ТУРКМЕНІСТА́Н (Türkmenistan),

дзяржава на ПдЗ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на Пн і ПнУ з Узбекістанам, на Пд з Іранам і Афганістанам; на З абмываецца Каспійскім морам. Пл. 488,1 тыс. км². Нас. 5369,4 тыс. чал. (2000). Сталіца — г. Ашгабат. У складзе Т. 5 вілаятаў (абласцей). Дзярж. мова — туркменская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (27 кастр.), Дзень дзярж. сцяга (19 лют.), Дзень Канстытуцыі (18 мая), Дзень нейтралітэту (12 снеж.).

Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Халк Маслахаты (Народны савет), у склад якога ўваходзяць прэзідэнт, дэпутаты меджліса, старшыні Вярхоўнага і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурор, члены Кабінета міністраў, кіраўнікі адміністрацый. Заканад. орган — меджліс (парламент) з 50 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 5 гадоў па тэр. акругах з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў. Кабінет міністраў — выканаўчы і распарадчы орган, узначальваецца прэзідэнтам.

Прырода. Берагавая лінія Каспійскага м. на Пн парэзана залівамі Кара-Багаз-Гол, Краснаводскі, Туркменскі; п-авы Краснаводскі, Чэлекен. Большая ч. тэр. Т. размешчана ў межах Туранскай нізіны, якая занята пустыняй Каракумы, на Пн Сарыкамышская катлавіна (да -24 м). На ПнЗ ускраіна плато Усцюрт і Краснаводскае, хр. Вял. і Малы Балхан. Уздоўж мяжы з Іранам горы Капетдаг (выш. да 2942 м, г. Рызе) і паўн. перадгор’і Парапаміза. На ПдУ хр. Кугітангтау (выш. да 3139 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, сера, калійныя і каменная солі, руды каляровых і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялы. У заліве Кара-Багаз-Гол вял. запасы мірабіліту. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы, з вял. гадавымі і сутачнымі амплітудамі т-р. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 28—30 °C. Ападкаў 80—100 мм на Пн, 300—400 мм у гарах. Асн. колькасць ападкаў выпадае ранняй вясной. Гал. рэкі: Амудар’я, Мургаб, Тэджэн. Сарыкамышскае возера. Каля 70% тэр. занята пустыннымі глебамі, на Пн глебы шэра-бурыя, на Пд шэразёмы, у гарах горныя карычневыя. Расліннасць пераважна пустынная (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя), у гарах (вышэй за 1500 м) — зараснікі арчы, дзікіх пладовых (вінаград, яблыні, глог, алыча, міндаль, гранат, грэцкі арэх), па далінах рэк — тугаі. Пад лесам каля 8% тэр. Жывёльны свет — грызуны (суслікі, пясчанкі, тушканчыкі), ліс, воўк, барханны кот, джэйраны, куланы, шмат паўзуноў, насякомых. Запаведнікі: Амудар’інскі, Бадхызскі, Капланкырскі, Капетдагскі, Краснаводскі, Кугітангскі, Рэпетэкскі, Сюнт-Хасардагскі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва Т. — туркмены (90%), жывуць таксама узбекі, рускія, казахі і інш. Большасць вернікаў — мусульмане (суніты), ёсць праваслаўныя і інш. Сярэдняя шчыльн. 12,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны рэк і перадгорныя аазісы Капетдага, найменш — пустыні. Гар. насельніцтва 45%. Найб. гарады (тыс. ж., 2003): Ашгабат (768), Туркменабат (240,4), Дашхавуз (Дашагуз, 197,4), Мары (133,5), Небіт-Даг (Балканабат, 117,1). У сельскай і лясной гаспадарцы занята 44% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 19%, у сферы паслуг — 37%.

Гісторыя. Тэрыторыя Т. заселена чалавекам у палеаліце. Найб. стараж. паселішча земляробаў часоў неаліту (6-е тыс. да н.э.). — Джэйтун. З часоў бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі паселішчаў гар. тыпу — Намазга-Тэпе, Кара-Тэпе і інш. Да 1-га тыс. да н.э. тэр. Т. насялялі іранамоўныя народы. Найб. развітай вобласцю была Маргіяна з цэнтрам у г. Мерв. У цэнтр. частцы Т. ў перадгор’ях Капетдага знаходзілася вобл. Парфія, у паўд.-ўсх. Прыкаспіі — Гурган (у стараж.-грэч. л-ры — Гірканія). У 7—6 ст. да н.э. Маргіяна ў складзе Бактрыі, Парфія і Гурган — Мідыі. У канцы 6 ст. да н.э. ўсе яны заваяваны Ахеменідаў дзяржавай, у 330—329 да н.э. — Аляксандрам Македонскім, а пасля распаду яго дзяржавы ўвайшлі ў склад Селеўкідаў дзяржавы. У сярэдзіне 3 ст. да н.э. Парфія стала ядром Парфянскага царства. У 224 н.э. Парфянскае царства заваявана Сасанідамі, якія ў 2-й пал. 3 ст. пашырылі сваю ўладу на ўсю тэр. Т. У сярэдзіне 5 ст. Мерв і некат. прыкаспійскія вобласці захоплены эфталітамі, але пасля іх разгрому ў 563—567 цюркамі тут аднавілася ўлада Сасанідаў. У сярэдзіне 7 ст. на тэр. Т. ўварваліся арабы, якія ў 651 захапілі Мерв, у 712 — Харэзм, у 720 — Гурган. З іх прыходам у Т. пачаў пашырацца іслам. Пры араб. панаванні Мерв стаў адным з найважнейшых цэнтраў Араб. халіфата. У 747 тут пачалося паўстанне Абу-Мусліма, якое прывяло да ўлады ў халіфаце Абасідаў. У 813—817 Мерв — сталіца Абасідаў халіфата. З яго распадам Мерв увайшоў у Тахірыдаў дзяржаву (2-я пал. 9 ст.), у 10 ст. — Саманідаў дзяржаву. У Прыкаспіі ў 10—11 ст. існавала дзяржава Зіярыдаў. З падзеннем у 999 дзяржавы Саманідаў узмацніўся націск цюрк. плямён, што вяло да цюркізацыі мясц. насельніцтва. У пач. 11 ст. Мерв трапіў пад уладу цюрк. дынастыі Газневідаў. Тады ж пачала складвацца супольнасць цюрк. плямён (ч. агузаў, халаджы, карлукі і інш.), якая атрымала назву туркмены. У 1038—40 частка агузаў, якія вядомы пад назвай сельджукі, разбіла Газневідаў. Частка туркменаў удзельнічала ў паходах сельджукаў, у выніку якіх створана Семджукская дзяржава (у краінах Б. Усходу да нашага часу ўсіх цюркамоўных называюць туркменамі, або туркманамі). У 1157 сельджукі (апошні вярх. правіцель — султан Мелікшах Санджар) разбіты інш. адгалінаваннем агузаў, пасля чаго пачалося ўзвышэнне дзяржавы харэзмшахаў, якая ў пач. 13 ст. заваявала туркменскія землі. У 1220-я г. тэр. Т. пацярпела ад нашэсця манголаў знішчана значная ч. насельніцтва, разбураны гарады, заняпала ірыгацыя. Землі Т. падзелены манголамі паміж Залатой Ардой, Джагатайскім (Чагатайскім) улусам і Хулагуідаў дзяржавай, а пасля распаду гэтых дзяржаў увайшлі ў склад дзяржавы Цімура (канец 14 — пач. 15 ст.). У 13—14 ст. сфарміравалася туркменская народнасць, але туркмены не здолелі стварыць уласнай адзінай дзяржавы. З 16 ст. розныя землі Т. пад уладай Сефевідаў дзяржавы, Хівінскага ханства і Бухарскага ханства (з 1747 Бухарскі эмірат), аднак туркм. плямёны прызнавалі іх уладу толькі намінальна. Да сярэдзіны 19 ст. туркмены захоўвалі плем. падзел (іамуды, тэкінцы і інш.); значная іх ч. вяла качавы і паўкачавы лад жыцця. Першыя спробы рус. пранікнення на тэр. Т. адбыліся ў пач. 18 ст. У 1717—18 рас. цар Пётр I накіраваў у Т. ваен. экспедыцыю на чале з кн. А.​Бековічам-Чаркаскім. якая была знішчана хівінскімі войскамі. У 1869 рас. войскі высадзіліся на ўсх. беразе Каспійскага м. і заснавалі там горад і порт Краснаводск (з 1992 наз. Туркменбашы).

Пасля падпарадкавання Бухары (1869) і Хівы (1873) Расія пачала прасоўванне ў Т. Пад націскам рас. арміі туркм. плямёны пачалі прызнаваць рас. ўладу. Упартае супраціўленне аказалі толькі тэкінцы, якія ў 1879 разбілі рас. ваен. экспедыцыю. Супраць іх былі накіраваны войскі на чале з ген. М.​Дз.Скобелевым. У студз. 1881 рас. войскі штурмам захапілі крэпасць тэкінцаў Геок-Тэпе, у 1884 занялі Мерв. У 1882 на тэр. Цэнтр. і Зах. Т. створана Закаспійская вобл.. якая ў 1898 уключана ў склад Туркестанскага краю. Усх. і паўн.-ўсх. землі Т. заставаліся пад уладай Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства (у апошнім туркмены складалі каля трэці насельніцтва) — васалаў Рас. імперыі. У 1880—85 пабудавана Закаспійская чыгунка. будаваліся гарады еўрап. тыпу (Ашгабат, Краснаводск і інш.) з пераважна рус. і арм. насельніцтвам Гэта вяло да спынення этнакульт. ізаляцыі туркменаў, якія і ў пач. 20 ст. захоўвалі перажыткі родаплемяннога ладу. У пач. 20 ст. з ваен. эліты туркменаў створаны нац. Тэкінскі конны полк. Туркмены ўдзельнічалі ў Сярэднеазіяцкім паўстанні 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у гарадах Т. ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. IV з’езд Саветаў Закаспійскай вобл. абвясціў 15.12.1917 пераход усёй улады да Саветаў. З крас. 1918 Закаспійская вобл. увайшла ў Туркестанскую АССР у складзе РСФСР. У ліп. 1918 мясц. рус. сацыялісты-рэвалюцыянеры пры падтрымцы брыт. ваен. атрада скінулі сав. ўладу і ўтварылі ўласны ўрад Закаспія. Пасля адыходу брыт. войск Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Ашгабат, у лют. 1920 — Краснаводск. Карыстаючыся міжусобнай барацьбой, якая пачалася пасля захопу ўлады ў Хіве адным з правадыроў туркм. племя іамудаў Джунаід-ханам. у лют. 1920 Хіву заняла Чырв. Армія і там абвешчана Харэзмская нар. савецкая рэспубліка, якая ў 1923 пераўтворана ў Харэзмскую ССР (ХССР). Да сярэдзіны 1920-х г. на тэр. Т. задушаны паўстанцкі рух (гл. Басмацтва).

27.10.1924 ЦВК СССР пастанавіў стварыць Туркменскую ССР. Дэкларацыю аб яе ўтварэнні (увайшлі б.ч. Закаспійскай вобл., зах. часткі скасаваных ХССР і Бухарскай ССР) 20.2.1925 прыняў 1-ы Усетуркменскі з’езд Саветаў.

Адначасова створана Камуніст. партыя Т. (КПТ). У 1925—27 праведзена зямельна-водная рэформа, якая скасавала буйное землеўладанне. Калектывізацыя, якая пачалася ў 1929, выклікала новы ўздым басмацкага руху (ліквідаваны да 1933). За гераізм на франтах Вял. Айч. вайны ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны больш за 19 тыс. ураджэнцаў Т., званне Героя Сав. Саюза прысвоена больш як 80 воінам з Т., у т. л. за вызваленне Беларусі К.​Азалаву, А.​Анаеву, М.​Байрамаву, Б.​Даўлетджанаву, Т.​Ніязмамедаву. Былі сфарміраваны нац. туркменскія злучэнні: 2 стралк. брыгады і 2 кав. дывізіі. За гады сав. улады туркмены канчаткова перайшлі да аселага жыцця, у Туркм. ССР створана сучасная прам-сць. Асаблівае развіццё набыла здабыча прыроднага газу (2-е месца ў СССР да 1980-х г.). Узнікла нац. інтэлігенцыя. У той жа час сав. ўлады імкнуліся абмежаваць свабоднае развіццё грамадскай думкі, уплыў мусульм. традыцый (у пач. 1980-х г. легальна дзейнічалі толькі 4 мячэці). З пачаткам у СССР перабудовы ў Т. ўзмацніўся нац. рух. Створаны ў вер. 1989 Нар. фронт («Агзыбірлік») у студз. 1990 забаронены. Ініцыятыву ўтрымала КПТ (са снеж. 1991 — Дэмакр. партыя Т.) на чале з С.А.Ніязавым. У маі 1990 туркм. мова абвешчана дзяржаўнай, 22.8.1990 прынята дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце Т. 27.10.1990 Ніязаў выбраны першым прэзідэнтам Т. На Усенар. рэферэндуме 26.10.1991 насельніцтва Т. выказалася за дзярж. незалежнасць (абвешчана 27.10.1991). Далучыўшыся да Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Т. прытрымліваецца палітыкі строгага нейтралітэту і добрых роўных адносін з усімі суседзямі. Унутры краіны ўсталяваўся рэжым моцнай улады прэзідэнта Ніязава, які ў 1999 атрымаў ад Халк Маслахаты права знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта без абмежавання тэрміну. У Т. дзейнічае адна легальная партыя — Дэмакр. партыя Т. Т. — чл. ААН (з 1992), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1992) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.

Гаспадарка. Т. — індустр.-аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2002 склаў 30 млрд. дол. (5000 дол. на душу насельніцтва). Доля прам-сці і буд-ва ў структуры ВУП (2000) — 41%, сельскай і лясной гаспадаркі — 20%, сферы паслуг — 39%. Недзярж. сектар дае каля 35% ВУП. Гал. галіны прамысловасці: газавая (46% паводле кошту прадукцыі), нафтавая (17%), электраэнергетыка, хім., маш.-буд., лёгкая і харчасмакавая. Агульныя прагнозныя запасы вуглевадароднай сыравіны Т. ацэньваюцца ў 23 трлн. м³ газу і 12 млрд. т нафты, прамысловыя — адпаведна ў 13 трлн. м³ і 213 млн.т. Здабыча прыроднага газу ў 2001 каля 60 млрд. м³, экспарт газу (20 млрд. м³, 1999) ажыццяўляе рас. кампанія «Газпрам». Буйныя радовішчы: Шатлык, Даўлетабад, Наіп, Ачак і інш. Здабыча нафты (10 млн. т, 2001) пераважна ў зах. раёнах Т. (Катурдэпе, Барса-Гельмес), каля п-ва Чэлекен з марскога дна. Нафтаперапрацоўка на з-дах у гарадах Туркменбашы, Чэлекен (Хазар), Сейды. Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў 14 млн. т нафты за год. Вытв-сць электраэнергіі 10,5 млрд. кВт∙гадз (2001) пераважна на ЦЭС; 1,6 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі штогод экспартуецца ў Казахстан. Хім. прам-сць прадстаўлена здабычай мірабіліту, бішафіту, эпсаміту (Бекдаш), самароднай серы (Гаурдак), вытв-сцю ёду [Небіт-Даг (Балканабат)], сульфату натрыю, суперфасфату (Туркменабат), сернай кіслаты, серы, калійных угнаенняў (Гаурдак), пластмасавых і фармацэўтычных вырабаў (Ашгабат). Машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для нафтавай, хім., харч. прам-сці, эл.-тэхн. вырабы, рамонт суднаў, аўтамабіляў, цеплавозаў) у Ашгабаце, Туркменабаце, Дашхавузе (Дашагузе), Мары, Туркменбашы. Лёгкая і харч. прам-сць — прыярытэтны сектар эканомікі Т. Каля 54% замежных інвестыцый накіравана ў гэтыя галіны ў 1997. Асн. галіна лёгкай прам-сці — тэкст., спецыялізуецца на першаснай апрацоўцы мясц. сыравіны — бавоўны, воўны, шаўкавічных коканаў, вытв-сці тканін з іх і трыкатажу. Бавоўнаачышчальныя з-ды ў Мары, Байрам-Алі, Тэджэне, Туркменабаце, Дашхавузе (Дашагузе), Керкі (Агамураце) і інш. Баваўняны камбінат, тэкст., шоўкаматальная ф-кі ў Ашгабаце, шаўковая, шарсцяная, прадзільна-ткацкая, трыкат., швейная, па апрацоўцы каракулевых шкурак ф-кі ў Туркменабаце. Дывановыя ф-кі ў Ашгабаце, Гасан-Кулі, Казанджыку, Небіт-Дагу (Балканабаце), Кізыл-Арваце (Сердары), Мары, Дашхавузе (Дашагузе) і інш. вырабляюць штогод 70 тыс. м² дываноў і дывановых вырабаў. Гарбарна-абутковыя ф-кі ў Ашгабаце і Туркменабаце. У харчасмакавай прам-сці найб. развіта алейна-тлушчавая [Байрам-Алі, Дашхавуз (Дашагуз), Туркменабат], мяса-малочная, вінаробная, саляная, піваварная галіны. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, азбестацэментныя лісты, трубы, жалезабетонныя вырабы, шкло, цэмент і інш.). Нар. маст. промыслы (вырабы з серабра і паўкаштоўных камянёў, ганчарныя вырабы, вышыўка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на бавоўнаводстве і каракульскай авечкагадоўлі. С.-г. ўгоддзі складаюць 32,2 млн. га, з іх ворных зямель 1,5 млн. га (каля 70% арашаецца), пашы 30,7 млн. га. Вял. значэнне для эканомікі Т. маюць Каракумскі канал і вадасх. Хаўз-Ханскае, Сарыязінскае, Тэджэнскае і інш. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства (53% кошту с.-г. прадукцыі), сканцэнтравана пераважна ў аазісах і перадгор’ях. Пасяўныя пл. (тыс. га, 1998) складаюць 1321,4, з іх пад бавоўнікам 544, збожжавымі (пшаніца, ячмень, рыс. джугара) 652, зернебабовымі 93,9, бахчавымі (дыні, кавуны) 12,2, садавінай і агароднінай 19,3. Вінаградарства пашырана ў Ахалскім і Марыйскім вілаятах, пладова-ягадныя насаджэнні ў перадгор’ях Капетдага, Мургабскім аазісе і зоне Каракумскага канала. У далінах р. Атрэк і яго прытока Сумбары вырошчваюць субтрапічныя культуры (гранат, масліны, інжыр, міндаль, айва і інш.). Збор (тыс. т, 1998): бавоўніку — 707, пшаніцы — 1245, фуражу — 174, бахчавых — 122, фруктаў і агародніны — 294,7, вінаграду — 147. У 2001 сабрана звыш 2 млн. т збожжа. Жывёлагадоўля (47% кошту с.-г. прадукцыі) мяса-воўнавага кірунку. На адгонных пашах Каракумаў пераважае каракуля- і вярблюдаводства, на горных пашах — танкарунная авечкагадоўля і козагадоўля; у аазісах гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушак. Племянная конегадоўля (скакуны ахалтэкінскай пароды) у Ахалскім і Марыйскім вілаятах. Пагалоўе (млн. галоў, 2000): авечак — 5,65, буйн. раг. жывёлы — 0,88, коз — 0,38, курэй — 4. Шаўкаводства пераважна ў раёне Туркменабата і Керкі (Атамурат). Рыбалоўства на Каспійскім м. і ва ўнутр. вадаёмах. Пчалярства. Асн. від транспарту — чыгуначны. Даўж. чыгунак 2187 км (1999). Асн. магістралі: Туркменбашы — Ташкент з адгалінаваннем Мары—Кушка; Туркменабат—Кунград—Бейнеў. Даўж. аўтадарог 24 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 19,5 тыс. км. Суднаходства па Каспійскім м., р. Амудар’я, Каракумскім канале. Гал. марскі порт — Туркменбашы, звязаны марскім паромам з г. Баку. Газаправоды: Зах. Т.—Бекдаш—Мангышлак, Майскае—Ашгабат—Безмеін і інш. Курорты: Арчман, Байрам-Алі, Малакара, Фіруза. Замежны турызм. Экспарт (2,5 млрд. дол., 2000) нафты, прыроднага газу, бавоўны, электраэнергіі, тэкстылю, дываноў. Імпарт (1,7 млрд. дол., 2000) машын і абсталявання, хімікатаў, харч. прадуктаў, спажывецкіх тавараў. Асн. гандл. партнёры: Іран, Турцыя, Расія, Казахстан, Украіна, ЗША, Германія, Узбекістан. Знешнегандлёвы абарот Т. з Рэспублікай Беларусь у 2000 склаў 46 млн. дол. Грашовая адзінка — манат.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і Войск ППА, берагавой аховы (ВМС). Агульная колькасць узбр. сіл каля 19 тыс. чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках каля 16 тыс. чал., 570 танкаў, 1350 баявых браніраваных машын, 560 артыл. гармат, ракетных сістэм залпавага агню і мінамётаў, процітанк. і зенітная артылерыя. У ВПС і Войсках ППА каля 3 тыс. чал., 170 баявых самалётаў, 77 зенітных ракетных комплексаў і інш.

Ахова здароўя ў Т. належыць да кампетэнцыі дзяржавы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 57, жанчын 65 гадоў (2001). Узровень нараджальнасці — 29 на 1 тыс. чал. Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 97 чал., урачамі — 1 на 330 чал. Дзіцячая смяротнасць — 73 на 1 тыс. нованароджаных.

Асвета. У сістэме адукацыі Т. дашкольныя ўстановы (яслі-сады), агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Паводле Закона 1993 агульная адукацыя з’яўляецца абавязковай і набываецца ў школе з 9-гадовым навучаннем. Школьнае навучанне прадугледжвае 2 перыяды — «сават» («грамата», 4 гады навучання) і «білім» («адукацыя», 5 гадоў) і заканчваецца выпускнымі экзаменамі. Атрыманне прафес. і вышэйшай адукацыі магчыма толькі на аснове агульнай адукацыі. Навуч. ўстановы дзярж. і прыватныя. У навуч. установах з тэрмінам навучання 2 гады атрымліваюць падрыхтоўку рабочыя асн. галін прам-сці Т. — нафтавай, газавай, машынабудаўнічай. Сярэднія спец. навуч. ўстановы ў падпарадкаванні ВНУ адпаведных профіляў. У сістэме вышэйшай адукацыі Т. 16 ВНУ (2002), найбуйнейшыя з іх: Туркм. ун-т імя Магтымгулы (з 1950; больш за 2 тыс. студэнтаў), с.-г. ун-т імя С.​А.​Ніязава, політэхн. ін-т (з 1963), мед. (усе ў Ашгабаце), пед. ін-т у Туркменабаце. У Т. 233 б-кі, найбуйнейшая — Нац. б-ка (з 1895; каля 5,5 млн. адзінак захавання) з’яўляецца цэнтрам навукова-інфарм. дзейнасці краіны. 26 музеяў, найбуйнейшы — Нац. музей Т. Навук. даследаванні вядуцца ў АН Туркменістана і галіновых НДІ.

Літаратура. Развіваецца на туркменскай мове. У культуры туркменаў вылучаюцца 2 плыні: іранская і цюркская. Таму творы фальклору і стараж. помнікі л-ры (на фарсі і цюрк. мовах) агульныя для туркменаў, таджыкаў, персаў, узбекаў, азербайджанцаў, туркаў. З эпічных жанраў фальклору найб. развіты дастан. Найстараж. твор гераічнага эпасу — 12 сказанняў (складаліся ў 9—15 ст.), якія сабраны ў 16 ст. невядомым укладальнікам у «Кнізе майго дзеда Каркуда» («Кітабі дэдэ Каркуд»). Сюжэтнымі элементамі блізкі да яго эпас «Гёраглы» («Кёр-аглы»). Аўтарскай апрацоўкай вядомых сюжэтаў усх. л-ры з’яўляюцца дастаны «Лейлі і Меджнун» і «Юсуф і Зулейха». У стараж. і сярэдневяковай л-ры пераважала дыдактычная паэзія. У 1464 Вепаі (Вефаі) склаў зб. дыдактычнай паэзіі «Светач ісламу». Вядомы паэты-палкаводцы Бурханеддзін Сівасі (14 ст.), Байрам-хан Ханханан і яго сын Рахімхан, паэт Бархудар Туркман (17 ст.) і інш. Ідэямі гуманнасці, дабра і сац. справядлівасці прасякнута творчасць Д.Азадзі. З пач. 18 ст. л-ра развівалася на мове, блізкай і зразумелай народу. Станаўленне самабытнай нар. л-ры звязана з імем паэта і мысліцеля Махтумкулі (Магтымгулы), які стаў пачынальнікам новай туркм. л-ры, увёў у паэзію свецкія матывы, распрацоўваў грамадз. лірыку, літ. мову наблізіў да народнай. У 18—19 ст. асн. жанрам была лірыка (паэты Андаліб, Шэйдаі, Магрупі, Маланепес, Кеміне, Сеідзі, Мятаджы, Міскінклыч і інш.). У пач. 20 ст. выступілі паэты-імправізатары Байрам Шахір, Кёрмала, Маламурт, Шабендэ, Дурды Клыч. У 1920-я г. ў л-ру прыйшлі паэты Ата Саліх, Б.Кербабаеў, Я.​Насырлі і інш. Асн. тэмы л-ры 1920—30-х г. — калектывізацыя і звязаная з ёю класавая барацьба, эмансіпацыя жанчыны (паэты А.​Аламышаў, Ш.​Кекілаў, А.Кекілаў, Ата Ніязаў і інш.). З канца 1920-х г. развівалася проза (А.​Дурдыеў, Кербабаеў, Н.​Сарыханаў), зарадзілася драматургія (п’есы А.Каўшутава, К.​Бурунава, Т.Эсенавай). У 2-й пал. 1930-х г. паявіліся буйныя творы прозы: 1-я ч. 4-томнага рамана Х.​Дзер’яева «Лёс» (закончаны ў 1971), 1-я ч. рамана Кербабаева «Вырашальны крок» (закончаны ў 1955). У Вял. Айч. вайну папулярныя былі вершы Ата Саліха, Д.​Халдурды, К.Сейтліева, творы Кекілава, Б.Сейтакава, Насырлі, Кербабаева, Б.​Салтаніязава, Х.​Ісмаілава, П.​Нурбердыева. У пасляваен. л-ру прыйшлі А.​Атаджанаў, М.​Сеідаў, А.​Хаідаў, Ш.​Барджакаў і інш. Востраканфліктныя п’есы пісаў Г.Мухтараў. У 1960-я — пач. 1970-х г. л-ру ўзбагацілі раманы «Стэпавікі» Б.Худайназарава, «Чорны караван» К.Куліева, «Крэмені» Атаджанава, «Каханне» Кекілава, раман-эпапея «Браты» Сейтакава. Жанр аповесці і апавядання развівалі Т.​Курбанаў, А.​Акмамедаў, Я.​Маметыеў, Т.​Джумагельдыеў, А.​Таганаў, Н.​Джумаеў, К.​Тангрыкуліеў і інш. У 1990-я г. л-ра звяртаецца да гіст. каранёў і традыцый, з’явіліся буйныя творы пра сучаснае жыццё туркм. народа, развіваецца дзіцячая л-ра, літ.-знаўства. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Т.

Туркменска-бел. літ. сувязі зарадзіліся яшчэ ў 19 ст. Ураджэнец Беларусі, паэт, славіст А.​Ходзька даследаваў туркм. фальклор, эпас «Гёраглы», паэзію Махтумкулі і Кеміне. Шырокае развіццё гэтыя ўзаемасувязі атрымалі пасля Кастр. рэвалюцыі. На бел. мове выдадзены «Туркменскія народныя казкі» (1960, пер. Я.​Бяганская), казка «Гара самацветаў» (1971, пер. С.​Міхальчук), зб-кі вершаў, апавяд. і казак «Каракумскія зоркі» (1969), «Аксамітавая ружа» (1980), «Кветкі Каракумаў» (1990), «Мая Туркменія» (1992), раман «Прапашчы чалавек» Джумагельдыева (1984, пер. А.​Жук), зб-кі вершаў «Джайранаў кубак» Я.​Піркуліева (1976, пер. А.​Вольскі), «Чароўнае шкельца» К.​Чаліева (1983, пер. Л.​Філімонава), «Песні Каракумаў» Тангрыкуліева (1984, пер. Вольскі, Е.​Лось, В.​Лукша), «Дождж у пустыні» Н.​Байрамава (1987, пер. К.​Цвірка), кн. выбр. лірыкі «Салавей шухае ружу» Махтумкулі (1983). У бел. перыёдыцы публікаваліся вершы С.​Авезбердыева, Р.​Аліева, Атаджанава, Байрамава, Г.​Зарыпавай, К.Курбанепесава, А.​Курдава, Махтумкулі, А.​Рахманава, А.​Чарыева, К.​Эзізава, апавяданні Б.​Каюмава, А.​Назарава, Таганава, Тангрыкуліева, Хаідава і інш. Творы туркм. паэзіі і прозы перакладалі і перакладаюць У.​Караткевіч, Р.​Барадулін, Я.​Васілёнак, А.​Вольскі, С.​Гаўрусёў, М.​Гіль, С.​Грахоўскі, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, А.​Звонак, А.​Клышка, В.​Коўтун, А.​Лойка, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, Ю.​Свірка, М.​Татур, Х.​Чэрня, А.​Шаўня, У.​Шахавец і інш. Туркм. пісьменнікі ўдзельнічалі ў з’ездах Саюза пісьменнікаў Беларусі, у тыднях л-р, у купалаўскіх і коласаўскіх днях. Беларусі прысвяцілі свае творы Аліеў, А.​Кавусаў. На туркм. мове выдадзены зб-кі «Выбраныя вершы і паэмы» Я.​Купалы (1941), «Выбраныя вершы» (1941) і «Апавяданні пра мінулае» (1981) Я.​Коласа, «Апавяданні» Я.​Брыля (1960), раманы «Калі зліваюцца рэкі» П.​Броўкі (1962), «Сэрца на далоні» І.​Шамякіна (1973) і інш.

Архітэктура. У 4—3-м тыс. да н.э. пераважалі шматпакаёвыя сырцовыя дамы, часам размаляваныя ўнутры. У эпоху бронзы з’явіліся вял. протагар. паселішчы. У 1-м тыс. да н.э. ўзніклі гарады з цытадэлямі (Эрк-Кала ў Мерве), якія абрасталі гар. забудовай. Для раннефеад. часу (5—7 ст. н.э.) характэрны сырцовыя ўмацаваныя сядзібы, 2-павярховыя кёшкі (данжоны) на штучнай платформе і з «гафрыраванымі» сценамі (Кыз-Кала ў Мерве), замкнёныя па перыметры жылыя дамы з унутр. дварамі; вядомы рэшткі хрысц. царквы і манастыра (у Мерве). У 11—12 ст. ва ўмацаваных гарадах са стыхійнай забудовай разрасталіся рабады з караван-сараямі, мусульм. культавымі комплексамі, жылымі кварталамі (Мешэдзі-Місрыян, Шах-Сенем у Харэзме). Будавалі з сырцу, пахсы, абпаленай цэглы, распрацоўвалі скляпеніста-купальныя канструкцыі, у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, стука, арнаментальныя размалёўкі. Для палацаў і караван-сараяў характэрны дваровыя айванныя кампазіцыі (палац у Мерве, Даяхатын). У культавым дойлідстве выпрацаваны мясц. тыпы пятнічнай мячэці, круглых мінарэтаў з узорыстай цаглянай муроўкай, загараднай мячэці «намазга», цэнтр.- і партальна-купальных маўзалеяў (маўзалеі султана Санджара ў Мерве, 1140-я г., арх. Мухамед ібн-Атсыз ас-Серахсі). У 14 ст. ўскладніліся аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі, вылучыўся парадны ўваход-пяштак, у дэкоры з’явіліся разныя наборныя керамічныя мазаікі (маўзалей дынастыі Суфі ва Ургенчы). Нар. жытло аселага насельніцтва — пераважна пахсавыя 2—3-пакаёвыя дамы з лёгкім калонным айванам на фасадзе, плоскім дахам і ўнутр. дваром. Багатыя сядзібы будавалі ў выглядзе невял. крэпасцей. Жытлы памежных з Узбекістанам раёнаў з рысамі туркм. і ўзб. архітэктуры (сядзіба з 2 унутр. дварамі і айванамі на драўляных калонах). Жыллё качавых плямён — юрта, пакрытая лямцам, сцягнутая тканымі ўзорыстымі палосамі. У 19 ст. гарады будавалі паводле рэгулярнага плана. Пераважала 1-павярховая забудова з абліцоўкай абпаленай цэглай. У пач. 20 ст. пашырана буд-ва прамысл. аб’ектаў, распрацаваны тып шматкватэрнага секцыйнага жылога дома з улікам прыродных умоў. У 1930—40-я г. выкарыстоўваліся элементы класіцызму і формы сярэднеазіяцкага дойлідства. Землетрасенне 1948 зруйнавала сталіцу і навакольныя пасёлкі. Праекты сейсмаўстойлівых будынкаў стваралі паводле новых правіл: аб’яднанне прадпрыемстваў у прамысл. раёны, пашырэнне гар. артэрый, стварэнне сістэмы плошчаў, зялёных эспланад, ансамбляў адм. і грамадскіх будынкаў. У горадабудаўніцтве 2-й пал. 20 ст. тэндэнцыя да стварэння сучасных маст.-выразных арх.-прасторавых кампазіцый, функцыян. мэтазгоднасці планіроўкі і афармлення будынкаў, да сінтэзу з манум.-дэкар. мастацтвам, арган. сувязі з ландшафтам (арх. А.​Р.​Ахмедаў, Ф.​А.​Аліеў і інш.). Пачынаючы з 1990-х г. для арх-ры характэрны зварот да нац. традыцый у спалучэнні з сучаснымі сусв. арх. тэндэнцыямі, асабліва пры ўзвядзенні манументальных будынкаў — палацаў, мячэцей і інш. Сярод найб. значных пабудоў: мячэць Сапармурата-хаджы ў г.п. Геок-Тэпе, арка Нейтралітэту ў Ашгабаце, мемар. комплекс памяці загінуўшых ад землетрасення 1948 у с. Кіпчак і інш. У 1936 засн. Саюз архітэктараў Т.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. Т. адносяцца да 6—5-га тыс. да н.э. (насценныя размалёўкі, ляпны посуд, статуэткі). У 3—2-м тыс. да н.э. вядома дробная тэракотавая пластыка (жаночыя фігуркі), кераміка з геам. і схематызаванымі зааморфнымі матывамі. У некат. творах 1-га тыс. да н.э. выявіўся ўплыў мастацтва ахеменідскага Ірана. У канцы 4—1-й пал. 3 ст. да н.э. на Пд Т. склаўся лакальны варыянт усх.-эліністычнай культуры, мастацтва паўн. раёнаў развівалася ў рэчышчы маст. культуры Харэзма. З 8 ст. н.э. пашырылася паліваная і непаліваная кераміка, з 12 ст. — танкасценныя пасудзіны з высокакрэменязёмістай масы (кашына) з вытанчаным гравіраваным або ажурным праразным узорам, часам размаляваныя люстрам, з 15 ст. адчувальны ўплыў далёкаўсх. фарфору. Вял. пашырэнне мелі дыванаткацтва, выраб лямцавых дываноў (кошмаў), ювелірная справа. Станаўленне выяўл. мастацтва звязана з адкрыццём у Ашгабаце «Ударнай школы мастацтваў Усходу» (1920). Творам 1920—30-х г. уласцівы пошукі нац. стылю (Г.​Бабікаў, С.​Бягляраў, Ю.​Данешвар, Б.​Нуралі, І.​Чарынько). Актыўную ролю ў грамадска-паліт. жыцці адыгрывала графіка — плакаты і карыкатуры (Р.​Гершанік, М.​Касценка, М.​Фядура). У Вял. Айч. вайну развівалася агітац. мастацтва («ВокныТуркменТАГа»). Мастацтву 1950—60-х г. уласціва адлюстраванне тагачасных падзей, асаблівасцей грамадскага развіцця (Г.​Брусянцоў, І.​Клычаў, А.​Куліеў, А.​Хаджыеў, А.​Шчацінін). У 1960—80-я г. склалася і развівалася нац. маст. школа Т., якой уласцівы рысы «суровага стылю». імкненне да засваення нац. спадчыны. Змест і кампазіцыі вылучаліся дакладнасцю рытмаў, вастрынёй ліній, пластычнай выразнасцю і яркай колеравай гамай (А. і Ч.​Амангельдыевы, С.​Бабікаў, Д.​Байрамаў, Клычаў, М.​Мамедаў). Развівалася тэатр.-дэкарацыйнае (Ш.​Акмухамедаў, Я.​Ананураў, Я.​Кордыш), манум.-дэкар. (Дж.​Джумадурды, К.​Ярмамедаў), нар. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Побач з адраджэннем класічных тыпаў арнаментальных ворсавых дываноў вырабляліся партрэтныя і сюжэтна-тэматычныя. З 1990-х г. усе віды мастацтва арыентаваны на ідэю адраджэння нац. маст. спадчыны; вял. ролю адыгрывае манум. скульптура.

Музыка. На песенны і інстр. фальклор туркменаў паўплывала музыка краін Сярэдняй Азіі, Б. і Сярэдняга Усходу. Нар.-прафес. мастацтва дасягнула дасканаласці ў творчасці спевакоў-бахшы, у рэпертуары якіх дастаны на класічныя тэмы з усх. і нац. паэзіі, песні-айдымы на словы туркм. паэтаў. Ладавая будова блізкая да мажорна-мінорнай сістэмы: для нар. музыкі характэрны квартава-квінтавыя гармоніі. Сярод песенных жанраў абрадавыя, каляндарныя, прац., лірычныя песні. Асн. інструменты: дутар (шчыпковы), гыджак (смычковы), цюйдук (духавы). Найб. стараж. вак.-танц. жанр — т.зв. зікр і вытворны ад яго танец кушт-дэпме — адзіны ўзор нар. танца. У пач. 19 ст. зроблены першыя нотныя запісы нар. музыкі, апісанне нар. інструментаў. Прафес. муз. культура пачала складвацца ў канцы 1910-х г. Сярод заснавальнікаў нац. кампазітарскай школы Д.​Авезаў. З адкрыццём Туркм. т-ра оперы і балета (1941) звязаны першыя пастаноўкі нац. опер «Захрэ і Тахір» А.​Шапашнікава (1941), «Абадан» Ю.​Мейтуса і А.​Куліева (1943), «Шасенем і Гарыб» Шапашнікава і Авезава (1944), балетаў «Вясёлы падманшчык» К.​Карчмарова (1942), «Белая бавоўна» А.​Зноска-Бароўскага і В.​Мухатава (1945). З 2-й пал. 1940-х г. для муз. твораў характэрна спалучэнне нар. меласу з еўрап. гармоніяй (опера «Лейлі і Меджнун» Мейтуса і Авезава, 1946). У 2-й пал. 20 ст. ў музыцы адбываецца працэс сінтэзу нац. рыс з дасягненнямі сучаснага муз. мастацтва, развіваюцца сімф. і вак.-сімф. жанры. Значны ўклад у муз. мастацтва Т. кампазітараў А.​Агаджыкава, Р.​Алаярава, Д.​Нурыева, Ч.​Нурымава, Р.​Раджэпава, Н.​Халмамедава; дырыжораў Х.​Аланурава, М.​Мерэдава; спевакоў А.​Анакуліевай, М.​Куліевай, Х.​Анадурдыева, Х.​Анаева, А.​Курбанава, М.​Фараджава; музыказнаўцаў Ф.​Абукавай, М.​Ахмедавай, Ш.​Гулыева. У Т. працуюць: Туркменскі нац. муз.-драм. т-р імя Магтымгулы (да 2001 Туркм. т-р оперы і балета); муз.-драм. т-ры ў гарадах Дашхавуз (Дашагуз; з 1938) і Туркменабат (1979); філармоніі ў Ашгабаце (1938; у яе складзе сімф. аркестр, 1973; аркестр нар. інструментаў, 1978) і г. Мары (1978); ансамбль нар. інструментаў, хор і эстр. аркестр пры туркм. тэлебачанні і радыё; Пед. ін-т мастацтваў (1972), муз. вучылішчы і вучылішча мастацтваў. У 1939 утвораны Саюз кампазітараў Т.

Тэатр. Элементы тэатр. відовішча ў творчасці нар. спевакоў (бахшы) і казачнікаў (гоендзе), у нар. гульнях і абрадах, спарт. спаборніцтвах. З 1918 развіваўся аматарскі т-р. У 1926 арганізавана 1-я нац. драм. студыя, на базе якой у 1929 створаны Туркменскі т-р драмы імя Маланепеса і рус. драм. т-р у Ашгабаце. У 1930-я г. адкрыты т-ры ў гарадах Мары, Керкі (Атамурат), Кізыл-Арват (Сердар), Дашхавуз (Дашагуз), у 1964 — Т-р юнага гледача ў Ашгабаце. Ставяцца нац. творы Б.​Аманава, А.​Каўшутава, Б.​Кербабаева, Г.​Мухтарава, К.​Сейтліева, Б.​Суханава і інш., сусв. класіка, п’есы сучасных драматургаў. Пастаўлены спектаклі бел. драматургіі: «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка (1961, Туркм. т-р драмы), «Чатыры крыжы на сонцы» А.​Дзялендзіка (1967), «Радавыя» А.​Дударава (1995; абодва ў рус. драм. т-ры). Сярод дзеячаў сцэны: Б.​Аманаў, С.​Атаева, Н.​Бекміеў, К.​Бердыеў, Т.​Гафурава, І.​Громаў, П.​Гурніцкі, А.​Дурдыеў, К.​Дурдыеў, А.​Карліеў, Л.​Катаўшчыкова, М.​Кірылаў, А.​Кульмамедаў, Л.​Любіна, Сана Мурадава, Сурай Мурадава, Н.​Саюнава, М.​Сейітніязаў, М.​Чэркезаў і інш.

Кіно. У 1926 у Ашгабаце створана кінафабрыка, з 1958 кінастудыя «Туркменфільм». Першапачаткова здымаліся дакумент. фільмы. У 1929 выйшаў дакумент.-маст. фільм «Белае золата» (рэж. А.​Уладычук), у 1931 — першы маст. фільм «Забыць нельга» (рэж. Д.​Пазнанскі). Сярод стужак 1930-х г.: «Я вярнуся» (рэж. А.​Лядашчаў), «Сем сэрцаў», «Людзі даліны Сумбар» (рэж. абедзвюх Н.​Ціханаў), «Умбар» (рэж. А.​Макоўскі), «Дурсун» (рэж. Я.​Іваноў-Баркоў) і інш. У кіно здымаліся вядучыя акцёры туркм. т-ра: А.​Дурдыеў, А.​Карліеў, А.​Кульмамедаў і інш. Вядомасць набыла муз. камедыя «Далёкая нявеста» (1948, рэж. Іваноў-Баркоў). Пасля землетрасення 1948 вытв-сць маст. фільмаў адноўлена ў 1950-я г.: «Сын пастуха», «Хітрасць старога Ашыра» (рэж. Р.​Перэльштэйн), «Гонар сям’і» (рэж. І.​Мутанаў), «Першы экзамен» (рэж. Х.​Агаханаў, П.​Сыроў) і інш. Кіно Т. 1960—70-х г. вызначалася пашырэннем тэматыкі, пошукамі новых маст. сродкаў, імкненнем да раскрыцця складаных праблем чалавечых узаемаадносін. Стан кінематаграфіі вызначалі рэжысёры Б.​Мансураў («Спаборніцтва» 1964; «Наталенне смагі», 1967; «Рабыня», 1970), Карліеў («Вырашальны крок», 1966; «Махтумкулі», 1968; «Тайны мукама», 1974), Хаджакулі Нарліеў («Нявестка», 1972; «Калі жанчына асядлае каня», 1975; «Умей сказаць «не», 1977; «Дрэва Джамал», 1981; «Каракумы, 45° у ценю», 1982; «Фрагі — разлучаны са шчасцем», 1984), Х.​Какабаеў («Хлопчык з аслянём». 1974; «Колер золата», 1975; «Выкраданне скакуна», 1979; «Вось вернецца тата»), К.​Аразсахатаў і Я.​Сеідаў («Кугітангская трагедыя», 1978), Хаджадурды Нарліеў («Белая імгла», 1977; «Ранішнія коннікі», 1981) і інш. Развівалася дакумент. кіно (рэж. А.​Геакленаў, В.​Гукасаў, К.​Курбанклычаў, В.​Лаўроў, М.​Мэй і інш.). У тэматычным плане кіно 1990-х г. характарызуецца вяртаннем да нац. каранёў і традыцый, фільмам уласціва алегарычнасць, эпічнасць: «Манкурт» (1990, рэж. Хаджакулі Нарліеў), «Анёлак, зрабі радасць» (1992, рэж. У.​Сапараў), «Карма» (1994) і «Раскаянне» (1996, рэж. абодвух Какабаеў), «Спаленая душа» (1995, рэж. Л.​Сцяпанская, Б.​Абдулаеў), «Легенда» (1999, рэж. К.​Ананаў). У 1975 створаны першы анімацыйны фільм. У 1963 засн. Саюз кінематаграфістаў Т.

Літ.:

История Туркменской ССР. Т. 1—2. Ашхабад, 1957;

История Туркменистана. Ашхабад, 1966;

Гапуров М.Г. Советский Туркменистан. М., 1982;

Проблемы истории и этнографии советских и зарубежных туркмен: Сб. ст. Ашхабад, 1990;

Юсупов Х. Страницы истории Туркменистана: С древнейших времен до арабского завоевания. М., 1997;

Туркменистан // Содружество Независимых государств: Десять лет спустя. Мн., 2001;

Туркменбашы С. Рухнама: Пер. з рус. Мн., 2003;

Кор-Оглы Х. Туркменская литература. М., 1972;

Очерк истории туркменской советской литературы. М., 1980;

Алиева С.У. Современная туркменская проза. М., 1981;

Архитектура Советского Туркменистана. М., 1972;

Памятники архитектуры Туркменистана. Л., 1974;

Пугаченкова Г.А. Искусство Туркменистана. М., 1967;

Успенский В.А., Беляев В.М. Туркменская музыка. Т. 1. 2 изд. Ашхабад, 1979.

Л.​В.​Лоўчая (прырода. насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура. выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​П.​Бабкова (кіно).

Герб і сцяг Туркменістана.
Да арт. Туркменістан. Пустыня Каракумы.
Да арт. Туркменістан. Горад Кушка.
Да арт. Туркменістан. Порт Туркменбашы.
Да арт. Туркменістан. Маўзалей султана Санджара. 12 ст.
Да арт. Туркменістан. Кёшкі Кыз-Кала ў Мерве.
Да арт. Туркменістан. Мячэць Сапармурата-хаджы ў г.п. Геок-Тэпе.
Да арт. Туркменістан. Арка Нейтралітэту ў Ашгабаце.
Да арт. Туркменістан. Мемарыяльны комплекс памяці загінуўшых у час землетрасення 1948 у с. Кіпчак.
Да арт. Туркменістан. Б.​Нуралі. Партрэт Халіджы. 1926.
Да арт. Туркменістан. А.​Хаджыеў. Партрэт Махтумкулі. 1947.
Да арт. Туркменістан. Дыван-пано «Свята Перамогі» паводле эскіза М.​Фядуры. 1947.

т. 16, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)