Рэспубліка Узбекістан (Ўзбекистон Республикаси), дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн і ПнЗ з Казахстанам, на ПдЗ з Туркменістанам, на ПдУ з Таджыкістанам, на ПнУ з Кыргызстанам, на Пд з Афганістанам; на ПнЗ абмываецца Аральскім м.Пл. 447,4 тыс.км². Нас. 24 755 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Ташкент. У складзе У. 12 вілаетаў (абласцей) і Рэспубліка Каракалпакстан. Дзярж. мова — узбекская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 вер.).
Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992 (са зменамі і дапаўненнямі 2002). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным, прамым і тайным галасаваннем на 7 гадоў з правам перавыбрання. Прэзідэнт адначасова з’яўляецца старшынёй Кабінета міністраў; ён назначае прэм’ер-міністра і членаў урада. Вышэйшы прадстаўнічы орган, які ажыццяўляе заканад. ўладу, — двухпалатны Олій Мажліс (складаецца з Сената і Заканад. палаты).
Прырода. У. размешчаны ў міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і. Большую ч.тэр. займаюць раўніны, пераважна Туранская нізіна, у межах якой вылучаюцца плато Усцюрт (выш. да 292 м), алювіяльная раўніна Амудар’і з астанцовымі ўзв. Кубетау, Мангыр, Тузкыр і ўзвышаная раўніна пустыні Кызылкум з ізаляванымі гарамі Букантау (764 м), Кульджуктау (785 м), Тамдытау (922 м). Горы, перадгор’і і міжгорныя ўпадзіны складаюць каля 20% тэр. На крайнім ПдУ адгор’і Зах. Цянь-Шаня (хр. Пскемскі — выш. да 4299 м, г. Бештор; Каржантау, Угамскі, Чаткальскі, Курамінскі). Ферганская даліна аддзяляе Цянь-Шань ад Гісара-Алая (хр. Алайскі, Туркестанскі, Зераўшанскі). На Пд Кашкадар’інская і Сурхандар’інская ўпадзіны, падзеленыя Гісарскім хр. (выш. да 4643 м, г. Хазрэт Султан). Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: вісмутавыя, медныя, поліметал. руды, вальфрам, золата, прыродны газ, нафта, каменны і буры вугаль, плавікавы і палявы шпат, графіт, сера, кварц, вапнякі, вырабныя і паўкаштоўныя камяні. Крыніцы тэрмальных вод. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. ад -9 °C на плато Усцюрт да 3 °C на ПдУ, ліп. адпаведна 26 °C і 32 °C; у Тэрмезе зарэгістравана т-ра паветра 49,6 °C. Ападкаў ад 80—250 мм на раўнінах да 1000 мм у гарах. Невял. ледавікі ў гарах. Гал. рэкі: Сырдар’я з прытокам Чырчык і Амудар’я з прытокамі Сурхандар’я, Шэрабад, Кашкадар’я, Зераўшан. Найб. возера — Аральскае мора, шмат поймавых і дэльтавых азёр, вадасховішчаў. Каля 171 тыс.км арашальных каналаў. Гая. каналы: Эскіянхорскі, Вялікі Ферганскі канал, Паўн. і Паўд. Ферганскі, Мірзачульскі, Ташкенцкі. Глебы на раўнінах шэра-бурыя пустынныя, пяскі, такыры і саланчакі; у перадгор’ях і міжгорных далінах — шэразёмы; у гарах — карычневыя і бурыя. На раўнінах пераважае расліннасць пустынь (палын, салянкі, чорны саксаул), па далінах рэк — тугайныя лясы. У перадгор’ях — эфемеры, сухі разнатраўны стэп, паўхмызнякі хмызнякі (міндаль, фісташкі, курчаўка, вішарнік). Сярэднягор’і заняты лугава-лясной расліннасцю, дзе сярод разнатраўя і хмызнякоў (бружмель, барбарыс, шыпшына) трапляюцца арча, грэцкі арэх, клён, вішня, алыча, яблыні і інш. Пад лесам каля 2% тэр. У высакагор’ях — ціпчаковыя стэпы. Жывёльны свет пустынь: суслікі, тушканчыкі, заяц-талай, воўк, чарапаха, агамы, вараны, гюрза; характэрны скарпіёны, фалангі, тарантулы, маскіты і інш.; з птушак — саксаульная сойка, буланы казадой, пустынны верабей, валасянкі. У тугайных лясах — дзік, чаротавы кот, шакал; з птушак — чаплі, фазаны, качкі. У гарах — вінтарогі казёл, горны баран, барс; з птушак — кеклік, улар, арлы, грыфы. 9 запаведнікаў, у т. л. Чаткальскі, Гісарскі, Бадай-Тугай; 9 заказнікаў, Заамінскі і Угам-Чаткальскі нац. паркі, 2 дзярж. помнікі прыроды.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — узбекі (80%). Жывуць таксама рускія (5,5%), таджыкі (5%), казахі (3%), каракалпакі (2,5%), татары (1,5%) і інш. Мусульмане-суніты — 88%, праваслаўныя хрысціяне — 9%. Сярэдняя шчыльн. 55,3 чал. на 1 км². Самы густанаселены раён — Ферганская даліна, асабліва Андыжанскі (522 чал. на 1 км²), Ферганскі (340) і Наманганскі (261 чал. на 1 км²) вілаеты. Гар. насельніцтва 37%. Найб. гарады (тыс.чал., 2000): Ташкент (2148), Самарканд (361), Наманган (336), Андыжан (334), Бухара (239), Фергана (185). У эканоміцы занята (1999) 8,9 млн.чал., у т. л. ў прам-сці 19,8%, сельскай і лясной гаспадарцы 35,8%, у абслуговых галінах 44,4%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. У. вядомы з эпохі палеаліту (грот Тэшык-Таш з пахаваннем хлопчыка-неандэртальца і інш.). У 4—3-м тыс. да н.э. тут існавала неалітычная кельтэмінарская культура, на позніх этапах якой пачаўся пераход да земляробства і жывёлагадоўлі. У эпоху бронзы ўзнікла штучнае арашэнне. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э.тэр. У. насялялі іранскамоўныя плямёны, якія стварылі шэраг дзярж. утварэнняў — Бактрыю, Согд Харэзм, у стэпах і пустынях жылі качэўнікі-жывёлаводы сакі. У 6 ст. да н.э. тут усталявана ўлада Ахеменідаў дзяржавы. У 329—327 да н.э. ў Согд і Бактрыю ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага і заваявалі іх пасля доўгага змагання з мясц. насельніцтвам на чале са Спітаменам. Каля 250 да н.э. намеснік Селеўкідаў у Бактрыі стварыў Грэка-Бактрыйскае царства, якое ў сярэдзіне 2 ст. да н.э. знішчылі тахары. У 1 ст. да н.э. — 3 ст.н.э.тэр. У. ў складзе Кушанскай дзяржавы. У 5 ст. тут усталявана ўлада эфталітаў, у 560-я г. — цюркаў з Заходне-Цюркскага каганата. У пач. 8 ст. пачаліся арабскія заваяванні. У 712 арабы заваявалі Харэзм і раён паміж рэкамі Амудар’я і Сырдар’я, які назвалі Маверанахр. Мясц. насельніцтва супраціўлялася заваёўнікам, найбуйнейшым было Муканы паўстанне ў 770—780-я г. З таго часу ва У. пашырыўся іслам, які хутка выцесніў мясц. рэлігіі (будызм, зараастрызм, маніхейства, хрысціянства). Панаванне арабаў у 9 ст. змянілася ўладай мясц. дынастый, утворана Саманідаў дзяржава са сталіцай у г. Бухара. У 999 яна заваявана аб’яднаннем цюркскіх плямён на чале з дынастыяй Караханідаў, тэр. У. апынулася пад уладай адной з цюркскіх дынастый — Газневідаў. Пачалося фарміраванне цюркскай народнасці, якая пазней атрымала назву узбекаў. У канцы 11 ст.Караханідаў дзяржава трапіла ў залежнасць ад сельджукаў, З 12 ст. — каракітаяў. З канца 12 ст. пачалося ўзвышэнне Харэзмшахаў дзяржавы, правіцелі якой у пач. 13 ст. аб’ядналі пад сваёй уладай Сярэднюю Азію і Іран. У 1219—21 у Сярэднюю Азію ўварваліся манголы (гл.Мангольскія заваяванні), якія спустошылі краіну. Большая ч.тэр. У. ўвайшла ў склад Джагатайскага (Чагатайскага) улуса. які ў пач. 14 ст. распаўся на дробныя ўладанні. У канцы 14 ст. ўтварылася дзяржава Цімура (1336—1405) са сталіцай у г. Самарканд. У 15 ст. дзяржава Цімурыдаў дасягнула росквіту, асабліва Самарканд у час кіравання Улугбека [1409—49]. На мяжы 15—16 ст. уладанні Цімурыдаў заваяваны плямёнамі узбекаў на чале з Шэйбані-ханам, якія далі сваю назву цюркскай народнасці, што ўжо склалася на тэр. У. Паступова ўтварыліся 3 дзяржавы на чале з узб. дынастыямі: Бухарскае ханства (з сярэдзіны 18 ст.Бухарскі эмірат), Хівінскае ханства і Какандскае ханства (з канца 18 ст.). Найб. моцнае з іх Какандскае ханства ў 1-й пал. 19 ст. праводзіла актыўную заваёўніцкую палітыку зямель кіргізаў і казахаў. Рух какандцаў прывёў да сутыкнення на Пн з сустрэчнай рас. экспансіяй у напрамку Сярэдняй Азіі. У 1853 рас. войскі авалодалі какандскай крэпасцю Ак-Мячэць (цяпер Кзыл-Арда), а з 1864 пачалі наступленне на гал. цэнтры Какандскага ханства. У 1864 рас. армія заваявала Ташкент, а ў 1867 прымусіла какандцаў прызнаць вярх. ўладу Расіі. Пасля кароткачасовай вайны рас. пратэктарат у 1868 прызнаў Бухарскі эмірат, а ў 1873 і Хівінскае ханства. У 1866 створана Туркестанскае ген.-губернатарства са сталіцай у Ташкенце. Пасля Какандскага паўстання 1873—76 Какандскае ханства скасавана. Пад прамым рас. кіраваннем ген.-губернатар К.П.Каўфман правёў зямельную рэформу, што спрыяла развіццю рыначных адносін. Будаваліся чыгункі. Неўзабаве У. стаў гал. раёнам вытв-сці бавоўны ў Расіі (потым СССР). Пагаршэнне становішча насельніцтва ў час 1-й сусв. вайны прывяло да Сярэднеазіяцкага паўстання 1916.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на тэр. У. створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова пачалі фарміравацца нац.узб. арганізацыі «Шура-і-Іслам», «Шура-і-Улема». 14.11.1917 улада ў Ташкенце перайшла да Савета на чале з бальшавікамі. Адначасова ў Какандзе лідэры узб.нац. арг-цый стварылі ўласны ўрад — Какандскую аўтаномію (ліквідавана ў лют. 1918 Чырв. Арміяй) 30.4.1918 абвешчана Туркестанская Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У лют. 1920 Чырв. Армія скінула хівінскага хана, створана Харэзмская Народная Савецкая Рэспубліка; у вер. 1920 скінуты бухарскі эмір і абвешчана Бухарская Народная Савецкая Рэспубліка. Да 1926 працягвалася змаганне з басмацтвам. У 1921—22 і 1926—29 тут праведзена зямельна-водная рэформа. 27.10.1924 рашэннем ЦВКСССР створана Узб. ССР. 1-ы Устаноўчы з’езд Саветаў У. (13 17.2.1925) прыняў Дэкларацыю пра дзярж. суверэнітэт Узб. ССР. У 1929 пачалася прымусовая калектывізацыя, што прывяло да новага ўздыму басмацкага руху. За гады сав. улады ва У. створана буйная прам-сць, узнікла узб. інтэлігенцыя, якая імкнулася пашыраць культуру ў масы. У Вял.Айч. вайну ва У. эвакуіравана больш за 90 прадпрыемстваў і ўстаноў, у т. л. з Беларусі; каля 200 тыс. дзяцей. Больш як 280 воінам з У. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 18 чал. за вызваленне Беларусі. Разам з дасягненнямі да 1980-х г. нарасталі негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя з монакультурай бавоўны, абмяленнем Арала. 20.6.1990 Вярх. СаветУзб. ССР прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, а 31.8.1991 абвясціў дзярж. незалежнасць У. Урад прэзідэнта І.А.Карымава праводзіць палітыку развіцця рыначных адносін і ўмацавання эканам. сувязей з інш. краінамі, курс на пабудову свецкай дзяржавы. У. — чл.ААН (з 1992), Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.2.1993.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Ва У. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.-дэмакр. партыя У., Нац.-дэмакр. партыя У. «Фідакарлар», Дэмакр. партыя нац. адраджэння, Сацыял-дэмакр. партыя У. «Адалат» («Справядлівасць»), Узбекістан «Халк бірлігі» харакаці (Рух «Народнае адзінства»).
Гаспадарка. У. — індустр.-аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 46,3 млрд.дол. (2,3 тыс.дол. на 1 чал.). Прыярытэтныя галіны эканомікі — нафтавая і газавая, апрацоўчая, сельская гаспадарка, электраэнергетыка, металургія, машынабудаванне, хімічная. На долю прамысловасці і буд-ва прыпадае каля 30% ВУП. У краіне каля 11 тыс. прадпрыемстваў. Паліўна-энергет. комплекс уключае здабычу нафты і прыроднага газу (нафтагазаносныя раёны — Усцюрцкі, Бухара-Хівінскі, Паўд.-Зах.-Гісарскі, Ферганскі, Сурхандар’інскі; газавыя радовішчы — Шуртанская і Мубарэкская групы), бурага вугалю (Ангрэнскае, Шаргунскае і Байсунскае радовішчы, агульныя запасы 2 млрд.т). У 2000 здабыта нафты 8,1 млн.т, газу 55,6 млрд.м³, вугалю 3,8 млн.т. Перапрацоўка нафты на Алтыарыкскім, Бухарскім і Ферганскім з-дах, газу — на Шуртанскім і Мубарэкскім з-дах. Аснову энергетыкі складаюць ЦЭС, якія працуюць пераважна на газе (Ташкенцкая, Сырдар’інская, Тахіяташская ДРЭС) і ГЭС (каскад ГЭС на р. Чырчык, Фархадская на р. Сырдар’я). 37 электрастанцый, вытв-сць электраэнергіі 45,3 млрд.кВт∙гадз (1999). Каляровая металургія грунтуецца на мясц. сыравіне. Здабыча і перапрацоўка медных і поліметал. руд на Ангрэн-Алмалыкскім вузле. Вытв-сць канцэнтрату вальфраму і малібдэну ў Чырчыку, золата і рэдказямельных металаў на Наваійскім горна-металургічным камбінаце. У. займае 5-е месца ў свеце па запасах і 7-е месца па здабычы золата. Чорная металургія прадстаўлена з-дам у г. Бекабад. Гал. спецыялізацыя машынабудавання — с.-г. машынабудаванне: вытв-сць машын для баваўнаводства (трактары, сеялкі, бавоўнаўборачныя машыны) і бавоўнаачышчальнага абсталявання, тэхнікі для шаўкаводства, абсталявання для тэкст., нафтахім. і газавай прам-сці, машын для ірыгацыі (Ташкент, Каканд, Андыжан). Развіта авіяц.прам-сць (вытв-сць грузавых і пасаж. самалётаў маркі «Іл» і на іх базе палівазаправачных, сан. і пажарных мадэлей самалётаў) у Ташкенце. Аўтамабілебудаванне: узб.-кар. прадпрыемства «УзДэу» (г. Асака) і узб.-тур. прадпрыемства па вытв-сці аўтобусаў (г. Самарканд). Хім.прам-сць: вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў (Чырчык, Самарканд, Фергана, Наваі), хім. валакна (Фергана), пластмас (Ташкент, Джызак), гумава-тэхн. вырабаў, быт. хіміі, лакаў і фарбаў (Алмалык, Наманган, Ташкент), медыкаментаў (Ташкент). Гідролізныя з-ды ў Андыжане, Фергане, Янгіюлі. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, цэглы, вапны, керамікі, шыферу, жалезабетонных вырабаў) у Бекабадзе, Ангрэне, Наваі, Ташкенце. Важнае месца ў прам-сці займаюць традыц. галіны: лёгкая (каля 40% прамысл. прадукцыі), у т. л. бавоўнаачышчальная (1,3 млн.т. бавоўнавалакна; Андыжан, Бухара, Янгіюль і інш.), баваўняная (Бухара), шаўковая (Маргілан, Наманган і інш.), шарсцяная (Хіва), дывановая (Бухара), гарбарна-абутковая (Каканд, Фергана), швейная; харчасмакавая (алейная, масласыраробная, мясная, мукамольная, крупяная, плодаагароднінакансервавая, вінаробная, тытунёвая, рыбная). Нар.маст. промыслы. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі У. (31,7% ВУП), забяспечвае 70% унутр. тавараабароту і 55% валютных паступленняў. Недзярж. сектар дае калі 95% с.-г. прадукцыі. С.-г. ўгоддзі займаюць (млн.га, 2000) 23,5, у т. л. ворныя землі 4,1, сенажаці 0,1, пашы 18,9; арашаецца каля 4,2. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — арашальнае земляробства (55,2% с.-г. прадукцыі). Пасяўныя пл. (тыс.га, 2000) 3778, у т. л. пад збожжавымі 1610, тэхн. 1510 (бавоўнік 1440), кармавымі 429 (люцэрна 220), бульбай, агароднінай і бахчавымі 219. Гал. спецыялізацыя сельскай гаспадаркі — баваўнаводства на паліўных землях. Найб. пасевы ў далінах Ферганскай, Сырдар’і і Зераўшана, нізоўях Амудар’і. У паўд. раёнах (Бухарскі, Кашкадар’інскі і Сурхандар’інскі вілаеты) вырошчваюць тонкавалакністыя гатункі бавоўніку. У. займае 1-е месца ў СНД па зборы бавоўны-сырцу (3 млн.т) і 2-е месцаў свеце па экспарце бавоўны. З тэхн. культур вырошчваюць таксама кенаф, тытунь, цукр. трыснёг. У апошнія гады павялічваюцца пасяўныя плошчы і збор збожжавых культур. Рыс, кукурузу, джугару вырошчваюць на паліўных землях; пшаніцу, ячмень і інш. — на багарных. Развіты агародніцтва, бахчаводства, бульбаводства, пладаводства (абрыкосы, персікі, яблыкі, вішні, гранат, інжыр. хурма, міндаль), вінаградарства. Збор (тыс.т, 2000): збожжа 3924, агародніны 2644, бульбы 731, садавіны 204, вінаграду 120, бахчавых 5, тытуню 24. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Асн. раён каракулегадоўлі — пустыня Кызылкум, танкарунная і мяса-сальная авечкагадоўля ў перадгорных і горных раёнах. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу мяснога і мяса-малочнага кірунку, свіней, коз, коней, вярблюдаў. Птушкагадоўля. Гал. раёны вытв-сці прадукцыі жывёлагадоўлі — Бухарскі, Кашкадар’інскі, Сурхандар’інскі, Самаркандскі, Джызакскі вілаеты і Каракалпакстан. Пагалоўе (млн. галоў, 1998): авечак 8,6, буйн. раг. жывёлы 5,2, свіней 0,2, коз 0,7, птушак 12,3. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 841 тыс.т, малака 3632,5 тыс.т, шкурак каракуля 1,5 млн. штук, грубай авечай воўны 18 тыс.т Шаўкаводства пашырана ў Ферганскай даліне (каля 30 тыс.т коканаў штогод). Рыбалоўства. Зверагадоўля. Асн. від транспарту — чыгуначны (80% грузаабароту). Даўж. чыгунак 3,5 тыс.км, у т. л. электрыфікавана 500 км. Даўж. аўтадарог 43,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 42 тыс.км. Суднаходства па р. Амудар’я. 13 аэрапортаў. 9 буйных газаправодаў (даўж. больш за 4 тыс.км). Курорты: Ташкенцкія мінер. воды, Чартак, Чыміён, Шахімардан. Замежны турызм (даход 21 млн.дол.). Экспарт (3,8 млрд.дол., 1998): бавоўнавалакно, прыродны газ, электраэнергія, каляровыя металы, харч. прадукты. Імпарт (4,1 млрд.дол., 1998): машыны абсталяванне, лес, спажывецкія тавары Асн.гандл. партнёры: Расія, Паўд. Карэя, Турцыя, Германія, ЗША, Італія, Туркменістан. Рэспубліка Беларусь экспартуе ва У. трактары, шыны, імпартуе бавоўнавалакно. Грашовая адзінка — сум.
Узброеныя сілы налічваюць 58 тыс.чал. (2000). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, спец. войск і нац. гвардыі. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 12 месяцаў. У сухап. войсках больш за 35 тыс.чал., у ВПС і ППА каля 9 тыс.чал., у спец. войсках і нац. гвардыі больш за 10 тыс.чал. На ўзбраенні каля 950 танкаў і баявых браніраваных машын, больш за 100 рэактыўных сістэм залпавага агню, каля 500 артыл. гармат, 150 баявых самалётаў, каля 130 верталётаў і інш.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне дзярж., платнае, прыватнае. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 67 гадоў (2001). Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост — 1,8%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 120 чал., урачамі — 1 на 302 чал. Дзіцячая смяротнасць — 72 на 1 тыс. нованароджаных (2001).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульная (школьная) адукацыя складаецца з 3 ступеней: пачатковая (1—4 кл.), абавязковая (5—9 кл.) і сярэдняя (10—11 кл.). Выкладанне вядзецца на узб., рус., каз., кірг., каракалпакскай, тадж., карэйскай і інш. мовах. Сярэднюю спец. адукацыю можна атрымаць і ў спецыялізаваных каледжах і акад. ліцэях. Сістэма вышэйшай адукацыі прадугледжвае: няпоўную вышэйшую адукацыю (выдаецца дыплом малодшага спецыяліста пэўнай кваліфікацыі); базавую вышэйшую адукацыю (прысвойваецца ступень бакалаўра); закончаную вышэйшую адукацыю (прысвойваецца ступень магістра). У 2002/03 навуч.г. ва У. 63 ВНУ, у т. л. 20 ун-таў. Буйнейшыя ВНУ: Нац.ун-т У., пед. і аграрны ун-ты, электратэхн. ін-т сувязі, мед. № 1 і № 2 ін-ты — усе ў Ташкенце; ун-ты ў гарадах Нукус і Самарканд. Буйнейшыя б-кі: Каракалпакстанская рэсп. (г. Нукус), абл.навук.-універсальныя ў гарадах Ташкент, Андыжан, Бухара, Наманган, Самарканд, Тэрмез, Фергана, Ургенч і інш.; Рэсп. дзіцячая і Рэсп.цэнтр. для сляпых у Ташкенце. Найб. музеі: Нац. гісторыі У., Літ. імя А.Наваі, гісторыі Цімурыдаў, алімпійскай славы, мастацтваў, прыкладнога мастацтва, прыроды, Дом-музей У.Тансыкбаева — усе ў Ташкенце; мастацтваў Рэспублікі Каракалпакстан (г. Нукус), арх.-маст. музей-запаведнік (г. Бухара), археал. (г. Тэрмез), музей-запаведнік «Ічан-Кал’а» (г. Хіва) і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Нац.АН (засн. ў 1943), галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і інш.ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ва У. выдавалася каля 460 газет і часопісаў, з іх больш за 200 на узб. мове. Найб. тыраж маюць «Правда Востока» (з 1917, на рус.), «Халк сузи» («Народнае слова», з 1991, на узб. і рус. мовах). Інфарм. агенцтва — Нац.інфарм. агенцтва У. (УзА, з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Дзярж.к-т па справах радыё і тэлебачання. Радыёвяшчанне з 1927. Перадачы вядуцца па 3 праграмах на узб., рус., тадж., каз., тат., каракалп., уйгурскай мовах, з 1947 і на замежжа. Тэлебачанне з 1956. Перадачы вядуцца па 3 праграмах на узб., рус., каз. мовах, рэтрансліруюцца перадачы з Масквы, Бішкека, Душанбе. Дзейнічае сетка абл. тэлевізійных станцый.
Літаратура. Развіваецца на узбекскай мове. Вытокі яе ў багатым узб. фальклоры (дастаны, казкі, песні, нар. драма і інш.). Найб. пашыраны эпічны жанр — дастан, звязаны з гісторыяй народа. Вядомы літ. апрацоўкі казачных сюжэтаў (запісана каля 300 тэкстаў), складзеных нар. сказіцелямі: гераічныя эпасы «Алпамыш», «Айслу»; героіка-рамант. «Гораглы», «Рустамхан»; раманічныя «Арзігуль», «Тахір і Зухра»; воінскія «Юсуф і Ахмед», «Алібек і Балібек»; гіст. «Талганай», «Тулумбек»; літ. паходжання «Фархад і Шырын», «Лейлі і Меджнун» і інш. Першыя помнікі узб. пісьменнасці (на цюрк. мове) дайшлі з 11 ст.: дыдактычная паэма Ю.Баласагуні «Веды, што даюць шчасце» (1069), праца М.Кашгары «Слоўнік цюркскіх гаворак» (1072—74), насычаная фалькл. матэрыялам, кн. А.Югнакі «Дар ісцін» (канец 12 — пач. 13 ст.). У 14—15 ст. паявіліся творы на стараузб. мове: рамант. паэмы «Юзуф і Зулейха» Дурбека, «Гуль і Наўруз» Лутфі (1411), творы Атаі, Сакакі і інш. Росквіту узб.л-ра дасягнула ў творчасці паэта-гуманіста Наваі. У 16—19 ст.фалькл. і літ. сюжэты апрацоўвалі паэты Меджлісі, Саадзі, Нішаці Харэзмі, Салахі, Сайкалі, Надзіра і інш. Узнікла маст. проза: апавяданні Хаджы (16 ст.), мемуарныя творы Б.Абу-ль-Газі (17 ст.), алегарычная аповесць «Апавяданні пра Саву, або Прыказкі» М.Гульхані (канец 18 — пач. 19 ст.); развіваліся лірыка Муніса Харэзмі (канец 18 — пач. 19 ст.), сатыр. паэзія ў творах З.Бабура, Б.Машраба, Турдзі, М.Махмура, М.Агахі. З далучэннем Сярэдняй Азіі да Расіі (2-я пал. 19 ст.) перадавая рус. грамадска-эстэт. думка паўплывала на паэтаў М.Мукімі, Фурката, У.Заўкі, А.Аваза, у творчасці якіх паглыбіліся рэалізм і народнасць. Пачынальнікі узб.сав. л-ры — Х.Хамза і Айні. У 1920-я г. выступілі маладыя паэты Гафур Гулям, Айбек, Уйгун, А.Кахар, Алімджан Хамід, К.Яшэн. Развіваліся маст. проза (раманы А.Кадыры, аповесці і апавяданні Айдын, Гайраці, Уйгуна), драматургія (п’есы Хамзы, Яшэна). У 1930-я г. з прыходам у паэзію М.Шэйхзадэ, С.Джуры, У.Насыра, Зульфіі, Міртэміра, Абдулы Сабіра пашырылася яе тэматыка, узбагацілася жанрава-стылявая палітра. У прозе выступалі Кадыры, Кахар, Х.Шамс, Айбек, Айдын, у драматургіі — Яшэн, Н.Сафараў. У Вял.Айч. вайну пераважала публіцыст. паэзія (Гафур Гулям, Алімджан Хамід, Уйгун, Шэйхзадэ і інш.). Пасляваен. л-ра стала больш разнастайнай па тэматыцы, жанрах і формах. Навелістыка і публіцыстыка ваен. гадоў у пэўнай ступені падрыхтавалі асэнсаванне воінскага подзвігу народа ў эпічных жанрах — аповесці і рамане («Сапраўднае каханне» І.Рахіма, «Сонца не згасне» Айбека, «Гады ў шынялях» Шухрата, «Гарызонт» Саіда Ахмада). У 1950—60-я г. ў л-ры пераважалі тэмы вёскі (раманы Айбека, Кахара, Рахіма), гіст.-рэв. (творы Х.Гуляма, М.Ісмаілі), пераемнасці рэв.-гіст. і культ. традыцый (А.Мухтар), духоўнага аблічча сучасніка (раманы П.Кадырава, А.Якубава, Мірмухсіна і інш.). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі аповесць (Саід Ахмад, Мухтар, У.Умарбекаў, Кадыраў, Якубаў, С.Зунунава, Х.Назір), мемуарная л-ра (Айбек, Кахар, Сафараў), зарадзіўся жанр паэмы (Т.Тула, Мірмухсін, Х.Гулям, М.Бабаеў і інш.). Традыцыі узб. драматургіі прадоўжылі І.Султан, Сафараў, Кахар, С.Азімаў і інш. У 1990-я — пач. 2000-х г. у л-ры плённа працавалі празаікі Кадыраў, Якубаў, Мірмухсін, Умарбекаў; паэты Э.Вахідаў, А.Арыпаў, Шукруло і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў У.
На бел. мове выдадзены кнігі узб. казак «Узбекскія народныя казкі» (1959), «Дзве сястры» (1966), «Кемлівыя браты» (1981, пер. І.Сакалоўскі); анталогіі паэзіі «Спявае Узбекістан» (1962) і «Сонца ў арыках» (1966); зб-кі «Узбекскія апавяданні» (1966), «Вясёлка над арыкам» (1986), «Другі перавал» (1990, пер. В.Іпатава, М.Філіповіч, У.Яцко); кнігі паэзіі «Лірыка» (1967) і «Такое сэрца ў мяне» Зульфіі (1985, пер. Э.Агняцвет), «Яблык на ўсіх» П.Муміна (1986, пер. Іпатава); раманы і аповесці «Мацней за буру» Ш.Рашыдава (1963, пер. П.Кавалёў і А.Кулакоўскі), «Зялёная горка» Умарбекава (1976, пер. М.Татур), «Чарадзейная шапка» (1976) і «Канец Жоўтага Дзіва» Х.Тухтабаева (1983, абедзве пер. З.Петрушэня і Л.Цяляк), «Кроў на камені» Я.Шукурава (пер. У.Шахавец) і «Вогненная рака ў пясках» Назіра (пер. Цяляк, абедзве 1977), «Яго вялікасць Чалавек» Р.Файзі (1978, пер. Кулакоўскі), «Дні праклёну і дні надзеі» Сафарава (1982, пер. А.Жук), «Пагорак з цюльпанамі» Л.Махмудава (1985, пер. Петрушэня і Цяляк). У бел. перыёдыцы друкаваліся пераклады твораў М.Абдукарымава, М.Алі, Арыпава, Э.Ахунавай, Гафура Гуляма, Х.Даўрона, Дж.Джабарава, Г.Джураевай, Зульфіі, Т.Ільхамава, М.Карыева, А.Матчана, А.Мухтарава, Наваі, Назіра, А.Раджабава, А.Умары, Р.Фархадзі, Х.Шарыпава, Шукруло, Якубава і інш. Сярод перакладчыкаў узб. пісьменнікаў на бел. мову: Р.Барадулін, С.Блатун, В.Вітка, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, В.Жуковіч, П.Кавалёў, М.Калачынскі, І.Калеснік, С.Ліхадзіеўскі, В.Лукша, М.Маляўка, Я.Міклашэўскі, С.Міхальчук, А.Разанаў, Ю.Свірка, У.Скарынкін, П.Стэфановіч, М.Танк, К.Цвірка, М.Чарняўскі і інш.
Архітэктура. Гарады на тэр. У. ўзніклі ў 1-м тыс. да н.э. Многія з іх у 4 ст. да н.э. былі рэгулярна спланаваныя, абкружаныя магутнымі сценамі з вежамі і брамамі (Тэрмез, Тапрак-Кала). Будавалі з сырцу і пахсы, з бэлечнымі перакрыццямі, часам ужывалі скляпенні, на Пд — каменныя абліцовачныя блокі і пліты. У часы Кушанскага царства ўзводзілі будыйскія манастыры (Айртам, Кара-Тэпе), храмы мясц. культаў (Кой-Крылган-Кала). Для 6—8 ст. характэрны масіўныя 2-павярховыя замкі-кёшкі са скошаным цокалем, гладкімі ці «гафрыраванымі» сценамі, палацы з параднымі заламі, дамы і храмы, аздобленыя сценапісамі і скульптурай. Сярэдневяковыя гарады мелі планы няправільных абрысаў і стыхійную забудову, уключалі цытадэль, кёшк, гар. ядро — шахрыстан, часам прадмесце — рабат (Самарканд, Бухара, Варахша). Ва ўжытак уведзены абпаленая, часам і глазураваная цэгла, скляпеніста-купальныя канструкцыі; у дэкоры выкарыстоўвалі традыц. разьбу па стука і дрэве, фігурную цагляную муроўку, абліцовачныя пліткі, у інтэр’еры — арнаментальныя размалёўкі. У 9—12 ст. выпрацавалася тыпалогія мусульм. культавага і грамадз. дойлідства (мячэці, маўзалеі, медрэсэ, мінарэты, караван-сараі, крытыя рынкі). Вар’іраваліся тыпы калоннай купальнай (Чар-Сутун у Тэрмезе) і партальнай (Магакі-Атары ў Бухары) мячэці, загараднай мячэці («намазга»), кругластваловых мінарэтаў з цаглянай узорыстай муроўкай (Джаркурган, Бухара), цэнтральна-купальных маўзалеяў (Араб-ата ў с. Тым), парных купальных пахавальняў (ансамбль Султан-Саадат у Тэрмезе). Пашырана сістэма планіроўкі з вял.унутр. дваром (палац уладароў у Тэрмезе; караван-сарай Рабаці-Малік каля г. Наваі). Архітэктура 14—15 ст. вылучалася маштабнасцю (свецкія, культавыя; мемар. ансамблі Рэгістан у Самаркандзе, Шахі-Зінда, у Шахрысабзе), новымі інж. вырашэннямі, багаццем паліхромнага дэкар. ўбрання (Тур-Эмір, Бібі-Ханым у Самаркандзе). У манум. архітэктуры пашырыўся тып будынка з 2—4-айванным дваром і багата дэкарыраваным парадным уваходам-пештаком (мячэці і медрэсэ ў Бухары, Самаркандзе, палац у Шахрысабзе), комплексы маўзалеяў (Ішрат-хана і Аксарай у Самаркандзе). Фасады будынкаў аздаблялі шматколернай наборнай керамічнай мазаікай, інтэр’еры — размалёўкамі арнаментальнай з пазалотай і рэльефнай («кундаль»). У 16—17 ст. завершаны парадныя арх. ансамблі ў Бухары і Самаркандзе. З канца 18 ст. ўзводзілі традыц. культавыя будынкі і палацы (у Хіве, Бухары, Какандзе) з выкарыстаннем кампазіцыйных прыёмаў нар. жылля і з пышным дэкорам. Паводле рэгулярных планаў будаваліся новыя гарады (Фергана) і развіваліся старыя. Для нар. архітэктуры 18 — пач. 20 ст. характэрны дамы з рассоўнымі сценамі і аканіцамі, дэкар. сценавымі нішамі і разьбой па ганчы, замкнёны дворык з айванамі на драўляных калонах, айваны з фігурнымі калонамі, насценнымі размалёўкамі і разьбой. Вясковыя сядзібы часта імітавалі формы крапасной архітэктуры. У канцы 19 — пач. 20 ст. будавалі ў духу эклектычнай еўрап. архітэктуры. Грамадскія будынкі 1-й пал. 20 ст. ў стылях канструктывізму і неакласіцызму (Дом урада ў Ташкенце, арх. С.Палупанаў), з элементамі манум. сярэдневяковага дойлідства і нар. жытла. Узорным стаў будынак Вял.т-ра оперы і балета ў Ташкенце (арх. А.Шчусеў), у якім класічныя формы спалучаны з традыц. сярэднеазіяцкім дэкорам. У 1960—70-я г. асвоена буйнаблочнае шматпавярховае домабудаўніцтва з улікам клімату і сейсмічнасці. Пасля землетрасення 1966 Ташкент адноўлены з улікам прынцыпаў сучаснай планіроўкі, з 1977 дзейнічае метрапалітэн. Архітэктура 1980—90-х г. адметная функцыянальнасцю прасторавых кампазіцый і аб’ёмаў, выкарыстаннем манум. жывапісу, скульптуры, традыц.нар.арх. дэкору: у Ташкенце — Палац мастацтваў (1962—64, арх. У.Бярэзін і інш.), гасцініцы «Узбекістан» (1974, арх. І.Мерпарт і інш.), «Масква» (1982, арх. У.Співак); гасцініца «Самарканд» (1971, арх. А.Айдынава і інш.), мемар. комплекс Імана Аль-Бухары ў Самаркандзе. у 1934—35 засн. Саюз архітэктараў У.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найстараж. помнікі мастацтва на тэр. У. адносяцца да эпохі мезаліту (наскальныя размалёўкі вохрай у цясніне Зараут-Сай). З часоў неаліту вядомы ляпная кераміка з грубаватым пазногцевым або прамаляваным арнаментам, петрогліфы з выявамі жывёл. У эпоху бронзы развівалася маст. ліццё, у кераміцы земляробчых паселішчаў і стэпавых плямён пашырыўся геам. арнамент. Ахеменідскаму мастацтву блізкія вырабы канца 1-га тыс. да н.э. (мармуровая скульпт. капітэль з Султануіздага, гемы з Афрасіяба); асобныя ўзоры дробнай пластыкі маюць рысы «звярынага стылю». У 4 ст. да н.э. ў выяўл. мастацтве складваліся лакальныя стылі (манум. скульптура і размалёўкі Дальверзін-Тэпе, Айртама, Халчаяна, Тапрак-Калы, Ер-Кургана; карапластыка Бактрыі, Согда, Харэзма). У 6 — пач. 8 ст. ў разьбе па стука і дрэве (Афрасіяб, Джумаляк-Тэпе, Варахша) плоскасны рэльеф змяніўся на аб’ёмныя пластычныя формы. Традыцыі будыйскай пластыкі ўвасобіліся ў скульптуры храма Кувы (Фергана). Манум. размалёўкі вылучаюцца плоскаснасцю і дэкаратыўнасцю, складаным лінеарным малюнкам, багаццем колеравых спалучэнняў (Балалык-Тэпе, Афрасіяб, Варахша). З паяўленнем ісламу змяніўся арнамент. Пашырылася дэкар.-прыкладное мастацтва (шкларобства, кераміка, ткацтва і інш.). У канцы 14—15 ст. інтэр’еры размалёўваліся арнаментальнымі ўзорамі, у т. л. з пазалотай, з 2-й пал. 15 ст. пашырылася рэльефная на глінянай аснове шматколерная з пазалотай размалёўка «кундаль». У 16—17 ст. дасягнулі росквіту сярэднеазіяцкая школа мініяцюры, традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 18 — сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ткацтва, набіванка, вышыўка, залатое шыццё, дыванаткацтва, выраб насценных пано — сюзанэ, апрацоўка скуры, маст. вырабы з металу. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіўся станковы жывапіс з рысамі этнаграфізму і пасіўнага бытаапісальніцтва (І.Казакоў, С.Юдзін). Станаўленню выяўл. мастацтва У. садзейнічала развіццё ў 1910-я г. агітацыйна-масавых відаў мастацтва, плаката, сатыр. малюнка, кніжнай графікі (У.Раждзественскі, І.Ікрамаў, М.Курзін, А.Нікалаеў, С.Мальт, М.Хакімджанаў і інш.). Сярод жывапісцаў 1920-х г. вылучаліся Л.Бурэ, П.Бянькоў, А.Волкаў, М.Карахан, Нікалаеў, У.Тансыкбаеў, А.Татэвасян, у творчасці якіх па-рознаму выявіліся пошукі нац. самабытнасці, разнастайнасць стылістычных вырашэнняў, святлоценявых і каларыстычных прыёмаў. У 1930-я г. метад сацыяліст. рэалізму распрацоўвалі Н.Кашына, З.Кавалеўская, мастакі А.Абдулаеў, Р.Цімураў, Б.Хамдамі. У гады Вял.Айч. вайны працавалі «Окна УзТАГа», ствараліся плакаты, жывапісныя карціны, прысвечаныя гераізму франтавікоў і працаўнікоў тылу. У 1950-я г. пераважалі творы на сучасныя тэмы і пейзажы (Р.Ахмедаў, Карахан, В.Уфімцаў, З.Інагамаў), развіваліся манум. жывапіс (Ч.Ахмараў), скульптура (П.Грышчанка, Н.Крымская, А.Іваноў), кніжная і станковая графіка. Сучаснае мастацтва У. характарызуецца багаццем выразных сродкаў, вобразным абагульненнем натуры, узбагачэннем пластычнай мовы (жывапісцы Дж.Умарбекаў, Р.Чарыеў, С.Абдулаеў, Ш.Абдурашыдаў, графікі К.Башараў, У.Кайдалаў, М.Кагараў, А.Цыглінцаў), імкненнем да глыбокага разумення нац. характараў (скульптары А.Ахмедаў, М.Мусабаеў, А.Байматаў, Х.Хуснутдзінхаджаеў, графік Т.Мухамедаў). Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва (М.Мадаліеў і інш.).
Музыка. Традыц.узб. музыка аднагалосая, элементы двухгалосся сустракаюцца толькі ў інстр. п’есах. У аснове ладавай будовы натуральныя лады. Тонка распрацавана рытміка. Гал. сродак выразнасці — мелодыя. Узб. музыка развівалася як мастацтва вуснай традыцыі ў 3 кірунках: нар. (фалькл.), нар.-прафес. (дастаны — эпічныя паэмы і інш.) і прафес. (макамы і інш.). Фалькл. жанры — ашуля (лірычная песня), яла (песня з запевам саліста і хар. прыпевам), ляпар (муз. дыялог) і інш. Разнастайны інструментарый: струнныя танбур, дутар, домбра, рубаб, гіджак, чанг; духавыя най, буламан, кашнай; ударныя дайра, нагара. Для узб.нар. і прафес. музыкі характэрны 4 асн. лакальныя стылі: фергана-ташкенцкі, харэзмскі, бухарска-самаркандскі, сурхандар’інска-кашкадар’інскі. У 2-й пал. 19 ст. створана т-ва аматараў музыкі, зроблены першыя запісы ўзораў узб.муз. творчасці. З канца 1910-х г. развіваецца прафес. музыка на аснове засваення вопыту сусв.муз. культуры. Уклад у развіццё нац.муз. культуры зрабілі Х.Хамза, А.Абдуганіеў, Л.Бабаханаў, Т.Джалілаў, Д.Ібадаў, А.Насыраў, Ю.Раджабаў, Х.Расулеў, М.Ташмухамедаў, а таксама Р.Гліэр, А.Казлоўскі, Г.Мушэлб, В.Успенскі і інш. Сярод першых нац. опер «Буран» М.Ашрафі і С.Васіленкі (1939), «Лейлі і Меджнуи» Гліэра і Т.Садыкава (1940). Для 2-й пал. 20 ст. характэрна інтэнсіўнае развіццё і засваенне новых муз. жанраў: оперы Ашрафі, С.Бабаева, балеты У.Мусаева, Д.Закірава, хары а капэла М.Бурханава, сімф. творы І.Акбарава, Т.Курбанава, М.Махмудава, М.Таджыева, фп. канцэрты Г.Мушэля, песні А.Мухамедава, Х.Ізамава, Х.Рахімава, Ш.Рамазанава і інш. У 20 ст. ўклад у нац.муз. мастацтва зрабілі: кампазітары Ашрафі, Бурханаў, М.Левіеў, Садыкаў, С.Юдакоў; дырыжоры Д.Абдурахманава, Ашрафі, З.Хакназараў; спевакі А.Азімаў, С.Беньямінаў, К.Закіраў, В.Грынчанка, С.Кабулава, Ф.Лаўт, Х.Насырава, Ф.Янаў-Яноўскі, С.Ярашаў; прапагандыстка нар. песень і танцаў Тамара Ханум; балерыны Г.Ізмайлава, Б.Карыева, М.Тургунбаева. Дзейнічаюць (2002): Узбекскі т-р оперы і балета імя А.Наваі (Ташкент, з 1939); т-р оперы і балета (Самарканд, з 1964); Узб.муз.т-р (Ташкент, з 1971); т-ры муз. драмы і камедыі (Андыжан, з 1927; Бухара, з 1930; Наманган, з 1931); Дзярж.сімф. аркестр У. і аркестр нар. інструментаў (абодва з 1938); хар. капэла (1952); Ін-т мастацтвазнаўства імя Хамзы (з 1928); кансерваторыя (з 1936); ін-т культуры (з 1973); філармонія (з 1936 — усе ў Ташкенце); муз. вучылішчы і школы. У 1938 створаны Саюз кампазітараў У.
Тэатр. Вытокі узб.т-ра ў вусных паказах традыц.прафес. і нар. т-раў — масхарабозаў і кызыкчы, а таксама т-ра лялек. Для развіцця узб.т-равял. значэнне мела дзейнасць рус.прафес. і аматарскіх труп, якія гастралявалі ў Туркестане з 1870-х г.Літ.узб. драма развіваецца з 1910-х г. Пачынальнік прафес.узб.т-ра — драматург, рэжысёр, акцёр Хамза Хакімзадэ Ніязі, арганізатар першай тэатр. трупы ў Фергане (1918, з 1925 Дзярж. краявая перасоўная ўзорная узб.драм. трупа). Па яго ініцыятыве ўзніклі т-ры ў Ташкенце, Самаркандзе (1918—19), Какандзе (1919), Хіве (1922) і інш. У 1919 у Ташкенце рэж., акцёр і драматург М.Уйгур сфарміраваў узб.прафес. трупу імя К.Маркса, на аснове якой у 1927 створаны Дзярж.узб.т-р (з 1929 імя Хамзы, з 1933 акадэмічны). У канцы 1920-х—30-я г. арганізаваны т-ры ў Фергане, Какандзе, Намангане, Каршы і інш., створана сетка калгасна-саўгасных т-раў. У 1961 шэраг муз.-драм. т-раў рэарганізаваны ў драматычныя. Аснова рэпертуару — пастаноўкі нац. драматургіі: п’есы Хамзы, К.Яшэна, А.Кахара, Ш.Хуршыда, Уйгуна, М.Шэйхзадэ, Х.Алімджана, І.Султанава і інш., класічныя творы. Ставіліся п’есы бел. аўтараў К.Крапівы, А.Макаёнка, А.Маўзона. Уклад у развіццё т-ра У. зрабілі Я.Абдулаева, Г.Агзамаў, Т.Азізаў, І.Аліева, С.Ахмедаў, Я.Бабаджанаў, А.Бакіраў, Ш.Бурханаў, А.Гінзбург, А.Джалілаў, Г.Загурская, С.Ішантураева, М.Карыева, Ш.Каюмаў, М.Кузняцова, М.Любанскі, З.Мадаліеў, Э.Малікбаева, Я.Маматханаў, М.Мансураў, М.Міракілаў, С.Рахманаў, З.Садрыева, Т.Султанава, А.Турдыеў, А.Хаджаеў, Р.Хамраеў, А.Файзіеў, М.Юсупаў і інш. У 1945 у Ташкенце створаны Ін-ттэатр. мастацтва.
Кіно. У 1924 арганізавана рус.-бухарскае т-ва «Бухкіно», якое выпускала дакумент. фільмы, у 1925 — трэст «Узбекдзяржкіно» і адкрыта кінафабрыка «Шарк Юлдузі» (з 1958 кінастудыя «Узбекфільм»). Зняты фільмы, прысвечаныя актуальным праблемам У.: «Мусульманка» (1925), «Другая жонка» і «Чадра» (1927), «Крыты фургон» (1928), «Рамазан» (1938), «Джыгіт» («Егіт», 1936) і інш. З 1930-х г. ва узб. кіно працавалі рэжысёры Ю.Агзамаў, Н.Ганіеў, М.Каюмаў, А.Саідаў, С.Хаджаеў, З.Хамраеў, К.Ярматаў. У 1937 створаны першы гукавы фільм «Клятва». У Вял.Айч. вайну папулярнасцю карысталіся узб. фільмы-канцэрты «Сябрам на фронце» (1942), «Падарунак Радзімы» (1943) і інш. Ва У. эвакуіраваны кінастудыі інш. рэспублік. У пасляваен. гады значным дасягненнем сталі фільмы «Тахір і Зухра» (1945), «Дачка Ферганы» (1948, рэж. абодвух Ганіеў), «Алішэр Наваі» (1948), «Авіцэна» (1957), «Калі квітнеюць ружы» (1959, рэж. усіх Ярматаў), «У імя шчасця» (1957), «Зачараваны табой» (1959, рэж. абодвух Агзамаў). У 1960-я г. творчую дзейнасць пачалі рэжысёры Ш.Абасаў, Х.Ахмар, Р.Батыраў, Э.Ішмухамедаў, К.Камалава, У.Назараў, Д.Салімаў, А.Хамраеў, А.Хачатураў. Для узб. кіно 1960—70-х г. характэрна тэматычная і жанравая разнастайнасць: «Птушка-невялічка» (1961, рэж. Х.Файзіеў), «Ты не сірата» (1963), «Ташкент — горад хлебны» (1968, рэж. абодвух Абасаў), «Белыя, белыя буслы» (1967, рэж. Хамраеў), «Пяшчота» (1967), «Закаханыя» (1969, рэж. абодвух Ішмухамедаў); гіст. «Зорка Улугбека» (1958, 1961, 1965, рэж. Файзіеў), «Мінулыя дні» (1970, рэж. Агзамаў), «Адна сярод людзей» (1974, рэж. Ярматаў), «Горкая ягада» (1975, рэж. Камалава), «Чалавек сыходзіць за птушкамі» (1976, рэж. Хамраеў), «Чужое шчасце» (1979, рэж. Камалава), «Юнацтва генія» (1983, рэж. Ішмухамедаў); дзіцячыя «Ластаўкі прылятаюць вясной» (1975, рэж. Ахмар), «Гарэза» (1977, рэж. Салімаў), «Ясныя Ключы» (1979, рэж. А.Акбархаджаеў) і інш. З 1980-х г. ва узб. кіно працуюць рэжысёры М.Абзалаў, З.Ройзман, аператары А.Ісмаілаў, Д.Абдулаеў, Т.Каюмаў, рэжысёры-дакументалісты Н.Атаўлаева, А.Карымаў, Каюмаў, Т.Надыраў, Т.Рузіеў і інш. Сярод фільмаў 1980—90-х г. «Тайнае падарожжа Эміра» (1986), «Апошняе падарожжа Каіпа» (1989, рэж. абодвух Ф.Даўлетшын), «Кілер» (1998, рэж. Д.Амірбаеў), «Мама» (2001, рэж. Б.Адылаў, З.Мусакаў). Творчым пошукам вызначаюцца фільмы Ю.Разыкава «Аратар» (1998), «Жаночае царства» (2000), «Танец мужчын» (2002). У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў У.
Беларусы ва Узбекістане. Выхадцы з Беларусі з’явіліся ва У. ў часы Рас. імперыі і СССР. Летам 1941 сюды эвакуіравана ч. насельніцтва БССР, у т. л. ў Ташкент — акадэмікі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя, сярод іх і Я.Колас, якія знаходзіліся тут да 1943—44. Паводле перапісу 1989 ва У. жыло 29 427 беларусаў. У 1993 у Ташкенце засн. беларускі культ. цэнтр «Світанак».
Літ.:
Вопросы социально-экономической жизни Узбекистана в XVI — начале XX вв.: Сб. науч. тр. Самарканд, 1988;
Узбекистан: страницы истории. Ташкент, 1991;
Березиков Е.Е. Легенды и тайны Узбекистана. Ташкент, 1991;
Республика Узбекистан: рождение независимого государства. Ташкент, 1992;
Гафарлы М.С., Касаев А.Ч. Узбекская модель развития: Мир и стабильность — основа прогресса. М., 2000;
Левитин Л.И. Узбекистан на историческом повороте. М., 2001;
Узбекистан: Десять лет по пути формирования рыночной экономики. Ташкент, 2001;
История узбекской советской литературы М., 1967;
Кор-Оглы Х. Узбекская литература. 2 изд. М., 1976;
Пугаченкова Г.А., Ремпель Л.И. История искусства Узбекистана. М., 1965;
Искусство Советского Узбекистана, 1917—1972. М., 1976;
Терлина М.Д. Узбекское золотое шитье. Л., 1982;
Махмудов Т. Эстетика живописи Узбекистана. Ташкент, 1983;
История и современность: Пробл. муз. культуры народов Узбекистана, Туркмении и Таджикистана. М., 1972;
История узбекской музыки. М., 1979;
Иосько М.И. Белоруссия и Узбекистан. Мн., 1970.
В.М.Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), І.І.Герус (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Узбекістана.Краявід у гарах Узбекістана.Да арт.Узбекістан. Ландшафт Ферганскай даліны.Да арт.Узбекістан. Прадукцыя завода грузавых аўтамабіляў.Да арт.Узбекістан. Збор бавоўны.Да арт.Узбекістан. Пустыня Кызылкум.Да арт.Узбекістан. Будынак парламента ў Ташкенце.Да арт.Узбекістан. Горад Бухара.Да арт.Узбекістан. Медрэсэ Чар Мінар у Бухары.Да арт.Узбекістан. Мемарыяльны комплекс Імана Аль-Бухары ў Самаркандзе.Да арт.Узбекістан. Мінарэт і медрэсэ Іслам-Хаджы ў Хіве.Да арт.Узбекістан. М.Карахан. Сейбітка. 1946.Да арт.Узбекістан. А.Волкаў. Дзяўчаты з бавоўнай. 1932.Да арт.Узбекістан. А.Татэвасян. Дарога ў сады. 1928.Да арт.Узбекістан. А.Байматаў. Партрэт Авіцэны. 1967.Да арт.Узбекістан. Кадр з кінафільма «Чужое шчасце». 1979.Да арт.Узбекістан. Кадр з кінафільма «Алішэр Наваі». 1948.Да арт.Узбекістан. М.Мадаліеў. Гарлачык, блюда. піялы 1976—77.