць (млн. га, 2000) 23,5, у т. л. ворныя землі 4,1, сенажаці 0,1, пашы 18,9; арашаецца каля 4,2. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — арашальнае земляробства (55,2% с.-г. прадукцыі). Пасяўныя пл. (тыс. га, 2000) 3778, у т. л. пад збожжавымі 1610, тэхн. 1510 (бавоўнік 1440), кармавымі 429 (люцэрна 220), бульбай, агароднінай і бахчавымі 219. Гал. спецыялізацыя сельскай гаспадаркі — баваўнаводства на паліўных землях. Найб. пасевы ў далінах Ферганскай, Сырдар’і і Зераўшана, нізоўях Амудар’і. У паўд. раёнах (Бухарскі, Кашкадар’інскі і Сурхандар’інскі вілаеты) вырошчваюць тонкавалакністыя гатункі бавоўніку. У. займае 1-е месца ў СНД па зборы бавоўны-сырцу (3 млн. т) і 2-е месцаў свеце па экспарце бавоўны. З тэхн. культур вырошчваюць таксама кенаф, тытунь, цукр. трыснёг. У апошнія гады павялічваюцца пасяўныя плошчы і збор збожжавых культур. Рыс, кукурузу, джугару вырошчваюць на паліўных землях; пшаніцу, ячмень і інш. — на багарных. Развіты агародніцтва, бахчаводства, бульбаводства, пладаводства (абрыкосы, персікі, яблыкі, вішні, гранат, інжыр. хурма, міндаль), вінаградарства. Збор (тыс. т, 2000): збожжа 3924, агародніны 2644, бульбы 731, садавіны 204, вінаграду 120, бахчавых 5, тытуню 24. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Асн. раён каракулегадоўлі — пустыня Кызылкум, танкарунная і мяса-сальная авечкагадоўля ў перадгорных і горных раёнах. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу мяснога і мяса-малочнага кірунку, свіней, коз, коней, вярблюдаў. Птушкагадоўля. Гал. раёны вытв-сці прадукцыі жывёлагадоўлі — Бухарскі, Кашкадар’інскі, Сурхандар’інскі, Самаркандскі, Джызакскі вілаеты і Каракалпакстан. Пагалоўе (млн. галоў, 1998): авечак 8,6, буйн. раг. жывёлы 5,2, свіней 0,2, коз 0,7, птушак 12,3. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 841 тыс. т, малака 3632,5 тыс. т, шкурак каракуля 1,5 млн. штук, грубай авечай воўны 18 тыс. т Шаўкаводства пашырана ў Ферганскай даліне (каля 30 тыс. т коканаў штогод). Рыбалоўства. Зверагадоўля. Асн. від транспарту — чыгуначны (80% грузаабароту). Даўж. чыгунак 3,5 тыс. км, у т. л. электрыфікавана 500 км. Даўж. аўтадарог 43,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 42 тыс. км. Суднаходства па р. Амудар’я. 13 аэрапортаў. 9 буйных газаправодаў (даўж. больш за 4 тыс. км). Курорты: Ташкенцкія мінер. воды, Чартак, Чыміён, Шахімардан. Замежны турызм (даход 21 млн. дол.). Экспарт (3,8 млрд. дол., 1998): бавоўнавалакно, прыродны газ, электраэнергія, каляровыя металы, харч. прадукты. Імпарт (4,1 млрд. дол., 1998): машыны абсталяванне, лес, спажывецкія тавары Асн. гандл. партнёры: Расія, Паўд. Карэя, Турцыя, Германія, ЗША, Італія, Туркменістан. Рэспубліка Беларусь экспартуе ва У. трактары, шыны, імпартуе бавоўнавалакно. Грашовая адзінка — сум.

Узброеныя сілы налічваюць 58 тыс. чал. (2000). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, спец. войск і нац. гвардыі. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 12 месяцаў. У сухап. войсках больш за 35 тыс. чал., у ВПС і ППА каля 9 тыс. чал., у спец. войсках і нац. гвардыі больш за 10 тыс. чал. На ўзбраенні каля 950 танкаў і баявых браніраваных машын, больш за 100 рэактыўных сістэм залпавага агню, каля 500 артыл. гармат, 150 баявых самалётаў, каля 130 верталётаў і інш.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне дзярж., платнае, прыватнае. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 67 гадоў (2001). Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс. чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост — 1,8%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 120 чал., урачамі — 1 на 302 чал. Дзіцячая смяротнасць — 72 на 1 тыс. нованароджаных (2001).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульная (школьная) адукацыя складаецца з 3 ступеней: пачатковая (1—4 кл.), абавязковая (5—9 кл.) і сярэдняя (10—11 кл.). Выкладанне вядзецца на узб., рус., каз., кірг., каракалпакскай, тадж., карэйскай і інш. мовах. Сярэднюю спец. адукацыю можна атрымаць і ў спецыялізаваных каледжах і акад. ліцэях. Сістэма вышэйшай адукацыі прадугледжвае: няпоўную вышэйшую адукацыю (выдаецца дыплом малодшага спецыяліста пэўнай кваліфікацыі); базавую вышэйшую адукацыю (прысвойваецца ступень бакалаўра); закончаную вышэйшую адукацыю (прысвойваецца ступень магістра). У 2002/03 навуч. г. ва У. 63 ВНУ, у т. л. 20 ун-таў. Буйнейшыя ВНУ: Нац. ун-т У., пед. і аграрны ун-ты, электратэхн. ін-т сувязі, мед. № 1 і № 2 ін-ты — усе ў Ташкенце; ун-ты ў гарадах Нукус і Самарканд. Буйнейшыя б-кі: Каракалпакстанская рэсп. (г. Нукус), абл. навук.-універсальныя ў гарадах Ташкент, Андыжан, Бухара, Наманган, Самарканд, Тэрмез, Фергана, Ургенч і інш.; Рэсп. дзіцячая і Рэсп. цэнтр. для сляпых у Ташкенце. Найб. музеі: Нац. гісторыі У., Літ. імя А.​Наваі, гісторыі Цімурыдаў, алімпійскай славы, мастацтваў, прыкладнога мастацтва, прыроды, Дом-музей У.​Тансыкбаева — усе ў Ташкенце; мастацтваў Рэспублікі Каракалпакстан (г. Нукус), арх.-маст. музей-запаведнік (г. Бухара), археал. (г. Тэрмез), музей-запаведнік «Ічан-Кал’а» (г. Хіва) і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Нац. АН (засн. ў 1943), галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і інш. ВНУ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ва У. выдавалася каля 460 газет і часопісаў, з іх больш за 200 на узб. мове. Найб. тыраж маюць «Правда Востока» (з 1917, на рус.), «Халк сузи» («Народнае слова», з 1991, на узб. і рус. мовах). Інфарм. агенцтва — Нац. інфарм. агенцтва У. (УзА, з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Дзярж. к-т па справах радыё і тэлебачання. Радыёвяшчанне з 1927. Перадачы вядуцца па 3 праграмах на узб., рус., тадж., каз., тат., каракалп., уйгурскай мовах, з 1947 і на замежжа. Тэлебачанне з 1956. Перадачы вядуцца па 3 праграмах на узб., рус., каз. мовах, рэтрансліруюцца перадачы з Масквы, Бішкека, Душанбе. Дзейнічае сетка абл. тэлевізійных станцый.

Літаратура. Развіваецца на узбекскай мове. Вытокі яе ў багатым узб. фальклоры (дастаны, казкі, песні, нар. драма і інш.). Найб. пашыраны эпічны жанр — дастан, звязаны з гісторыяй народа. Вядомы літ. апрацоўкі казачных сюжэтаў (запісана каля 300 тэкстаў), складзеных нар. сказіцелямі: гераічныя эпасы «Алпамыш», «Айслу»; героіка-рамант. «Гораглы», «Рустамхан»; раманічныя «Арзігуль», «Тахір і Зухра»; воінскія «Юсуф і Ахмед», «Алібек і Балібек»; гіст. «Талганай», «Тулумбек»; літ. паходжання «Фархад і Шырын», «Лейлі і Меджнун» і інш. Першыя помнікі узб. пісьменнасці (на цюрк. мове) дайшлі з 11 ст.: дыдактычная паэма Ю.​Баласагуні «Веды, што даюць шчасце» (1069), праца М.​Кашгары «Слоўнік цюркскіх гаворак» (1072—74), насычаная фалькл. матэрыялам, кн. А.​Югнакі «Дар ісцін» (канец 12 — пач. 13 ст.). У 14—15 ст. паявіліся творы на стараузб. мове: рамант. паэмы «Юзуф і Зулейха» Дурбека, «Гуль і Наўруз» Лутфі (1411), творы Атаі, Сакакі і інш. Росквіту узб. л-ра дасягнула ў творчасці паэта-гуманіста Наваі. У 16—19 ст. фалькл. і літ. сюжэты апрацоўвалі паэты Меджлісі, Саадзі, Нішаці Харэзмі, Салахі, Сайкалі, Надзіра і інш. Узнікла маст. проза: апавяданні Хаджы (16 ст.), мемуарныя творы Б.​Абу-ль-Газі (17 ст.), алегарычная аповесць «Апавяданні пра Саву, або Прыказкі» М.​Гульхані (канец 18 — пач. 19 ст.); развіваліся лірыка Муніса Харэзмі (канец 18 — пач. 19 ст.), сатыр. паэзія ў творах З.Бабура, Б.​Машраба, Турдзі, М.​Махмура, М.​Агахі. З далучэннем Сярэдняй Азіі да Расіі (2-я пал. 19 ст.) перадавая рус. грамадска-эстэт. думка паўплывала на паэтаў М.Мукімі, Фурката, У.​Заўкі, А.Аваза, у творчасці якіх паглыбіліся рэалізм і народнасць. Пачынальнікі узб. сав. л-ры — Х.Хамза і Айні. У 1920-я г. выступілі маладыя паэты Гафур Гулям, Айбек, Уйгун, А.Кахар, Алімджан Хамід, К.Яшэн. Развіваліся маст. проза (раманы А.Кадыры, аповесці і апавяданні Айдын, Гайраці, Уйгуна), драматургія (п’есы Хамзы, Яшэна). У 1930-я г. з прыходам у паэзію М.Шэйхзадэ, С.Джуры, У.​Насыра, Зульфіі, Міртэміра, Абдулы Сабіра пашырылася яе тэматыка, узбагацілася жанрава-стылявая палітра. У прозе выступалі Кадыры, Кахар, Х.​Шамс, Айбек, Айдын, у драматургіі — Яшэн, Н.Сафараў. У Вял. Айч. вайну пераважала публіцыст. паэзія (Гафур Гулям, Алімджан Хамід, Уйгун, Шэйхзадэ і інш.). Пасляваен. л-ра стала больш разнастайнай па тэматыцы, жанрах і формах. Навелістыка і публіцыстыка ваен. гадоў у пэўнай ступені падрыхтавалі асэнсаванне воінскага подзвігу народа ў эпічных жанрах — аповесці і рамане («Сапраўднае каханне» І.Рахіма, «Сонца не згасне» Айбека, «Гады ў шынялях» Шухрата, «Гарызонт» Саіда Ахмада). У 1950—60-я г. ў л-ры пераважалі тэмы вёскі (раманы Айбека, Кахара, Рахіма), гіст.-рэв. (творы Х.Гуляма, М.​Ісмаілі), пераемнасці рэв.-гіст. і культ. традыцый (А.Мухтар), духоўнага аблічча сучасніка (раманы П.Кадырава, А.Якубава, Мірмухсіна і інш.). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі аповесць (Саід Ахмад, Мухтар, У.​Умарбекаў, Кадыраў, Якубаў, С.​Зунунава, Х.Назір), мемуарная л-ра (Айбек, Кахар, Сафараў), зарадзіўся жанр паэмы (Т.​Тула, Мірмухсін, Х.​Гулям, М.​Бабаеў і інш.). Традыцыі узб. драматургіі прадоўжылі І.​Султан, Сафараў, Кахар, С.​Азімаў і інш. У 1990-я — пач. 2000-х г. у л-ры плённа працавалі празаікі Кадыраў, Якубаў, Мірмухсін, Умарбекаў; паэты Э.​Вахідаў, А.​Арыпаў, Шукруло і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў У.

На бел. мове выдадзены кнігі узб. казак «Узбекскія народныя казкі» (1959), «Дзве сястры» (1966), «Кемлівыя браты» (1981, пер. І.​Сакалоўскі); анталогіі паэзіі «Спявае Узбекістан» (1962) і «Сонца ў арыках» (1966); зб-кі «Узбекскія апавяданні» (1966), «Вясёлка над арыкам» (1986), «Другі перавал» (1990, пер. В.​Іпатава, М.​Філіповіч, У.​Яцко); кнігі паэзіі «Лірыка» (1967) і «Такое сэрца ў мяне» Зульфіі (1985, пер. Э.​Агняцвет), «Яблык на ўсіх» П.​Муміна (1986, пер. Іпатава); раманы і аповесці «Мацней за буру» Ш.Рашыдава (1963, пер. П.​Кавалёў і А.​Кулакоўскі), «Зялёная горка» Умарбекава (1976, пер. М.​Татур), «Чарадзейная шапка» (1976) і «Канец Жоўтага Дзіва» Х.​Тухтабаева (1983, абедзве пер. З.​Петрушэня і Л.​Цяляк), «Кроў на камені» Я.​Шукурава (пер. У.​Шахавец) і «Вогненная рака ў пясках» Назіра (пер. Цяляк, абедзве 1977), «Яго вялікасць Чалавек» Р.Файзі (1978, пер. Кулакоўскі), «Дні праклёну і дні надзеі» Сафарава (1982, пер. А.​Жук), «Пагорак з цюльпанамі» Л.​Махмудава (1985, пер. Петрушэня і Цяляк). У бел. перыёдыцы друкаваліся пераклады твораў М.​Абдукарымава, М.​Алі, Арыпава, Э.​Ахунавай, Гафура Гуляма, Х.​Даўрона, Дж.​Джабарава, Г.​Джураевай, Зульфіі, Т.​Ільхамава, М.​Карыева, А.​Матчана, А.​Мухтарава, Наваі, Назіра, А.​Раджабава, А.​Умары, Р.​Фархадзі, Х.​Шарыпава, Шукруло, Якубава і інш. Сярод перакладчыкаў узб. пісьменнікаў на бел. мову: Р.​Барадулін, С.​Блатун, В.​Вітка, С.​Грахоўскі, А.​Грачанікаў, В.​Жуковіч, П.​Кавалёў, М.​Калачынскі, І.​Калеснік, С.​Ліхадзіеўскі, В.​Лукша, М.​Маляўка, Я.​Міклашэўскі, С.​Міхальчук, А.​Разанаў, Ю.​Свірка, У.​Скарынкін, П.​Стэфановіч, М.​Танк, К.​Цвірка, М.​Чарняўскі і інш.

Архітэктура. Гарады на тэр. У. ўзніклі ў 1-м тыс. да н.э. Многія з іх у 4 ст. да н.э. былі рэгулярна спланаваныя, абкружаныя магутнымі сценамі з вежамі і брамамі (Тэрмез, Тапрак-Кала). Будавалі з сырцу і пахсы, з бэлечнымі перакрыццямі, часам ужывалі скляпенні, на Пд — каменныя абліцовачныя блокі і пліты. У часы Кушанскага царства ўзводзілі будыйскія манастыры (Айртам, Кара-Тэпе), храмы мясц. культаў (Кой-Крылган-Кала). Для 6—8 ст. характэрны масіўныя 2-павярховыя замкі-кёшкі са скошаным цокалем, гладкімі ці «гафрыраванымі» сценамі, палацы з параднымі заламі, дамы і храмы, аздобленыя сценапісамі і скульптурай. Сярэдневяковыя гарады мелі планы няправільных абрысаў і стыхійную забудову, уключалі цытадэль, кёшк, гар. ядро — шахрыстан, часам прадмесце — рабат (Самарканд, Бухара, Варахша). Ва ўжытак уведзены абпаленая, часам і глазураваная цэгла, скляпеніста-купальныя канструкцыі; у дэкоры выкарыстоўвалі традыц. разьбу па стука і дрэве, фігурную цагляную муроўку, абліцовачныя пліткі, у інтэр’еры — арнаментальныя размалёўкі. У 9—12 ст. выпрацавалася тыпалогія мусульм. культавага і грамадз. дойлідства (мячэці, маўзалеі, медрэсэ, мінарэты, караван-сараі, крытыя рынкі). Вар’іраваліся тыпы калоннай купальнай (Чар-Сутун у Тэрмезе) і партальнай (Магакі-Атары ў Бухары) мячэці, загараднай мячэці («намазга»), кругластваловых мінарэтаў з цаглянай узорыстай муроўкай (Джаркурган, Бухара), цэнтральна-купальных маўзалеяў (Араб-ата ў с. Тым), парных купальных пахавальняў (ансамбль Султан-Саадат у Тэрмезе). Пашырана сістэма планіроўкі з вял. унутр. дваром (палац уладароў у Тэрмезе; караван-сарай Рабаці-Малік каля г. Наваі). Архітэктура 14—15 ст. вылучалася маштабнасцю (свецкія, культавыя; мемар. ансамблі Рэгістан у Самаркандзе, Шахі-Зінда, у Шахрысабзе), новымі інж. вырашэннямі, багаццем паліхромнага дэкар. ўбрання (Тур-Эмір, Бібі-Ханым у Самаркандзе). У манум. архітэктуры пашырыўся тып будынка з 2—4-айванным дваром і багата дэкарыраваным парадным уваходам-пештаком (мячэці і медрэсэ ў Бухары, Самаркандзе, палац у Шахрысабзе), комплексы маўзалеяў (Ішрат-хана і Аксарай у Самаркандзе). Фасады будынкаў аздаблялі шматколернай наборнай керамічнай мазаікай, інтэр’еры — размалёўкамі арнаментальнай з пазалотай і рэльефнай («кундаль»). У 16—17 ст. завершаны парадныя арх. ансамблі ў Бухары і Самаркандзе. З канца 18 ст. ўзводзілі традыц. культавыя будынкі і палацы (у Хіве, Бухары, Какандзе) з выкарыстаннем кампазіцыйных прыёмаў нар. жылля і з пышным дэкорам. Паводле рэгулярных планаў будаваліся новыя гарады (Фергана) і развіваліся старыя. Для нар. архітэктуры 18 — пач. 20 ст. характэрны дамы з рассоўнымі сценамі і аканіцамі, дэкар. сценавымі нішамі і разьбой па ганчы, замкнёны дворык з айванамі на драўляных калонах, айваны з фігурнымі калонамі, насценнымі размалёўкамі і разьбой. Вясковыя сядзібы часта імітавалі формы крапасной архітэктуры. У канцы 19 — пач. 20 ст. будавалі ў духу эклектычнай еўрап. архітэктуры. Грамадскія будынкі 1-й пал. 20 ст. ў стылях канструктывізму і неакласіцызму (Дом урада ў Ташкенце, арх. С.​Палупанаў), з элементамі манум. сярэдневяковага дойлідства і нар. жытла. Узорным стаў будынак Вял. т-ра оперы і балета ў Ташкенце (арх. А.​Шчусеў), у якім класічныя формы спалучаны з традыц. сярэднеазіяцкім дэкорам. У 1960—70-я г. асвоена буйнаблочнае шматпавярховае домабудаўніцтва з улікам клімату і сейсмічнасці. Пасля землетрасення 1966 Ташкент адноўлены з улікам прынцыпаў сучаснай планіроўкі, з 1977 дзейнічае метрапалітэн. Архітэктура 1980—90-х г. адметная функцыянальнасцю прасторавых кампазіцый і аб’ёмаў, выкарыстаннем манум. жывапісу, скульптуры, традыц. нар. арх. дэкору: у Ташкенце — Палац мастацтваў (1962—64, арх. У.​Бярэзін і інш.), гасцініцы «Узбекістан» (1974, арх. І.​Мерпарт і інш.), «Масква» (1982, арх. У.​Співак); гасцініца «Самарканд» (1971, арх. А.​Айдынава і інш.), мемар. комплекс Імана Аль-Бухары ў Самаркандзе. у 1934—35 засн. Саюз архітэктараў У.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найстараж. помнікі мастацтва на тэр. У. адносяцца да эпохі мезаліту (наскальныя размалёўкі вохрай у цясніне Зараут-Сай). З часоў неаліту вядомы ляпная кераміка з грубаватым пазногцевым або прамаляваным арнаментам, петрогліфы з выявамі жывёл. У эпоху бронзы развівалася маст. ліццё, у кераміцы земляробчых паселішчаў і стэпавых плямён пашырыўся геам. арнамент. Ахеменідскаму мастацтву блізкія вырабы канца 1-га тыс. да н.э. (мармуровая скульпт. капітэль з Султануіздага, гемы з Афрасіяба); асобныя ўзоры дробнай пластыкі маюць рысы «звярынага стылю». У 4 ст. да н.э. ў выяўл. мастацтве складваліся лакальныя стылі (манум. скульптура і размалёўкі Дальверзін-Тэпе, Айртама, Халчаяна, Тапрак-Калы, Ер-Кургана; карапластыка Бактрыі, Согда, Харэзма). У 6 — пач. 8 ст. ў разьбе па стука і дрэве (Афрасіяб, Джумаляк-Тэпе, Варахша) плоскасны рэльеф змяніўся на аб’ёмныя пластычныя формы. Традыцыі будыйскай пластыкі ўвасобіліся ў скульптуры храма Кувы (Фергана). Манум. размалёўкі вылучаюцца плоскаснасцю і дэкаратыўнасцю, складаным лінеарным малюнкам, багаццем колеравых спалучэнняў (Балалык-Тэпе, Афрасіяб, Варахша). З паяўленнем ісламу змяніўся арнамент. Пашырылася дэкар.-прыкладное мастацтва (шкларобства, кераміка, ткацтва і інш.). У канцы 14—15 ст. інтэр’еры размалёўваліся арнаментальнымі ўзорамі, у т. л. з пазалотай, з 2-й пал. 15 ст. пашырылася рэльефная на глінянай аснове шматколерная з пазалотай размалёўка «кундаль». У 16—17 ст. дасягнулі росквіту сярэднеазіяцкая школа мініяцюры, традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 18 — сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ткацтва, набіванка, вышыўка, залатое шыццё, дыванаткацтва, выраб насценных пано — сюзанэ, апрацоўка скуры, маст. вырабы з металу. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіўся станковы жывапіс з рысамі этнаграфізму і пасіўнага бытаапісальніцтва (І.​Казакоў, С.​Юдзін). Станаўленню выяўл. мастацтва У. садзейнічала развіццё ў 1910-я г. агітацыйна-масавых відаў мастацтва, плаката, сатыр. малюнка, кніжнай графікі (У.​Раждзественскі, І.​Ікрамаў, М.​Курзін, А.​Нікалаеў, С.​Мальт, М.​Хакімджанаў і інш.). Сярод жывапісцаў 1920-х г. вылучаліся Л.​Бурэ, П.​Бянькоў, А.​Волкаў, М.​Карахан, Нікалаеў, У.​Тансыкбаеў, А.​Татэвасян, у творчасці якіх па-рознаму выявіліся пошукі нац. самабытнасці, разнастайнасць стылістычных вырашэнняў, святлоценявых і каларыстычных прыёмаў. У 1930-я г. метад сацыяліст. рэалізму распрацоўвалі Н.​Кашына, З.​Кавалеўская, мастакі А.​Абдулаеў, Р.​Цімураў, Б.​Хамдамі. У гады Вял. Айч. вайны працавалі «Окна УзТАГа», ствараліся плакаты, жывапісныя карціны, прысвечаныя гераізму франтавікоў і працаўнікоў тылу. У 1950-я г. пераважалі творы на сучасныя тэмы і пейзажы (Р.​Ахмедаў, Карахан, В.​Уфімцаў, З.​Інагамаў), развіваліся манум. жывапіс (Ч.​Ахмараў), скульптура (П.​Грышчанка, Н.​Крымская, А.​Іваноў), кніжная і станковая графіка. Сучаснае мастацтва У. характарызуецца багаццем выразных сродкаў, вобразным абагульненнем натуры, узбагачэннем пластычнай мовы (жывапісцы Дж.​Умарбекаў, Р.​Чарыеў, С.​Абдулаеў, Ш.​Абдурашыдаў, графікі К.​Башараў, У.​Кайдалаў, М.​Кагараў, А.​Цыглінцаў), імкненнем да глыбокага разумення нац. характараў (скульптары А.​Ахмедаў, М.​Мусабаеў, А.​Байматаў, Х.​Хуснутдзінхаджаеў, графік Т.​Мухамедаў). Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва (М.​Мадаліеў і інш.).

Музыка. Традыц. узб. музыка аднагалосая, элементы двухгалосся сустракаюцца толькі ў інстр. п’есах. У аснове ладавай будовы натуральныя лады. Тонка распрацавана рытміка. Гал. сродак выразнасці — мелодыя. Узб. музыка развівалася як мастацтва вуснай традыцыі ў 3 кірунках: нар. (фалькл.), нар.-прафес. (дастаны — эпічныя паэмы і інш.) і прафес. (макамы і інш.). Фалькл. жанры — ашуля (лірычная песня), яла (песня з запевам саліста і хар. прыпевам), ляпар (муз. дыялог) і інш. Разнастайны інструментарый: струнныя танбур, дутар, домбра, рубаб, гіджак, чанг; духавыя най, буламан, кашнай; ударныя дайра, нагара. Для узб. нар. і прафес. музыкі характэрны 4 асн. лакальныя стылі: фергана-ташкенцкі, харэзмскі, бухарска-самаркандскі, сурхандар’інска-кашкадар’інскі. У 2-й пал. 19 ст. створана т-ва аматараў музыкі, зроблены першыя запісы ўзораў узб. муз. творчасці. З канца 1910-х г. развіваецца прафес. музыка на аснове засваення вопыту сусв. муз. культуры. Уклад у развіццё нац. муз. культуры зрабілі Х.Хамза, А.​Абдуганіеў, Л.​Бабаханаў, Т.​Джалілаў, Д.​Ібадаў, А.​Насыраў, Ю.​Раджабаў, Х.​Расулеў, М.​Ташмухамедаў, а таксама Р.Гліэр, А.​Казлоўскі, Г.​Мушэлб, В.Успенскі і інш. Сярод першых нац. опер «Буран» М.Ашрафі і С.​Васіленкі (1939), «Лейлі і Меджнуи» Гліэра і Т.​Садыкава (1940). Для 2-й пал. 20 ст. характэрна інтэнсіўнае развіццё і засваенне новых муз. жанраў: оперы Ашрафі, С.​Бабаева, балеты У.​Мусаева, Д.​Закірава, хары а капэла М.​Бурханава, сімф. творы І.​Акбарава, Т.​Курбанава, М.​Махмудава, М.​Таджыева, фп. канцэрты Г.​Мушэля, песні А.​Мухамедава, Х.​Ізамава, Х.​Рахімава, Ш.​Рамазанава і інш. У 20 ст. ўклад у нац. муз. мастацтва зрабілі: кампазітары Ашрафі, Бурханаў, М.​Левіеў, Садыкаў, С.​Юдакоў; дырыжоры Д.​Абдурахманава, Ашрафі, З.​Хакназараў; спевакі А.​Азімаў, С.​Беньямінаў, К.​Закіраў, В.​Грынчанка, С.Кабулава, Ф.​Лаўт, Х.Насырава, Ф.​Янаў-Яноўскі, С.​Ярашаў; прапагандыстка нар. песень і танцаў Тамара Ханум; балерыны Г.Ізмайлава, Б.Карыева, М.Тургунбаева. Дзейнічаюць (2002): Узбекскі т-р оперы і балета імя А.​Наваі (Ташкент, з 1939); т-р оперы і балета (Самарканд, з 1964); Узб. муз. т-р (Ташкент, з 1971); т-ры муз. драмы і камедыі (Андыжан, з 1927; Бухара, з 1930; Наманган, з 1931); Дзярж. сімф. аркестр У. і аркестр нар. інструментаў (абодва з 1938); хар. капэла (1952); Ін-т мастацтвазнаўства імя Хамзы (з 1928); кансерваторыя (з 1936); ін-т культуры (з 1973); філармонія (з 1936 — усе ў Ташкенце); муз. вучылішчы і школы. У 1938 створаны Саюз кампазітараў У.

Тэатр. Вытокі узб. т-ра ў вусных паказах традыц. прафес. і нар. т-раў — масхарабозаў і кызыкчы, а таксама т-ра лялек. Для развіцця узб. т-ра вял. значэнне мела дзейнасць рус. прафес. і аматарскіх труп, якія гастралявалі ў Туркестане з 1870-х г. Літ. узб. драма развіваецца з 1910-х г. Пачынальнік прафес. узб. т-ра — драматург, рэжысёр, акцёр Хамза Хакімзадэ Ніязі, арганізатар першай тэатр. трупы ў Фергане (1918, з 1925 Дзярж. краявая перасоўная ўзорная узб. драм. трупа). Па яго ініцыятыве ўзніклі т-ры ў Ташкенце, Самаркандзе (1918—19), Какандзе (1919), Хіве (1922) і інш. У 1919 у Ташкенце рэж., акцёр і драматург М.Уйгур сфарміраваў узб. прафес. трупу імя К.​Маркса, на аснове якой у 1927 створаны Дзярж. узб. т-р (з 1929 імя Хамзы, з 1933 акадэмічны). У канцы 1920-х—30-я г. арганізаваны т-ры ў Фергане, Какандзе, Намангане, Каршы і інш., створана сетка калгасна-саўгасных т-раў. У 1961 шэраг муз.-драм. т-раў рэарганізаваны ў драматычныя. Аснова рэпертуару — пастаноўкі нац. драматургіі: п’есы Хамзы, К.​Яшэна, А.​Кахара, Ш.​Хуршыда, Уйгуна, М.​Шэйхзадэ, Х.​Алімджана, І.​Султанава і інш., класічныя творы. Ставіліся п’есы бел. аўтараў К.​Крапівы, А.​Макаёнка, А.​Маўзона. Уклад у развіццё т-ра У. зрабілі Я.​Абдулаева, Г.​Агзамаў, Т.​Азізаў, І.​Аліева, С.​Ахмедаў, Я.​Бабаджанаў, А.​Бакіраў, Ш.​Бурханаў, А.​Гінзбург, А.​Джалілаў, Г.​Загурская, С.​Ішантураева, М.​Карыева, Ш.​Каюмаў, М.​Кузняцова, М.​Любанскі, З.​Мадаліеў, Э.​Малікбаева, Я.​Маматханаў, М.​Мансураў, М.​Міракілаў, С.​Рахманаў, З.​Садрыева, Т.​Султанава, А.​Турдыеў, А.​Хаджаеў, Р.​Хамраеў, А.​Файзіеў, М.​Юсупаў і інш. У 1945 у Ташкенце створаны Ін-т тэатр. мастацтва.

Кіно. У 1924 арганізавана рус.-бухарскае т-ва «Бухкіно», якое выпускала дакумент. фільмы, у 1925 — трэст «Узбекдзяржкіно» і адкрыта кінафабрыка «Шарк Юлдузі» (з 1958 кінастудыя «Узбекфільм»). Зняты фільмы, прысвечаныя актуальным праблемам У.: «Мусульманка» (1925), «Другая жонка» і «Чадра» (1927), «Крыты фургон» (1928), «Рамазан» (1938), «Джыгіт» («Егіт», 1936) і інш. З 1930-х г. ва узб. кіно працавалі рэжысёры Ю.​Агзамаў, Н.​Ганіеў, М.​Каюмаў, А.​Саідаў, С.​Хаджаеў, З.​Хамраеў, К.​Ярматаў. У 1937 створаны першы гукавы фільм «Клятва». У Вял. Айч. вайну папулярнасцю карысталіся узб. фільмы-канцэрты «Сябрам на фронце» (1942), «Падарунак Радзімы» (1943) і інш. Ва У. эвакуіраваны кінастудыі інш. рэспублік. У пасляваен. гады значным дасягненнем сталі фільмы «Тахір і Зухра» (1945), «Дачка Ферганы» (1948, рэж. абодвух Ганіеў), «Алішэр Наваі» (1948), «Авіцэна» (1957), «Калі квітнеюць ружы» (1959, рэж. усіх Ярматаў), «У імя шчасця» (1957), «Зачараваны табой» (1959, рэж. абодвух Агзамаў). У 1960-я г. творчую дзейнасць пачалі рэжысёры Ш.​Абасаў, Х.​Ахмар, Р.​Батыраў, Э.​Ішмухамедаў, К.​Камалава, У.​Назараў, Д.​Салімаў, А.​Хамраеў, А.​Хачатураў. Для узб. кіно 1960—70-х г. характэрна тэматычная і жанравая разнастайнасць: «Птушка-невялічка» (1961, рэж. Х.​Файзіеў), «Ты не сірата» (1963), «Ташкент — горад хлебны» (1968, рэж. абодвух Абасаў), «Белыя, белыя буслы» (1967, рэж. Хамраеў), «Пяшчота» (1967), «Закаханыя» (1969, рэж. абодвух Ішмухамедаў); гіст. «Зорка Улугбека» (1958, 1961, 1965, рэж. Файзіеў), «Мінулыя дні» (1970, рэж. Агзамаў), «Адна сярод людзей» (1974, рэж. Ярматаў), «Горкая ягада» (1975, рэж. Камалава), «Чалавек сыходзіць за птушкамі» (1976, рэж. Хамраеў), «Чужое шчасце» (1979, рэж. Камалава), «Юнацтва генія» (1983, рэж. Ішмухамедаў); дзіцячыя «Ластаўкі прылятаюць вясной» (1975, рэж. Ахмар), «Гарэза» (1977, рэж. Салімаў), «Ясныя Ключы» (1979, рэж. А.​Акбархаджаеў) і інш. З 1980-х г. ва узб. кіно працуюць рэжысёры М.​Абзалаў, З.​Ройзман, аператары А.​Ісмаілаў, Д.​Абдулаеў, Т.​Каюмаў, рэжысёры-дакументалісты Н.​Атаўлаева, А.​Карымаў, Каюмаў, Т.​Надыраў, Т.​Рузіеў і інш. Сярод фільмаў 1980—90-х г. «Тайнае падарожжа Эміра» (1986), «Апошняе падарожжа Каіпа» (1989, рэж. абодвух Ф.​Даўлетшын), «Кілер» (1998, рэж. Д.​Амірбаеў), «Мама» (2001, рэж. Б.​Адылаў, З.​Мусакаў). Творчым пошукам вызначаюцца фільмы Ю.​Разыкава «Аратар» (1998), «Жаночае царства» (2000), «Танец мужчын» (2002). У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў У.

Беларусы ва Узбекістане. Выхадцы з Беларусі з’явіліся ва У. ў часы Рас. імперыі і СССР. Летам 1941 сюды эвакуіравана ч. насельніцтва БССР, у т. л. ў Ташкент — акадэмікі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя, сярод іх і Я.Колас, якія знаходзіліся тут да 1943—44. Паводле перапісу 1989 ва У. жыло 29 427 беларусаў. У 1993 у Ташкенце засн. беларускі культ. цэнтр «Світанак».

Літ.:

Вопросы социально-экономической жизни Узбекистана в XVI — начале XX вв.: Сб. науч. тр. Самарканд, 1988;

Узбекистан: страницы истории. Ташкент, 1991;

Березиков Е.Е. Легенды и тайны Узбекистана. Ташкент, 1991;

Республика Узбекистан: рождение независимого государства. Ташкент, 1992;

Гафарлы М.С., Касаев А.Ч. Узбекская модель развития: Мир и стабильность — основа прогресса. М., 2000;

Левитин Л.И. Узбекистан на историческом повороте. М., 2001;

Узбекистан: Десять лет по пути формирования рыночной экономики. Ташкент, 2001;

История узбекской советской литературы М., 1967;

Кор-Оглы Х. Узбекская литература. 2 изд. М., 1976;

Пугаченкова Г.А., Ремпель Л.И. История искусства Узбекистана. М., 1965;

Искусство Советского Узбекистана, 1917—1972. М., 1976;

Терлина М.Д. Узбекское золотое шитье. Л., 1982;

Махмудов Т. Эстетика живописи Узбекистана. Ташкент, 1983;

История и современность: Пробл. муз. культуры народов Узбекистана, Туркмении и Таджикистана. М., 1972;

История узбекской музыки. М., 1979;

Иосько М.И. Белоруссия и Узбекистан. Мн., 1970.

В.​М.​Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), І.​І.​Герус (узброеныя сілы), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​П.​Бабкова (кіно).

Герб і сцяг Узбекістана.
Краявід у гарах Узбекістана.
Да арт. Узбекістан. Ландшафт Ферганскай даліны.
Да арт. Узбекістан. Прадукцыя завода грузавых аўтамабіляў.
Да арт. Узбекістан. Збор бавоўны.
Да арт. Узбекістан. Пустыня Кызылкум.
Да арт. Узбекістан. Будынак парламента ў Ташкенце.
Да арт. Узбекістан. Горад Бухара.
Да арт. Узбекістан. Медрэсэ Чар Мінар у Бухары.
Да арт. Узбекістан. Мемарыяльны комплекс Імана Аль-Бухары ў Самаркандзе.
Да арт. Узбекістан. Мінарэт і медрэсэ Іслам-Хаджы ў Хіве.
Да арт. Узбекістан. М.​Карахан. Сейбітка. 1946.
Да арт. Узбекістан. А.​Волкаў. Дзяўчаты з бавоўнай. 1932.
Да арт. Узбекістан. А.​Татэвасян. Дарога ў сады. 1928.
Да арт. Узбекістан. А.​Байматаў. Партрэт Авіцэны. 1967.
Да арт. Узбекістан. Кадр з кінафільма «Чужое шчасце». 1979.
Да арт. Узбекістан. Кадр з кінафільма «Алішэр Наваі». 1948.
Да арт. Узбекістан. М.​Мадаліеў. Гарлачык, блюда. піялы 1976—77.

т. 16, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)