ТРАФАРЭ́Т (ад італьян. trafaretto прадзіраўленае),

1) пласцінка з выразанымі рысункамі, літарамі ці лічбамі, праз якія фарба наносіцца на любую паверхню. Выкарыстоўваецца для арнаментацыі сцен і столей будынкаў, маркіроўкі тары, прамысл. вырабаў і інш. 2) Друкарская форма трафарэтнага друку. Пласціна з металу, дрэва, кардону, пластмасы і інш., друкавальныя элементы якой прапускаюць фарбу, а прагальныя — непранікальныя для яе.

3) Прыстасаванне для паскарэння чарцёжна-графічных работ. Пласціна з адтулінамі, выкананая па форме і з памерамі дэталей або іх элементаў, знакаў, умоўных абазначэнняў, схем і г.д., якія паўтараюцца ў чарцяжах.

4) Раз і назаўсёды прыняты ўзор чаго-небудзь, якога слепа прытрымліваюцца; шаблон.

т. 15, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)