ЛАТАФА́ГІ
(ад грэч. lotofagoi),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі мірнае племя, што кармілася пладамі чароўнага лотасу. Пакаштаваўшы гэтых пладоў, спадарожнікі Адысея забыліся пра радзіму і пажадалі назаўсёды застацца ў краіне Л., але Адысей сілай прымусіў іх вярнуцца на караблі.
т. 9, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДА́Р (Godard) Жан Люк
(н. 3.12.1930, Парыж),
французскі кінарэжысёр. Адзін з вядучых прадстаўнікоў «новай хвалі». Яго творчай манеры ўласцівы своеасаблівы і востры стыль кінаапавядання, выражаны ў рытмічна-імпульсіўным мантажы, частым выкарыстанні ручной камеры, у нетрадыцыйнай лексіцы дыялогаў. Сярод фільмаў: «На апошнім дыханні» (1960), «Жыць сваім жыццём» (1962), «Шалёны П’еро» (1965), «Уікэнд» (1967), «Імя Кармэн» (1983), «Германія, дзевяць нуль» (1991), «Назаўсёды Моцарт» (1996).
т. 4, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́ЕЎЦАВА Ірына Уладзіміраўна
(сапр. Іванова Іраіда Густаваўна; 4.8.1895, Санкт-Пецярбург — 15.10.1990),
рус. пісьменніца. У 1922—87 у эміграцыі. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Двор цудаў» (1922), «Кантрапункт» (1950), «Залаты ланцуг» (1970) і інш.; аповесцяў і раманаў, у т. л. «Пакінь надзею назаўсёды» (1954) пра жыццё ў СССР у 1930-я г. Апублікавала кн. ўспамінаў «На берагах Нявы» (1967), «На берагах Сены» (1978—81, абедзве выд. ў СССР, 1988). Адметныя рысы творчай манеры — яснасць, класічная прастата і дакладнасць, у ёй выразна адчуваецца літ. школа акмеізму.
т. 1, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЧЫК Міхаіл Навумавіч
(Майсей Беньямінавіч; н. 7.6.1932, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Зорька» (з 1954), выд-вах «Беларусь» (з 1964), «Мастацкая літаратура» (1972 — 92). Друкуецца з 1949. Піша на рус. і бел. мовах. Асн. тэматыка твораў для дзяцей — фарміраванне і станаўленне характару падлетка (кн. аповесцей і апавяданняў «Вецер ірве павуціну», 1963; «Зямное прыцягненне», 1965; «Сонечны круг», 1970; «Галінка зялёнага дрэва», 1977; «Дзе жывуць чараўнікі», 1980; «Самае сіняе неба», 1982). Аўтар раманаў «...Аддаеш назаўсёды» (1970), «Здабыццё надзеі» (1976), «Вяртанне да сябе» (1989), дакумент.-публіцыст. аповесці «Час гаспадароў» (1983).
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. Мн., 1992.
т. 5, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ Галіна Ануфрыеўна
(н. 15.1.1927, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1950). Працавала на Бел. радыё, у час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Работніца і сялянка», «Полымя». У 1982—88 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакумент. аповесцей пра юную партызанку Рыму Кунько («Маланка ўначы», 1963) і юнага партыз. разведчыка Ціхана Барана («Малюнак на снезе», 1969), аповесці-хронікі «Бывай, Грушаўка» (1978) пра барацьбу падлеткаў у акупіраваным Мінску, аповесці «Я еду на вярблюдзе» (1970).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1986;
Юныя назаўсёды. Мн., 1983;
Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага: Аповесць. Мн., 1987.
т. 4, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ГАВІЧ (Зоговић) Радаван
(19.8.1907, в. Машніца, Чарнагорыя — 4.1.1986),
чарнагорскі пісьменнік. Акад. Чарнагорскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў ун-т у г. Скопле (1933). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. партыз. руху ў Югаславіі. Першыя кнігі вершаў «Кулак» (1936) і «Палымяныя галубы» (1937) прасякнуты духам самаадданай барацьбы за лепшае будучае сваёй краіны. Яго паэзія высокага трагізму і жыццесцвярджэння стала адлюстраваннем супярэчлівай і гераічнай эпохі («Упартыя строфы», 1947, «Прыхадні — песні Алі Бінака», 1957, «Артыкуляванае слова», 1965, «Жыламі за камень», 1969, «Асабіста, зусім асабіста», 1971, «Час ад часу назаўсёды», 1985). Аўтар кніг прозы «Пейзажы і нешта адбываецца» (1968), «Ноч і паўстагоддзя» (1978), публіцыстыкі. Асобныя вершы З. на бел. мову пераклаў Н.Гілевіч.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1986.
І.А.Чарота.
т. 7, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА
(грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
У.К.Лукашэвіч.
т. 1, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАЛО́, Буало-Дэпрэо (Boileau-Despréaux) Нікала (1.11.1636, Парыж — 13.3.1711), французскі паэт. Тэарэтык класіцызму. На пачатку літ. дзейнасці блізкі да колаў вальнадумнай багемы і бурлескнага кірунку ў паэзіі барока. У «Сатырах» (1—9-я, 1600—67; 10—12-я, 1693—1705) крытыкаваў дзейнасць улад і царквы, адстойваў гуманістычны прынцып ацэнкі чалавека. У 1660-я г. зблізіўся з Мальерам, Ж.Расінам, Ж.Лафантэнам. З 1668 прыбліжаны да арыстакратычных колаў і каралеўскага двара. Матывы вальнадумства зніклі, але Буало назаўсёды захаваў антыпатыю да рэліг. фанатызму. У «Пасланнях» (1669—77) імкнуўся стварыць вобраз бездакорнага свецкага чалавека, распрацоўваў гарацыянскія матывы асалоды ад сузірання прыроды. Аўтар іроікамічнай паэмы «Налой» (1674—83). Асн. твор — вершаваны трактат «Паэтычнае мастацтва» (1674), у якім падвёў вынікі дзейнасці класіцызму 17 ст., выклаў яго эстэт. прынцыпы, даў бліскучы ўзор класіцыстычнага стылю. У адпаведнасці з філасофіяй Дэкарта сцвярджаў ідэал мастацтва, для якога на першым месцы — розум і сэнс. Трактат моцна паўплываў на класіцызм 18 ст. ў Францыі і ў іншых краінах.
Тв.:
Рус. пер. — Поэтическое искусство. М., 1957;
[Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Літ.:
Обломиевскнй Д.Д. Французский классицизм: Очерки. М., 1968.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,
прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл. Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.
Л.В.Калядзінскі.
т. 9, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГЕ́Н (Gauguin) Эжэн Анры Поль
(7.6.1848, Парыж — 8.5.1903),
французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.
Літ.:
Даниельсон Б. Гоген в Полинезии. М.; Л., 1969;
Перрюшо А. Жизнь Гогена: Пер. с фр. М., 1989.
Н.М.Усава.
т. 4, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)