Існавала ў мяст. Койданава (сучасны г. Дзяржынск Мінскай вобл.) і нейтральнай зоне каля яго ў ліст. 1920. Створана ў выніку арганізаванага антыбальшавіцкага паўстання (кіраўнік П.Калечыц). Паўстанцкі штаб размяшчаўся ў фальварку Янава каля в. Дзягільна, базы паўстанцаў знаходзіліся ў вёсках Дзягільна і Касілава. Паўстанцы абвясцілі ў Койданаве і нейтральнай зоне Койданаўскую «самастойную рэспубліку», прынялі адозву да насельніцтва, у якой заклікалі змагацца «за вольную Беларусь», выдалі загад пра наладжванне абароны мястэчка. «Рэспубліка» пратрымалася 4 дні, пасля яе ліквідацыі часцямі Чырв. Арміі барацьба набыла форму партыз. змагання, якое працягвалася да падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАТЭХНІ́ЧНАЯ РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ,
комплекс горнатэхн. работ па аднаўленні прыроднага ландшафту, змененага ў выніку адкрытай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў; адзін з этапаў рэкультывацыі зямель. Задача горнатэхнічнай рэкультывацыі — падрыхтоўка парушаных зямель да правядзення мерапрыемстваў па аднаўленні ўрадлівасці, с.-г. і лесагаспадарчых работ, а таксама работ па асваенні вадаёмаў. Асн. аб’екты горнатэхнічнай рэкультывацыі: адвалы раскрыўных парод і выпрацаваныя плошчы кар’ераў. Горнатэхнічная рэкультывацыя ўключае: зняцце і складаванне ўрадлівага пласта глебы; распрацоўку і складанне парод раскрыўкі; наладжванне дрэнажнай сеткі для папярэджання забалочвання; буд-ва дарог на адвалах; планіроўку паверхні адвалаў; зніжэнне і сплошчанне, тэрасаванне і стабілізацыю адкосаў; меліярац. мерапрыемствы (вапнаванне, гіпсаванне); стварэнне рэчышча і берагоў вадаёмаў; накрыванне паверхні ўрадлівым слоем глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́У-ХА́У (англ. know how літар. ведаю як),
сукупнасць навукова-тэхнічных ведаў, тэхн., вытв., кіраўніцкага і інш. вопыту, сакрэтаў тэхналогіі, вынаходніцтваў, якія не абаронены патэнтамі і інш. ахоўнымі дакументамі і не апублікаваны цалкам або часткова. Уяўляе камерцыйную каштоўнасць і можа быць прадметам здзелкі, аформленай адпаведным дагаворам. Перадача Н.-х. на камерцыйнай аснове, яго распаўсюджванне ажыццяўляецца праз ліцэнзійнае пагадненне, якое звычайна ўключае ўмову пра нявыдачу Н.-х., што павінен гарантаваць пакупнік. У асобных выпадках Н.-х. набываецца паводле спец. дагавору. Набыццё Н.-х. з пакупкай ліцэнзіі палягчае і робіць больш танным наладжванне вытв-сці, забяспечвае больш поўную перадачу вытв. і інш. сакрэтаў, удзел спецыялістаў фірмы-прадаўца ў наладцы і кантролі за вытв. працэсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжваннеміжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар.Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАП — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖА́НАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (1820—6.8.1889),
вучоны-аграном, эканаміст, дзеяч асветы. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1851), з 1863 праф. гэтага ін-та, потым Пецярбургскага ляснога ін-та. З 1882 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (Ковенская губ.), пам. папячыцеля Віленскай навуч. акругі. Меў маёнтак у Гродзенскай губ. Спрыяў пашырэнню перадавых спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі: паказваў перавагі вольна-наёмнай працы ў параўнанні з прыгоннай, выступаў за пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства, за выкарыстанне с.-г. машын, наладжваннедзярж. сістэмы страхавання, прадастаўленне сялянам крэдыту, развіццё аграрнай адукацыі. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных прац па сельскай гаспадарцы.
Тв.:
Опыты земледелия вольнонаемным трудом. М., 1860;
2 изд. Спб., 1861;
Что можно заимствовать у иностранцев по части земледелия. Спб., 1863;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА ЦК КП(б)Б.
Створана паводле пастановы ЦК КЛ(б)Б ад 20.3.1942 для кіраўніцтва патрыят. падполлем і партыз. рухам на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Складалася з парт., сав. і камсам. работнікаў на чале з сакратаром ЦККП(б)Б Р.Б.Эйдзінавым. Размяшчалася ў в. Шэйна Таропецкага р-на Калінінскай вобл. (Расія) і абапіралася на дапамогу ваен. саветаў 3-й і 4-й ударных армій, узаемадзейнічала са штабамі гэтых армій і Калінінскага фронту. Асн. задачы групы: наладжванне сувязей з падполлем і партыз. фарміраваннямі, што дзейнічалі ў Віцебскай і паўн. раёнах Мінскай і Магілёўскай абл., аказанне ім дапамогі, збор і апрацоўка разведвальнай інфармацыі аб варожым тыле. Расфарміравана ў вер. 1942 у сувязі са стварэннем Беларускага штаба партызанскага руху.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКЕТЫНГ (англ. marketing ад market рынак),
сістэма арганізацыі і кіравання вытворча-збытавой дзейнасцю прадпрыемства (фірмы), заснаваная на комплексным аналізе рынку. Аснову М. складае: вывучэнне і прагназаванне попыту на прадукцыю і паслугі прадпрыемства; ажыццяўленне мер па павышэнні іх якасці і спажывецкіх уласцівасцей; наладжванне камунікацый, ажыццяўленне рэкламных мерапрыемстваў; арг-цыя даступнага пасляпродажнага і сервіснага абслугоўвання пакупнікоў; фарміраванне попыту спажыўцоў шляхам стымулявання ў іх патрэбы ў новых таварах і інш. Для ажыццяўлення функцый М. на прадпрыемствах (фірмах) ствараюцца спец. падраздзяленні (аддзелы, службы) М. Першапачаткова М. быў звязаны з продажам фізічных прадуктаў (спажывецкіх тавараў, прадукцыі вытв. прызначэння); цяпер М. называецца ўсё, што можна прапанаваць на рынку для набыцця, выкарыстання або спажывання, з мэтаю задавальнення пэўных патрэб — фізічныя прадметы, паслугі, арганізацыі, віды дзейнасці, ідэі і інш. (напр., М. паслуг, М. арганізацый, М. месцаў, персанальны М., М. ідэй). Адрозніваюць таксама М. дыферэнцыраваны — стратэгія дзейнасці на рынку, калі прадпрыемства імкнецца асвойваць адразу некалькі сегментаў рынку са спецыяльна для іх распрацаванай прадукцыяй, канцэнтраваны — стратэгія дзейнасці, калі прадпрыемства мае вял. долю рынку на адным або некалькіх невял. сегментах рынку, масавы — масавая вытв-сць аднаго прадукту, прызначанага адразу для некалькіх катэгорый пакупнікоў, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭРСКАЯ КАМУ́НА,
панаванне ў 1534—35 пратэстантаў-анабаптыстаў у г.Мюнстэр (Вестфалія); уздым рэв. падзей у Германіі пасля паражэння Сялянскай вайны 1524—25. Пасля перамогі прыхільнікаў Рэфармацыі ў Мюнстэры (1533) і выгнання адтуль князя-епіскапа ў Мюнстэры сканцэнтраваліся анабаптысты і з інш. гарадоў Вестфаліі і Нідэрландаў. У лют. 1534 яны на чале з Янам Матысам і Іаанам Лейдэнскім атрымалі большасць у магістраце і фактычна захапілі ўладу ў горадзе. Мюнстэр яны абвясцілі «Новым Іерусалімам», г.зн. цэнтрам «Царства боскага», якое, паводле пропаведзі Яна Матыса, павінна быць усталявана на зямлі мячом «праведных». Ва ўмовах аблогі войскамі епіскапа анабаптысты правялі ў горадзе шэраг пераўтварэнняў (падпарадкаванне майстроў-рамеснікаў гар. абшчыне ў справе арганізацыі вытв-сці і выкананні заказаў, канфіскацыя золата, серабра і каштоўных рэчаў на агульную карысць, скасаванне грошай і ўвядзенне натуральнага абмену, улік прадуктаў спажывання, наладжванне агульных трапез і інш.). Пасля гібелі ў баі Яна Матыса (5.4.1534) І.Лейдэнскі распусціў магістрат і стварыў савет «12 апосталаў», а потым устанавіў асабістую дыктатуру тэакратычнага тыпу і быў абвешчаны царом Новага Сіёна (Мюнстэра) і будучым уладыкам усяго свету. Блакіраваная праціўнікам, М.к. пасля працяглай гераічнай абароны пала. Яе ўцалелыя дзеячы, у т. л. Іаан Лейдэнскі, пасля катаванняў пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РЫЙ,
імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс.Ахеменідаў дзяржаве.
Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах.ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл.Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.
Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).
Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.
Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР МІЖНАРО́ДНЫ,
стан адносін паміж дзяржавамі, якія міждзярж. спрэчкі і канфлікты вырашаюць мірнымі сродкамі і ў сваёй знешняй палітыцы адмаўляюцца ад выкарыстання ўзбр. сілы. Перадумовай М.м. з’яўляецца добрасумленнае выкананне дзяржавамі норм міжнар. права і дагаворных абавязацельстваў. Прырода міру, як і вайны, вызначаецца гіст. ступенню развіцця грамадства, палітыкай дзяржаў і інтарэсамі сац.-паліт. сіл, якія ў пэўных абставінах маюць вырашальны ўплыў на фарміраванне дзярж. палітыкі. Ідэя ўстанаўлення міру ў адносінах паміж народамі нарадзілася ў старажытнасці, распрацоўваецца ў розных кірунках на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва і адлюстроўвае асаблівасці кожнай гіст. эпохі. У стараж. Кітаі і ант. Грэцыі паявіліся першыя вядомыя творы-утопіі антываен. характару, а таксама разважанні вучоных аб М.м. Аднак у рабаўладальніцкім грамадстве нават выдатныя прадстаўнікі грамадскай думкі прызнавалі ідэю М.м. толькі адносна ўласнага народа. Паводле Арыстоцеля, напр., М.м. датычыць выключна элінаў і іх дзяржаў-полісаў і не пашыраецца на «варварскія» народы і дзяржавы. У перыяд феадалізму ідэя М.м. накіравана супраць феад. раздробленасці, феад.-дынастычнай арг-цыі грамадства, панавання клерыкалаў і міжусобных войнаў паміж феадаламі. У 16—18 ст. паяўляюцца шматлікія трактаты з асуджэннем вайны і прапановамі стварэння агульнаеўрап. або сусв. арг-цый з мэтай мірнага вырашэння канфліктаў паміж дзяржавамі. Сярод іх аўтараў Эразм Ратэрдамскі, С.Франк, Я.Каменскі, Ш.Сен-П’ер і інш. Заснавальнік навукі міжнар. права Г.Гроцый развіваў ідэі гуманізацыі войнаў і прававога рэгулявання адносін паміж дзяржавамі ў інтарэсах міру. Франц. утапічныя камуністы (Марэлі, Г.Маблі) прапанавалі радыкальны праект ліквідацыі войнаў у працэсе перабудовы грамадства на аснове адмовы ад прыватнай уласнасці і яе абагульнення. Сучаснае па сваёй сутнасці навук. разуменне праблемы М.м. выкладзена ў філасофіі І.Канта, які распрацоўваў ідэю аб неабходнасці векавечнага міру на Зямлі і яго безальтэрнатыўнасці, таму што дыялектыка развіцця вайны можа прывесці чалавецтва да самагубства. Гарантыю міру і бяспекі Кант бачыў не ў збройнай магутнасці дзяржаў, а ў саюзе народаў, панаванні іх агульнай волі і права, чаму павінна адпавядаць і знешняя палітыка дзяржаў. У 1820-я г. ў Еўропе ўзнік пацыфісцкі рух, у праграму яго ўвайшло патрабаванне аб гуманізацыі войнаў, якое было ўлічана ў адпаведных міжнар. канвенцыях. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму звязвалі М.м. з аб’яднаннем рабочага класа ў міжнар. маштабах, сацыяліст. рэвалюцыяй і ўстанаўленнем дыктатуры пралетарыяту, барацьбой супраць мілітарызму і практычнымі мерамі ў галіне скарачэння зброі і ўмацавання міжнар. бяспекі; гэтыя палажэнні знайшлі адлюстраванне ў знешняй палітыцы сацыяліст. дзяржаў, дзейнасці міжнар. руху прыхільнікаў міру. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з шэрагам гіст. фактараў, якія аб’ектыўна спрыяюць адзінству чалавецтва, і існаваннем найноўшых тыпаў зброі масавага знішчэння праблема М.м. стала адной з гал. глабальных праблем чалавецтва. Канструктыўны падыход да яе прадугледжвае забарону зброі масавага знішчэння, наладжваннекалект. бяспекі, развіццё мірнага супрацоўніцтва дзяржаў.
Літ.:
Проблемы мира и социального прогресса в современной философии. М., 1983;
Климатические и биологические последствия ядерной войны. М., 1986.